Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Чаканім крок, выразней рухі, засталося зусім крыху!

…………………………………………………………………………………………………………………

А я ведаў, што ты хлопец не промах, таму і дапусціў у сваю гульню. Ты складаеш тую нешматлікую колькасць адшчапенцаў, хто спрабуе супрацьстаяць мне. Твая асаблівасць — ты новенькі, цябе тут ніхто не ведае, менавіта пагэтаму я і выбраў цябе. Можаш гэтым ганарыцца. Аднак не забывай, што гэта мая гульня і ты мая марыянетка.

Скажы, ты сапраўды разлічваў вось так проста, перакрыўшы адну ветку, залезці сюды і без перашкод патрапіць на дах? Магчыма, але малаверагодна. Трэба аддаць належнае, план і праўду нядрэнны. Я разлічваў, ты палезеш адзін і з табой будзе лягчэй дамовіцца. Нам ніхто не замінае? Узнікла незразумелая вібрацыя, ад якой Дзяніс ледзьве не прыйшоў у прытомнасць. Не трэба абурацца, я ведаю твае адносіны да гэтага чалавека, але калі бойка справядлівая, трэцяму ў ёй няма месца. Ці не праўда? Вібрацыя паўтарылася. Цішэй-цішэй, не страчвай свае сілы марна, якіх у цябе і так не шмат. Паслухай сюды, мне для большага апагею ўсёй гэтай драмы патрэбен каларытны фінал, які б уразіў мяне. Я даю табе невялікі шанец, зусім невялікі і хто ведае, можа ты разважліва ім скарыстаешся, хто ведае, хто ведае?!

А цяпер уяві сябе на маім месцы. Уявіў?.. Ты — велізарны механізм і з-пад твайго кантролю выходзіць два шрубы, выйсце ёсць толькі адно і ніякага іншага быць не можа, запомні — не можа. Сітуацыя такая: каб наладзіць дзеянне механізму, трэба зваротна закруціць адзін са шрубаў. Адзін закруціць, другі выкінуць. Што ты зробіш у такім выпадку? Маўчанне. Урэшце табе вырашаць…

Яго выпхнула ў рэальнасць, як корак. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што па пояс вылез з вентыляцыйнага люку і яго за руку трымае Снайпер, звісаючы ўніз. Твар яго быў збялелым, яны дабраліся амаль да самага даху, вентыляцыя ўжо была гарызантальнай, а адлегласць паміж падлогай і імі складала вышыню, прыкладна, пяціпавярховага будынка. Руку Дзяніса пранізваў рэзкі боль, з чаго зыходзіла, што Снайпер вісеў так ужо колькі хвілін. З носа Дзяніса цурчала кроў, крапаючы на алюмініевую вентыляцыю. Ён паглядзеў у вочы Снайпера і пад прыхаваным жахам убачыў лютую нянавісць да сябе. Ноздры Снайпера раздзімаліся, як у быка, удала параненага тарэра, а вусны былі сціснутыя ў натужлівым жаданні зрабіць Дзянісу балюча. Дзяніс зразумеў, што ў вентыляцыі паміж імі адбылося штосьці непрадказальнае. Ён учапіўся другой рукой за руку Снайпера і моцна сціснуў яе. Раўнавага засталася.

— Так, паслухай сюды, — сказаў Дзяніс дрыготкім голасам, — я думаю, што нам трэба выбірацца адсюль. Якія будуць прапановы?

Яго словы гучалі з наіўнай абуральнасцю, але ў іх была вялікая неабходнасць.

Снайпер маўчаў. Дзяніс яшчэ раз паглядзеў яму ў вочы і адчуў, што доўга не зможа ўтрымліваць яго ў сваіх руках.

— Я не ведаю, што тут адбылося, але хутчэй за ўсё гэта дзіўныя праявы канвеера, — крыкнуў Дзяніс, — не паддавайся яго выбрыкам! Ну жа?!

Снайпер зласліва выцiснуў з сябе:

— Паспрабуй разгайдаць мяне.

Але разгайдаць яго было не такта проста. З кожным імгненнем Снайпер станавіўся цяжэйшы на кілаграм. Руку так і хацелася адпусціць, кісць, здавалася, вось-вось адарвецца. У гэты момант Снайпер падняў уверх ногі і адпіхнуўся ад вентыляцыі. Дзяніс сабраў усе свае намаганні і калі Снайпер хістаўся ў паветры, паспрабаваў падцягнуць яго да сябе, моцна ўпёршыся ў адчынены люк.

— Давай, — шыпеў Снайпер.

Дзяніс напружыўся да пакольвання ў выі і паясніцы, і яшчэ на пару сантыметраў падцягнуў яго ўверх. Гэтага хапіла. Снайпер закінуў ногі і як скалалаз па стромай скале ўскараскаўся абедзвюма нагамі на трубу. Дзяніс падцягнуў яго да сябе і праз хвіліну пакутлівага змагання за жыццё, яны ўдвух аказаліся ў бяспецы. Яшчэ хвіліна пайшла на іх адыхаўку, яны не маглі прамовіць і слова, пераводзячы дыханне. Дзяніс задыхаўся і з шырока расплюшчанымі вачыма пазіраў на Снайпера. Той, у сваю чаргу, глядзеў на яго. Адсопшыся, Дзяніс прагугнявіў:

— Што тут здарылася?

— Я разбіў табе нос, — сказаў Снайпер.

— Я згубіў кантроль?

— Як толькі мы апынуліся ў трубе…

Дзяніс цяжка ўздыхнуў.

— Дах зусім блізка, — сказаў ён.

— Мы амаль каля мэты.

— Аднак разам далей лезці нельга.

— Калі мы распачалі гэты шлях разам, разам яго і скончым, — заключыў Снайпер.

— Ты не разумееш, у любую хвіліну са мной можа здарыцца анамалія. Я ўступіў у бойку з канвеерам.

— Заўваж, не толькі ты адзін…

— Снайпер, паслухай…

— Снайпер?! — здзівіўся ён.

— …у мяне былі трызненні.

— Нізкі тагасветны голас… белы пакой… кроў… канвеерная стужка…часткі чалавечых целаў… гіганцкі язык…

— Адкуль ты ведаеш?

— Я бачу гэтыя сны ўжо дзесяць гадоў, з таго самага часу, як прыйшоў сюды працаваць.

Яны замаўчалі. Знізу да іх данёсся рух канвеера: лёгкі, павольны, з невідушчай, смяротнай пагрозай.

— Тады завершым пачатае, — сказаў Дзяніс.

Знутры вентыляцыі падзьмула брудным паветрам з пылу і іншай завадской трасцы.

— Далей палезем звонку, — сказаў Снайпер.

Чапляючыся здзёртымі пальцамі за рыфленую абалонку вентыляцыі, яны прасоўваліся наперад, як слімакі па галіне дрэва. Адкуль у іх браўся моц, не ведаў ні Снайпер, ні Дзяніс. Рукі, спіна, ногі даўно спруцянелі. І толькі прага да выратавання і жыцця, надавала ім крыху пругкасці і гнуткасці. На апошнім дыханні. Трэці цэх ляжаў, нібы на далоні. Дзяніс нерашуча паглядзеў уніз і ў яго закружылася галава.

— Не глядзі туды, — папярэдзіў Снайпер. — Лепш паспрабуй дацягнуцца да форткі.

Прыблізна, метраў у двух ад яго ўжо быў шкляны дах; адна з фортак была прыадчынена. Але Дзяніс не дацягнуўся. Заставалася адно — скокнуць. Гэтая ідэя прыйшла ў яго галаву не адразу. Аднак гэта было самым рэальным шанцам патрапіць на дах.

— А што, калі я не далячу, ці не вытрымае фортка? — спытаў ён у Снайпера.

— А што, калі… Ведаеш, колькі разоў я сёння задаваўся гэтым пытаннем? — сказаў Снайпер.

Дзянісу стала прыкра і разам з тым прыступ хвалявання, у які ўжо раз за гэтую ноч прымусіў спацець яго далоні. Каб гэта не стала следствам пагібелі? Доўга не марудзячы, ён выпраміўся ва ўвесь рост. У каленных суставах адчувалася дрыготка. Ён умоўна вымераў адлегласць ад вентыляцыі да форткі і, утрымліваючы раўнавагу на слізкай паверхні трубы, злёгку прагнуўшыся, адпіхнуўся ад вентыляцыі. Абедзве рукі ўчэпіста замацавалася за драўляную раму форткі. Дзяніс падцягнуўся і ўсунуў ногі ў праём.

За акном світала. Прыемная імжа халадзіла разгарачанае цела. Ён прапоўз уніз па шкляным даху і скаціўся да бетонных парэнчаў. Спіну абліло нечаканай, рэзкай ледзяной свежасцю і ён яшчэ некаторы час праляжаў так, не рухаючыся. Абудзіў яго гук скачка Снайпера. Ён павіс на фортцы і ўжо не ў сілах быў падцягнуцца. Дзяніс падаспеў яму на дапамогу, і Снайпер неверагоднымі намаганнямі ўсё ж здолеў ускараскацца на дах. Праз хвіліну яны абодва моўчкі ляжалі каля бетонных парэнчаў, прагна глытаючы свежае паветра.

Над Мінскам падымалася блякла-жоўклае сонца і з даху асабліва добра былі відаць яго цнатлівыя промні, што так няўцямна траплялі на паверхню горада.

— Мы жывыя, — суха прамовіў Снайпер і Дзяніс толькі кіўнуў галавой.

Яны сапраўды засталіся жывымі. Дзяніс ляжаў на спіне і зацята думаў аб сваім жыцці. Хто я? Навошта я? Што мне трэба рабіць? Адвечныя філасофскія пытанні штурмавалі яго розум. А потым ён заплакаў, але нягучна, так, каб не пачуў Снайпер. Слёзы былі чэрствыя і ад іх лягчэй не ставала. Дзяніс адчуў сябе кінуты ўсімі. Якісьці пісьменнік казаў, што толькі па-сапраўднаму адзінокі чалавек імкнецца на чужыну, і ён меў рацыю. Цяпер Дзяніс разумеў Іру і яе жаданне з’ехаць. І ён таксама калі-небудзь з’едзе, з’едзе куды падалей, далей ад адзіноты, ад канвеера, ад гэтых людзей, каб знайсці супакой і зачараванне ў мары.

З цэха пачулася рыпенне, а па даху пракацілася вібрацыяй. Дзяніс расплюшчыў вочы і пераглянуўся са Снайперам. Канвеер спыніўся. Ці на доўга?

34
{"b":"553491","o":1}