Цяпер Дзяніс мог спакойна і без лішніх слоў размаўляць з імі на сваёй унутранай мове, не баючыся аддаваць перавагу грубым формам зваротаў. Напрыклад: “Гэй, Чыпушыла, ты — мудак”, ці “Баранчык, пацалуй мяне ў дупу”, а вось гэта ён лічыў шэдэўрам — “Рупар, калі ты яшчэ раз адчыніш сваю паганую пашчу, я прымушу цябе адціскацца”. Пасля адпаведных размоў Дзяніс супакойваўся і праца ішла сама па сабе. Такую рэлаксацыю ён умоўна назваў разумовай тэрапіяй.
Але вось з гэтай абрыдлівай пенай такія нумары не праходзілі. Пена па-ранейшаму заставалася пенай, яе можна было называць па-рознаму, пачынаючы ад “сопляў лядоўні” і заканчваючы яе “семявывяржэннем”. Лягчэй ад гэтага не рабілася.
Дзяніс зразаў яе нажом з кутоў лядоўнага агрэгату, з-пад розных адтулін, пластмасавых трубак, у чарговы раз збіваючы згіны пальцаў, а лядоўні ўсё ішлі і ішлі, як зачараваныя.
“Хто прыдумаў канвеер? Вядома хто — амерыканцы. У 1913 годзе чортаў Генры Форд запусціў свой першы канвеер па зборцы машын”.
Дзяніс шчыра пажадаў, каб ён зараз жа апынуўся на яго месцы і адчуў увесь смак такой працы.
“Захацеў бы ты потым патэнтаваць сваё наватарства, недалужаны янкі?!”
Між тым, першыя дзве гадзіны прайшлі, як і гаварылася, хутка, а дзесяць хвілін адпачынку здаліся Дзянісу райскім кутком у Эдэмскім садзе. Як толькі Чыпушыла пакінуў сваё працоўнае месца і за ім пасунуліся астатнія, Дзяніс паклаў абрэзачны нож.
Канвеер спыніўся.
Дзяніс падняўся з крэсла, пацягнуўся, размяў шыю і пайшоў справіць патрэбу. Шлях да завадской прыбіральні складаў каля хвіліны. У прыбіральні ён мачыўся ў запаганены ўнітаз (відаць, большасць рабочых ужо прызвычаілася мачыцца на яго накрыўку, ці наогул на падлогу) і мыў рукі. Звычайна, на гэтыя працэдуры гублялася пяць хвілін. Астатняя палова перапынку вызначалася рытуальным шэсцем у другі цэх, дзе знаходзіўся апарат з бясплатнай газіраванай вадой. Гэты апарат Дзянісу паказаў Баранчык яшчэ ў першы дзень працы, з таго самага дня ён заўжды хадзіў піць дармавую газіроўку, падсвядома разумеючы, што халявай трэба карыстацца ў любой яе праяве. Выпіўшы халоднай газіроўкі, Дзяніс павольна вяртаўся на рабочае месца, тым самым расцягваючы дзесяціхвілінны перапынак яшчэ на пару хвілін.
Праца пачыналася нечакана цяжка, зрок, здавалася, паспяваў адпачыць і аднавіцца ад бясконцасці аднастайнай пены і вось зноў паглыбляўся ў кібернетычна-паслядоўны стан. Дзяніс нават не здзівіўся, калі яму ўвачавідкі пачалі трызніцца зорачкі, успыхваючы перад ім то з правага, то з левага боку.
На яго плячо лягла цяжкая далонь. Дзяніс рэзка азірнуўся і ўбачыў Чыпушылу. Усмешка, гэтая гідкая ўсмешка, як у Чэшырскага ката, распаўзлася па яго круглым твары. Дзяніс дастаў з вушэй слухаўкі.
— Ты прапусціў адну лядоўню.
“Чыпушылішча!”
— Зараз дараблю, — сказаў Дзяніс.
Чыпушыла ўвесь час сачыў за ім і, у прынцыпе, рабіў яму добрую паслугу: лядоўня магла пайсці далей і за Дзянісам бы запісалі брак. Але з іншага боку гэта найграна-няшчырая клапатлівасць насцярожвала і раздражняла яго.
“Можа, Чыпушыла стары гомік?”
Дзяніс ня быў гамафобам, але ў выпадку дамаганняў да сябе на сэксуальнай глебе, збіў бы ў горкі яблык самага бяскрыўднага педэраста.
Ён абрэзаў пену з прапушчанай лядоўні і сканцэнтраваўся на астатніх. “Лінія Краўса” у чарговы раз паглынула Дзяніса ў агульны вір завадской працы. Над ім праходзілі падвесныя канвееры, спераду працавала яшчэ тры сеткі канвеераў, шумела, грымела; майстар і брыгадзір мітусіліся з боку ў бок, часам, праходзілі барадатыя і лысыя начальнікі ў цывільных касцюмах — усё рухалася ў неўтаймоўным рытме адведзенага плану. Гэты маленькі свет варушыўся ў коле агульнага жыцця і Дзяніс адчуваў сябе яго складовай часткай, яго ніцікам, яго шрубкай. Такая асацыяцыя яму не падабалася. Найперш ён жадаў бачыць у сабе асобу.
— Шостая! — як заўжды голасна крыкнуў Рупар.
Дзяніс здрыгануўся.
“Каб табе заняло!”
А Рупар стаяў на сваім рабочым месцы і задаволена ўхмыляўся, праціраючы ад пылу сценкі лядоўняў.
Праз некаторы час да Рупара падышоў майстар Прошын разам з невялікім чорнавусым мужычком.
— Што ты свішчаш, Рыжы, шостая шафа без браку! — абурана сказаў мужычок.
— Свішчуць твае дзеці, калі цыгарэты страляюць, а я кажу — у шостай задняя абіўка падрапаная.
Майстар збянтэжыўся і злёгку пачырванеў.
— Паслухай, я асабіста правяраў кожную пядзю — усё чыста, — не згаджаўся мужычок.
Рупар манерна прыцмокнуў і адвярнуўся ад яго.
— Сяргей, чорт з ім, на кантролі яшчэ раз правераць, — сказаў мужычку Прошын.
— Ды не можа быць, што шосты… — пачухаў патыліцу чорнавусы.
Калі яны адышлі, Рупар урачыста абвясціў:
— Усё можа, калі з перапою рожа, — і выскаліў шчарбатыя зубы.
Працаваць рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Дзяніс мімаволі ўспомніў аб першых фабрыках — там, як сведчаць крыніцы, людзі працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Адкуль у іх браліся сілы можна было толькі здзіўляцца. Аднак такія роздумы нагняталі абставіны. Яму зусім не хацелася працаваць і каб адасобіцца ад усяго негатыву, які зыходзіў ад завадскога асяроддзя, Дзяніс пачынаў думаць аб Іры. Успамінаючы пра яе, час паскараўся ўдвая.
Дарэчы, з Ірай ён пазнаёміўся даволі іранічна. Гэта адбылося год таму. Неяк, прагульваючы пары разам з аднакурснікамі ў студэнцкім скверыку, Дзяніс сядзеў на лаўцы і піў піва. На суседняй лаўцы сядзелі тры дзяўчыны мадэльнай знешнасці і хлопцы бессаромна тарашчыліся на іх ножкі, і гучна размаўлялі на інтымныя тэмы.
— Мне падабаецца вунь тая рыжая, — прызнаўся сябрам Дзяніс.
— Дык ідзі і пазнаёмся з ёй, — сказаў хтосьці з іх.
— Не… — ён адразу пашкадаваў, што паведаміў аб сваіх пачуццях у слых.
— Што, кішка тонкая?..
Дзяніс вагаўся, адначасова пільна ацэньваючы дзявочую кампанію. Кожная з дзяўчын была такой прыгожай і недасягальнай, што ён ужо паспеў змірыцца з пройгрышным варыянтам у магчымай спробе пазнаёміцца.
“У мяне нічога не атрымаецца. Паглядзі на іх!” — запэўніў яго пераканаўчы ўнутраны голас.
“Ты слабак? Чаго ты баішся? Проста падыдзі да яе і загавары з ёй, трэба, каб яна цябе заўважыла!” — узнік другі голас, якога ён найбольш асцерагаўся.
“Ты потым толькі шкадаваць будзеш!”
Сябры ўжо паспелі забыць аб мімалётным захапленні Дзяніса, як ён нечакана падняўся з лаўкі, сабраўся з думкамі і падышоў да прыгажунь.
— Э-э-э… тыпа, крошкі, у вас не будзе запаліць, — нахабна вымавіў ён.
Дзяўчыны здзіўлена паглядзелі на ўсмешлівага хлопца і ўсе разам засмяяліся, а потым рыжая, тая, якую Дзяніс упадабаў іншым, дастала з сумачкі пачак дамскіх цыгарэт і працягнула яму. Дзяніс узяў тонкую цыгарэту і папрасіў запальніцу. Яе сяброўка, прывабная брунэтка, манерна ўсміхнулася і працягнула яму Zipo. Дзяніс фанабэрыста ўставіў цыгарэту ў зубы, з першага разу падпаліў яе і зрабіў, напэўна, адну з першых зацяжак у жыцці, а потым яго накрыла і ён зайшоўся гучным кашлем. Дзяўчыны захіхікалі і трэцяя, русавалосая красуня, штосьці прашаптала на вуха сваім сяброўкам. Адкашляўшыся, Дзяніс вырашыў перайсці да справы і звярнуўся да рыжай:
— А ты мне падабаешся, я хачу, каб ты стала маёй дзяўчынай.
Дзяўчыны, як адна, збянтэжыліся, але першая сабой авалодала рыжая.
— Слухай, хлопчык, схадзі ды праветрыся трохі, не тое мама дома адчытае, — пагардліва вымавіла яна.
Са сказанага Дзяніс зрабіў пэўныя вынікі: па-першае, яе ўсё ж не прывяло ў захапленне яго ўпэўненае нахабства, па-другое, у яе, магчыма, ёсць кавалер і па-трэцяе, яна старэй за яго — выдавала з’едлівае слова “хлопчык”. У той раз Дзяніс быў вымушаны адступіць, аднак падмурак, у прынцыпе, быў зроблены.
Праз тыдзень ён убачыў дзяўчыну ў родным БДПУ і што найбольш яго ўзрадавала — на сваім гістарычным факультэце. Ён даведаўся, што яна вучыцца на чацвёртым курсе і старэй яго на два-тры гады. Далей Дзяніс высвятліў яе дадзеныя цераз “кантакт” і пазнаёміўся з ёй больш грунтоўна. Неўзабаве, Іра знайшла Дзяніса пацешным хлопцам і іх зносіны сталі больш інтэнсіўнымі. Іра называла Дзяніса “хлопчыкам”, а праз месяц стала яго дзяўчынай.