Дождж, тым часам, узмацняўся, нахабна плюючы ліўневай слінай з шэрай пашчы раз’юшанага неба, размываючы перад дзяўчынай на акне аўтобуса і без таго нецікавае наваколле. Наперадзе пачалі калупацца ў цэлафанавым пакеце і неўзабаве яна адчула пах вэнджанай кілбасы. Зрэшты, і ёй бы таксама не замінала падсілкавацца, але ў дзіравай кішэні акрамя змятага пачка цыгарэт нічога не было. Яна паспрабавала перавесці думкі. У гэты момант неба адгыркнулася маланкай і бабулі, што яшчэ з вакзала ўселіся на апошніх сядзеннях, жагнаючыся, пачалі шаптаць неразборлівыя малітвы.
“Дурніцы, хіба яны спадзяюцца, што Бог ім дапаможа? Лухта, калі хтосьці над намі і існуе, дык, хутчэй за ўсё, смяецца з гэтых старых кошыкаў, якіх пужаюць самыя вытлумачальныя з'явы прыроды”, — злавесна адзначыла яна.
Хаця, па вялікім рахунку, ёй было пляваць, існаваў над імі вышэйшы розум ці не, у яе і сваіх клопатаў хапала.
“Усё адно”, — безуважна паўтарала пра сябе дзяўчына.
Неспадзеўкі сусед, што сядзеў побач, разгарнуў таўставатую кнігу і, цярэбячы ў руках жоўклымі старонкамі, павольна пачаў іх перагортваць. Ёй авалодаў сапраўдны спакой, можна сказаць, упершыню за такі доўгі тыдзень. З дзяцінства яна любіла ні з чым не параўнальны шолах кнігі. Калі бабуля ці маці чыталі ёй перад сном казкі, яна затоена чакала, пакуль у іх пальцах захрумстаюць чарговыя старонкі. Тады яе скроні паколвалі прыемныя дрыжыкі і яна спакваля засынала. І вось цяпер, калі зусім невядомы і непрыемны ёй чалавек пачаў па-свойму перагортваць кнігу, яна растала.
Аднак надвор'е не на жарт псавалася. Вадзіцель нарэшце выключыў рускі шансон і па радыё паведамілі аб штармавым папярэджанні. У кабіне “Лаз-а”, з розных яе бакоў, адразу пачаліся перашэптванні. Дзяўчына на гэта не зважала. Праўду кажучы, плявала яна на ўсіх прысутных пасажыраў і на іх хваляванні, пляваць ёй было і на хваравітае надвор'е. Яе вочы мацней зліпаліся пад націскам стомы, але яна да апошняга змагалася з няўхільнай дрымотай. Ёй зусім не хацелася заснуць у гэтай сядушцы, сярод гэтых людзей, каля незнаёмага мужчыны. Хто ведае, можа ён сэксуальны маньяк і калі яна засне, яго паганыя рукі пачнуць яе мацаць. У наш час нікому нельга давяраць.
“Свет — суцэльная прорва, гэта неспазнанае бяздонне, куды трапляюць людзі, як мухі ў павуцінне. Мы ахвяры, ахвяры чагосьці таямнічага”, — роем ляцелі яе песімістычныя думкі.
Яна да болю прыкусіла пульхную губку і мімаволі ўспомніла, як аднойчы ў дзяцінстве, гуляючы на вуліцы, параніла сабе каленку і, шукаючы суцяшэння, расплакаўшыся, прыбегла да маці. Тая, канечне, пачала супакойваць дачушку, адначасова выціраючы ёй слёзы, а потым перабінтавала разадраную каленку. Затым маці злёгку паўшчувала яе і папярэдзіла, каб у наступны раз яна была па-уважлівей і дадала, што, магчыма, Божанька адплаціў ёй за благую правіну. Яе маці, як і ўсе дарослыя верыла ў Бога. Не выключна, што з таго часу ў неразумнай яшчэ галоўцы пачынала нараджацца гэта перасцярога да таго, што магло знаходзіцца па-над усім. Яна ўспомніла сваю рэакцыю на матчыны словы — тады ёй захацелася плакаць яшчэ мацней і ўжо не ад болю, а ад крыўды. Што магло зрабіць нязграбнае дзіця?
“І сапраўды, штосьці, зусім бессардэчнае існуе над гэтай праклятай зямлёй, маючы поўную ўладу, (калі гэтаму верыць), пакрыўдзіць няцямлівае стварэнне, замест таго, каб пакараць болем сапраўды дрэннага чалавека”.
Парывы моцнага ветру нябачнымі штуршкамі ўразаліся ў корпус аўтобуса і ні то ад іх, ні то ад слізкай шашы, “Лаз” злёгку пагойдвала. За акном пад напругай дажджавой завеі ўжо нічога нельга было разглядзець і, здавалася, што вось-вось і яно трэсне. Але «Лаз», змагаючыся з непагаддзю, імчаў праз гэты імпэтны шквал наперад.
Яе сусед, звярнуўшы ўвагу на рэзкае змяненне за акном, схаваў кнігу ў сумку. Дзяўчына інтуітыўна адчула яго хваляванне.
“Усе людзі чагосьці асцерагаюцца, штосьці трымае іх у гэтым свеце”, — правяла яна паралель паміж сабой і астатнімі, адчуваючы сваю вычварную асаблівасць, — у адрозненні ад іншых, яе нічога не трымала на гэтай зямлі.
Змрочнае неба пачалі праразаць сухія грымоты і кожную хвіліну ў яго вышыні з'яўлялася перакошаная ўхмылка маланакі. Маланка адразу пачала інтэрпрэтавацца ў флегматычным настроі дзяўчыны са смерцю.
“У яе павінна быць менавіта такая ўхмылка”, — падумала яна.
Вадзіцель, не зважаючы на слізкі асфальт, узмацніў хуткасць. Яму больш за ўсіх карцела хутчэй прыехаць да пункту прызначэння і, урэшце, добра выспацца.
А дзяўчына пачала ледзь чутна шаптаць заклён, каб навальніца ўзмацнялася, каб аўтобус яшчэ болей пачало штурхаць, па-вядзьмарску падбухторваючы моцы непрадказальнай прыроды. Ёй хацелася растварыцца ў халодным дажджы, стаць яго часткай. Усё можна было б аддаць за гэта, нават душу, калі яна насамрэч існавала.
Святло ў кабіне аўтобуса нечакана загасла. Адусюль пачуліся жаночыя "войканні".
Яскравая маланка асвяціла вадзіцелю рэзкі паварот на лева.
Хуткасць… Дождж… Неабачлівасць…
Усё спалучылася разам.
* * *
Рыта нерухома ляжала ў напоўненай ванне. З абедзвюх яе запясцяў тоненькім струменьчыкам працякала кроў, афарбоўваючы ваду спярша ружовым, а потым барвовым колерам. Скрываўленая брытва на куце ванны, якой Рыта, звычайна, галіла свае зграбныя ножкі, колькі хвілін назад лёгкімі рухамі рукі прайшлася па яе далікатнай скуры. Позірк спыніўся на пабеленай столі і ў гэтым позірку застыгла штосьці недамоўленае. Святло ў яе вачах паступова згасала, і яна ўсё болей адчувала сябе нібы па-за целам. Рукі і ногі адначасова перасталі яе слухацца. Ёй зрабілася так лёгка, так утульна; яна парыла ў паветры як анёл, болей ні ў чым не знаходзячы патрэбы. Аднак усё гэта абарваў моцны штуршок і ў ванну, выбіўшы дзверы, увайшлі людзі. Рыта адразу вярнулася ў межы свайго цела і замест пабеленай столі перад ёй з'явіліся аблічча яе таты. Бацька выцягнуў Рыту са скрываўленай ванны, хутка закруціў у мяккі ручнік і вынес у пакой. Толькі на яго руках Рыта паступова пачала адчуваюць вагу ўласнага цела.
Урач сказаў, што суіцыд адбыўся з-за моцнага стрэсу, які яна перанесла на глебе востра-эмацыянальнага канфлікту. Ён сыпаў медыцынскімі тэрмінамі, якія былі нікому незразумелымі, але бацькі слухалі ўрача ўважліва, робячы выгляд, што разумеюць і кожнае імгненне пераводзілі сутаргавыя позіркі з яго сур’ёзнага твару на сваю бедную дачушку, якая схавалася ад усіх пад коўдрай. Урач упэўніваў бацькоў, каб яны не хваляваліся, дадаючы, што ў юнацтве ўсялякае здараецца і іх дзіця, на жаль, гэтаму не выключэнне, таму не трэба яе злаваць і выводзіць, прынамсі, колькі тыдняў. Ён пажадаў бацькам мацавацца і сышоў. З падачы маці да Рыты стаў прыходзіць знаёмы псіхіятр, які спрабаваў высветліць прычыну непрыемнага інцыдэнту метадам псіхааналізу. Аднак Фрэйд устарэў. Рыта яшчэ болей замкнулася ў сабе і нават не звяртала на псіхіятра ўвагі, нібы ён быў яе кароткатэрміновым трызненнем. Яна насцярожана маўчала, блукаючы ў глыбінях свайго розуму. Маці, бачачы такое, залівалася гаротнымі слязьмі за спінай сутулага бацькі. Псіхіятр працягваў прыходзіць да Рыты яшчэ цэлы тыдзень, але яму, як ён не намагаўся, так і не атрымалася высветліць першапачатковай прычыны, за выключэннем відавочнага — Рыта хацела памерці. І ў гэтым псіхіятр упэўніўся толькі на апошнім сеансе, калі Рыта вырашыла, магчыма, каб ад яе адчапіліся, напісаць на паперцы наступны сказ: "Я не хачу жыць!" Псіхіятр, у сваю чаргу, паспрабаваў зачапіцца за гэты невялікі аргумент і ў далейшым, пакрысе адштурхоўвацца ад яго. Але далей рабілася толькі горш: Рыта пачынала крычаць не сваім голасам, выдаючы з крохкага горла жудасныя гукі і псіхіятр быў вымушаны спыніць свае доследы.
У суботу Рыта нічога не ела, цэлы дзень праляжаўшы на канапе, уткнуўшыся тварам у падушку. І ніхто не мог зразумець, што ж магло здарыцца з некалі вясёлай і жыццярадаснай дзяўчынай.
Ніхто акрамя яе. Рыта дакладна ведала, што прычына хавалася ў той няшчаснай пятніцы, калі Славік, яе хлопец, прапанаваў ёй правесці рамантычную ноч у яго на кватэры. Ён сказаў, што яго бацькі з’язджаюць на лецішча і яны застануцца адны. Яна даверылася яму. Відаць, з-за таго, што па-вушы была закахана ў гэтага спакушальнага шатэна, высокага хлопца з прыгожымі цёмна-сінімі вачыма. Спачатку ўсё ішло цудоўна: яны пілі шампанскае і цалаваліся на балконе пад яскравымі зоркамі і нават на шчасце скінулі з шостага паверху крыштальныя келіхі. А потым неспадзеўкі да Славіка зайшлі сябры. Яны былі п'янымі, але самым дзіўным было тое, што Славік ніякім чынам не спрабаваў вытурыць іх прэч. У Рыты пачало складацца ўражанне, быццам яны зусім яму не заміналі. А сябры былі, як назойлівыя мухі, яны шныпарылі па ўсіх пакоях, гучна мацюкаліся, дайшло нават да таго, што адзін з іх, лысы і паскудны, якога ўсе называлі Лімон, пачаў нахабна дамагацца да Рыты. Але Славік нібы не заўважаў гэтага. Асушыўшы бутэльку гарэлкі на кухні, вынаходлівыя сябры прапанавалі закаханай пары міксоў, эфект ад якіх абяцалі даволі файны. Толькі Рыта прыйшла да Славіка не за тым, каб напаліцца гэтай дрэні. Яшчэ трохі пасядзеўшы, няўрымслівыя сябры выйшлі з кватэры. Потым закаханыя аддаліся прыемным інтымным гульням, Славік быў вельмі далікатным і чулым з ёй. Рыта шмат піла шампанскага, а потым заснула і правалілася ў нябыт.