Литмир - Электронная Библиотека

– Чаму ж ты служыў ім, такім? – сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.

А во – вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады, адразу, значыцца, і да вас…

– Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? – выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.

– Дазваляю.

– Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? – спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.

– Сам ты кітаец, – нечакана на чыстай рускай мове, сурова адказаў «кітаец». – Сляпы, альбо што? Я калмык, а ты што – калмыка ад кітайца не адрозніваеш?

Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:

– Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху…

– Так, камандзіра – у падвал, – распарадзіўся Мірановіч, – перабежчыкаў накарміць, перапісаць… Канец прадстаўленню, разыходзімся!

Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае… Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:

– Тут, гэта самае… Чайку па дарозе сустрэў…

– Камандзіра палка, а не Чайку.

– Ну, камандзіра палка… Загадаў далажыць, што я арыштованы. І зброю здаць…

У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш – пагарда, – пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны ўдзельнічаць, таксама ламацца – замест таго, каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «Бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці рускі…

– Арыштаваны – дык ідзі арыштоўвайся, – абыякава сказаў Мірановіч, – з ім вось, на пару, – кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы. Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай…

ІХ

Не спяшаючыся, камандзір палка Чайка з ардынарцам ехалі самым берагам Морачы.

У коней чвякала пад капытамі. Сыпаў снег, пакуль яшчэ рэдкі і мокры, але з ветрыкам; сівер устуджваў зямлю і камандзірскай кабыле з яе расклешаным недзе капытам балела ступаць па цупкім. Таму і трымаліся мяккага прыбярэжжа.

Толькі што яны праверылі тры дальнія, найбольш важныя дазоры (ці «палявыя заставы»): ад Старобіна, Слуцка і ад Цімкавіч. Цяпер кіраваліся да апошняга, тылавога – з боку Вызны. Выстаўляўся ён больш для блізіру, на выпадак, калі разведка чырвоных заблудзіцца ці якісь іхні атрад самахоць забрыдзе так глыбока ў гэтую нейтральную з пазаўчарашняга дня зону.

Прыгорблены, пануры, у сваім аблепленым снегам шыняльку і ў насунутай на вочы, таксама заснежанай зверху фуражцы камандзір палка быў яўна не ў настроі. Ехаў ціха, думаючы аб сваім, – адно калі трапляліся на дарозе пагоркі ці яміны, прыўставаў у сядле, нібы ў іх з кабылаю было адно на дваіх цела і яе боль перадаваўся і яму.

Ардынарац – той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду… Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да боку кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе ў рачулку.

– Ой, ты іграеш, ой, іграеш, – праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж. – А вылегчаць?..

Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць, – тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.

Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» – таму і ставілі звычайна падлеткаў – дазоры… А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску… Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «ды што яму баяцца, са мною! – хай хоць бацькам пакажацца!..»

Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было – задняй думкаю – і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго – гэта першае, і другое – ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася… Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца аб’язджаць гэтыя дазоры, і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму аб’язджаць…

Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, – таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць… Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага… Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду – той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку… Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць – яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах…

Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў… Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам ані дбаючы ехалі сярэдзінай шляха, вялі з сабою перабежчыкаў – трох чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, і палоннага – нейкі са звязанымі ззаду рукамі, высокі, бы жардзіна, камандзір, па сваёй бальшавіцкай модзе – у скуранцы, над расквашанымі чаравікамі – абмоткі, таму ногі здаваліся цыбатымі і тонкімі, на галаве – нейкая дзіўная шапкашлем з піпкаю зверху… Старшы разведкі, Мірончык, убачыўшы кампалка з ардынарцам, пасуровеў, звярнуў са шляху, пад’ехаў: «Стаяць!» – крыкнуў, перш чым дакладваць, – не на Чайку, на каня, які танцаваў пад ім. Скалячы зубкі, нагайкай паказваючы на перабежчыкаў, на палоннага, пачаў дакладваць. Даніла хоць і стаяў да Мірончыка не так блізка, як Чайка, а і то ўнюхаў сівушны пах, да таго ж і гаварыў Мірончык гучна, узбуджана і блытана, як цвярозыя не гавораць. Астатнія, відаць было, таксама часу не гублялі: світкі наросхліст, шапкі на патыліцах, раты ва ўсмешках, у вачах – астаткі загулу… Дасталося, відаць, нейкаму хутару гэтай ноччу – «гуляй, хата, хадзі, печ!»…

Чайка хмурыўся, кратаў парэзаную і газецінай заклееную, як заўсёды, бараду, на Мірончыка стараўся не глядзець, а пераводзіў вочы то на чырвонармейцаў, то камандзіра іхняга. Той спакойна стаяў сабе, адно вока заплыло сіняком, другое, цэлае, зіркала зпад брылька свайго шлема дзікаватанасцярожана, нават, як падалося Чайку, насмешліва.

– Колькі было гаворана, – пачаў Чайка ціха, усё не гледзячы на Мірончыка, і Даніла зразумеў, што камандзір стрымлівае сябе, каб не сарвацца на крык: – Колькі сказана было, што разведка не павінна звязвацца ні з якімі палоннымі, ні з якімі перабежчыкамі, што разведка павінна разназаўсёды запомніць – балахоўшчына з зялёнадубшчынай мінуліся… Калі вы ўсё гэта запомніце? – цадзіў пра зубы ледзь чутна, без аніякай інтанацыі.

Перш атарапелы Мірончык – сама мала чакаў падзякі ці пахвальбы – хутка, аднак, апамятаўся. Падбіў на патыліцу кубанку з белчырвонабелай нашыўкаю наўскось. У тон Чайку таксама праз зубы выціснуў:

12
{"b":"552545","o":1}