Литмир - Электронная Библиотека

– Ужо запомнілі, таварішчь камандзірь! – перадражніў, і даволі ўдала перадражніў; Чайка, які ўсё амаль жыццё правёў у Расіі, сапраўды размаўляў пабеларуску з натугаю, з тымі нязграбнымі, непрыгожымі памылкамі як і ва ўсіх, хто вучыцца не жывой, а штучнай, кніжнай мове; вымаўлялася ў яго і “начяльнік”, і “камандзірь”, і “ў Слуцке”, і “ ў Мінске”.

– А каб яшчэ лепш запомнілі, – ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся ў твары, – для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!

– Арыштоўвай, – пасміхнуўся Мірончык.

– Це! – хутка сказаў Чайка. – Арыштоўвайце!

– Паслухай, парень, тут табе не твая Расія і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць…

– Маўчаць!!! – гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.

– У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і самавольна адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!

І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы… Рука з бізуном узляцела раптам уверх…

– Э, э! – канчай мне тут! – усклікнуў Даніла, пад’язджаючы.

Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку ўсяго толькі каб казырнуць.

– Так точьна, ясна! – і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не ад’ехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае: – Камуняка блядская!..

– Штошто?! – Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).

Данілу нічога не заставалася, як павярнуцца і ехаць следам, з адчуваннем пабітага сабакі…

Семежава засталося ззаду. Насупраць вызнянскай дарогі яны пусцілі коней уброд праз мелкую тут Морач. Тыя неахвотна палезлі ў сцюдзёную ваду, крышачы капытамі ўмерзлую ў прыбярэжжа снегавую кашу. На сярэдзіне спыніліся, Даніла пасвістаў і коні зноўтакі з неахвотаю, бы робячы гаспадарам паслугу, нагнулі шыі і пацыркалі вады. Пераправіўшыся, далей паўз канаву, аброслую голым алешнікам і вербалозам, уехалі ў лясок. Затым падняліся на пагорак, усеяны старымі і новымі крыжамі, свежастаўленымі і пагнілымі агароджамі – тут пачыналіся местачковыя праваслаўныя могілкі. За ўвесь час кампалка не прамовіў ні слова, ехаў, трымаючы ў адной руцэ павады, другой ўсё церабіўмучыў парэзаны падбародак. Маўчаў і Даніла, ён каяўся, што – «ардынарац!» – так спусціў усё з рук гэтаму крывашлапаму дурню… А можна ж было калі не шабляю пару разоў па спіне перацягнуць, дык хоць бы словам паслаць, куды ў такіх выпадках пасылаюць…

Усё пазіркваючы збоку на панурага камандзіра, на гэты яго асабліва ў профіль прыгожы, «пісарскі» твар, на хлапечую чупрынку, што выбілася зпад фуражкі, Даніла і сам пахмурнеў. Ён думаў, што ніхто ў брыгадзе, акрамя яго, не ведае пра Чайку ўсяе праўды. «Камуняка!..» Ды гэты «камуняка», пакуль ты са сваім Балаховічам па лясах гойсаў ды яўрэяў шпыняў па мястэчках, – «камуняка» незлічоныя ордэны на франтах пазаслугоўваў, у Генштабе служыў, з самім Урангелем вось так, як з ім, Данілам, за руку вітаўся, гэты «камуняка» ўсёй Расіі вядомы, яго з рукамі адарвалі б і чырвоныя, і белыя, і якія хочаш, а ён вось да іх, беларусаў, прыбіўся! Дарма што вучоны, а аднолькава, як і яны, цемната запечная, Беларусь любіць, таксама за яе ваюе… «Камуняка» – бо ў чырвоных два месяцы пабыў, у ваенкамаце? Дык такіх «камунякаў» палова брыгады, і Мірановіч, і Жаўрыд, і сам ён, Даніла, абціраў пару месяцаў куткі ў бальшавіцкіх казармах…

Даніла думаў, і невядома, чаго больш было ў гэтых яго роздумах: гонару за любімага камандзіра, або шкадавання яго. За тое, што адзінокі, без сям’і, без жонкі і дзяцей – няма каму нават пахваліцца ардэнамі. За тое, што вечна рэжацца пры галенні, і ніхто, апроч Данілы, не ведае, што шнар на падбародку – след аўстрыйскага штыка, і як асцярожна ні вадзі лязом, усё роўна абрэжашся. За тое, што ён – вучоны, герой, мог бы ў Маскве ці ў Менску, не кажучы пра Слуцк, у цяпле ў дабрэ на самых важных пасадах сядзець, а ён з імі тут…

Снег не сунімаўся. Два вершнікі, самі аблепленыя снегам і на заснежаных конях, як два прывіды, што пераблыталі дзень з ноччу і выбраліся не ў пару палохаць людзей, марудна праехалі між крыжоў і пачалі спускацца з другога боку могілак.

– Стой! – раптам аглушыла іх, бы знянацкім стрэлам. – Пропуск!

Чайка сказаў: «Карабін!»; у адказ прагучала:

– Клецк! – і зза кашлатай елкі вынырнуў з паляўнічай стрэльбаю падлетак гадоў семнаццаці, невысокі, таўсмаценькі і чарнявы.

Звалі яго Валодзька Піліпчук. Даніла добра ведаў яго, бо гэта быў Дзянісабрацельніка сябар, іх і ў дазор заўсёды разам ставілі. Да брыгады ён прыбіўся ўжо ў Семежаве, з гэтай вось стрэльбай, прыехаў на сваім уласным кані – спрацаванай сялянскай клячы. Яму б маўчаць, а ён здуру пачаў хваліцца, што вось, маўляў, так і так, пакуль бацька спаў, я ціхенька ў хлеў, ды аброць са сцяны цап, ды за каня, ды сюды! Думаў, што яго пахваляць як героя. Але чамусьці так усіх насмяшыла гэта, ці то ён проста неяк смешна расказваў, ці таму, што і праўда крыху падобны быў на цыганчука, беднага хлопца адразу ж ахрысцілі адны «канакрадам», а другія «конюхам» і, невядома чаму, нават «канавалам»…

– Пан камандзір?! – прытворна здзівіўся хлапчук: – Прабачце, не пазнаў, так снегам вас абляпіла, – пачаў апраўдвацца, гаварыць нібыта вінаватым голасам, а ў самога хітра свяціліся вочы, усё выдавалі. Пазнаў, яшчэ і як пазнаў, толькі пахваліцца цяпер хоча, што ўсё робіць як трэба, так, як вучылі: камандзір не камандзір, а пароль спытай, і водзыў скажы…

Чайка саскочыў з кабылы. Абціраючы ёй цёплы круп і мокрую шыю, спытаў, ці ўсё ў парадку.

– Так точна, пан камандзір! – («так точьно», прыгадалася Данілу Мірончыкавае.)

Ардынарац застаўся на палянцы, Піліпчук павёў Чайку паказваць месца дазору.

Зусім побач, пад хвояю, наладжаны быў чысты акопчык, сухі – зверху, як той дах, навіслі яловыя лапы, на дне – пласт сухой бурай ігліцы, наверсе – насыпаны пясчаны бруствер, у сцяне – ячэйкі для гранат, патронаў, у асобнай ячэйцы, як рэч каштоўная, беражоная – цэйсаўскі бінокль, ляжыць на анучцы і зверху прыкрыты анучкай… Недзе з тыдзень назад Чайка сам выбіраў месца для гэтага дазору, і тады яно яму паказалася не дужа: нізкавата, шмат дрэў, маленькае прастрэльнае поле, ды і могілкі побач – у выпадку трывогі, калі дазорнаму трэба будзе хутчэй ляцець у Семежава, сярод гэтых крыжоў і магіл не разгоніш каня… Праўда, тады былі прыцемкі, туман, а пазней, удзень, як вось і цяпер, кампалка пераконваўся, што дазор усё ж, наадварот, удалы, зручны найперш схаванасцю сваёй. Можна за два крокі ад елкі праехаць і нічога не заўважыць, а адсюль – нават калі не высоўвацца з акопчыка, – увесь гэты невялікі трохкутнічак поля паміж Мораччу, могілкамі і лесам праглядаецца як на далоні, тым больш яшчэ, калі з біноклем…

– А коні?.. – азірнуўся і спытаў Чайка; проста так пытаючы, для парадку, як і дазорны ў яго пароль – вядома, і з коньмі ў гэтых малых будзе ўсё ў парадку. «Тылавы», «неабавязковы» дазор быў сама лепш з’арганізаваны з усіх чатырох. Міжволі пагодзішся з тым жа Мірановічам, які на поўным сур’ёзе даказвае, што чым салдат маладзейшы, тым больш з яго толку. Адно, каб хлапчук гэты сам так яўна, так прамалобна не напрошваўся на пахвальбу.

– А ў нас адзін на дваіх, пан камандзір, – тараторыў дазорны, – вунь там, пад тэй елкаю… Я галіны падцерабіў знізу, дык стаіць, што пад паветкаю! І папонаю накрыў…

– Як завуць?

– Ніяк, пан камандзір, – хлапчук перш сумеўся, – проста конь… Аа, мяне? Піліпчук, пан камандзір! Піліпчук Валодзей!

– Валодзька Канакрад, – уставіў Даніла, пасміхаючыся. Яму трохі зайдросна было, што не Дзяніса зараз пахваляць, а якогась цыганчукапрыблуду. Знарок не заўважаючы, як ажно затросся ад гневу Піліпчук – дапяклі такі хлопца! – патлумачыў Чайку: – Украў каня ў роднага бацькі і прыехаў сюды на ім, ваяваць!

13
{"b":"552545","o":1}