Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.

— Карову, бабко, да быка пускаюць.

— Вой, а чаму ж гэта тут?

— Папову, бабко. Да камендантавага быка.

— Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?

— У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…

Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша — Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася — от сабе смешная важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:

— Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…

— Ціха, мамаша, дай гаварыць.

І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.

Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты — сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.

І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:

— Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…

Што тады быў бы за страх — невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.

Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.

У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», — сказана было нават і так.

І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, — паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.

Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!..» А потым і засмяяліся — і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі — толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі — партызанскі, другой ступені.

На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.

— А што далі? — спытаўся я.

— «За адвагу».

Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:

— Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне — толькі шыняле ўгару ляцяць!..

Грэх ці не грэх

У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.

Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.

Бабкі, хросныя, кумы — гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.

У Андрэя быў поўны камплект: бабка, хросны і хросная. Бабку Ганулю, Грамуздову маці, празывалі Ліскай, хоць і была яна зусім не хітрая, а толькі ўвішная, весела-гаваркая і добрая. Калі мы вярнуліся з горада, мне было пяць, Андрэю — дзесяць, ужо не малы, аднак Ліска то жменьку сушаных груш прынясе, то трохі гарбузянят, то жывое яблыка зімою, то велікоднае яйка. Андрэю перападала і ад хроснай, але куды радзей, бо яна была ўжо замужам у Хлюпічах. Праўда, і тая Андрэева хросная, і асабліва Ліска, даючы што-небудзь яму, не забываліся і пра малога, пра мяне, ды гэта было зусім не тое, бо я ж тут ішоў на дадатак. І я зайздросціў брату ўдвая, за бабу і за хросную. А ўжо мой хросны, Рафалак, быў куды лепшы, чым Андрэеў — маўклівы і скупаваты дзядзька Яўхім Заяц.

Зрэшты, хросныя бацькі з хрэснікамі не вельмі ўжо так і няньчыліся. Гэта мой замяняў мне і бабку, і хросную. Ён і наогул быў другам нашай сям'і. У бацькі нашага не было ні братоў, ні сясцёр, а хросны рос пры сваім старэйшым браце, чалавеку благім, і таму наш тата і Рафалак з маленства дружылі. Любіла майго хроснага і наша мама, і ўсе мы, сёстры і браты, бо ён быў не толькі сваяк, але ж, — а можа, і перад усім, — харошы чалавек. Да слёз чуллівы, да слёз вясёлы і добры. З нашай сям'ёй ён і пасля татавай заўчаснай смерці дружыў, вядома ж, таксама дапамагаючы ўдаве з сіротамі («Катрынко, сястрыцо мая»), чым толькі мог.

Хросны быў вельмі нярослы і нібы гарбаты, і называлі яго не Рафаіл, а толькі Рафалак, нібы кавалак сапраўднага Рафаіла. Імя ў нашай мясцовасці, можна сказаць, унікальнае, дадзенае папом па святцах, і таму яно гучала хутчэй як мянушка. Ды ён не крыўдзіўся, бо і прывык да гэтага змалку, і сам любіў пасмяяцца, заўважыўшы што-небудзь смешнае ў іншых.

Трэба сказаць таксама, што як там мы ўсе ні любілі ды ні шанавалі яго, ні ад бацькі, ні ад маці, калі яна засталася з намі адна, не было нам ніколі ўшчування за тое, што мы сяды-тады смяяліся з чаго-небудзь пацешнага, якое адбылося з маім хросным.

Да споведзі і прычасця школьнікаў напрадвесні, у вялікі пост, вадзілі з Ніжніх Байдуноў у мястэчка арганізавана. А я, першакласнік, якраз на тым тыдні хварэў. Потым, калі паправіўся, маці не было як павесці мяне ў царкву самой, і яна даручыла гэта хроснаму, які і сам ішоў туды ж, па той жа справе.

І мне запомніўся той першы выхад у вялікі свет.

Як у краўца, у хроснага было ў наваколлі многа знаёмых, у тым ліку і з людзьмі, як ён казаў, духоўнага звання. Хросны і сам пасмейваўся з гэтага, параўноўваючы свае высокія знаёмасці з тым, што казала старая Гіта, хвалячыся сваім Хаімам, краўцом: «Уй, мы старому бацюшку шылі пітрахіль!..» Епітрахіляў бацюшкам ён не шыў, ні старому, ні новаму, тагачаснаму, але ж і дзяк Харкевіч, і царкоўны стараста дзед Бойка, хоць і ў мястэчку былі краўцы, шылі ў хроснага, чым ён не мог, як майстар, не ганарыцца.

Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў:

24
{"b":"205400","o":1}