Литмир - Электронная Библиотека

Гэта была праўда.

Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду – нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок, «правыя» – таму і справа) стаіць, прыхінуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталю; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць пабеларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Урангеля («Теперь всё, всё пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска пачало фарміравацца, заявіў раптам ні з таго ні з сяго: «Пакуль не прагоніце бальшавікоў, нагі маёй не будзе ў вашай брыгадзе!», нечакана знік некуды са Слуцка разам з сям’ёю і таксама нечакана аб’явіўся ўжо тут, у Семежаве, толькі без сям’і.

Цяпер ён стаяў і зіркаў то на Жаўрыда, то на сваіх аднадумцаў, бы збіраўся, калі ўзнікне небяспека, як тая квактуха куранятаў схаваць іх пад крыло. Аднадумцы бравы капітанкавалерыст, балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядовому «Бацьку», ніколі не раставаўся з рознымі савінкаўскаалексюкоўскабалахоўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам – Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Янам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер – Мацэльлі…

Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. Не азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю – злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку – не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а, значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч – тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»

Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноўтакі: «левыя» – злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад – адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) і браты Дубіны, Міна і Улас, – маладыя, прыгожыя, здаровыя… І гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых – Жаўрыд ведаў – абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта авантуру! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцк, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш – на службу саветам, і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»

Нічым – ні цяплом, ні холадам не патыхала, аніякім ветрыкам на цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)… Гэтыя сядзелі – прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем – усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.

Нарэшце самая шматлікая група тоўпілася ў Жаўрыда за спіною, акружала яго.

Быў тут высакарослы барадаты юрыст Пракулевіч – старшыня Рады (і Жаўрыдаў швагер, дарэчы); быў тут аўтар выслоўя, якое пазней зробіцца крылатым («чаго ты сядзіш тут, калі ў Слуцку зьбіраецца Беларусь!”) Мікола Бусел; быў Васіль Русак – кіраўнік хора “культурнаасьветнага гуртка” з нявіннай назваю «ПапарацьКветка» (кіраванне «хорам» на працягу трох гадоў дало тое, што ўся Случчына аказалася аблытанай шматлікімі, выдатна арганізаванымі, у любы час гатовымі да збройнага выступлення ячэйкамі – «муз. філіямі»); былі «прышлыя», прысланыя з Гародні з Беларускай Вайсковай Камісіі штабскапітан Якубецкі (пазней Галоўнакамандуючы беларускіх вайсковых сіл) і маёр Борык – начальнік аператыўнага штаба брыгады, ціхмяны, непрыкметны, коратка падстрыжаны і таму падобны крыху на бабра (за вочы яго так часта і звалі, не Борык, а Бобрык); быў сябра Рады Случчыны пінскі паляшук Мяшочак («апостал у лапцях, каторы на зьезьдзе шмат прыкрасьцяў нарабіў групе балахоўствуючых») – асоба хітрая, незразумелая, з тых, што абавязкова з’яўляюцца ў любым хаўрусе, – артысты па натуры, любяць прыкідвацца прасцячкамі, «варонамі белымі», аднак у кожным выпадку сабе на ўме і, карыстаючыся тым, што іх не ўспрымаюць усур’ёз, спакойна гнуць свой абруч, паступова, да здзіўлення іншых, «разумных», выходзяць на першыя ролі – словам, пад шумок, без асаблівых намаганняў, ціхай сапаю дабіваюцца таго, чаго й хацелі (апранаўся Мяшочак заўсёды толькі ў сваё, у сялянскае: на нагах лапці, на плячах даматканая світачка, на галаве – шапкакучомка, у руках – клуначак, з якім прайшоў ад самага Слуцка, так ні разу і не развязаўшы; калі выступаў, а выступаў ён часта, маючы, як і ўсе людзі такога складу, талент красамоўства, – любіў ужываць палескія незразумелыя слоўкі, сыпаў да месца і не да месца прымаўкі і прыказкі, калі патрабавалася – біў маленькім кулачком у грудзі, кляўся, бажыўся, умеў напусціць, калі трэба, на вочы слязіну альбо бліснуць зпад павек прыхаваным гневам)…

Цяпер ўсе гэтыя людзі паўкругам стаялі вакол камісара Жаўрыда і ў вачах іхніх свяцілася поўная да яго вера, нейкая непарушная, нават святая ўпэўненасць, што вось ён прачытае чарговую дэпешуданясенне, падумае, памазгуе, абагульніць ўсё і тады растлумачыць усё коратка і ясна – так, як адзін ён умее. Пасля чаго яны ўздыхнуць з палёгкаю, у галовах праясніцца, і ўсе яны разам, адкінуўшы абрыдлыя міжсабойныя звадкі, з новай сілай і імпэтам возьмуцца за справу…

Яшчэ б! Каму, як не яму, трыццацігадоваму Павалу Жаўрыду, было ім верыць? На каго, акрамя яго, спадзявацца?

Гэтыя як дзень белы ведалі, што калі б не ён, «жалезны» Жаўрыд, не сядзелі б яны тут цяпер, і не пісалі б пра іх газеты, і не йшоў бы пра іх розгалас у свеце. Хтохто, а яны не маглі не ведаць і не цаніць ролю яго асобы ва ўсёй гэтай гісторыі (у прамым і пераносным сэнсе), не маглі не адчуваць, што абавязаны яму і фактам самой акцыі і, галоўнае, цяперашняму нечаканаму поспеху яе.

Яшчэ зусім свежая была памяць пра славуты, перш трагічны, а тады трыумфальны для іх з’езд Случчыны, з якога ўсё і пачалося. Калі яны, жменька эсэраўнезалежнікаў і бээнэраўцаў, са скуры вылузваліся, з усіх сіл стараліся надаць хоць які толк гэтаму стыхійнаму, пры такіх варунках ад пачатку асуджанаму на няўдачу «народнаму ўздыму», праўдамі і няпраўдамі, абяцанкамі і ўгаворамі, мальбою і гразьбою (але і гразьбою мяккаю, асцярожнаю, каб не дай Бог не адпужнуць ад сябе яшчэ больш) да хрыпаты даказвалі, што нельга верыць ні палякам, ні чырвоным, што трэба як найхутчэй афіцыйна аформіцца ў вайсковую адзінку незалежнай Беларусі, што хаўрус з Балаховічам, Савінкавым і Алексюком – гэта пагібель, прамая і ўскосная, бо ў гэтых авантурыстаў няма і быць не можа яснай, зразумелай, даступнай кожнаму сярэдняму беларусу ідэі, «а нас можа выратаваць, – даказвалі яны, – толькі высокая агульная мэта. Калі вы таргуецеся на базары, вы ж заўсёды просіце большую цану, каб атрымаць жадаемае, – так і мы давайце… Давайце называць самую высокую цану. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым святы лозунг – вызваленне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў…» Ім не верылі. Іх выступленні засвіствалі, заглушвалі тупатам ног. Дэлегаты, падбухтораныя запісачкамі, якія падкідвалі ім прыхільнікі Балаховіча і палякаў (польскае войска яшчэ не пакінула Слуцк, прадстаўнікі іхніх органаў прысутнічалі на з’ездзе, ход яго цалкам іх задавальняў, што, праўда, не перашкодзіла ім адразу ж, проста тут, у зале, на ўсіхных вачах арыштаваць аднаго з выступоўцаўнезалежнікаў, Марка Асвяцымскага, у нявінным выказванні якога, – «нам, беларусам, усё адно з каго выбіраць: што з чорта, што з д’ябла, што з сатаны!», – палякам чамусьці ўбачылася паралель паміж імі, непераможнымі ў баях і высокароднашляхецкасправядлівымі ў міры жаўнерамі «Жэчы Паспалітае» і бальшавікамі – «гэтым тупым, труслівым, жорсткім быдлам»; пазней, дзякуючы зноўтакі Жаўрыду, беднага Асвяцымскага ледзь удалося ўратаваць ад расстрэлу, і пражыве ён яшчэ аж васемнаццаць гадоў, пакуль не будзе расстраляны ўжо бальшавікамі, і ўжо аніяк не зможа памагчы яму Жаўрыд, бо ў гэты час сам будзе паміраць у адным з паўночных канцлагераў…), – дэлегаты крычалі, самі не разумеючы што: «Якая яшчэ Беларусь?!», «Досыць, наслухаліся!», «Далоў бальшавіцкі прэзідыум!»

8
{"b":"552545","o":1}