Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яна адмоўна пагайдала галавой.

— Шкада, ты нам так спадабалася.

— Дзякуй, — расчулена прызналася яна і выйшла з пакоя.

“Куды мне ісці? Вяртацца ў нумар так не хочацца”, — сустрэлі яе ў калідоры турботныя думкі.

У галаве стаяў тлум.

“Ці не доўгі ўсё гэта сон?”

Яна адчула сябе ў эпіцэнтры сюррэалістычных падзей, але дакладна не ведала, што рабіць далей, нібы актрыса, якая выйшла на сцэну і выпадкова забыла свае словы. Ад безвыходнасці дзяўчына спаўзла па сцяне на кукішкі і зморана паклала галаву на калены.

Аднекуль пачуўся смех, а потым у іншым канцы калідора адчыніліся дзеверы і яна пачула крокі. Хтосьці спярша накіраваўся да лесвіцы, але нечакана спыніўся, пастаяў на месцы і пайшоў у яе бок. Дзяўчына прыўзняла галаву. Перад ёй з’явіўся самы сапраўдны блазан. Увесь такі яскравы: з чырвоным носам і вуснамі, з парыком рудых валасоў на галаве і з дурным капялюшыкам.

Блазан імгненна аскаліўся ўсмешкай. Яе аж перасмыкнула. Яна з дзяцінства на дух не пераносіла блазнаў. Аднойчы, калі яны з маці пайшлі ў цырк, да яе выскачыў такі самы блазан і, схапіўшы за руку, вывеў на сярэдзіну сцэны. Ён спрабаваў патанцаваць з ёй, а яна расплакалася і няцямлівую дзяўчынку прыйшлося вярнуць на месца. Трохі пазней яна паглядзела фільм па раману Стывена Кінга — “Яно”, што яшчэ горш напалохала яе, асабліва той момант, калі брыдкі блазан зацягнуў маленькага хлопчыка ў каналізацыю. З таго часу, акрамя блазнаў, яна баялася глядзець у адтуліны з чорным бяздоннем.

І вось перад ёй узнік гэты блазан.

— Я заўважыў цябе тут адну і вырашыў падысці. Мой прафесійны абавязак весяліць людзей і мне заўжды прыкра, калі людзі журацца, тым больш такая прыгожая дзяўчына, — пралапатаў ён і дастаў з кішэні губны гармонік. Пачаў дзьмуць і адначасова танчыць на месцы. Мелодыі былі такімі ідыёцкімі, што ёй адразу захацелася смяяцца.

Нечакана на яе плячо лягла дзіцячая ручка. Гэта аказалася тая дзяўчынка з гумавым мячыкам.

— Пойдзем адсюль, — прашаптала яна.

— Але куды?

— Да нашых дзвярэй…

Дзяўчынка працягнула ёй сваю далоньку і яны, узяўшыся за рукі, пайшлі па калідоры, пакінуўшы блазна без увагі.

Падышоўшы да дзвярэй з нумарам адзінаццаць, дзяўчынка вызваліла сваю ручку з яе далоні і села на падлогу, падгарнуўшы пад сябе ножкі, таксама, як і яна імгненне таму. Толькі цяпер дзяўчына звярнула ўвагу на непаслядоўнае размяшчэнне нумароў на дзвярах у гатэлі.

— А дзе твой мячык? — спытала яна ў дзяўчынкі, даследуючы калідор; нумары і насамрэч ішлі ў разнабой, а на некаторых дзвярах адсутнічалі наогул. Мажліва, такая нумарацыя магла азначаць штосьці іншае.

— Забралі, — адказала дзяўчынка. — Хлопчык у белай кашулі, ён благі, а яшчэ ў яго з валасоў рожкі тырчаць, і хвост ён свой у шортах хавае.

Дзяўчына ўсміхнулася. У дзяцінстве яна таксама любіла ўсё перабольшваць, заўжды бачыла тое, чаго не існавала і думала аб тым, што не адпавядала рэчаіснасці.

— А што за тваімі дзвярамі?

— Яны…

— Хто яны?

— Маці з татам. Яны там стогнуць, а мне сказалі пагуляць на калідоры, а потым благі хлопчык забраў мой мячык.

Яна прыслухалася — і сапраўды — за дзвярамі чуўся жаночы стогн. Асцярожна крануўшы ручку дзвярэй, дзяўчына зайшла ў невялікі пакой. У пакоі панаваў прыцемак і толькі з-за фіранак праслізгвала залацістая пляма святла, датыкаючыся да ложка, на якім барадаты мужчына, трымаў у абдымках жанчыну. Яны паўтаралі простыя рухі.

Дзяўчына аслупянела. Калі ёй было адзінаццаць гадоў, неяк ноччу ў яе разбалеўся жывот і яна зайшла ў спальню да бацькоў, каб пабудзіць маці. Бацькі займаліся сэксам. Яе адразу ахапіў такі сорам, што і зараз, узгадаўшы аб гэтым эпізодзе, яе шчокі незнарок запунсавелі.

У гэты момант яна пачула, як за яе спінай захныкала дзяўчо. Палюбоўнікі раптоўна спыніліся.

— Якога чорта?! — абурыўся барадач.

Жанчына хутка вылезла з-пад яго, прыкрыла свае грудзі коўдрай і акінула іх абедзвюх дакорлівым поглядам.

Нічога не адказваючы, дзяўчына развярнулася і выйшла за дзверы, разумеючы, што трапіла ў няспраўную сітуацыю.

Сцены, падлога, столь калідора на яе вачах пачалі ператварацца ў вадкасць, а вушы напоўніў незразумелы імпульсіўны гуд. Не звяртаючы ўвагі на фантастычныя змены ў памяшканні, яна пайшла наперад. Ступаючы па няўстойлівай падлозе, дзяўчына з кожным крокам адчувала, што жыле, у якое ператварылася падлога, зараз яе засмокча. Са столі пачала сцякаць жыжка, падобная на лаву, якая палае з зяпы раз’юшанага вулкана.

“Хто я, дзе я знаходжуся, можа, гэта ўсяго толькі ўласнае трызненне?”

— Прабачце, а ў вас не знойдзецца цыгарэткі? — пачула яна мужчынскі голас.

“Якога д’ябла ім усім ад мяне трэба? Усе ў гэтым гатэлі намагаюцца мяне зачапіць, каб сказаць, спытаць, прапанаваць?!”

Калідор пачаў скажацца, паступова вяртаючы сабе правільную форму і свой папярэдні выгляд.

— Я не палю, — вымавіла яна.

Азірнуўшыся, дзяўчына раптоўна знерухомела. Перад ёй стаяў Ён. Сам Ён! Кароль! Легенда! Не можа быць! Адкуль? Тут? У гэтым несамавітым гатэлі? У гэтай краіне? Глупства! Перад ёй стаяў кароль рок-н-рола! Сам Элвіс Прэслі ўласнай персонай! Ён стаяў пасярод адчыненых дзвярэй пакоя, перакрыжаваўшы рукі пад грудзьмі. На ім была апранута звычайная белая майка з надпісам “Амерыка”. Элвіс асляпляльна ўсміхаўся, а яго прычоска была ў дакладнасці такой, як у 1956 годзе.

“Чарговы імітатар?” — праслізнула ў яе галаве.

Яна ўважліва прыгледзелася да яго. Калі гэта муляж, то самы дасканалы.

— Я ведаю аб чым ты зараз думаеш, — сказаў ён на беларускай мове. — Я гэта ці не я? Усіх, прынамсі, хто бачыў мяне пасля смерці, ахапляў такі ж ступар. Гэта, зрэшты, звычайны інстынкт. Усе, хто захапляліся мною непасрэдна пры сваім жыцці праз гэта праходзілі. І ты, канечне, як я бачу, не выключэнне. З свайго боку я, — ён паглядзеў на далонь, на якой была напісана падказка, — у мільён двухсот пяцідзесяці трох тысячны раз з усёй адказнасцю магу заявіць, што гэта я. Так, перад табой сапраўдны Элвіс Прэслі.

Яна глядзела на яго, не ў стане вымавіць і слова.

— Ды і ў мяне таксама быў шок, калі я пачуў голас з верха, — Элвіс задраў паказальны палец угору.

“Каго ён мае на ўвазе, у гатэлі толькі два паверхі”, — прыгадала яна.

— Уяўляеш, — працягваў ён, — голас сказаў, што мне і тут не будзе супакою. Ён загадаў мне наведваць усіх маіх фэнаў і размаўляць з імі аб чым яны толькі пажадаюць. Гэта быў нечаканы піяр ход майго новаспечанага прадзюсара. Ён надзяліў мяне ўсімі мовамі свету, я нават на вашай трасянцы размаўляць магу.

Яе нечакана перасмыкнула.

— Заходзь да мяне. У маім пакоі ўсё пад стыль бессмяротных пяцідзесятых, там нам будзе зручней пагутарыць.

Яна не магла ні зварухнуцца, ні нават што-небудзь сказаць, але ўжо не ад убачанага, а ад пачутага.

— Я цябе разумею, не кожны раз даводзіцца ўсвядоміць, што ты памёр, супакойся.

І яна без прытомнасці звалілася на падлогу.

Прачнулася яна ад адчування, што на яе на ілбе ляжыць вільготная анучка. Пралупіўшы вочы, яна зразумела, што знаходзіцца ў пакоі. Акуратна засланы ружовай коўдрай ложак, жоўтыя шпалеры і меладычная песня з радыё, — спяваў Элвіс Прэслі, спяваў “Onlу you” — усё гэта падкрэслівала праўдзівасць падзей, якія з ёй адбываліся. Яна сцягнула з ілба анучу і ўбачыла Элвіса.

“Значыць ён сапраўдны?”.

Прэслі сядзеў на скураным крэсле, закінуўшы на журнальны столік свае доўгія ногі ў лакіраваных пантофлях.

— А ты мяне добра напалохала. Хаця, акурат перад табой афрыканскі хлопчык з Марока, зразумеўшы, што памёр, званітаваў на мой любімы пінжак. Гэта нічога, што я зараз перад табой у такім выглядзе?

— Лепш скажы, якім чынам я сюды трапіла? — ледзьве чутна вымавіла яна.

Элвіс насупіўся.

— Вось так заўжды, зусім перасталі паважаць караля, цяпер я пустое месца, хаця па рэйтынгу на трэцім, нават Ленан у дзесятку не ўвайшоў. А ўсё чаму? Таму што Beatles — гэта папса… Хіпар халярысты!

45
{"b":"553491","o":1}