Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— А я ў Міколы-сталяра сядзеў. Глядзеў, як гэта ён скрыначкі стружа. Спраўны хлапчына!

Сталяру Міколу — пад пяцьдзесят, і мы, маладыя — больш палавіны атрада, — завём гэтага «хлапчыну» — дзядзька Мікалай.

— Што, што ён робіць? — перапытвае, як недачуўшы, Іван Кузьміч.

— Ну, міны, скрыначкі для мін…

— А, вось яно што! Так, ён у нас майстар — няма што казаць. Абы толькі толу хапала.

— А каб гэта са снарадаў паспрабаваць, таварыш камандзір, — пачынае Паўлюк, як быццам ніколі не чуўшы аб тым, што мы выплаўляем шмат толу з валяшчых снарадаў і бомбаў. — Я ведаю адно месцечка…

А я чамусьці гляджу на яго здаравенныя боты. Калені ўжо самавольна прыгнуліся ў паўдарогі са «смірна» на «вольна», і адзін ступак адставіўся ўбок, выразна парушыўшы дысцыпліну.

— Слаўнае месцечка, — гудзе Паўлюк. — Вось вы мне толькі дайце заўтра хлопцаў са два, таварыш камандзір, дык мы падыдзем на Нёман. Там у мяне штук з дзесятак самалётных бомбачак ляжыць на дне. Трэба іх будзе падняць.

— А што, Снапок, — звярнуўся да мяне Іван Кузьміч, — пашлі з ім заўтра пару чалавек, а то і сам, калі хочаш, пайдзі.

Іван Кузьміч увачавідкі мякчэе. Ён бярэ са стала сваю вечную люльку і круглую баначку — прадмет нашай зайздрасці — з надпісам: «Нашым партызанам і партызанкам слава!» Баначку гэтую ён прынёс сюды з Вялікай зямлі разам з мноствам іншых каштоўнасцей. Пакуль ён прывычным рухам скручвае з баначкі вяршок, я зноў гляджу на Паўлюковы боты. Яны ўжо і зусім забыліся пра ўмоўленае «смірна»:

Паўлюк па-сяброўску ступае наперад і кажа:

— А вы майго, таварыш камандзір, мультанчыку… А то вы, гляджу я, нейкую там сабе пацяруху курыце. Эх, і хлопцы ж у вас: каб чаго — табаку не прынесці!..

— Яны толькі за дзеўкамі, язві іх душу, — зусім дабрадушна мармыча Іван Кузьміч, лезучы трыма пальцамі ў Паўлюкоў капшук.

Ён напіхае люльку, тады, не без важнасці, падстаўляе Паўлюку аганёк зайздроснай самапалкі, якая таксама з Вялікай зямлі, потым прыкурвае сам, смачна зацягваецца поўнай зацяжкай і, амаль што зусім захоплена, кажа:

— Язві яго душу — хар-рош!..

Я не куру. Мне мультан не мультан — адзін чорт. Ды якое там, па-мойму, з табаку хараство! Я ўпэўнены, што камандзір гаворыць гэта больш пра Паўлюка.

1945

Ліпа і клёнік

Галі

1

Зялёны домік дарожнага майстра стаіць каля самай шашы.

Праязджаючы тут на машыне, на хаду можна заўважыць толькі зялёныя сцены, зялёны плоцік, белыя ліштвы вялікіх акон і стракаты чарапічны дах. Потым абапал дарогі зноў пабягуць дрэўцы прысадаў, тэлеграфныя слупы і за слупамі то поле, то лес…

Не заўсёды заўважыш з машыны, што ў гэтым прыгожым, адзінокім доміку жыве Ліпа, дзяўчынка, якой нядаўна пайшоў пяты год.

Спачатку, калі яна прыехала ў гэты домік, Ліпе было вельмі цікава стаяць пры дарозе, махаць рукамі на кожную машыну і на кожную з іх нацкоўваць свайго неразлучнага сябра — старога калматага сабаку Дзіка.

Аднойчы Ліпа нават не вытрымала: паплявала ў маленькія жмені таксама заўзята, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла па другі бок шырокай-шырокай і гладзенькай, як стол, асфальтавай паласы. Яна не дабегла і да палавіны шашы, як раптам з-за горкі — адзін і другі раз — сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Маленькія босыя ножкі занылі ад страху. Ліпа затупацела на месцы, а потым заплакала: «Мама!» Машына спынілася, і шафёр, адчыніўшы дзверцы кабіны, хацеў нешта крыкнуць. Але Дзік накінуўся на яго з такім злосным, абураным брэхам, што дзядзя шафёр сам спалохаўся, залез назад у машыну і паехаў далей.

З таго часу Ліпа ніколі больш не адважваецца без таты ці мамы пераходзіць на той бок шашы. І наогул цяпер яна вельмі рэдка стаіць пры дарозе. Хіба толькі тады, калі на шашы ідзе адразу вельмі шмат машын ці паўзе і грукоча, аж вушы баляць, які-небудзь вялізны, замурзаны цягач.

2

Мама з татам паехалі ў горад разам, але ўвечары мама вярнулася адна. Ды затое яна прывезла Ліпе такі дарагі і доўгачаканы падарунак — пушыстую белую шубку.

Мама апранула сваю залатую дзяўчынку, трапяткімі ад радасці пальцамі зашпіліла ўсе гузікі шубкі, а тады падхапіла малую на рукі, павярнула тварыкам да лямпы і з захапленнем крыкнула:

— Ах ты, Снягурачка!..

І Ліпа адразу забылася на той смутак, што тата вернецца толькі заўтра. Яна захацела адразу ісці ў новай шубцы гуляць. Ды мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне!.. І Ліпа пахныкала трохі, а потым згадзілася. Ну, добра, яна пачакае, пакуль зноў будзе дзень, няхай толькі мама дазволіць не скідаць сёння шубку ўвесь вечар.

Мама пасмяялася і дазволіла. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэмя бярозавых дроў. Неўзабаве Ліпа скінула новую шубку, а сама лягла і пачала чакаць, калі ж нарэшце прыйдзе дзень.

Яна паляжала, падумала трошкі, а потым спыталася:

— Мама, а клёніку сёння ці холадна, мама?

3

Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпе няможна было пераходзіць. Рос не адзін, а разам з іншымі дрэўцамі, якія ў гэтую восень былі пасаджаны абапал дарогі з гасцінца ў калгас. Там былі клёнікі, ліпкі, бярозкі. Былі нават чатыры яблынькі і адна груша. Яны раслі адразу за клёнікам, які пасадзіла Ліпа…

Ну, не зусім сама, бо яна толькі трымала яго над ямай, пакуль два хлопцы прысыпалі карэнне клёніка зямлёй.

Хлопцы завуцца Ўладзік і Шура. А яшчэ там былі і Міхась, і Марылька, і Волечка… Ой, як многа дзяцей, ажно цэлая школа!

Спачатку яны садзілі, а Ліпа стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Прыслухоўваючыся да дзіцячага гоману, вялізны Дзік раз-пораз прыпадымаў галаву, плюшчыў вочы ад сонца і дабрадушна малаціў хвастом па штакетах адчыненай форткі. А Ліпа гэтак хацела туды, да дзяцей.

І дзеці як быццам адчулі гэта. Яны падышлі да шашы і пачалі крычаць:

— Дзяўчынка! Дзяўчынка, а ён не кусаецца?

— Не-е! — гукнула Ліпа, устаўшы на пальчыкі. — Наш Дзік малых не кусае!

— Дык ты ідзі да нас! Будзем дрэўцы садзіць?

— А мне тата казаў не хадзіць за дарогу. І мама казала!..

— А мы цябе перавядзём!

Два хлопцы — якраз тыя самыя Ўладзік і Шура — перабеглі цераз шашу, узялі Ліпу за рукі і, баязліва азіраючыся то на вялізнага калматага сабаку, што бег за дзяўчынкай, то на прыгорак, з-за якога магла паказацца машына, асцярожна пайшлі па асфальце.

Цёця настаўніца, якая была трохі далей, каля іншай чародкі дзяцей, спачатку накрычала на хлопцаў за тое, што яны прывялі сюды маленькую дзяўчынку без дазволу яе мамы ці таты, а тады ўзяла Ліпу на рукі, пагаварыла з ёй і зусім так, як мама, пацалавала і ў адну і ў другую шчочку.

А дзеці выбралі Ліпе самы меншы і самы найлепшы клёнік.

Ён стаіць цяпер недзе ў полі, прывязаны перавяслам да слупка, трымаецца гэтай саломеннай ручкай за апорыну, як той маленькі хлопчык, што сам не ўмее хадзіць. А на дварэ гэтак жа холадна, а ў полі гэтак жа шмат снегу!..

— Мама, — пытаецца Ліпа, ніяк не могучы заснуць, — а калі я пайду пагляджу яго, мама?..

4

На досвітку па пругкіх гурбах снегу за сцяной асцярожна зашастаў заяц.

Пачуўшы яго, у сенцах зялёнага доміка стары калматы Дзік насцярожыўся, нездаволена пабурчаў і, нарэшце, зусім зазлаваўшы, пачаў брахаць, нібы стукаць у бубен:

— Бум! Бум! Бум!

Знячэўку спалоханы заяц падскочыў, кінуўся ўбок і стралой паляцеў па гурбах.

Уранку Дзік доўга пятляў па заячых слядах вакол доміка і невялічкага саду, а потым некуды знік.

І вярнуўся ён толькі тады, калі ў адчыненай фортцы зялёнага плота, шчасліва жмурачы вочы ад сонца, ужо стаяла Ліпа — Снягурачка ў белай пушыстай шубцы.

Дзік падышоў да Снягурачкі і, як заўсёды, прытуліўшыся да яе, падставіў сваю вялікую галаву пад маленькую руку дзяўчынкі, нібы хочучы сказаць:

73
{"b":"205400","o":1}