Чацвёртае! Да сазыва Устаноўчага Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзення найбольшага васьмігадзіннага дня, кантроля над дабрабытам, мінімальны заробак платы і гэтак далей.
Пятае! У мэтах барацьбы з вырастаючай спекуляцыяй і ўпарадкавання тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к развіццю на шырокіх пачатках усіх відаў кааперацыі.
Шостае! Уперад да скончання развязання гэтага пытання ў Устаноўчым Сойме прызнаем на тэрыторыі Беларусі свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасць асобнасці і памяшканняў.
Сёмае! Прыдаючы першаступеннае значэнне народнай прасвеце, Рада Случчыны будзе старацца к агульнаму абучэнню ў самым шырокім маштабе.
І апошняе, восьмае! У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі прызнаюцца правы ўсіх меншасцяў на нацыянальную персанальную аўтаномію.
Абвяшчаючы аб гэтым і з’яўляючыся выказвальніцай волі народа, Рада Случчыны дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднае Беларусі, бараніць інтарэсы сялянства ад насілляў з боку чужаземных захопнікаў, у выпадку патрэбнасці сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа – праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе!
Прынята ў мястэчку Семежова 28 29 кастрычніка І920 года».
Плошча маўчала, нават звыклага «гура» не раздалося.
Многія апусцілі галовы, як бы стараючыся лепш удумацца, якое дачыненне да іх асабіста, у цяперашнім іхным становішчы, могуць мець, да прыкладу, пункт чацвёрты, пяты, а таксама сёмы – васьмігадзінны рабочы дзень, развіццё кааперацыі і агульнае абучэнне ў самых шырокіх маштабах…
Умомант адчуўшы гэты настрой, Жаўрыд зразумеў, што не хапае апошняга, больш «даступнага масам» акорду, і ўзяў яго:
– Грамада! Будзьма помніць, што за намі – не адно родныя загоны Случчыны, а ўся Беларусь, уся нашая дарагая Рэспубліка, народжаная, выпакутаваная і выняньчаная намі, аплочаная рэкамі крыві і тысячамі жыццяў! Бог бласлаўляе нас на святую справу, і мы пераможам, пераможам і польскага пана, і маскоўскага камісара!
(Ізноў скрывіўся Паўлюкевіч; пераглянуўся з Мацэляю і прамармытаў гучна: «Пачынаецца… няўжо нельга без крайнасцяў?..»)
Жаўрыд сціснуў руку ў кулак:
– Жыве незалежная Беларусь!!!
І хоць вокліч гэты быў яшчэ новы, нязвыклы, хоць мала хто яшчэ ведаў, як трэба рэагаваць на яго, – але з’яднаныя папярэднімі словамі, знітаваныя Жаўрыдавым гіпнатызмам людзі патрапілі адказаць. Паляцелі ўгару шапкі, ускінуліся над галовамі тысячы кулакоў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў, з тысячы глотак ірванулася радасным:
– Жыве!!! – і нібы зліліся на гэты міг усе ў аднаго аграмаднага чалавека, з адным грамавым голасам, – чалавека, што паміма волі змог угадаць гэтае слова як адзіна правільнае.
VІІІ
Камандзіры скамандавалі: «Вольна, разыдзіся!», Жаўрыд склаў лісткі, павярнуўся ўжо, каб ісці ў штаб. Але ажыўленне на плошчы не ўнімалася, галасы не сціхалі, хоць сюды, на «штабны» ганак, ніхто не глядзеў, наадварот, у другі бок усе паварочвалі галовы і спяшаліся ў той канец плошчы, дзе царква.
Незадаволены, непрывычны, калі ўвага скіраваная не на яго, Жаўрыд збег з ганка: паглядзець, што там. Мірановіч таксама пайшоў за ім.
Вайскоўцы расступаліся, даючы начальству дарогу:
– Перабежчыкі! – паведамлялі загадзя, радасна. – Кітаец нават ёсць!..
– Перабежчыкаў прывяла разведка!..
– І камандзера нават у палон узялі!..
Пры самай царкве, з краю плошчы, акружаныя вайскоўцамі і мясцовымі, пераміналіся з нагі на нагу тры чалавекі – у чырвонаармейскай форме, з вінтоўкамі; адзін, крываногі і нізкарослы, з выпукластымі скуламі і вузкавокі і праўда падобны быў на кітайца. Збоку гарцаваў на крутазадым коніку, белазуба пасміхаючыся, Мірончык – балаховец, потым слуцкі міліцыянер, а цяпер старшы разведкі, якая і прывяла перабежчыкаў. Палонены імі чырвоны «камандзер», таксама ў акружэнні людзей, з закручанымі назад і звязанымі рукамі, з падбітым вокам, якое ўсё заплыло сінюшнай пухлінаю, высокі, у караткаватай яму скуранцы, стаяў, прыхінуўшыся плячом да царкоўнае сцяны і здзіўлена азіраўся вакол. На галаве яго была нейкая дзіўная, нябачаная дасюль шапка, з доўгімі вушамі, з высокай, звужанай на канцы піпкаю, падобная крыху на старадаўні славянскі шлем – шапка гэтая, мабыць, больш за ўсё і цікавіла разявакаў.
– Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..
– А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!
– Нуну, хопіць у іх розуму выдумаць, – сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: – Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, рускі – Васняцоў быў такі! І прыдумаў восепара, пры Мікалаі яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя – вось бальшавічкі і прысвоілі…
– Ну дык! – дурное дзела не хітрае! – падтрымалі дзядзьку. – старога салдата. – Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..
Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі, адно часта міргаў здаровым вокам; у твары яго не было ні страху, ні спалоху – толькі здзіўленне, бы ўсё яшчэ паверыць не мог чалавек: што здарылася з ім раптам, дзе ён, чаго ён тут, ці не ёсць усё гэта толькі дурны сон?..
Пабачыўшы Жаўрыда з Мірановічам, Мірончык саскочыў з каня, правай рукой, у якой трымаў нагайку, ляніва дакрануўся да брыля фуражкі:
– Старшы разведкі Мірончык. Пад час спаўнення ўзятыя ў палон… – азірнуўся на чырвонаармейцаў, неахвотна паправіўся: – Самі здаліся, перабежчыкі… І яго вось раззброілі, – паказаў нагайкаю на звязанага камандзіра.
Начальнік контрразведкі адразу ж узяўся за свае абавязкі. Напусціў суровасці на твар. Падступіўся да палоннага:
– Хто такі? Прозвішча, часць, званне!
Камандзір здзіўлена пазіраў на яго і маўчаў.
– З імі памаскоўску, відаць, трэба, пан паручнік! – падказаў нехта.
Мірановіч паўтарыў паруску – нуль рэакцыі.
– Лебедзеў яго зваць, пан камандзір! – выступіўшы ўперад, паслужліва ўмяшаўся адзін з перабежчыкаў, худы і абыяк паголены, з хітрымі вачыма: – Камандзір пятнаццатай стралковай роты, сорак першага палка – іх толькі надоечы што з Крыма да нас перекінулі… У Крыму яны Ўрангеля растаўклі, – дадаў.
– Што за галаўны ўбор? – спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».
– А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць, – патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» – ці даўно сам быў «іхні»?). – Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!
Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.
Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:
– Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! – і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць… Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем – гэты перабежчык усім спадабаўся.
– А, успомніў!
– Адкуль будзеш? – спытаў Мірановіч.
– Свой, зпад Капыля! – кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.
– Ну, што, паспытаў бальшавіцкай кашы?
– Яшчэ й як!.. – перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, ільсціла яму, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне. – І польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай – усялякай…
– І якая смачнейшая?
– Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная, – адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы хочуць ад яго пачуць. – А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся – бальшавікі… Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца – такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць – «красная аармея усех сільней!», рабаваць едуць на вёску – ізноў, «віхры ўраждебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць – без крыжа, без папа, – шапкі далоў, і давай: «Не плааачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам’я ўпярод! – перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.