Литмир - Электронная Библиотека

Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.

ІІ

У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры – усе разам – замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка ірвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму зза сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты усім пад ногі!!! Быстра!!!» – і навялі зброю адзін на Кецку, другі – на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.

З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан – у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.

Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.

– Стой! – паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй – без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!»

– А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя, і не збіраліся нікуды ўцякаць.

– Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..

Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

– Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўнеры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

– Ногі шырэй, рукі вышэй!..

Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

– А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзнач, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях…

З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх:

– Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава… Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам: – Ваякі – голыя сракі!

У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар. Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам; крыкнуў:

– Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ужо, вылазь!..

З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках:

– Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

– Дай сюды… – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ, ды венік… і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца… Скажы, усё тут скончана.

– Не ўсё яшчэ, – сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.

Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з’едліва: – Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім… Маліся цяпер свайму карлумарлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! – відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.

Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:

– Бога я не прадаваў… і людзям не ўядаўся…

– Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!

– Зброя ёсць? – лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі, ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.

– Ёсць…

– Дык аддай нам, – працягнуў Чуб руку. – Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.

– Са страху не пальну…

– Пагавары мне яшчэ!

Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне. Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.

– Хутчэй, чорт бязрукі! – не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу. Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.

– Што, прымерзлі рукавіцы? – не адчапляўся Гнат. – Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..

Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі – маўляў, наце, любуйцеся… І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая – не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая – была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.

Чуб з Гнатам пераглянуліся.

– Аддай назад, ну яго на… – сказаў Чуб. – Яшчэ заразу якую схопіш.

– А яны яму ўжо не спанадабяцца! – умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ўадначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам. – На тым свеце цёпла! – і зарагатаў падурному.

Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.

– Дурань, – павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела, – ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..

– Глянь ты на яго – герой! – здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: – Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі – палезна!

– Наваюеце вы так…

– А ты за нас не перажывай, – прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата – на самай справе, за што здзеквацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі… Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў. – Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы – армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаем у контрразведку.

– Дык здавайце, а не…

– Ты што, Чуб?! – абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма. – Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён— затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача, і вяроўка вось гэтая вось!

– Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, – усё адно распарадзіўся строга Чуб.

Гнат, хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чыронаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:

– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі… Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.

– Вово! Такіх ён і ведае, – усміхнуўся Гнат.

– Пачакай, – сказаў Чуб, – да Чайкі, дык да Чайкі. Можна і да Чайкі… А пакуль— тварам да сцяны, як і ўсе!

3
{"b":"552545","o":1}