Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Упадак цябе не возьме, — адказаў прымак. — Сядзі вось ды бурчы колькі ўлезе. Пайшлі, мужчыны!

Стары Жук сказаў ім, куды ісці, а сам пайшоў шукаць Гаваку.

Гавака быў сёння на рынку таксама без бабы, з рабою, як зязюля, дачкой. Яна стаяла каля воза, гледзячы, як бацька збіраецца запрагаць кабылу.

Выслухаўшы просьбу Жука, Антось Гавака — мужчына ў новым, цаглянага колеру паўкажушку і ў добрых, зацярэбленых гноем ботах — павярнуў каня ў аглоблях галавой да перадка і паставіў дугу да кола.

— Калі Чыжэўскі там, — сказаў ён, — дык і я табе, браце, не вораг. Падыдзем і зробім.

Гэта ўжо быў пародзісты падлюга, для якога подласць даўно стала верай і шчасцем. Уся ваколіца, апроч яго нешматлікіх сяброў, людзей, вядома, «не менш талковых», думала пра Гаваку так, як думаюць пра гадзіну, на якую лепш за ўсё не наступаць. Ён наступаў амаль заўсёды першы. Нешта адразу пасля вайны Гавака захапіў за бясцэнак нядрэнны хутар паблізу ад свае вёскі, і, судом адагнаўшыся ад намаганняў законных нашчадкаў нябожчыка хутараніна, ён разласаваўся на суды і навучыўся іх выйграваць. Стравіць табе жыта ці авёс, ды глядзі, што і цябе яшчэ засудзіць, калі сунешся да «сэндзі пакою» — міравога суддзі.

Жука Гавака лічыў раўнёй сабе, «сапраўдным гаспадаром», і просьбу яго прыняў даволі ахвотна. Да таго ж яшчэ суд — справа прывычная, а дармовую чарку выпіць у добрай кампаніі — таксама можна.

— Яно, браце, дарэчы, я Чыжэўскага сёння не бачыў, — гаварыў ён, ідучы ад воза побач з Жуком.

* * *

Два тыдні пасля гэтага быў суд. Мікіту адмовілі ў іску, апіраючыся на сведак, якія аднагалосна давялі, што пасаг свой Марыля прадала сама і прагуляла. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы Навінкі куплены Жуком за яго кроўныя грошы…

— Устаць! — грымнуў судовы выканаўца. Прысутныя ўсталі. Суддзя надзеў сваю ярмолку і ўрачыста прачытаў:

— Іменем Рэчы Паспалітай польскай… і г.д. і г.д.

А перад ім стаяў растрапаны Мікіта, у лапцях і дзіравай куртцы. Гледзячы на задаволеныя морды Івана, старога Жука і іхніх сведак, яму хацелася хапіць з пакрытага зялёным сукном стала крыж з распятым богам і шпурнуць яго ў сытую, важную морду суддзі… Ды тут ужо была не Машка і не баба, на якіх можна бяскарна зганяць злосць, а грозны, непахісны мур, які яму не прабіць галавой.

— Пане сэндзя, — сказаў Мікіта, ужо са слязьмі на вачах, — я незадаволены судом, я буду падавацца далей…

— Маеце права, — спакойна адказаў суддзя, — на гэта ёсць акруговы суд у Наваградку.

…Пакуль у тым самым нумары карчмы Жук з сынам, Чыжэўскім і сведкамі замочвалі выйграны суд, гасцінцам шпарка тупала галубінай хадой худая гарапашніца Машка. Мікіта, выпіўшы з бяды, ляжаў ніцма на возе і ўжо зусім не мог разабрацца, ці прыняць крыўду, ці падавацца вышэй, — дзе яго, пры беднасці і прастаце, чакала хутчэй за ўсё яшчэ большая крыўда…

1937–1943

Кроў на сцяне

Спачатку было нас некалькі сот. Мы, марская пяхота, проста пяхота і рознае іншае войска. Усё, што ацалела, што магло ісці. Гналі нас на знаёмай дарозе. Польскія дзеці давалі нам яблыкі, хлеб, польскія маці плакалі. Другія суткі, ужо на варожай зямлі, нас везлі ў перапоўненым таварняку, без яды і вады, пад замком. Пяць сутак марылі за дратамі шталага, дзе нас было ўжо некалькі тысяч. Перапісалі, пабілі на групы, далі кожнай групе ахову, вахмана ці двух, і — за вароты, на працу.

З таго дня засталося нас дваццаць. З розных палкоў. Кадравікі і старая «рэзерва».

Нас прывезлі ў маёнтак, дзе над векавымі ліпамі дыміў комін вялікага бровара і млосным смуродам брагі было насычана ўсё навокал — ад шорсткіх, як перасохлыя вехці, вусоў зубатага вінакура да шэрых леташніх стагоў саломы далёка за гумнамі.

Дарогі з паўстанка ў маёнтак — не больш за кіламетр, а канваіраваць нашу арбайтскаманду выйшла іх, швабаў, з пятнаццаць. Паляўнічыя стрэльбы. Мушкеты нейкія, бадай, з эпохі Фрыдрыха Вялікага. Нагайка з алавянай галкай на канцы (гэтым узброіўся якраз той вінакур). І аўтамат. Сынок аконама, нагала стрыжаны шчанюк у форме гітлерюгенда, нёс яго на баявым узводзе, з пальцам на спуску.

Сустракалі нас, відаць, усе, хто ўжо або яшчэ трымаўся на нагах.

І ўсе глядзелі, вухкалі на нас, як на самых сапраўдных разбойнікаў…

Мы думалі, дзівакі, што тут нас, нарэшце, хоць трохі накормяць. («Немец спачатку дасць есці, а потым спытае работы», — гаварылі калісьці палонныя з першай сусветнай вайны.) А нам далі вялікія металічныя кашы, трохзубыя матычкі і пагналі ў поле. Ужо не па-святочнаму, без шыку — толькі наш вахман і аконам. За садам пачыналася бульба, а канчалася яна там, дзе, як у казцы, неба сутыкаецца з зямлёй. Бровару бульба патрэбна, а ўжо кастрычнік пачаўся — спазняемся. Так гаварыў аконам вахману.

І вось пацягнуліся змрочныя дні. Безліч бясконцых барознаў апоўзалі мы сырымі каленьмі, процьму кошыкаў бульбы выграблі з зямлі. А колькі ж бяссільнай нянавісці, горкай крыўды зазналі нашы нервы, затузаныя голадам, холадам, здзекам, тугой!..

Адно ўспамінаецца лёгка і светла — дружба.

Нядаўні наш ротны кухар Збых — цяпер не ў белым каўпаку і не з такой чырвонай, паліванай ражкай — самаахвярна апякаў гарачай бульбай рукі, выкладаючы яе з катла на доўгі стол, і ніколі не было таго, каб нехта з нас атрымаў пяць бульбін тады, калі другому прыходзілася чатыры з палавінай. Так было вечарамі. Раніцай сутачны хлебны паёк, па дзвесце грамаў, ён таксама дзяліў з аптэкарскай дакладнасцю. Тое ж было з абедзеннай бурдой, якую мы, без хлеба, сёрбалі заўсёды ў полі. Вечарамі, на нарах халоднай адрыны, пры кволенькай электрыцы (і на лямпачках эканомілі), мы рэзаліся ў самаробныя карты, бурна, часцей за ўсё па-пустому, але бяскрыўдна спрачаліся, рагаталі, спявалі, а потым, кожны па сабе, снілі волю і хлеб. Казік Халупка амаль штоночы крычаў і плакаў праз сон, паўтараючы «мама» і «Зося»… Крык гэты часта будзіў каго-небудзь з сяброў, нехта часамі нават уключаў святло і, стуліўшыся, доўга сядзеў на саломе. За дошкамі пераборкі, што аддзяляла нас ад канюшні, мерна жавалі і фыркалі коні, пазвоньваючы ланцугамі кантараў. Па чарапіцы манатонна паклёўваў бясконцы восеньскі дождж. А ў кутку, над смярдзючай парашай, варожай насмешкай цьмяна блішчала вялікае, рабое ад праталін люстра. Прачыналіся яшчэ адзін-другі, перакідаліся словам, тушылі святло і зноў аціхалі. На досвітку грымеў замок і чуўся агорклы вахманскі голас… Капаючы бульбу, мы старанна раўняліся ў рад, ніхто не вытыркаўся нават хоць бы на нос наперад, як ні стараліся нас падзадорыць на гэта брахлівыя, наіўныя батрачкі, як ні крычалі аконам ці вахман вечнае «польнішэс швайн!..».

Пасля, аднак, між намі аб'явілася гадзіна. Пажылы пехацінец, панурэйка Фліс, «рэзерва», з тых пазнанякаў, што гавораць трохі па-нямецку. Ён пачаў вырывацца ў рабоце, усё больш ды больш нахабна агрызаючыся з намі, завёў нейкія шэпты ды хаханькі з вахманам, і нават са сваімі збіваўся не толькі на мову, але і на думкі нашых гаспадароў. Тыя яго, вядома, хутка заўважылі і пачалі ставіць нам у прыклад удзячнай працавітасці, у доказ таго, што мы — няўдаліцы і нават сабатажнікі.

Неяк апаўдні аконам забраў Фліса з поля і павёў у зусім недалёкую вёску. Увечары Фліс вярнуўся ў нашу адрыну адзін, без вахмана, проста ззяючы ад шчасця. Ён будзе працаваць у цесця самога гера аконама! Ён будзе хадзіць туды сам і прыходзіць, як сёння, сам!.. Ён нажорся, як чоп, гэты рабочы гітлераў бугай, і з сабой прынёс бутэрброд, які доўга і даўка чвакаў, лежачы на спіне…

Гэтак пайшло штодня. Шчасце яго не ўмяшчалася ў ім. Ён мог гадзінамі бубніць пра ўсе падзеі свайго дня, пра кожны кавалак яды, пра кожны крок сваіх баўэраў… Яго, вядома, абсякалі. Ён трохі агрызаўся, а то баязліва маўчаў, нават і ў страху хітра пасміхаючыся. Найгорш, аднак, было тое, што сёй-той з нашых хлопцаў пачаў спакваля здавацца, прыкметна зайздросціць яму. Голад… А потым выбухнуў боцман Антоні. Ён быў малодшы механік з «Віхра», марак. Захварэў у жніўні, і вайна застала яго на беразе. У няволі Антоні як быццам да часу зняў з сябе набытае шматгадовай службай званне і стаў проста старэйшым таварышам, якога любілі за сціпласць, за ўсмешку і апавяданні пра рэйсы ў краіны неймаверна цікавых прыгод, у тым ліку, вядома, і самых зманлівых — з чужымі красунямі. Расказваў ён так шчодра, што мы прывыклі і засынаць пад гэтую дабрадушную буркатню, і прачынацца, і зноў засынаць… Бывала, слухаеш яго, задрэмлеш, зноў прачнешся, а ён усё сядзіць каля чыгуннай печкі, глядзіць на агонь і слініць-пакурвае люльку з нямецкай «сечкай». Прыўзнімешся на локці і скажаш яму (мы ўсе, намнога маладзейшыя, былі з ім на «ты»):

67
{"b":"205400","o":1}