Словам, брыгада з усімі камунікацыямі размясцілася ў Семежаве, і соннае дасюль мястэчка апошні тыдзень пачало нагадваць прыфрантавы гарнізон. Новыя весткі прыходзілі з кожнай гадзінай і бударажылі, і ўзвінчвалі людзей; шырокая базарная плошча, да якой збягалі і крыжаваліся там усе восем местачковых вуліц, не пуставала ні днём, ні ноччу. І ўсё ж раніцай таго дня, калі чырвонаармейцы вызнянскага атрада харчнарыхтоўкі выправіліся на чарговыя рабункі, ні сном ні духам, вядома, не здагадваючыся, што іх чакае (Чуб з кампаніяй падымалі ўжо чаркі ў Карпы за сталом, на стадоле ляжаў Чубаў абрэз, а ў качэргах стаяла Гнатава вінтоўка), – раннім світанкам у мястэчку ўсчалося ўзрушэнне, дасюль яшчэ небывалае.
Палалі на пляцы вогнішчы, тоўпіліся вакол іх, слухалі, спрачаліся, пераходзілі з аднаго асветленага круга ў другі ўзброеныя людзі і людзі без зброі, але ў вайсковай форме, прытым чырвонаармейскай – перабежчыкі і палонныя, якія за апошнія дні па адным і цэлымі групамі спраўна наваднялі Семежава і з якімі не ведалі, што рабіць, ніхто іх не вартаваў і яны цягаліся, дзе хацелі, і рабілі, што хацелі; уперамешку з вайскоўцамі таўкліся мясцовыя – цікаўныя семежаўскія дзядзькі(такіх было небагата, але былі), стаялі і больш слухалі, чым гаварылі, – панадзявалі старыя латаныяпералатаныя кажухі, горшыя шапкі, кожны абапіраўся на палку і горбіўся больш, чым трэба, – навучаныя горкім вопытам недавяракі, якія гэтай наіўнай сялянскай хітрасцю паказвалі, што вось мы якія – бедныя, старэнькія, убогія, да службы няздатныя, узяць з нас няма чаго, а прыйшлі мы так сабе, паглядзець, што тут робіцца, паслухаць, што людзі кажуць…
Трапяткія агні кастроў выхоплівалі з ранішняга сутоння бледнапунсовыя, ненатуральныя твары, адкідвалі на стаптаны людзьмі і коньмі гразкі снег фантастычныя цені, якія ўвесь час калываліся, рухаліся, то перамешваліся і зліваліся ў адно, ствараючы яшчэ больш вычварныя малюнкі, то зноў разыходзіліся… Хаатычная таўкатня, поўная людзьмі плошча, траскучы ранішні кашаль, бесперапынная рознагалосая гамана, пырханне коней каля канавязі – усё гэта перш давала ўяўленне якогасьці святочнага, кірмашовага дня, – але не відаць было падводаў з таварам, не вішчала, не мыкала, не кудахтала і не гагатала жыўнасць, не было жанчын і маладзіц, без якіх ніякае свята не свята; калі б не ўрываліся ў гэтую звычайную, здавалася б, гаману чужыя, зусім не кірмашовыя гукі – рэзкі ляскат металічных частак зброі аб біклагу, аб бляху рамяня ці спражку партупеі, калі б не маўчала царква – старадаўняя, дзвесце гадоў назад адрэстаўраваная князямі Радзівіламі (а пабудаваная, значыць, яшчэ раней) красуняцэркаўка з трыма «цыбулінамі»макаўкамі, галасістая, якая на святы яшчэ з цёмнага выспеўвала ютрань малінавымі званамі, а цяпер ціха, сіратліва тулілася да голых дрэў з краю плошчы, скрушна пазірала цёмнымі вакніцамі на неўразумелую людскую мітусню.
Штораз то адсюль, з плошчы, то сюды па ўсіх вуліцах праносіліся веставыя, не шкадуючы коней, да шаленства даводзячы ахрыплых, адурэлых за гэтыя дні семежаўскіх сабак. Каля канавязі ўвесь час стаялі чалавек колькі; пільна ўзіраліся ў прыцемак вуліц, і калі чарговы веставы падлятаў да ганка адзінай у мястэчку грамадскай установы – аднапавярховага драўлянага будынка штатнага народнага вучылішча, дзе быў цяпер штаб брыгады, – навыперадкі кідаліся да яго, хапалі пад вуздэчку каня, падтрымлівалі стрэмя, нясмела пыталіся: «Як там?», або без асаблівых спадзяванняў проста моўчкі, нясмела зазіралі веставому ў твар. І хоць стомленыя, але ўсё адно важныя, непрыступныя, суровыя веставыя ў лепшым выпадку агрызаліся: «Адчапіцеся!» – а часцей і аднаго слова не знаходзілі, так і знікалі маўчком у штабе, ляпнуўшы дзвярыма, на міг ўтварыўшы каля вушака сіні воблак з халоднага паветра з двара і тытунёвага дыму з памяшкання, – самым незразумелым чынам навіна пераставала быць навіною, немавед як прасочвалася на плошчу, да людзей, і сярод вогнішчаў з новай сілаю ўзрываўся гоман, у якім сярод суцэльнага «гугугу» найбольш часта паўтаралася:
– Гугугу… Урангель!..
– Крым… Сіваш… Перакоп…
– Чырвоныя спыніліся!..
– Палякі спыніліся!..
– Лань, ад Лані нейтральны пас!..
– Грозаў – цэлы полк!..
– Глуск – шэсць тысячаў!..
– Лунінец, Пінск… склады Балаховіча!..
– Слуцк… Слонім… Баранавічы!..
– Вызна… Морач… Капыль!..
– Рыга… Крым… Лодзь… Грозаў… Слуцк… Клецк!..
– Гугугу…
А тым часам ў памяшканні, у адным з класных пакояў – з абкладзенай кафелем, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорнабелая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), у сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі – нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі урэшце разабрацца, хто каму сколькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону, – тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцк… Варшава… Лодзь… Нейтральная зона… Урангель… Вайсковая камісія…».
Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гродзенскай газеты «Беларускае слова» – кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:
«Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў»Гурткі беларускіх кабет «ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу – жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная МаціБеларусь вымагае гэтага ад вас!»
І ніжэй, таксама абведзена:
«З Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»
Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падваконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнотах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і копаці, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.
Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, – так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з белчырвонабелымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому – называўся:
– Камісар Жаўрыд!
Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў зза пазухі і падаваў пакет.
Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною па прынцыпу «свой да свайго» рассыпаліся на купкігрупоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць малейшую змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плану навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім ўбачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.
І, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч – начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць, – ён ведаў аб уменні, ды што ўменні – псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спінаю, патыліцай – так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.