Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву і ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. І на мяне, хоць і не бачыла, мусіць. І зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той Бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…

Антоні змоўк.

А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:

«Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»

1942

Мой зямляк

1

Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты. Вудачкі, вуды, начныя шнуры, венцер, восці, сачок — уся гэтая рыбацкая снасць пушчалася ў ход. Зрэбная торба была заўсёды мокрая і поўная. Калі часам не хапала рыбы — на спод торбы ішла трава, а дробнарыбіца зайздросна прыкрывалася зеленаватымі, лычастымі шчупакамі, паласатымі акунямі, язямі… І заўсёды наверх ганарыста тырчаў хвост найбольшай у той дзень «штукі». Да пояса мокры, цяжкай мядзведжай хадой ён чмакаў па залітым лузе, а следам за ім асцярожна хляпала хітранькая сучка.

— Вудзіць дык вудзіш, а вячэраць хрэн будзеш? — спатыкаў яго нехта з суседзяў.

— Сёння, браце, шчупачка ганяў па лузе, — спакойна адказваў ён. — Ніяк, ліха яму! Трэба будзе яшчэ заўтра падысці. Дваццаць чатыры фунты!

— Ха-ха-ха! — рагатаў сусед. — А ты, брат, і зважыў яго, не злавіўшы?

Верная сучка нездаволена вурчала, як сцянны гадзіннік перад боем, а потым злосна брахала — гаў! гаў!..

— Мушка, цыц! — суцішаў яе гаспадар. Мушка вінавата спушчала мутныя вочы і бахкала мокрым хвастом на яго таксама мокрай зрэбнай калашыне.

А ён зусім спакойна пачынаў пра другое.

Ён ніколі не стараўся ўпэўніць іншых у тым, што кажа праўду. Кожны, хто знаў Паўлюка, ведаў, што дзядзька гэты — манюка.

«Ах ты, Паўлюк, што ж ты маніш!» — сарамацілі ў нашай вёсцы лгуноў.

Аднак Паўлюкова мана была адменнай ад простай маны.

Ніхто не ўмеў так «марозіць». І тады, калі звычайнай балбатнёй пагарджалі, — Паўлюк за сваю бескарысную, мастацкую ману быў вядомы далёка. Былі выпадкі, калі яго ноччу, толькі па голасе, пазнавалі ў пятай — дзесятай вёсцы.

І пэўна: шчупак мог быць і ўсіх толькі дзесяць фунтаў, але, ганяючыся за ім па лузе, залітым ад вяснянай паводкі, Паўлюку чамусьці неадчэпна думалася, што «шчупачок» напэўна дваццаць чатыры фунты, таксама як той, што летась увосень папаўся яму на вуду.

Зімой, у душнай накуранай хаце, пры газніцы, мужчыны прасілі:

— Ану, Паўлюк, змарозь што-небудь яшчэ, бо нешта ўсе, як мокрыя, маўчаць.

— Адамовіч сабачку дастаў, — пачынаў Паўлюк, крыху паправіўшы калматую, як воз канюшыны, авечую шапку.

Адамовіч — хутаранін, за пятнаццаць кіламетраў ад нашай вёскі, аднак ніхто з мужчын не дзівіцца таму, што Паўлюк знае ўжо і таго «сабачку».

— Хацеў я ў хату зайсці, дык ён, зараза, стаў на парозе, разгірачыўшыся, ды толькі — ур-р-р…

Мужчын пачынае разварушваць: павінен быць сапраўды цікавы «сабачка», калі нават Паўлюка не паслухаў. Бо заўсёды амаль хапала таго, каб Паўлюк пагудзеў яму, пагладзіў па лабаціне, прыцмокнуў — і зноў новы «сабачка» пакорна чыкаў услед мядзведжым лапцям чарадзея. А гэты, бачыш, — ур-р-р…

— А ноччу, — гудзіць далей Паўлюк, — сядзе сярод двара, натапырыцца і слухае. Пасля гэта — чык-чык-чык — хутар вакол абяжыць, праверыць усюды. І зноў сеў. І так, браце, усю ноч. «Эх, — кажа стары Адамовіч, — каб ён тады ў мяне быў, не звялі б цыганы маю Сіўку». Дваццаць восем пудоў зімкі аддаў за яго…

— Ну ж мы і рагаталі! — кажа нехта з мужчын, хочучы спыніць расказчыка на найвышэйшым напружанні маны.

Гэта — словы самога Паўлюка: калі яму часам і самому ўжо стане моташна ад лішне смелай маны, ён папраўляе на вочы шапку і канчае не зусім удалую казку так: «Ну ж мы і рагаталі».

Мужчыны смяюцца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць, хоць бы што. Праўда, дваццаць восем пудоў азімай пшаніцы — гэта амаль каровіна цана, аднак цяжка іначай акрэсліць незвычайную вартасць «сабачкі». Сам Паўлюк, каб і меў тых дваццаць восем пудоў, можа, і не даў бы іх за сабаку, аднак свае два-тры, а то і ўвесь пяток сабачак ён харчуе зімой аўсяным цестам, спаборнічаючы са сваёй Гануляй, якая корміць тады парсюка.

— Цікава толькі, — казаў нехта з мужчын, — як таго сабачку не заб'юць.

Дзядзька Васіль, дзюбаносы, як галка, і з такімі ж, як у галкі, жывенькімі, хітрымі вочкамі, уперад заходзіцца ціхім нутраным смехам, а потым кажа:

— У яго там пасярод двара замест буды тая самая конская печань ляжыць, дык ён пад печань — хоп! І ўсё.

Узнімаецца рогат.

І сам Паўлюк, папраўляючы шапку, спачатку ўхмыляецца, а потым — хэ-хэ-хэ — смяецца здаравеннымі грудзьмі.

А справа з печанню заключалася ў тым, што ў Румыніі, бачыце, ды ў тым палку царскай артылерыі, дзе Паўлюк служыў у сусветную вайну чубатым, галасістым бамбардзірам, былі зусім незвычайныя жарабцы. Калі аднойчы Паўлюковага «жарэбчыка» парвала снарадам, Паўлюк ад наступнага снарада надзейна схаваўся пад ягонай печанню. Пабіла пасля амаль усіх жарэбчыкаў у батарэі, і прыйшлося папаўняць яе румынскімі коньмі. Румынскі конь — «як сабачка», а расейскі хамут, прынамсі, у той батарэі, такі, што Паўлюк праходзіў у яго, прыгнуўшыся не больш, як у дзвярах свае хаты. Навялі румынскіх канюкоў, думалі, думалі, што рабіць, а потым гэта — па два ў хамут, па два ў хамут!..

* * *

Сабак Паўлюк мяняў не горш, як цыган коней. Кожны чарговы сабачка, трапіўшы да яго, перш за ўсё пазбываўся роднага імені і хутка звыкаўся з тым, што ён ужо не Курта, а Жэўжык ці Жук. Калі ён, высалапіўшы язык, цяхкаў услед за зайцам і не даганяў яго, тады пазбываўся хваста і іншых, лішніх на погляд гаспадара, дробязей. Калі ж і пасля такой палёгкі яму не ўдавалася накрыць «зайчыка», — ён некуды знікаў, а на месца яго неўзабаве паступаў іншы. Варта было навічку быць цікавым і шустрым, — і Паўлюк, ведучы яго дахаты, не тузаў, крый бог, за аборачку, а ўслед за цюцькам цяжка цёпкаў подбегам. Сучкі знікалі тады, калі яны не давалі пажаданага прыплоду. Затое ўдалы вывадак акружаўся проста-такі бацькоўскім клопатам. Сука ела цеста, а цёпленькія, з прэсным пахам, смактуны — малако, на роўных правах з Паўлюковымі дзецьмі. Крывалапы пузачык хлябтаў, а здаравенны Паўлюк кленчыў ці станавіўся ззаду яго ракам і тузаў цюціка за хвост. Давячыся малаком, шчанюк цяўкаў, і, на першыя адзнакі злосці, Паўлюк смяяўся, як малы. Цюцькі вучыліся хапаць за калошы, брахаць на чужых, не чапаць курэй, а ганяцца за свіннямі, станавіцца дыбка, даваць лапу, казыраць да адвіслага вуха і іншае рабіць, не менш патрэбнае. Адзін ці два выдатнікі гэтай вучобы пакідаліся сабе, а рэшта спушчалася ў людзі. Каля плота была вялікая сямейная буда. Калі не сука з сям'ёй, дык проста дзяжурны сабачка званіў кальцом ланцуга на дроце ўздоўж двара. Побач з будой Паўлюк гаспадарліва падсцілаў салому. Вясной ён выклікаў сваю Ганну з-за красён на двор і, паказаўшы на ладны вазок гною, хітра пасміхаючыся, казаў: «А што, глядзі!» Таксама як кожны ўпаляваны зайчык, гэты воз павінен быў давесці, што Паўлюк недарма марнуе на сабак аўсяную муку і высеўкі. Ганна злосна плявала, а ён, дабрадушна пасміхаючыся, вёз гэты новы гатунак угнаення на свой вузкі, гарбаты загон. Услед за ім фанабэрыста, пераможна задраўшы хвасты, беглі адзін-два сабачкі.

…Аднойчы летнім вечарам, калі ад цёплай ракі паднімаецца пара, мы цягалі з ім сетку, удвух. Ціха заходзілі, ціха тапталі нагамі, падводзячы сетку да берага. Пасля паднімалі яе на сябе, адцэджваючы спалоханых са сну плотак, заграбалі іх у мокрыя торбы на шыях і задаволена, смачна пакрэхтвалі. Найбольшай удачай таго вечара быў вялікі, быццам знарок для нас адкормлены, язюк. Ён толькі што ўшыўся тупым рылам у аер і салодка задрамаў, а тут мы яго зачэрпалі! Паўлюк прагна ашчарэпіў яго ўчэпістымі лапамі і шчасліва смяяўся: «А-та-та!..» Увесь час рыбалкі я любаваўся на тое, як з паднятай сеткі гэтаксама, як з вады, струменілася пара, як вочкі сеткі зацягваліся плеўкай, а потым плеўка лопала, і, услед за дзесяткамі іншых кропель, у ваду ападала яшчэ адна кропелька. Гледзячы на Паўлюка, асабліва калі ён задаволена, быццам ужо смакуючы яго, рагатаў над язюком: «Эх, браце, а мы ж цябе ажэнім з паўлітроўкай!» — мне думалася грэшнай справай, што дзядзька далёкі ад маіх пачуццяў бескарыснага захаплення. Аднак ён раптам, ды ў самую адказную хвіліну, калі трэба было заходзіць-заганяць ад берага, спыніўся, заціх, загледзеўся, а потым сказаў:

69
{"b":"205400","o":1}