Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Аднак, забегшы за вугал, Дзяніс рэзка спыніўся. Выйсце ў другі цэх было зачынена жалезнымі дзвярамі бруднага жоўтага колеру. Дзяніс падышоў бліжэй і з усяе сілы тузануў за вялікую ручку. Магчыма, дзверы зачынілі з другога боку, таму што замка на іх не было. Дзяніс не ведаў, што рабіць, ён проста аслупянеў, адчуваючы сябе загнанай жывёлінай. Толькі хто паляўнічы?

— Што і тут зачынена? — пачуў ён за спінай голас Пазняка і азірнуўся.

Пазняк стаяў з адчыненым ротам і чакаў, што адкажа Дзяніс, але ўбачыўшы безнадзейна разведзеныя рукі, расчаравана плюнуў і сказаў мацюком.

А ўжо праз некаторы час Дзяніс убачыў, як стомленыя працоўныя вярталіся назад. Ён праглынуў у горле камяк і абыякава паплёўся за ўсімі.

“Чаму яны сунуцца зваротна?” — паўстала ў яго пытанне. “- І чаму за імі сунуся я?”

Але адначасова ў душы з’явілася боязь застацца аднаму. Лепш глядзець у вочы небяспецы разам. І ён далучыўся да кампаніі двух мужыкоў, якія ўсю дарогу абкладалі жаночымі геніталіямі ўсіх вышэйстаячых начальнікаў, што, па-сутнасці, не магло ніякім чынам паўплываць на змену сітуацыі.

Вяртаючыся назад да дыспетчарскай тым жа шляхам, Дзяніс убачыў жанчыну, якая ляжала на падлозе. Вакол яе стаялі Зіна, Масла і Курва. Кроў ад жанчыны расцяклася чырвонай плямай на цэлы метр.

— А што гэта з Марыяй здарылася? — спалохана спытаў адзін з мужыкоў, з якім ішоў Дзяніс.

— Забілася, — адказала расчырванелая Зіна і адразу ж зачыніла вочы азызлымі далонямі.

Дзяніс, хаваючы прыступ невымернай агіды, хутка пайшоў далей. Упершыню ён убачыў чалавека, які сканаў на яго вачах і адчуванне гэта было не з самых прыемных. Што казаць, калі ён нават нябожчыкаў баяўся і ўсялякімі сродкамі спрабаваў не прысутнічаць на пахаваннях. Потым начамі ён не мог заснуць, яго думкі запаўнялі, усялякага кшталту, жахі з ажылымі трупамі і іншымі анамаліямі паўсядзённага жыцця. Цяпер жа ў яго сэрца закралася самае сапраўднае трапятанне.

— Мужчыны, дапамажыце нам пакласці яе ў куды больш прыстойнае месца, яна ж усё ткі чалавек, а не сабака, — пачуў Дзяніс за спінай зрывісты голас Зіны, але пайшоў далей. Чапаць мерцвяка — пакіньце гэта каму-небудзь іншаму.

Ён вярнуўся да дыспетчарскай, адкуль нядаўна бессаромна кінуўся на ўцёкі і ўбачыў каля майстра Прошына яшчэ з дзясятак чалавек, сярод якіх былі брыгадзір Холадаў, Снайпер і Дзяцел. Дзянісу адразу стала сорамна за праяву слабасці свайго характара і ён ужо чакаў у свой бок вострых слоў і ў бок тых, хто вярнуўся разам з ім, але нічога падобнага не адбылося, толькі Холадаў кінуў на ўсіх уцекачоў здзіўлены позірк і спытаў:

— Чаму вы вярнуліся?

— Ды нейкая падла ўсе дзверы зачыніла, я першы раз бачу, каб яны наогул зачыняліся! — абурана сказаў чарнабароды мужык.

— Як так зачыніліся? — падышоў да яго Снайпер.

— А вось так — на замок з другога боку і баста.

— Гэта падобна на замову, — зласліва працадзіў Холадаў. — Якога лысага тут дзеецца?

— Канвеер, — ціха сказаў майстар Прошын.

Усе прысутныя звярнулі на яго ўстрывожаныя позіркі. Майстар ляжаў, распластаўшыся на халоднай бетоннай падлозе, яго галаву прытрымлівала мажная жанчына, а з рота тоненькім струменьчыкам выцякала кроў. Адарваную руку паклалі побач з ім, нібы звычайную дэталь ці нарыхтоўку.

— Цішэй, мой хлопчык, — па-мацярынску казала яму жанчына, — цішэй, каток, табе нельга гаварыць.

Вочы Прошына ашклянелі ў натужлівым чаканні смерці. Было бачна, што ён намагаўся гаварыць і гаварыць аб многім, але сілы яго пакідалі, вусны сутаргава трэсліся і ён надрыўна ўздыхаў.

Брыгадзір падышоў да ўсіх, хто вярнуўся назад і шэптам сказаў:

— Яму не доўга засталося. Невядома хто на “лініі Краўса” усадзіў яму ў грудзі сталёвую загваздку і адарваў руку.

— Але хто? — пасыпаліся ціхія галасы працоўных. — Хто мог учыніць такое?

— Не ведаю, але адно магу сказаць дакладна — гэты невядомы досыць небяспечны тып і яго трэба асцерагацца.

— Ды што мы ўрэшце важдаемся, — згубіўшы раўнавагу, сказаў Пазаліні, які прыйшоў адразу за Дзянісам. — Трэба пазваніць 101, 102, 103, халера ведае яшчэ куды і выклікаць неабходную дапамогу.

— Ужо спрабавалі, — расчаравана кінуў Снайпер.

— І што?

— Нічога — сувязі няма, абаненты недаступныя.

— Паспрабуйце набраць з майго апарата, — не сунімаўся Пазаліні.

— Толку не будзе, — сказаў Холадаў.

— А вы паспрабуйце, у мяне заўжды добра ловіць.

Холадаў са Снайперам пераглянуліся. Снайпер падышоў да Пазаліні, узяў яго тэлефон, набраў 102, крыху пачакаў, а потым прыціснуў тэлефон да яго вуха.

— Вось дупа, — вылаяўся ён.

У гэты момант Дзяніс пашкадаваў, што забыў сваю Motorola ў гардэробе, прынамсі можна было пераканацца ў словах Снайпера.

— Як быццам Бярмудскі трохкутнік, — загадкава падагульніў Пазаліні.

Паступова вярталіся збеглыя працоўныя, хтосьці са злосцю, хтосьці з абыякавасцю, а хтосьці са спужаным тварам. У паветры лунала трывога. Жанчыны, трапечучы, уздыхалі, а мужчыны голасна перагаворваліся. Урэшце Холадаў ізноў вырашыў узяць кантроль у свае рукі.

— На “Лініі Краўса” узніклі сур’ёзныя непаладкі, якія па невядомым пакуль прычынам скалечылі Максіма. Я збіраюся туды пайсці і высветліць, што там здарылася, мне патрэбны дапамагатыя, пажадана з тых, хто непасрэдна там працуе, — сказаў ён.

— Ага, каб і нас там на шматкі паразрывала, — выкрыкнуў нізкарослы мужык з другой канвеернай веткі.

— Дурняў няма! — падтрымалі яго галасы.

Холадаў, відавочна, чакаў такога павароту падзей, таму стрымана паўтарыў, што яму патрэбны добраахвотнікі па ўласным жаданні.

— Я з табой, Мішка, — зухавата выгукнуў Рупар і звярнуўся да Чыпушылы: — Рамуальд, пайшлі! Але Чыпушыла толькі хвалююча паправіў пальцам на пераноссі вялікія акуляры і адчужана закруціў галавой.

— Эх ты, доўбня, маці тваю. Я даўно ведаў, што з табой у разведку не сходзіш. Ануча ты драная, Рамуальд, а імя яшчэ такое носіш…

На гэтыя словы Чыпушыла ніяк не адрэагаваў, толькі адвярнуў твар у бок, нібы не прызнаў Рупара і пакрыўджана заварушыў вуснамі.

Тым часам да Холадава з Рупарам далучыліся Ласун з Гестапа і яшчэ два мужыка з “лініі”. Кожны з іх узяў малаток, а Холадаў прыхапіў гаечны ключ і з асцярогай, пераглядаючыся адзін з адным, яны нерашуча пайшлі на “лінію Краўса”.

Усе правялі іх спачувальным позіркам і, прыбываючы ў разгубленасці, маўчалі. Аднак верх хутка ўзяў Снайпер. Ён, як мага зычней, сказаў:

— Трэба паставіць дыспетчарскую зваротна на месца і паспрабаваць адчыніць дзверы, — сказаў Снайпер, а потым расчаравана дадаў: — усё ж павінен прызнаць — мы перастараліся, аднак чалавек схільны памыляцца.

— Самі вярнулі, вось самі і стаўляйце, — адчуўшы адсутнасць Рупара, заявіў Пазняк.

Цяпер выразна азначылася сапраўднае раздзяленне натоўпу: Пазняк адышоў у апазіцыю і да яго пачалі далучацца, але, галоўным чынам, напужаныя жанчыны з бесталкоўшчынай Грышай; яны падышлі да Пазняка і пагардліва паглядзелі на Снайпера. На гэты раз Дзяніс, безумоўна, вырашыў яго падтрымаць, ужо адназначна выбраўшы свой бок. Трохі пазней да Снайпера падышлі Пазаліні, Підар, Свіслуля, Дзяцел і яшчэ з дзесятак мужыкоў. Усім кагалам яны наваліліся на дыспетчарскую (Дзяніс стаяў разам са Свістуляй) і дружна паставілі яе на месца. Пачулася, як усярэдзіне дыспетчарскай усе рэчы перавярнуліся на іншы бок.

— Усё, — сказала ў гэты момант жанчына, што сядзела каля майстра. — Сканаў.

Дзяніс, не адчуваючы ніякай агіды, пайшоў да месца трагедыі, каб увачавідкі засведчыць смерць майстра. Ён ляжаў у тым жа стане з напаўзаплюшчанымі вачыма. Жанчына лагодна заплюшчыла яго павекі сваёй шурпатай працоўнай далонню і, ледзь стрымліваючы слёзы, пайшла да Пазняка.

Стоўпіўшыся каля памёрлага, працоўныя цяжка ўздыхалі, быццам аддаючы майстру хвіліну пашаны. Усё гэта нагадала Дзянісу карцінку са школьнага падручніка па гісторыі Беларусі, на ёй былі намаляваныя партызаны, якія стаялі вакол забітага камандзіра.

— Добры быў майстар, — сарваў цішыню чарнабароды мужык.

26
{"b":"553491","o":1}