— Што, — зверху спытаўся дзядзька Іван, — сабраліся вераб'і ды вошай б'юць? Здароў, Раман! — І на Мурзу: — Ай-ёячкі, які ж ты страшны! Сціхні! Ну!..
Над шчанюком, малым і ўедлівым, — вялізны чалавечына, Чэп-дрэп. І мы з Казаком засмяяліся. Мы ўжо даўно ведалі, чаму дзядзьку Івана так празываюць. Дзед Богуш, — гэта яшчэ даўней было, — купіў у Мілтачах гадзіннік-ходзікі, а дадому вярнуўся позна, калі малы Іван ужо спаў. І ўранні ён, як на сваю бяду, расказваў дзецям на вуліцы:
«А шоння ноччу я прачнуўша і не шпаў, і мяне шон не браў. Бо на шчане ў наш нешто ўшо: чэп-дрэп, чэп-дрэп!..»
Дзядзька Іван вельмі добры. Ён і карміў мяне з Шурам не раз, і з печы нас не праганяў, калі ў іхняй хаце былі вечарынкі, і стрыг абодвух «пад бручку». Шуру глядзіць ён, як маці, а сам такі здаравенны, што хату, здаецца, падніме, і такі даўгатвары, што можа ўзяць, і браў ужо, у рот гусінае яйцо, зубы і губы стуліць, а яно потым цэлае…
Аднойчы ў нядзелю, калі мы ішлі купацца, разам вялікія і малыя, вялікія пачалі на лузе гуляць у чахарду. Адзін прыгнецца на калена нізенька, другі разбяжыцца — гоп! — цераз яго, і сам адбегся і прыгнуўся — для таго, хто за ім. І так — адзін за адным, адзін за адным. Спачатку толькі дзецюкі скакалі, а мы, падшыванцы, беглі збоку. Потым Шура не вытрымаў — разгаляваўся і гоцнуў цераз нашага Рамана. Ёсць! Разагнаўся зноў, падбег, адштурхнуўся аберуч ад крыжа свайго здаравеннага дзядзькі, таксама гоцнуў здорава і — ну, далей!.. Я, як і ўсюды, за ім. Цераз Рамана мне, можа, і ўдалося б, аднак я даў адразу на Чэп-дрэпа. Падскочыў, здаецца, нядрэнна, ды дзядзька Іван быў для мяне ажно вельмі задоўгі ды зашырокі, і я засеў на ягоным крыжы.
— Што ты там кешкаешся, як жаба на купіне, злазь! — па-бабску вякнуў ён і, трасянуўшы азадкам, скінуў мяне ў траву.
А ўжо тым часам цераз яго махнуў наш Раман. І сам Чэп-дрэп усхапіўся, паляцеў да крайняга. І мне прыйшлося ўсіх даганяць. Было і крыўдна, і весела, і ганарыўся я нават, што вось і пасядзеў хоць трохі на такім вялікім!..
Тое адчуванне — крыху гордае, а значна больш вясёлае цяпер — вярнулася да мяне; дзядзька Іван, Чэп-дрэп — такі здаравенны, а я каб трошкі, дык і пераскочыў бы!.. А тут жа яшчэ і Мурза, і шпак, і сонейка!.. І вось мы з Казаком, як згаварыўшыся, смяемся. Нібы з таго, што мой цюцька зусім не баіцца вялізнага дзядзькі Івана, а дзядзька наш сказаў ніколі не чутае — пра вераб'ёў, якія вошай б'юць.
— Ну, вэк, малыя, — загадаў Чэп-дрэп. — Давай, Раман, рэзаць. А то мне скора і хлеб ісці даставаць.
Тут ён заўважыў на канцы палена наш раздвоены-растроены надрэз і ўцяміў:
— Качулкі захацелася? Мы вам іх зараз нашастаем.
Разак — нібы зусім не той: шах-мах, і вось яны, адна за адной, адваліліся ад палена на зямлю і не забрудзіліся — дзве качулкі. Чысценькія, кругленькія, з бяроставай скарыначкай — яшчэ адна радасць прадвесня. Як яны пахнуць у нашых руках і як гэта добра — спрытна шпурнуць качулку, каб пакацілася да таго, хто яе адаб'е кіем назад на цябе, каб ты адбіў, каб яна пакацілася, паскакала па нашай падсохлай вуліцы, а то і загула над зямлёю, нібы снарад!..
І мы з Валодзем, а Мурза за намі, пабеглі з двара.
У той дзень цэвак сукаць не трэба было, бо мама не ткала. Яны з цёткай Жэняй снавалі новае. Сярод хаты — мала яшчэ тых кроснаў было! — стаяла рыплівая сноўніца, мая мама снавала, размахваючы сноўніцу, а Валодзева пільнавала клубкоў.
Гэта ўжо мы з Казаком засталі іх так, калі, да потнай стомы нагуляўшыся, вярнуліся да нас.
Шырокая на ўсю хату сноўніца, ганяючы вецер, шугала, як карусель, пра якую аднойчы расказваў Раман; мы асцярожна абышлі яе каля самай сцяны, прабраліся да стала.
— Ужо і поўдзень, богу дзякаваць, — сказала цётка Жэня.
Цяпер я разумею, а тады не разумеў, што гэта ў яе быў намёк. Дома дык цётка і спыталася б у Валодзі: «Есці ўжо хочаш, сынок?» Мама намёк той зразумела.
— Вось даснуем яшчэ гэта, — сказала яна, — дый будзем абедаць. І Раман з Іванам прыйдуць. Юрык, вы там кніжку якую-небудзь, пакуль што…
А мы з Казаком якраз пра гэта і дамаўляліся, ідучы з качулкі. Хоць і есці, вядома, хацелася.
13
Калі мы вярнуліся з бежанства, у нашай хаце мяне ўразіла мноства дзвярэй і іконаў.
Пазней стала ясна, што дзвярэй тых чацвёра: з двара ў сенцы, з сенцаў адны ў хату, другія ў кухню-бакоўку, чацвёртыя — з кухні ў хату. А як узяць усё ў адваротным парадку, дык гэта ж яшчэ з хаты ў кухню, з кухні ў сенцы, з сенцаў або на двор, або назад у хату… Як многа! Былі і пятыя дзверы, з сенцаў у каморку, але яны былі замкнёныя і не ішлі ў гульню — я толькі пастаяў перад імі і зноў кінуўся ў свой лабірынт. Не мог нацешыцца, бегаў, тупаў, смяяўся і крычаў, клічучы ўсіх падзяліць маю радасць ад гэтага дзіва.
А ў мамы з Раманам толькі і радасці было, што хоць хата не згарэла. Яны не бегалі, не смяяліся, і я іх радасці не адчуваў — была ў мяне свая.
Другое дзіва — малюнкі на покуці. Зноў жа, як аказалася пазней, іх было толькі восем, яны і тут называліся іконамі, і мама кожную з іх растлумачвала мне: госпад бог, святая багародзіца, божы ўгоднік, святыя анёлы… А я, хоць і раней, у горадзе, бачыў іконы ў тым пакойчыку, дзе мы жылі, і ў царкве, куды мяне мама вадзіла, цяпер, у хаце з мноствам дзвярэй, бачыў на мностве ашклёных малюнкаў сваё. Адзін дзед, тры дзяды барадатыя, адзін дзядзька, дзве цёткі з белымі крыламі, хлопчык у свае мамы на руках… А яшчэ і дрэвы, і рэчка, халаты нейкія, крыжы, кароны і ўсё іншае, што я ўжо мог назваць і чаго не мог, — усё гэта зялёнае, чырвонае, сіняе, залатое…
Апроч тых, што на покуці, быў яшчэ малюнак і ў міжваконні. Таксама пад шклом, але большы, і там былі белыя лебедзі, сіняе возера, зялёныя дрэвы і чырвоны замак, як мне сказаў пра гэты дом Раман.
На ўсе гэтыя дзівы-малюнкі я, першы раз у хаце, глядзеў не адразу, а добра набегаўшыся, нібы толькі тады іх і заўважыў. Потым на ўсё гэта глядзелася значна пільней, асабліва ў мароз ці ў слату, калі не пушчалі на двор і было вельмі сумна. Многа дзіцячай задумы цягнулася перад гэтым святым і не святым тандэтам. Думаецца цяпер: а каб жа не такая муць, а змалку добрае, мастацкае?..
Затое ж была ў нас прырода, якая кожны дзень паказвала ўсё новую ды новую красу, хвалявала і таямніцамі і іх штодзённым радасным раскрыццём. Уражвала і летняй шматколернасцю палёў, і нізкай навальнічнай хмарай з яркім размахам вясёлкі, і нечым зусім невялічкім, як тыя «люстэрачкі» — сінія пёркі на крылах качара або гудлівы чмель на малінавай шышачцы канюшыннай кветкі.
І былі яшчэ кнігі. Вельмі нямнога іх, але і такія былі, што з «цацкамі», як гаварылі мае новыя вясковыя сябрукі.
Карціну Мясаедава «Касцы» я ўбачыў у Рускім музеі ўжо на чацвёртым дзесятку гадоў. І так цікава было, па-даросламу, і ўсцешыўся, як ад сустрэчы з даўняй радасцю. Успомнілася «цацка» ў кнізе, якую калісьці гартаў — можа, з Тоняй ці з Казаком, а то і адзін, яшчэ не ўмеючы чытаць. Звычайная некаляровая застаўка. Адна з тых «цацак», што так вабілі, цягнулі да кнігі, да новых таямніцаў, няхай сабе спачатку падсвядома, але ж і моцна, пераканаўча гаварылі пра тое, што ў сталасці і для мяне, выкладчыка роднай літаратуры, стала называцца сувяззю слова, мастацтва з жыццём. І тыя касцы, адзін за адным, і тое жыта на кніжнай застаўцы, шорстка і залаціста спякотнае, і зеляніна ды кветкі пустазелля, і злёгку бела-воблачнае неба — усё такое бачыў я і на нашым полі.
Вялікі свет быў тады значна большы, бо і ва ўсім найменшым, калі пільна прыгледзецца зблізку, ён быў вялікі. І ўжо не толькі кніжная застаўка, але і значна меншая «буквіца», «сюжэтны ініцыял», з якім-небудзь васільком у траве ці ластаўкай у палёце мог усхваляваць на ўсю душу. Іменна сувяззю з усім тым, што акружала мяне, што ўражвала паэзіяй, музыкай казкі, якое так прагне кожнае дзіця.
Літары мне паказаў і складаць іх — да школы, расейскія — навучыў Раман. Далей пайшло ў мяне само.
Перш за ўсё — подпісы пад малюнкамі. Адны літары растлумачвалі тыя малюнкі, а іншыя рабілі іх нават яшчэ больш таямнічымі. Так было, скажам, з «венгерскай пуштай», дзе калодзежная вага. Дзіцячых кніжак у нас не было, яны прыйшлі пазней, у школе, і прабівацца да цікавага ў тых кнігах, якія былі ў нас ці ў Шуры, і ў тых, якія прыносіў ад каго-небудзь Раман, даводзілася нялёгка. Сам ён, Раман, чытаў вельмі многа, «абы дарваўся», як гаварыла мама, але часцей за ўсё моўчкі. Памятаю толькі «Дуброўскага», якога ён па мамінай просьбе прачытаў уголас, аднак з усёй аповесці мне з тых зімовых вечароў найжывей помніцца сцэна пажару, калі каваль Архіп, са сваім «как не так», ратаваў на страсе палаючай адрыны кошку. Памятаю і сон Раскольнікава са «Злачынства і кары», бо толькі той сон Раман і прачытаў нам, маме і мне. Пра тое, як п'яныя дурні — толькі так мне тады здавалася — білі да смерці каня, а хлопчык Родзя цалаваў яго і плакаў…