Выбiць прызнаньне можна зь любога. Такiх прыкладаў у крымiналазнаўстве колькi заўгодна. Але ж трэба нэўтралiзаваць маньяка, вось дзе загваздка. І мсьцiслаўцы гэта разумелi, за Генам сачылi, але катаваць не катавалi. А я адразу казаў: марны занятак сачыць за афiцыянтам, акрамя голай дупы на беразе рэчкi нiчога вартага ня высачыш. І нiхто нiчога ня высачыў. І мая праца ў Амсьцiславе падышла да канца. Працаваў я толькi ў цёплы сэзон — з траўня да кастрычнiка. У касьцёле i ў жнiўнi можна застудзiцца на скразьняках, а ў маразы проста здохнеш. Дый адному жыць у паўразбуранай будынiне — ня цукар з хлебам есьцi. Сабраў я пэндзлiкi й матануў у Менск.
Хацелася, вядома, у Нью-Ёрк, але ў Менску справы былi. Інстытут трэба было скончыць нарэшце. І квiток у Амэрыку здабыць... Жартую. Калi я зьяжджаў з Амсьцiслава, думаў — вярнуся абавязкова. А вось i не вярнуўся. Але не хвалюйся, пра маньяка я дакажу.
Яго злавiлi, судзiлi й расстралялi. А расказала мне канцоўку гэтай гiсторыi касiрка з кiнатэатру ў мястэчку Смалявiчы. Быў у мяне пэрыяд, калi думаў, што лепей рабiць свае росьпiсы, чым капiяваць i рэстаўраваць чужое. Дурань. Тых маiх росьпiсаў, дзякуй Богу, ужо няма. Такi сьценапiс жыве да першага рамонту, а ўжо гадоў дваццаць мiнула. А тады размалёўваў я фае ў кiнатэатры зь Мiшам Нацэўскiм, а ён вазьмi й захварэй, як той Мiкола Залатуха. Вось жа шанцавала мне з напарнiкамi. Можа праз гэта й кiнуў я манумэнтальнае мастацтва, дзе трэба брыгадаю, талакою, гуртам. А я адзiн пэцкаў сьцяну, адзiн рыштаваньнi перастаўляў, мучыўся. Падыходзiць да мяне касiрка й пытае: «А гэта ня Вы ў Амсьцiславе касьцёл рамантавалi?» «Я». «А я Вас памятаю. Вы выстаўку рабiлi, увесь горад прыйшоў паглядзець. Нiхто ж ня думаў, што у нашым разбураным касьцёле столькi карцiн на сьценах. А Вас я добра запомнiла, Вы ўсё на пошту прыходзiлi тэлефанаваць. А я на той пошце працавала. Канечне, Вы мяне ня памятаеце. А Вас у Мсьцiславе ўсе ведалi ў твар, ганарылiся, што ў нас такiя людзi працуюць, адукаваныя». Вось i маеш. Я ж думаць ня думаў, што ў Амсьцiславе мной ганарацца. Як Мсьцiслаў, мне давай Нью-Ёрк, а ня нейкi гарадок-мястэчка на беларуска-расейскiм узьбярэжжы. «Вы яшчэ на выстаўцы расказвалi пра жахлiвыя карцiны, пра тое, як расейцы спалiлi Мсьцiслаў i ксяндзоў пасяклi». «У нас i сваёй брыды людарэзнай хапае... А цi злавiлi Вашага маньяка, што цётак забiваў?» «А Вы ня ведаеце? Злавiлi! Мужчыны жонак-нябожчыц упалявалi зьвяругу. Ім падказалi. Ён, гад, яшчэ калi ў школу хадзiў, паспрабаваў адну жанчыну ў лесе згвалцiць. Яна не далася, адбiлася, уцякла. Дый нiкому нiчога не сказала. Ведаеце, брыдка неяк пра такое расказваць. Яна й змаўчала. Час мiнуў. Ён i ў горадзе павучыўся, i ў войску адслужыў, а потым вярнуўся, падушыў цётак i на Поўнач паехаў грошы зарабляць. Не было яго ў мястэчку. Дык нiхто на яго й ня думаў. А прыехаў ён на адпачынак да бацькоў. Жанчына недагвалтаваная ўбачыла вылюдка й згадала ўсю брыдоту. Расказала мужу, а той ужо сваякам пакутнiц падказаў. Мужчыны яго ў абарот, ён i прызнаўся». «Можа ня ён тое рабiў. Ведаеце, калi ў абарот, можна што заўгодна нагаварыць». «Не сумнявайцеся, бо знайшлi ня толькi першых чатырох, а яшчэ дзьве ня знойдзеныя ў лесе так i ляжалi. Ён iх закапаў. Дык калi сьледзтва вялi, ён тыя магiлы й паказаў». «А як гэта мужчыны не забiлi вылюдка, калi ён прызнаўся?» «А ён хiтра прызнаўся. Ён iм сказаў, што толькi адну старую згвалцiў i задушыў, а пра астатняе ў мiлiцыi загаварыў». «Ды хто ж у Мсьцiславе быў такi хiтры?» «А Вы яго добра ведаеце. Памятаеце, у Вас у касьцёле Сокал працаваў вартаўнiком. Ну той, якi, пакуль Вас не было, яшчэ зьняў з касьцёлу цынк i сабе лазьню накрыў. Вось яго сынок i мардаваў баб».
Тут i скончылася гiсторыя пра Сокала-маньяка. Хацеў расказаць пра Нью-Ёрк, а выйшла пра мястэчка на беразе Вiхры.
Карлавы Вары. Сакавiк 2000 году
Браслаўская стыгмата
Празрыстыя краявiды... Як iх не любiць?! Ранiцаю зайсьцi ў блакiтны сасоньнiк, спусьцiцца да возера й плаваць, плаваць, плаваць...
А на мастакоў, што ўладкавалiся на пагорках Браслаўшчыны, я не люблю глядзець. Тоўстыя, брудныя, сьмярдзючыя, баязьлiвыя тупiкi. Баязьлiвыя? Так! Яны баялiся вар’ятнi, такой вялiзнай, такой галоўнай у Вiцебскай вобласьцi лякарнi для душэўнахворых. Вар’ятня стаяла ў мястэчку Слабодка, за кiлямэтраў дзесяць ад Браслава. Дзiвоснае месца, дзе неба ўтрая большае, чым у якiм iншым кутку Беларусi. Невытлумачальная зьява: крышталёвыя азёры, горы й велiзарнае неба. Тупiкi з пэндзлiкамi спрабавалi ўцiснуць тое неба ў рамкi сваiх крывых палотнаў. Якое глупства! Якая марная марнасьць — i ловы ветру, i ловы неба. Божа, не карай неразумных. Даруй мне й майму сябру Алесю за ўсё, што адбылося з намi на Браслаўшчыне. Твой знак назаўсёды застанецца на правай Алесевай далонi, наскрозь працятай цьвiком.
На Браслаўшчыне я апынуўся з-за слоўца «невыязны». У Саюзе нiкому ня трэба было тлумачыць, што такое метка «невыязны», бо амаль усе былi гэтымi самымi «невыязнымi» — не маглi выбрацца за жалезную заслону, апушчаную па пэрымэтры СССР (сраных савецкiх спаралiзаваных рэспублiк). Адна шостая Зямлi iснавала асобна, а мне хацелася езьдзiць па сьвеце на цягнiках, караблях i самалётах. Я верыў у сваю зорку, у лёс падарожнiка й трэнiраваўся — запiсваўся ў розныя экспэдыцыi ня важна кiм. На Браслаўшчыну я паехаў землякопам у складзе археалягiчнай групы. У мае абавязкi ўваходзiла закопваньне раскопаў. Не раскопваньне, а закопваньне, каб помнiкi мелi той выгляд, якi сустракаў археолягаў. Здавалася, што складанага? Раскапаў, папрацаваў са знаходкамi й закапаў. Не... Разрыюць i кiнуць, як сьвiньнi. То iм часу не стае, то грошай на землякопаў замала... А вось Люда Дучыц — археоляг акуратны, яна й наняла нас з Алесем закопваць. Выключная праца. Засыплеш раскоп, закладзеш пажаўцелым дзёрнам, адыдзешся й залюбуешся пяшчана-жоўтым квадратам на глыбока-зялёнай сьпiне старажытнага, як славянскi сьвет, гарадзiшча. Мастацтва! Я табе кажу. Уражвае. Плацiлi, праўда, мала. З рыдлёўкаю шмат не заробiш. А таму мы яшчэ малявалi знаходкi: косткi з надпiсамi — руны, прасьлiцы, пацеркi, пярсьцёнкi... Усялякае рознае малявалi акуратна пёркам, тушшу на добрай паперы. Можна сказаць — мы выкрэсьлiвалi пракаветныя цацкi. Вымалёўвалi й насьмiхалiся зь Люды. Яна прыплочвала школьнiкам за кожную дробную знаходку — за манэту, за руну, за пярсьцёначак — капейкамi або цукеркамi. Школьнiкi скемiлi й пачалi самi рабiць надпiсы на костках i падкiдаць у раскоп. Можна зразумець, кожнаму хочацца зарабiць цукерачку. Разам з фальшрунамi ў раскопе зьявiлiся гузiкi зь дзедавых фрэнчаў, пацеркi бабуляў i ўсё такое падобнае. Дучыц перастала даваць цукеркi. І тут удакладню: гузiкi зь дзедавых фрэнчаў не зразалiся ў родным доме, яны зьбiралiся на закiнутых хутарах. У сямiдзясятых гадох мiнулага (вось так, ужо мiнулага!) стагодзьдзя пакiнутых хутароў на поўначы Беларусi стаяла безьлiч. Хутаране перабiралiся ў вёскi, мястэчкi й гарады. Цяжкое вiдовiшча — пакiнутае чалавечае гняздо. Праваленыя стрэхi, пазабiваныя дошкамi вокны, зьдзiчэлыя каты, трава на падворку ў пояс, кнiгi, сточаныя мышамi... Рай для этнографаў з марадзёрскай душою. Нi я, нi Алесь ня мелi такой душы. Калi што й забiралi з хутароў, дык выключна дзеля мастакоўскай працы. Я любiў старыя фотакарткi. Яны зазвычай вiселi ў рамцы пад шклом, i мышы iх не згрызалi. У мяне дагэтуль ёсьць каробка са здымкамi браслаўчан. Але зьбiралiся тыя картачкi не дзеля калекцыi. Я шукаў сьвяты твар. Вось чалавек рабiў у хаце свой асабiсты алтар з унукаў, сыноў, дзядоў, сваякоў... Замаўлялася рамка, выразалася шкло, ляпiлiся здымачкi, фотаалтарык вешаўся побач з абразом. Божая Мацi ў чырвоным кутку, а дзецi (мы ж усе яе дзецi!) — побач на сьцяне. І, пэўна, гаспадару раскiданага гнязда твары сваякоў былi сьвятымi. І я ўглядаўся ў старыя здымкi, iмкнуўся ўбачыць тое сьвятое зьзяньне. З тым жа намерам я наведваўся ў вар’ятню. Маляваў стрыжаных налыса жанчын i мужчын. Яны страцiлi розум i сталi iншымi ад нас. Іншымi, гэта iстотна. Бо сьвяты чалавек — iншы, не такi, як ты й я. Вечарамi я вёў гутаркi зь лекарамi. Пытаўся, цi многа ў iх мастакоў, пiсьменьнiкаў, фiлёзафаў?