Литмир - Электронная Библиотека

Даніла ўжо шчыраваў у двары – адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку. Хай ведае, што ў нас за «банда»… Утыркнуў у снег лапату, абшморгнуў жупан, страявым, чаканячы па ўледзянелай дарожцы крокі, наблізіўся, талкова далажыў: так і так, пан камандзір, загад ваш выканананы (ніякага загаду Чайка яму не даваў), а што да кабылы, ветэрынар ужо ведае і…

– Добра, добра, – абарваў Чайка, у якога зусім не было ахвоты падтрымліваць гэтую гульню. – Паесці гатова?

– Так точна, усё на стале, пан камандзір!

У гэты момант выйшла з сянец на ганак рослая, скуластая, цемнавокая красунясемежаўка, на выгляд гадоў пад трыццаць (аб такой Чайка марыў некалі, закопваючы кіцель), у белым, паўрасшпіленым кажушку, зпад якога пунсавела атласная шнуроўка, у цыганскай квятастай хустцы; цёмныя вочы ўважліва, прыязна зірнулі на Чайку – на яго аднаго. Яна схіліла галаву, як бы пакланілася яму. У адказ Чайка, пачырванеўшы чамусьці, буркнуў «дзяньдобры». Яна пайшла расчышчанай сцежкай на вуліцу. Лебедзеў азірнуўся ёй услед.

Увайшлі ў прасторную, чыстую, з вымытай падлогаю хату. Пасярод хаты стаяў стары белагаловы дзед, апрануты ў зрэб’е, абуты ў лапці. Ён абапіраўся на палку і, выставіўшы ўперад бараду, глядзеў не на прышлых, а прама ў столь. Вусны яго пасміхаліся.

– Павал? – дрогкім, як чамусьці гавораць усе сляпыя, голасам спытаў ён.

– Угу, – азваўся Чайка, і да Лебедзева: – Выцірайце ногі і стойце тут (Лебедзеў паслухмяна зашоргаў чаравікамі аб палавічок.) Даніла, будзь пры ім, я пазаву.

– Ёсць!

– А гэта яшчэ з табою? – бляяў цікаўны дзед.

– Камісар вось бальшавіцкі ў госці…

Лебедзеў сцягнуў з галавы будзёнаўку і сказаў з годнасцю:

– Драссе, – гэта было першае слова за ўвесь нядоўгі яго палон.

– А, дык ты рускага прывёў? – узрадваўся невядома чаму дзед.

Чайка, не адказаўшы, знік за дзярыма, што вялі ў светлыя палавіны вялікай хаты. Лебедзеў так і стаяў у парозе. Адно прысланіўся плячом да вушака. Пастукваючы палкаю ў падлогу, дзед пратэпаў у закутак паміж печчу і прысценкам, дзе быў тапчанчык, засланы латуннем. Перш абмацаў, тады апусціўся на яго.

– Мо і яго пасадзі, Даніло? – прапанаваў нясмела; ён жа гаспадар якніяк, а тут чужы чалавек.

– Гэтага? Пастаіць… Ён табе сам яшчэ каго хочаш пасадзіць, падажджыно… І не на табурэтку, а на ножку табурэткі, – выдаў Даніла. Наколькі абыходліваветлівы быў ён са сваім камандзірам, настолькі цяпер стараўся паказаць камандзіру чужому, як пагарджае ім.

Ён прысеў на тапчан побач з дзедам. Паклаў побач шаблю, выдаўжыў ногі. Ладна абхоплівалі лыткі боты, блішчэлі доўгія, наваксаваныя халявы. Яшчэ да прыходу Чайкі паспеў ён перакусіць, перакурыць, тыя ж боты ў парадак прывесці; цяпер быў у гуморы, і вольны – самы быў час пагаварыць з дзядком, гэта яны абодва любілі.

Дзед расказваў пра Семежава. Гісторыі гэтыя былі да таго неверагодныя, што Даніла, сам мясцовы, не ведаў, верыць ім ці не. Яму здавалася – здзяцінеў стары і выдумляе розныя дзівосы, як выдумляюць дзецям казкі на сон.

Напрыклад, распавядаў сляпы дзядок, пасміхаючыся і гледзячы ў столь, яшчэ не так даўно Семежава было сталіцаю вакольных жабракоў. Тут яны збіраліся на свае сходкі: штогадовыя і экстранныя. Хаўрус іхні называўся цэхам. Было выбарнае начальства – цэхмайстар, як правіла са сляпых, і ключнік, астатнія старцы зваліся таварышамі. Каб уступіць у таварышы, трэба было мець, папершае, фізічны недахоп або калецтва, падругое, шэсць (!) гадоў пабыць вучнем, а тады яшчэ вытрымаць іспыт на таварыша, «па прадметах»: жабрацкія законы, жабрацкая мова і малітвы. Пасля чаго шчаслівецабітурыент павінен пакланіцца таварышам, пацалаваць кожнаму руку і затым наладзіць банкет – пачаставаць за свой кошт экзаменатараў; тады толькі ён мае права сесці побач з імі (папярэднія шэсць гадоў адно аціраўся, мабыць, у парозе, як чырвонаармейскі камандзір Лебедзеў цяпер)… Правінных каралі штрафамі – напрыклад, купіць воску на свечкі; каралі «агуркамі» – арыгінальным такім бізунчыкам, у якім пуга прывязвалася да жабрацкай палкі. І самая страшная кара – абрэзванне торбы, што значыць забарона на час ці назаўсёды старцаваць, гэта і Данілу было зразумела.

– Дык ты, дзедку, мабыць, быў там самым галоўным ваенначальнікам? – пытаў Даніла, паварочваючы боты і так, і сяк і любуючыся бляскам халяваў. – Ты ж сляпы, як крот!

– Цэхмайстрам не быў, але ключнікам быў, – адказваў сляпы.

– А як ты лічыў грошы?

– А так і лічыў. Вось дай мне любыя, хоць паперкамі, хоць звонкімі – любыя: царскія, польскія, савецкія… Сам пабачыш.

Асабліва цікавіла Данілу жабрацкая мова. «Папруць бальшавікі з торбаю па свеце, дык мо згадзіцца», – казаў ён. Зрэшты, навука давалася яму туга. За колькі размоваў з дзедам запомніў ён усяго пяць слоў – два асацыятыўныя: сіверка (зіма) і сівер (мароз), і тры, якія будаваліся па прынцыпе «дзіцячай» мовы, праз прыстаўныя склады – у жабрацкай мове гэта было «ку»: заўтра – кузаўтра, часта – кучаста і рана – курана.

– Пастой, пачакай – ты мне пасвойму кажы, а не панашаму! – прасіў Даніла, абдымаючы сляпога за худыя плечы.

– А ты разбярэш?

– Я?! Я табе любую казань разьбяру!

– Такіто ты ўжо разумны… Ну, слухай. Манько епіць скір’я дзеканы хрушч царызьнік хабні ў рэпсанкі, а конто клёвот?

– Так, так… Дай падумаць… Зараз усё табе перакладзецца! – гарачыўся Даніла. – Пра хрушча штосьці? Не?

– Ты ж казаў, разбярэш.

– Не спяшайся, не спяшайся, – Даніла стукаў сябе ў лоб. – Можа, ты сказаў: «Даніла, гарэлкі хочаш?» Не?

– Гарэлкі… У мяне ёсць трыццаць царскіх грошай асігнацыямі, а што я за іх куплю? – вось што сказаў!

– Праўда? Малайчына, дзедку!.. – пахваліў Даніла. – Чэшаш, як пажыдоўску – ні хрэна не запомніць!..

У гэты момант Чайкаў голас пазваў ардынарца, той падхапіўся, падчапіў шаблю і, не звяртаючы аніякай увагі на палоннага, пабег у большую хату. Лебедзеў ціхамірна стаяў каля вушака. Праз момант ардынарац паявіўся зноў. У адной руцэ ў яго была пустая патэльня, у другой – міса. Нават ад парожніх, пахла ад іх шкваркамі і капустаю. Лебедзеў зглынуў сліну.

– Напшуд да камандзіра, – распарадзіўся Даніла, і калі Лебедзеў уваходзіў ужо ў расчыненыя дзверы, дадаў услед (як на жарабца свайго): – Ды не ўздумай мне балвацца!

ХІІІ

Увайшоўшы, Лебедзеў хутка і не без цікавасці пачаў абзіркваць баковачку. Пабеленыя столь і чатыры голыя сцяны, калі не лічыць на адной з іх ходзікаў з гірамі ў выглядзе шышак і фрагментам малюнка «Мядзьведзі ў сасновым бары» на цыферблаце, стваралі ілюзію, што баковачка большая, чым ёсць. Была яна даволі светлая, хоць на двары ўжо сутонела, чысценькая, і ўнутраным убранствам сваім нагадвала хутчэй жытло якойсьці набожнай, ахайнай, у перастарках засядзелай дзеўкі, чым прыстанак ваеннага чалавека; да таго ж Чайка не курыў, таму нават пахла тут чымсьці прытарнапосным, як пахне засунуты пад бэльку ці за абразы пучок зверабою або перакладзеная багуном ад молі пажоўклая бялізна ў старой шафе. Высокае, шырокае акно зноўтакі з нейкай дзявочай ахайнасцю завешана было празрыстым цюлем, які нават ў шырыню, каб не моршчыўся, расцягнуты быў на цвічках па перыметры рамы…

Пры акне – жалезны ложак з чатырма бліскучымі шарыкамі на білах, гладка, паказарменнаму засланы дзяружкай колеру чорначырвонай шахматнай дошкі. Побач столік, на століку лямпа, кніга і абразок. У кутку пры дзвярах падвешаны на вяроўцы чайнік для ўмывання, знізу – таз. У другім кутку этажэрка з кнігамі і з паперамі.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

19
{"b":"552545","o":1}