Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Заўсёды, — адказаў Дзяніс, разумеючы куды хіліць Міха і, трохі падумаўшы, дадаў: — Часцей у прысутнасці Іры. Я ведаю яе не так ужо і даўно, але за гэты час паспеў яе добра вывучыць. Аднак, бывае, глядзіш ёй у вочы, а ў яе яшчэ позірк такі незвычайны, ну гэта бачыць трэба, як у Алісы з краіны цудаў, якая сутыкнулася са звышнатуральным, і разумееш: ні чорта ты яе не ведаеш і страшна нават робіцца. Такое адчуванне, нібы памяншаешся ў памеры на яе вачах, ператвараешся ў бездапаможную істоту. Гэта зусім не з-за розніцы ўзросту. Проста, часам, здаецца, што мы зусім розныя, а потым праходзіць імгненне і я ўжо не бачу больш ідэальнай пары на гэтым свеце. Ці, можа, я блага разбіраюся ў жанчынах?..

Вярталіся назад моўчкі, гаварыць не хацелася адначасова абодвум. Тым часам каля лаўкі адбывалася наступнае відовішча: Коля, а гэта ўжо было пачаткам п’янага чаду, адціскаўся на кулаках, Андрэй з Сяргеем, Лысым і Жорык, відавочна, здавалі крос, бегаючы вакол стадыёну, а астатнія вялі гучную спрэчку. Дзяніс і Міха падышлі да апошніх.

— Косця, ну адкажы мне, навошта ты з намі заўжды па-беларуску размаўляеш, — амаль не навісаў над ім расчырванелы Юрась. — Мне вось, напрыклад, брыдка чуць гэты нязграбны дыялект рускага прыслоўя ўсходне-заходняга краю.

— Па-першае, — абурыўся Косця, — гэта мова вялікалітоўская, а не нейкі там дыялект рускай, і тым больш выдуманай беларуская мовы, як, у прыватнасці, і назва гэтай краіны, дарэчы, прыдуманая рускімі ў XVI стагоддзі.

— Гэта я і без цябе ведаю.

— Па-другое — яна славянская, шчыльна звязаная з традыцыямі старажытных ліцвінаў і іх моўнымі асаблівасцямі, возьмем хаця б “дзеканне” і “цеканне”. У параўнанні з рускай мовай, што мае ў сваім фразеалагізме сумесь татарскіх і фіна-вугорскіх запазычанняў, нашая мова можа з пашанаю насіць званне самай крыштальна чыстай старажытнай мовы сярод усходніх славян. На вялікалітоўскай мове вялося справаводства ВКЛ — носьбіта нашай сапраўднай нацыянальнай дзяржаўнасці, якую цягам часу спрабуюць адправіць у нябыт.

— Ужо адправілі: спярша Польшча, а потым Вялікая Руская Імперыя.

— Руская імперыя — турма народаў! — вякнуў Кіслотнік.

— Па-трэцяе, — не звяртаючы ўвагі на заўвагі, рашуча наступаў Косця, — ад вас, Юрый, цягне маскальскім шавінізмам, які не мае пад сабой больш-менш аргументаваных падстаў.

— Гэта не шавінізм — гэта ісціна. Няма ніякіх беларусаў і ўкраінцаў — ёсць агульная вялікаруская нацыя.

— Як можа нацыя складацца з расава непаўнавартасных? І ўвогуле, што ты маеш на ўвазе пад тэрмінам “рускія”, сучасныя рускія, вядома; таму што, не сакрэт, справядліва будзе называць рускімі ці русічамі сучасных украінцаў.

— А вас маскавітамі! — закончыў за Косцю Кіслотнік.

— Што ты вярзеш, што за эпічнае, што нават за быліннае глупства лунае ў тваёй галаве, што за вар’яцкія думкі… — твар Юрася набыў чырвонае адценне. — Такога ніколі не будзе, чуеш!

— Паглядзім, — рашуча сказаў Косця. — Створым канцэнтрацыйныя лагеры для ўсіх непаўнавартасных славян!

Юрась адышоў і нервова запаліў. Дзеля пабрацімства налілі яшчэ па пяцьдзесят, Косцю налілі ўсе сто і горача выпілі.

Сваю порцыю Дзяніс не закусваў. Гэта значна падсякло яго свядомасць. Неўзабаве яму пачало здавацца, што яго голас робіцца непадуладны яго розуму, і выдае на экзістэнцыяльным узроўні невядомыя рэчы, больш таго, Дзяніс не пазнаваў свайго голасу — ён быў чужым, як быццам набожны бас манаха, які чытае верш сілаба-танічнага складання. На імгненне Дзяніс адключыўся. У памяці з’явіліся дзіркі. Збольшага ён памятаў, як да іх падышлі стомленыя бягуны. Потым Коля, адціснуўшыся пяцьдзесят раз, прапанаваў усім падужацца.

“Ну вось, пачалося!”

— Падыходзь па адным, — закрычаў асілак з Малінаўкі, — будзем здаваць на крапавы бярэт!

Жаданне пазмагацца выявілі Дзяніс, Міха, Андрэй, Лысы, Жорык і Сяргей. Разумнейшыя адышлі падалей. Першым, як не дзіўна, наляцеў Коля, абраўшы ахвярай нізкарослага Сяргея. Аднак Сяргей аказаўся ўстойлівым хлопцам і Коля, каб не страціць аўтарытэту заўзятага вулічнага байца, пачаў ужываць кропкавыя ўдары нагамі і завяршыў паядынак дакладным хукам у сківіцу суперніка, які ў тое ж імгненне быў абезрухомлены. Андрэй спужаўшыся, закрычаў:

— Калян, стапэ!

На Колю адразу ж наваліўся Лысы, і пачаў прэсаваць яго мясістыя плечы абцасамі сцёртых камілотаў, за Лысым на Колю рынуліся Жора, Дзяніс і Міха. Андрэй паспрабаваў спыніць бойку, адцягваючы ўсіх за рукі, але незаслужана атрымаў сіняк пад вока. Дзяніс таксама быў абяззброены, прачуўшы ўдар у вобласць сонечнага спляцення і, адышоўшы ад кучы на колькі крокаў, паваліўся ніц… Усё. Далей ён, роўным рахункам, нічога не памятаў, як скрозь зямлю праваліўся.

Прыйшоў у сябе Дзяніс, адчуваючы, што ванітуе, седзячы на лаўцы. Зладзіўшы вынітавыя пазывы, ён паглядзеў па баках і ўбачыў, што на другім канцы лаўкі ляжаў непрытомны Андрэй, а пад ім утварылася гадкая лужына, якая нагадвала карціну мастака-імпрэсіяніста, ад чаго ванітавыя пазывы ў Дзяніса ўзнавіліся з новай сілай. Праз колькі часу яму стала лягчэй і ўзнікла пачуццё цвярозасці. Неяк падняўшыся з лаўкі, Дзяніс зразумеў, што ўсё яшчэ знаходзіцца каля стадыёна. Трохі воддаль стаялі Коля, Сяргей, Міха, Ілля і Лысы з Жорыкам. Палілі.

— А дзе астатнія? — спытаў Дзяніс.

— Разыйшліся, сказалі, што піць з намі болей не будуць. Мы — гопнікі і быдла, — сказаў Міха.

Цяжка было з імі не пагадзіцца. Дзяніс паглядзеў на незадаволены твар Колі, разбiты лоб Сяргея і сіняк пад вокам у Лысага.

— Што ж… трэба выпіць, — прапанаваў Дзяніс.

— Было б што, — сказаў Ілля.

— Тады трэба ісці ў краму, — настойваў Дзяніс.

— Хопіць на сёння, — сказаў Коля, зласлiва гледзячы на Лысага.

Дзяніс адышоў, зноў сеў на лаўку і запаліў. Алкагалічная анестэзія, якая здаралася з ім ня часта, але калі яна ўсё ж такі здаралася, звычайна, на раніцу, Дзяніс размаўляў з унітазам, паглынула яго свядомасць сівой імгой. Ачухаўся ён, калі ўся кампанія падыходзіла да Кастрычніцкай плошчы. Горад ужо засмоктвала ў вячэрні прыцемак. Паўсюль гарэлі яскравыя агні і туды-сюды сноўдалася чырвонапысая моладзь. У Дзяніса ўзнікла адчуванне лёгкай эйфарыі — ён прачнуўся і свята толькі пачыналася. Падыходзячы да плошчы з боку Дома Афіцэраў, хлопцы заўважылі людскі гармідар каля рэкламнага экрана, па якім транслявалі футбол. Людзі пілі, закусвалі і напружана назіралі за відовішчам, якое разгортвалася на зялёным полі. Падышоўшы бліжэй, Дзяніс заўважыў, што ўвесь натоўп быў разгалінаваны на дзве часткі: бліжэйшыя да экрана, а гэтая частка складала пераважную большасць, трымалі ў руках расейскiя сцягі, а ўжо за імі, над астатнімі, не больш пяцідзесяці чалавек — развіваўся гішпанскі сцяг. Усё мацней чулася: “Ра-се-я!” І, дзесьці, у самым хвасце: “Оле-оле-оле-оле, Гiшпанія, давай!”

— Ну, што, пайшлі бліжэй да экрану, — прапанаваў Андрэй.

— Не, я пайду да гішпанцаў, — сказаў Міха.

— Што так? — не зразумеў яго Сяргей.

— Я хачу быць у меншасці, а за Расею скандуе большасць.

— Ну і здраднік, мы з Расеяй адзін брацкі народ, — сказаў Коля.

— А спрачаемся, што вашая Расея прадзьме, — умяшаўся Ілля. — Я ў футболе не разбіраюся, аднак што такое Расея ў параўнанні з Гiшпаніяй.

— Ведаеш, Гітлер таксама шмат чаго думаў, — сказаў Андрэй і звярнуўся да Дзяніса: — Ну а ты?

— Пляваў я наогул і на Расею, і на Гiшпанію, футбол мяне ніколі не цікавіў, аднак пры такім падыходзе я згодзен з Міхай — “расейцаў” больш, я падтрымаю меншасць.

Яны разыйшліся ў розныя бакі.

Падыходзіць да гішпанскіх балельшчыкаў прыходзілася праз рускіх. Хлопцы пераступалі цераз не дапітыя бутэлькі з гарэлкай, міналі ачмурэлых гопнікаў, якія крычалі невыразныя клічы, пырскаючы слінай у твар, скінуўшы майкі і, выставіўшы на агляд свае піўныя пуза. Урэшце, яны дабраліся да сваёй мэты. Гiшпанскія балельшчыкі пілі піва; размалявалі твары ў гішпанскі нацыянальны колер, а барадаты мужык у шлеме канкістадора трымаў у руках яскравы гішпанскі сцяг. Хлопцы падышлі бліжэй і далучыліся да балельшчыкаў. Праз колькі часу яны ўжо заўзята скакалі разам з імі і выкрыквалі: “Гiшпанія, давай! Верым у перамогу!” За найбольш актыўнае гарлапанства, хлопцаў нават пачаставалі дармавым півам. Дзяніса па-сапраўднаму каўбасіла, Ілля пазнаёміўся з п’янай малалеткай, Міха размаўляў з барадатым мужыком аб трагічнай гісторыі ВКЛ. Усё выглядала даволі міралюбна, пакуль Расеі не ўкацілі першы гол. Дзяніс заўважыў, як натоўп наперадзе рэзка замер і па плошчы пракаціўся гуд расчаравання. У тую ж хвіліну “гішпанцы” радасна закрычалі, і Дзяніс убачыў, як з боку русейскiх фанатаў да іх паляцелі шкляныя бутэлькі. “Гiшпанцы” адказалі тым жа. Зусім недарэчы Дзянісу захацелася схадзіць па патрэбе. Выйдучы з шэрагаў балельшчыкаў, ён адчуў, што прыціснула яго вельмі моцна, а бегчы ў задворак было занадта позна. Позіркам ён знайшоў, недалёка ад Палацу Рэспублікі, кветнік з рознакаляровых сцяжкоў, сярод якіх перавага была аддадзена чырвоным, зялёным і белым. Аднак Дзяніса гэта не збянтэжыла. Ён рашуча пабег у той бок. Аснову кветніка складалі кардонныя транспаранты, на якіх было напісана: “Квітней Беларусь”. Дзяніс не знайшоў часу, каб агледзецца і шпарка пералез праз кветнік. Слухаючы прыемнае рыпенне сцяжкоў пад павевам лёгкага ветрыку, Дзяніс расшпіліў шырынку і на працягу некалькіх хвілін атрымліваў неймаверную асалоду. З плошчы пачуліся крыкі, відаць, пачалася бойка.

14
{"b":"553491","o":1}