Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:

— Нагу адрэзаў, — дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.

Выбухае рогат.

Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.

— Нагу адрэзаў, — кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. — Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў…

Кураўка зноў падказвае:

— Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі…

Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.

— Прыйдзі, пазычу, — кажа ён. — Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.

Ці быў, ці бачыў…

З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.

Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», — гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.

З Германіі Цімох прынёс трафейнае… кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж — кавадла!.. Відаць, што пацешна малое — таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.

Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.

— Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? — спытаўся я, калі мы сустрэліся.

Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней…

— Спачатку быў у пяхоце, — сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. — А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.

— У кавалерыю?

— Ага, у тую, што ў хамуце.

Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.

Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана — на кірмашы ў райцэнтры.

Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…

Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.

«Спачатку чарку дасць», — падумаў я асуджана.

А ён сказаў:

— З горла ды ў горла. Будзь здароў!

Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, — я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.

— Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?

Я не збіраўся.

— А што?

— Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.

Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» — не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:

— Чаму ж. Пагляджу.

Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:

— І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.

Пра апавяданне маё — ані слова. Мала таго — яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.

Перш за ўсё — пра Асечку.

— І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. — Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: — «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, — кажу яму, — хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». — Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: — «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, — пытаюсё, — толькі што з шахты вылез?»

Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы — ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам — не важна…

Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік — проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней — у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.

Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.

У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа — сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.

— Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам — па нагах!

— Па іх страляў?

— Ды не. Солі якраз не было…

Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын — паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.

Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга — толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці… А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.

— Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, — спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. — І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою — толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..

Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.

Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка… з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», — казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п'яна хістаюцца па ёй.

Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.

Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.

11
{"b":"205400","o":1}