Менск. Травень 2000 году
Алькаголь
Нiшто так не ачарняе вечаровую выпiўку, як думкi пра наступны дзень, што пры перадазiроўцы будзе зашыты ў шары мяшок апатыi.
Наранiцу пасьля гулянкi ўласнае сумленьне прыносiць неверагодную колькасьць непрыемнасьцяў, калi ты возьмеш i беспадстаўна нап’ешся да бяспамяцтва. Навучыцца браць чарку ня так i проста, як табе здаецца. Вось вырашыў: сто грамаў, i нi кроплi болей. А выпiў сотку, i само сабою ўзьнiкае жаданьне працягнуць пачатае. Цяжка стрымацца. Асаблiва цяжка стрымлiвацца ў добразычлiвай сяброўскай кампанii, i даходзiць да таго, што лiчыш выпiтае толькi ранiцаю.
Выкарыстаньне алькагольных напояў для шчырае й сур’ёзнае размовы — небясьпечная рэч. Асабiста я забаранiў сабе прыняцьце сур’ёзных рашэньняў у нецьвярозым стане. Грунтоўная размова можа адбывацца толькi памiж цьвярозымi суразмоўнiкамi. Алькаголь выдатна абуджае фантазiю, мроi, надзеi. Пад чаркаю добра гаворыцца пра адпачынак, пра вандроўкi, каханьне, пра цела, а не пра розум. Абяцаньнi й клятвы, дадзеныя з напоўненым келiхам у руцэ, нiчога не каштуюць, як пустая бутэлька з пабiтым рыльцам.
Гарэлка весялiць. Але можа зрабiць i зусiм адваротны эфэкт. Калi ты не ў гуморы й пачынаеш тапiць смутак у вiне, дык можаш апынуцца ў такой глыбокай дэпрэсii, што сам не заўважыш, як разьвiтаешся з жыцьцём.
Пiць варта толькi ў добрым настроi, i не абы з кiм, бо прапановаў выпiць процьма.
Вось на ўскрайку Менску да мяне падышоў п’яны мужчына, тоўсты-тоўсты, з расшпiленай кашуляю на чырвоным жываце. Чараваты прапанаваў астаграмiцца. Я адмовiўся. Ён не пакрыўдзiўся й расказаў гiсторыю ўласнага запою. На мяжы з Польшчаю беларускi мытнiк знайшоў у ягонай валiзе дзьве лiтровыя бутэлькi сьпiрту. Па норме ў Беларусь можна было везьцi толькi адну. Мытнiк прапанаваў вылiць сьпiрт у прыбiральнi. Чараваты спытаў, цi можна адзiн лiтар выпiць.
— Здохнеш!
— Ня здохну!
Дзядзька выжлукцiў цэлы лiтар да апошняй кропелькi. Давялося паверыць, бо чырвань чэрава, рук i носа былi вiдавочнымi доказамi цыкляпiчнага ўчынку. Во бывае: лепей сьмерць, чым цьвярозасьць.
Сваю першую, набытую ўласнаручна бутэльку вiна я выпiў у двары мастацкай вучэльнi. Выпiў з рыльца й без закускi. Падбiў мяне на той учынак Сяргей Шаўцоў. Настрой узьняўся. І я пайшоў у ЦУМ, дзе пачаў заляцацца да прадаўшчыц. Яны сьмяялiся. Але нi адна не пагадзiлася кiнуць працу й пайсьцi пагуляць. Дамоў я прыйшоў позна, бо паўночы швэндаўся па горадзе. А вось наранiцу было млосна.
Якiх толькi напояў я нi пакаштаваў за даволi доўгае жыцьцё аматара чаркi! Але ёсьць сярод iх запамiнальныя выключэньнi, калi выпiваеш адзiн раз i болей да iх не дакранаешся. У юнацтве я выпiў 200 грамаў хiннай вады, якая, на думку аптэкараў, дапамагала ад перхацi. У адэкалённай бутэлечцы было 97 % мэдыцынскага сьпiрту й 3 % кары хiннага дрэва. У мяне зь Сяргеем Паповым не хапала грошай на вiно, i мы набылi хiнную ваду. Гадасьць неверагодная. Я перажыў тую п’янку больш-менш нармальна. А Сяргей — кепска. Хiнiн са сьпiртам забралi ягоную сьвядомасьць пасярод вулiцы, i мой сахiнiньнiк бразнуўся тварам на асфальт. Незнаёмы мужчына дапамог зацягнуць Сяргея ў парк на лаўку, дзе я прасядзеў гадзiны з чатыры, пакуль той працьверазеў.
Вiна я не люблю, напэўна, дзеля таго, што ў Беларусi не высьпявае вiнаград, i ўсё вiно нясьвежае, прывезенае, чужое. А вiно безь вiнаграду я наагул за вiно не лiчу. Беларускую гарэлку ўжываю рэдка, бо ведаю, што на заводах могуць празь недахоп сродкаў паскорыць тэхналягiчны працэс. Ну няма валюты купiць фiльтры. І гарэлка разьлiваецца ў пляшкi нефiльтраваная. О, як балiць галава наранiцу пасьля такой гарэлкi. Жах! Таму я аддаю перавагу вiскi. Вядома, вiскi — напой ня танны. Але ўжо лепей выпiць меней добрага напою, чым набрацца нефiльтраванай атруты.
Ёсьць у мяне мара, зьнiтаваная з алькаголем: вынайсьцi рэцэпт беларускага вiскi. Бо ўсё, што цяпер робiцца, гонiцца, вырабляецца ў Беларусi з моцных напояў, — дрэнь. «Крышталi 100», «Зуброўкi», «Чарадзеi», «Белавескiя», «Маскоўскiя», «Менскiя», ня кажучы пра iншыя, — проста атруты. І градус у iх ня той, i смак нафтава-бэнзынава-парфумны, i пабочныя эфэкты ёсьць. А беларускае вiскi мусiбыць 43°, залатога колеру, ачышчанае й духмянае, як сенажаць пасьля дажджу.
Ведаю, ня я адзiны, хто задумаў увекавечыцца ў рэцэпце нашага вiскi. Найблiжэй за ўсiх у гэтым кiрунку прасунуўся Андрэй Плiсанаў. Ягонае самаробнае вiскi, зьмяшанае з розных гатункаў самагонкi, — найлепшае, што давялося пакаштаваць. А называе ён свой напой «Плiсанаўка» й больш за сто грамаў не налiвае.
Надыходзiць момант, i пачынаеш шукаць нагоды, каб ня пiць. Нагода выпiць ёсьць заўсёды, хоць бы й проста добры настрой. Цябе запрашаюць узяць чарку па тры разы на дзень, а ты адмаўляешся. Супрацьстаяць выпiўцы можа сэкс.
— Гвалцi ўсiх! — параiла мне знаёмая доктарка-прыгажуня, якой паскардзiўся, што даводзiцца шмат выпiваць.
Вядома, праца й творчасьць выдатна замiнаюць п’янству. Яшчэ дапамагае спорт, без прабежак у вечаровым сквэры над Сьвiслаччу мне сумна жыць. І яшчэ я пазьбягаю людзей, якiя на сур’ёзныя тэмы гавораць толькi ў хмельным стане.
За чаркаю лягчэй сумнявацца ў каштоўнасьцях, прынесеных грашыма, уладаю i культураю. За хмельным сталом часьцяком успыхваюць палкiя спрэчкi пра культуру, уладу й грошы. Вынiк падобных перапалак можа быць досыць драматычны. Давялося пабачыць, як адзiн п’яны мастак зьбiў другога служку музаў толькi за тое, што той не лiчыў Вiнцэнта Ван Гога лепшым за Поля Сэзана. А чуў i пра горшае... Захмялелы разьбяр адсек галаву лепшаму сябруку, бо той не пагадзiўся паставiць скульптуры Мiкелянджэла на адзiн узровень са статуямi майстроў старажытнага Эгiпту. Ёсьць, ёсьць неразгаданая таямнiца ва ўзьдзеяньнi алькаголю на розум чалавека й жывёлы.
У дакумэнтальнай кiнастужцы пра сакрэты жывёльнага сьвету я назiраў наступны экспэрымэнт... Сьвiней загналi ў загарадку. Празь якую гадзiну яны ўтварылi статак з важаком. Каб разбурыць статак, экспэрымэнтатары налiлi ў харч алькаголю. Статак разбурыўся ў адно iмгненьне. Самы слабы парсючок палез бiцца да важака. Той перамог двойчы: спачатку пагрыз i патоўк слабака, а на наступны дзень, калi зноўку падалi ежу з гарэлкаю, перавярнуў карыта й ня даў статку ап’янець. Рацыянальнасьць свiньнi ўражвала. Чалавек i блiзка ня можа так разумна будаваць калектыў. А тыя абмежаваньнi на алькаголь, што пэрыядычна ўводзяць розныя дзяржавы, сьмеху вартыя.
У часы, калi ў саюзе рэспублiк кiраўнiцтва было старым, цi, дакладней, супэрстарым, досыць вялiкiя сродкi iшлi на фiнансаваньне такой навукi, як геранталёгiя. Дасьледавалi старэньне арганiзмаў. Мая жонка працавала ў iнстытуце геранталёгii. Яе досьледы паказалi, што з усiх натуральных сродкаў толькi алькаголь здатны замарудзiць працэс старэньня. Вядома, прымаць алькаголь трэба рэгулярна й невялiкiмi дозамi, шклянку чырвонага вiна за вячэраю. Дысэртацыю жонка абаранiла. Інстытут зачынiлi, бо цяпер на прасторах былога эсэсэру кiруюць збольшага маладыя палiтыкi.
Самая старая жанчына ў Беларусi, якой споўнiлася 120, распавяла ў тэлекамэру й прадэманстравала сакрэт даўгалецьця. Яна выпiла чарку самаробнай гарэлкi. І так штодня. Нiякiх палiтыкаў яна ня ведае, працуе ў полi, а перад вячэраю п’е гарэлiцу.
Мой дзед Ладзiмер пiў вiно «паўтаракамi» — 750 грамаў у бутэльцы. У свае семдзесят гадоў мог выпiць шклянку вiна за абедам i пайсьцi капаць пограб. Я на такое ня здатны, працаваць у п’яным выглядзе зусiм не магу. Усё, што мной зроблена, стваралася выключна ў цьвярозым стане.
Пра талент лiтаратара й беспрабуднае п’янства можна паразважаць усмак. По — пiў. Вэрлен — не прасыхаў. Ляўрэат Нобэлеўскай прэмii ў лiтаратуры Ўiнстан Чэрчыль хадзiў у парлямэнт падшафэ. Ну, а мае браткi-беларусы, пачынаючы ад нашанiўцаў, пiлi ўсе. Хто колькi мог, столькi й выпiў. Галубовiч з Барадулiным свае дозы выпiлi ў маладосьцi й перайшлi ў цьвярозы алькагалiзм. А Купала пiў да апошняга. Караткевiч мог пiць з ранiцы да ночы па тры месяцы ўзапар, а потым пiсаць па васямнаццаць гадзiнаў у суткi месяцы са два. Сыс дзесяць гадоў п’е з ранiцы да ранiцы. Праўда, апошнiя гадоў восем ён ня пiша, але ж раней пiў i пiсаў генiяльна. Выключэньне складае Разанаў, ён, калi вып’е, страчвае паэтычны дар, таму п’е зусiм мала. «Паэт павiнен пiць!» — вынайшаў гэты лёзунг Крупенька. Праўдзiвы лёзунг, але цяжка назiраць, як гарэлка руйнуе таленты. Я бачыў, як гiнулi Караткевiч, Семашкевiч i Стральцоў. Бачу, як гiнуць Дышлевiч i Сыс. І, напэўна, гэтыя вiдовiшчы спыняюць мяне ад штодзённай чаркi.