– Вы, Генадзь Барысавiч, – вялiкi iнтрыган, але ў дадзеным выпадку перахiтрылi самога сябе, – Хмара дастаў распiску Сiўцова. – Другi экзэмпляр папрашу прышпiлiць да рапарта, у якiм будзеце паведамляць аб маiм злоўжываннi службовым становiшчам. Бачыце подпiс Сiўцова? Гэты затурканы чалавек узяў з мяне за абед грошы. Думаю, значэнне дакумента тлумачыць не трэба. Цяпер што тычыцца гарэлкi. Абяцаю, як толькi прыеду ў Мiнск, прайду наркалагiчны агляд. Заключэнне абавязкова прышлю цi сам прывязу. А цяпер – асноўнае: Шапавалаў памёр, i ёсць падставы меркаваць, што не сваёй смерцю. Вы юрыст i разумееце, чым рызыкуеце, калi будзеце ўтойваць праўду. Думаю, без службовага разбору ўжо не абысцiся, але Ваш намер i надалей ставiць палкi ў калёсы следству цягне за сабой крымiнальную адказнасць.
На нейкi момант у машыне запанавала цiшыня, пад магутным целам участковага зарыпелi спружыны, вочы яго акруглiлiся, твар спалатнеў.
– Вы што, сур’ёзна ўспрынялi мае словы? – нечакана ўскрыкнуў Папруга i ляпнуў далонямi сябе па каленях. Машына захiсталася. – Я ж пажартаваў. Дай, думаю, устрою праверку сталiчнаму калегу. А Вы, лейтэнант, маладзец – не з пужлiвых.
Хмара спадылба зiрнуў на маёра. Весёлая бравада Папругi здавалася шчырай, але ён больш не верыў гэтаму чалавеку.
– А з якiм iмпэтам Вы сказалi пра палкi ў калёсы i крымiнальную адказнасць! – зарагатаў Папруга. – Вам бы пракурорам быць, а не следчым! І з распiскай атрымлiваецца анекдот, цяперака не дадуць местачкоўцы праходу Сiўцову…
12
Маёр Кудзiн быў начальнікам следчага аддзела Маскоўскага РАУС, i прыезд падпалкоўнiка без папярэдняй дамоўленасцi быў больш чым нечаканы. Высокi, хударлявы Кудзiн сваiм доўгiм кручкаватым носам, вострым падбародкам i асаблiва кадыком, якi ўвесь час рухаўся на шыi, нагадваў нейкую драпежную птушку.
Мiкулiч не спяшаўся раскрываць мэту вiзiту, разлiчваць, што маёр з радасцю ўспрыме ягоныя падазрэннi наконт смерцi сястры Шапавалава, было, па меншай меры, наiўна. Асцярожны Мiкулiч пачаў бадзёра i здалёк:
– Сяргей Iванавiч, мэта майго вiзiту – не на цябе палюбавацца…
– Здагадаўся, – кадык у Кудзiна нервова тузануўся, быццам ён нешта пракаўтнуў.
– Прывяла смерць Казаковай… – Мiкулiч не адводзiў вачэй ад маёравай шыi. У нейкi момант яму здалося, што кадык тузаецца таму, што Кудзiн нешта глытае. Гэта раздражняла. – Я расследую смерць Шапавалава, стрыечнага брата Казаковай.
Каля гадзiны Мiкулiч расказваў пра Шапавалава, а напрыканцы засяродзiў увагу на вiзiце Хмары да Казаковай, узгадаў участковага Барану.
– А цяпер пакумекай, – падвёў рысу падпалкоўнiк, – якая жанчына на ноч гледзячы мые вокны? Можа, твая жонка? Мая то не.
Галоўная задача Мiкулiча была ў тым, каб пасеяць сумненнi ў правiльнасцi афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн успрыняў пачутае знешне спакойна, але надоўга задумаўся, i толькi кадык па-ранейшаму тузаўся i цяпер не тое што раздражняў, ён даводзiў падпалкоўнiка да шаленства.
Кудзiн быццам адчуў, што нечым раздражняе Мiкулiча, паспешлiва ўстаў, заклаў рукi за спiну i зашпацыраваў па пакоi. Пачуўшы, як за спiнай рыпнулi маснiчыны, Мiкулiч уздыхнуў вальней i нечакана падумаў: «Як мала трэба чалавеку: знiк з вачэй iндычы сутаргаваты кадык – i дыхаць стала лягчэй».
Пытаннi Мiкулiча трапiлi ў самае яблычка. Кудзiн у першую хвiлiну знаёмства са справай Казаковай таксама пытаўся пра тое, чаму пацярпелая мыла вокны ноччу.
«Мая жонка ў любы час сутак можа не толькi прыбiрацца ў кватэры, але i перасоўваць мэблю», – не задумваючыся, спаслаўся на «бясспрэчную iнстанцыю» дзяжурны следчы, што выязджаў на месца здарэння.
Аб няшчасным выпадку сведчыла суседка з нiжэйшага паверха. Праўда, моманту падзення яна не бачыла, але прызналася, што за некалькi хвiлiн да здарэння яны з Казаковай сварылiся. Казакова, мыючы акно, бруднай вадой заплюхала бялiзну, вывешаную на балконе, i суседка ўзнагародзiла яе даволi гучнымi i непрыстойнымi эпiтэтамi. Гэта таксама чулi iншыя суседзi, i ўсе яны сцвярджалi, што Казакова была на падпiтку. Фотаздымкi з месца здарэння дапаўнялi карцiну i поўнасцю пацвярджалi версiю няшчаснага выпадку.
Кудзiн чакаў, што яшчэ скажа хiтры Мiкулiч, але паўза зацягвалася, i трэба было прымаць нейкае рашэнне. Але не Казакова ў гэтыя хвiлiны яго турбавала – з ёй было ўсё зразумела i проста. Па-сапраўднаму ўсхваляваў участковы Барана. Кудзiн ведаў, што маёр сябруе з начальнiкам аддзела Белым, а гэта неймаверна ўскладняла сiтуацыю. Ён не мог дапусцiць, каб менавiта ад яго, Кудзiна, пайшлi кампраметуючыя Барану звесткi, ды яшчэ не правераныя. «Пацвердзяцца падазрэннi Мiкулiча цi не – адказваць мне, – раздражнёна пакусваючы вусны, думаў Кудзiн. – Чаму ты прыпёрся да мяне, а не да Белага? Круцiся цяпер…»
– Участковы Барана – адзiн з лепшых супрацоўнiкаў, – здалёк пачаў Кудзiн, – кiнуць цень на чалавека проста, а вось што рабiць, як не пацвердзяцца падазрэннi? Канечне, iнфармацыя заслугоўвае ўвагi, але Барана – не мой падначалены. Лепш гаварыць адразу з Белым.
– Мяне зусiм не турбуе, з кiм спiць Барана, – зразумеўшы Кудзiна, рэзкавата зазначыў Мiкулiч. – Я прыйшоў з адным – знайсцi паразуменне i па-сапраўднаму адпрацаваць версiю забойства Казаковай, бо не выключаю, што смерць Шапавалава i ягонай сястры ўзаемазвязаны.
– Ну, гэта занадта, – запярэчыў Кудзiн, – няшчасны выпадак даказаны, пацверджаны сведкамi. Хаця… – маёр прымоўк, у вачах блiснуў зларадны агеньчык. – Хоць Вам нiхто не забараняе звярнуцца па iнстанцыi.
13
Маёр Кудзiн напачатку даволi скептычна аднёсся да вiзiту Мiкулiча, але поўнасцю iгнараваць звестку, якая неяк тычылася смерцi Казаковай, не мог. Падпалкоўнiк усё-такi пасеяў сумненнi, прымусiў захвалявацца. Пасля таго як незадаволены Мiкулiч пайшоў, Кудзiн страцiў спакой, неадчэпна праследавала думка, што падпалкоўнiк ведае больш, чым расказаў.
«А раптам Мiкулiч дакажа, што iснуе ўзаемасувязь памiж загадкавай смерцю Шапавалава i ягонай сястрой? Канечне, гэтага факта хопiць, каб аб’яднаць справы, але як буду выглядаць я, калi нехта iншы дакажа, што смерць Казаковай – не няшчасны выпадак, а хiтра спланаваная акцыя? Мiкулiча Бог паслаў, я павiнен застрахавацца ад непрыемнасцей, а яны абавязкова будуць, i не столькi ад Мiкулiча, як ад начальнiка аддзела палкоўнiка Белага».
У думках Кудзiн ужо меў план дзеянняў, але не спяшаўся, памарудзiў, яшчэ i яшчэ ўзважыў усе «за» i «супраць». Калi поўнасцю пераканаўся, што робiць правiльна, выклiкаў капiтана Лукiна, следчага, якi дапамагаў пракуратуры ў справе Казаковай.
Праз некалькi хвiлiн Лукiн нячутна, без стуку прачынiў дзверы i, усунуўшы ў шчылiну галаву, прамармытаў: «Можна?..» Атрымаўшы дазвол, неяк бокам пратэпаў на сярэдзiну пакоя. Ён быў невысокi i, здавалася, нейкi запаволены ў рухах. Незвычайна ясныя блакiтныя вочы насцярожана абмацалi Кудзiна i абыякава знерухомелi, разглядаючы нешта вышэй маёравай галавы. Капiтанава знешнасць, падкрэсленыя раўнадушша i апатыя быццам гаварылi за тое, што ён вымушаны падпарадкоўвацца i выконваць загады. Кудзiн добра ведаў, што гэтая флегматычнасць i знешняя абыякавасць – не што iншае, як маска, якая хавае ўчэпiсты розум i неверагодную працаздольнасць. Капiтана лiчылi дзiваком, бо менавiта напускная абыякавасць i адчужанасць рабiлi яму дрэнную паслугу. Лукiна часта, раз у год, вылучалi на вышэйшыя пасады, але справа на паўшляху тармазiлася, далей гутаркi з кiраўнiком, ад якога залежала прызначэнне, нiколi не заходзiла. Чалавека, якi ўпершыню бачыў капiтана, не пераконвала асабiстая справа Лукiна, не верылася ў праўдзiвасць падзяк i прэмiй, узнiкалi сумненнi кшталту «Цягне хтосьцi!» Яму адмаўлялi ў кiраўнiчых пасадах нават тыя, хто добра ведаў капiтана. Тут перамагала звычайная жыццёвая логiка: сустракаюць па апратцы… А якое ўражанне аб сабе мог скласцi нягеглы, праставаты Лукiн? Ён прахадзiў капiтанам да сарака гадоў i большага не дабiваўся, гэта задавальняла следчага. З нагоды цi без, Лукiн любiў паўтараць: «Чысцей пагон – чысцей сумленне…»