Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

А так, паколькі ты не сам па сабе, не ад сваіх дзесяці мільёнаў, а з «вялікай сям'і народаў», пры таксама вялікім «старэйшым браце», — так можна.

1957–1992

Заўсёды слова

У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі — усюды яна… Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца і старому. І дзень ад гэтага даўжэйшы. І ўвесь з палітыкай!..

Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. І раптам — Смактуноўскі[17], якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака — Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..

Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.

Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра і хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.

* * *

Хораша гэта — месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес… І слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю і з сумненнямі: а ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча — дайшло.

І на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым і каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Mасіeja Вuraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, — усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. І пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён і начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя і мне на семдзесят трэцім годзе іх існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.

* * *

Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.

Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў — не толькі пра іх умельства, але і пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах і яны ездзілі, а то і хадзілі далёка ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.

І ў Беларусь траплялі. А потым — і на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.

Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.

Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой і немаччу на апошняй свабодзе…

* * *

Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам і пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.

Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы — «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?

Кандрат Кандратавіч, — а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, — паглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры і пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо і ён жа ад плуга, ад касы.

А ўлетку пяцьдзесят першага мы з Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аспірант, і мы вырашылі там жа, на рынку, і паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны — анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе — можна сказаць, і процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся…

Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як і са стаханаўскай касьбой, было не зразумець.

І гэта — адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку — помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.

* * *

Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём і працуем мы, — няхай нямногія ўжо, — яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацэнна завершана і раз, і дза, і тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк і пры кожным перавыданні, яго «Палеская хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мясцін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету…

Журботна і радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы і мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай «У завіруху», і да апошняга з яго рук падарунка — важкага тома з таксама змястоўнай назвай «Жыццёвыя клопаты». У «капітальным», а ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найболыпай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці — тыя сардэчна-запаветныя чатырыста старонак «Людзей на балоце», што былі калісьці і маім хвалюючым адкрыццём, і маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі і застануцца пасля нас — як нятленны народны набытак.

* * *

Музей Алесю Пальчэўскаму зрабілі ў школе добры. Светламу, добраму чалавеку можна трохі і перадаць як пісьменніку — за пакуты яго турэмна-лагерныя, за чалавечнасць, якую адчулі многія. Родная хата і роднае месца апошняга супакаення пад урачыстай засенню спрадвечных дрэў. Адрамантаванай, пафарбаванай хаце нязвычна быць у вясковым бязлюддзі нібы таксама музеем, а помнік, гранітная стэла з прафесійным барэльефам, сярод старых, нават замшэлых, і навейшых, стандартна танных помнікаў па радні і суседзях не выбіваецца нясціпласцю. «Добры быў чалавек, такому не шкада», — скажу за Алесевых землякоў. І не думаю, што памылюся.

* * *

Папрасілі выступіць у тэлеперадачы, што рыхтуецца да 70-годдзя Веры Палтаран[18]. Спачатку падумаў: а што я магу сказаць больш пасля таго, што напісаў дзесяць гадоў таму назад? Перачытаў колішняе, і ясней не стала… А пасля падумалася пра той «дэфіцыт», які ў наш час найгалоўнейшы, — недахоп, удушлівы недахоп прыязнасці, дабрыні, узаемаразумення… Дарэчы, і гэта ўжо стала пашлець у моду, і пра гэты недахоп ужо замнога крычаць, стараюцца адзін аднаго апярэдзіць у крыку… А іншыя сціпла маўчаць, нясуць тую святую службу чалавечнасці, якая была для іх заўсёды непрыкметна галоўным. Пра адну з такіх я і сказаў сваё юбілейнае слова.

…Верачка. Якою яна была неўзабаве ў рытуальнай зале крэматорыя. Не «страшная» ад бязмежных пакутаў, а дзіўна, ледзь не хораша спакойная. У дарозе яе крыху раскалыхала ў труне, галава ад гэтага трохі збочылася, легла свабадней. Пасля прамоў і развітання паволі пад ціхую музыку яна — з мноствам кветак — паехала, апусцілася ўніз, у нашу светлую, сумную памяць.

Згадалася, як два… так, ужо два гады таму назад мы наведалі яе ў трагічных Бараўлянах з Міхасём Стральцовым. Дзве блізкія і мне душы. А яго ж — пад музыку жаль удвая — таксама ўжо год і восем месяцаў няма…

Тэлеперадачы пра сябе яна ўжо не бачыла, была ў непрытомнасці.

Яшчэ адзін з бліжэйшых пазваніў мне пасля пахавання, што перадача наша і для яго прагучала як рэквіем…

* * *

Сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў ЦК КПБ з пісьмом, больш за дзесяць старонак машынапісу, пра непаладкі з нацыянальным пытаннем у працы дзяржаўнага выдавецтва. Пісаў тое пісьмо ў асноўным Іван Мележ, я збольшага дапамагаў, падпісалі ўсім сакратарыятам, плюс сакратар партыйнай арганізацыі.

вернуться

17

Смактуноўскі Інакенці Міхайлавіч (1925–1997) — народны артыст СССР.

вернуться

18

Палтаран Вера Сямёнаўна (1919–1989) — беларускі празаік, нарысіст.

103
{"b":"205400","o":1}