Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Эх, Мікіта, — гаварыў Сымон, — ты, бачыш, і на мяне ўжо злуеш. Тут, брат, ні бой, ні слёзы не памогуць. Ну што, наклеілі б нам, колькі б улезла, і ўсё… А трэба па-харошаму. Марылі не паднімеш, а пасаг трэба вярнуць. І поле, і карову. Дзяцей няма — чорту лысаму даруеш? Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. І ты не драмі ў шапку, а ў суд, па-харошаму, о! Тут яшчэ справа заблыталася, што поле змянілі, ды гэта таксама нічога.

— Гэта-то гэта, — згадзілася Стэпка, — а то запырскаецца, і ўсяго. Я і сама казала…

— Што ты казала? Я і сам ведаю, лепш за вас! Яна ў мяне не сястра, а сястрычка была, а ён!..

— Унь, машына, трымай! — перапыніла яго Стэпка. — Трымай хоць ты, Сымон!

З-за гары, бліснуўшы шклом на сонцы, якое ўжо заходзіла, з ровам выпаўз аўтобус.

— Я і сам сваю кабылу ўдзяржу! — крычаў Мікіта. — Ніякіх мне чарцей не трэба, сам гадаваў. Машка, глядзі!

А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.

— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот і рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў. Вясёлы шафёр пачаў трубіць.

— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.

Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына, — вядома ж, уся на вузлах, — лопнула, і Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.

— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.

— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі. Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут і адварочвала галаву, зубамі і губамі трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.

— Мала, мала яшчэ?..

Ад удару па косці храпы зайшлася болем Мікітава рука, а з Машчыных зубоў і губы пайшла кроў.

— Мала, мала яшчэ?..

Думаў, усю сваю крыўду выб'е. Пасля заплакаў, адышоўся. А яна толькі крутнула галавой ды зноў за каласы.

— Ну, і хіба ж ты гаспадар? Хіба ж гэтак трэба па-харошаму? Эх ты!.. — казаў Сымон, звязваючы ляйчыну.

Мікіта маўчаў. Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная.

— Памажы! — загадаў Сымон, беручыся складаць сцялежаны воз. Мікіта вінавата памог яму, а пасля папрасіў:

— Я лягу, Сымон, а ты за мяне пакіруй…

…Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі. Машка, ужо зусім забыўшыся пра крыўду, рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брат гаварыў сястры аб тым, як ім трэба адсудзіць Марылін пасаг, — гаварыў спакойна, «па-харошаму». Сястра падтаквала яму. А мужык яе — бедны, аброслы Мікіта — ляжаў ніцма і не чуў: спачатку ён уздрыгваў ад глыбокага, недзе з-пад самага сэрца плачу, а потым заснуў і хроп.

«Вазьмуся, нябось, за яго!» — раз-пораз думала Стэпка.

* * *

— А справа, брат, вельмі простая, — казаў старому Жуку пан Чыжэўскі, — табе, значыцца, гэтак: бабе і сыну ўдзяўбі, што нябожчыца нявестка сама захацела свой пасаг прадаць, бо зямля была вам не з рукі. Вы хацелі тыя самыя паўтары дзесяціны ля дому купіць, а яна была гуляка: абы схадзіць хораша, з'есці, выпіць, цукерак, скажам, пасмактаць. Грошы, як вада, сюды-туды і перамыкала без толку…

— Неяк, бачыце, пане Чыжэўскі…

— Што тут «пане Чыжэўскі»… Сведкі — галоўнае. Ты, брат, сам павінен ведаць, не малы: не падмазаўшы, не паедзеш!..

— Я ведаю, я толькі да таго, ці ўдасца?

— Чаму ж раптам «не ўдасца»? Прысяга будзе, праўда, але хто ж яе сёння баіцца? Ну што, падумай, сведкі знойдуцца.

Гаварылі яны ў местачковай карчме, зашчапіўшыся ў баковачцы. На століку была бутэлька і закуска. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг і, як з усякай важнай справай, прыйшоў з павесткай да Чыжэўскага. Гэта быў местачковы кулак, які нажыў на гандлі свіннямі тоўстую кішэню і яшчэ таўсцейшую морду. З кожным днём ён рабіўся ўсё больш ды больш падобным да свайго тавару і выглядам і натурай. Усякая подласць, пачаўшы ад недаважвання і недалічвання і канчаючы хоць бы на сённяшняй справе, рабілася ім спрытна і з ахвотай, абы толькі было выгадна. Жук штогод прадаваў два-тры ўкормленыя парсюкі, і паміж ім і свінабоем Чыжэўскім даўно завязалася нейкая прыязь. Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яе…

— Ну, як ты, Жук, — надумаўся, ці мне шукаць?

— Што ж, хіба Лустач ці Свісток, — адказаў стары, падумаўшы.

— Абодва пойдуць, — сказаў свінабой. — А трэці ёсць у мяне. Гаваку Антося знаеш?

— Пэўна.

— Ну, дык ты іх ідзі пакліч. Абодва сёння на рынку. Ды, зрэшты, і Гаваку сам пакліч. Скажы яму, што я прасіў. А я вас тут пачакаю. Падрыхтую тут усё як мае быць…

…На рынку, у гушчары вазоў з задзёртымі аглоблямі, стары Жук першага знайшоў Лустача. Побач з ім каля воза стаяў і Раман Чачотка, па мянушцы Свісток.

Лустачыха, уладзіўшы свае справы, ужо сядзела на возе і глядзела на каня, які хрупаў сена з пярэдняга палукашка, — глядзела злосна і сумна, нібы чакаючы, калі ж гэты конь павернецца нарэшце задам і павязе яе дахаты. «І чаго ён яшчэ ўсё ные тут? — думала яна пра свайго чалавека. — Не лізнуў яшчэ, ліха яго галаве!..»

Жук павітаўся, адвёў Лустача ўбок і пачаў з ім шаптацца.

Лустач быў прымак з той даволі рэдкай пароды прымакоў, якія змаглі адразу захапіць у хаце ўладу, пасля чаго жонка толькі агрызаецца здалёк ды з асцярогай, не пападаючы пад руку. Гэта быў чалавек з сярэдняга гатунку подлых людзей, — усякай подласцю ён адстойваў толькі свае асабістыя справы, не нападаючы першы. Але за добрую чарку мог дапамагчы чалавеку, бо на сваю чарку не заўсёды хапала.

— Гэта можна, — сказаў ён, даволі хутка зразумеўшы Жука. Чаркай запахла густа. Прыйшло якраз тое, без чаго яму сумна было б вяртацца дахаты. — Раман! — паклікаў ён Свістка. — Ідзі сюды!

Раман Чачотка — высокі, лёгкі мужчына ў акуратных лапціках — служыў пры цару гарадавым і дагэтуль яшчэ не мог прывыкнуць да працы на гаспадарцы. За гэта яго і празвалі Свістком. Гаспадарка была малая, дзве дзесяціны, поле добрае, але без добрых рук хлеба яно давала няшмат. Свісток «зрабіў камбінацыю» — прадаў бацькаву гаспадарку і купіў шэсць дзесяцін пяску за Нёманам, куды перавёз свае старыя будынкі і стаў лічыцца лясным хутаранінам. Падраслі дзеці, пачалі араць той пясок лепш за бацьку, але пясок не стаў ад гэтага больш хлебным за чарназём, пакінуты ў роднай вёсцы. Нельга сказаць, каб Чачотка быў нездаволены іменна панскай уладай, каб ён, як іншыя беднякі, чакаў прыходу савецкай улады, — Свісток наогул, не залазячы глыбока ў палітыку, чакаў перамены, прыходу іншай улады, якая заўважыць яго і ўлічыць яго былыя заслугі і чын. Сёння Раман прыехаў купіць пудзік жыта на хлеб. Пачаўшы яшчэ з дому, ён усю дарогу «абдумваў камбінацыю», — як гэта ад тых дзвюх залатовак, што жонка сабрала, прадаючы яйкі і масла, адкалоць пару грошаў на чарку. Жонкі ён не баяўся. Зрэшты, і на кірмаш сёння прыехаў адзін. Але за жонкай цяпер стаялі два сыны, якія ўжо гаварылі з бацькам па-даросламу, і гэта было не вельмі прыемна…

Свісток стаяў з мяшком пад пахай, слухаў Жука і Лустача — сябра свайго яшчэ па японскай вайне — і з першых слоў уцяміў, што Бог нарэшце зірнуў на яго ласкавейшым вокам.

— Калі трэба, дык трэба, — сказаў ён. — Вось толькі мне скокнуць да Цукермана, жыта купіць.

— Скокнеш пасля, — сур'ёзна сказаў Лустач. — Цукерман твой у лес не ўцячэ.

— І гэта праўда, — таксама сур'ёзна згадзіўся Свісток. Ён падышоў да сябравага воза і кінуў на яго свой скручаны мяшок.

Лустачыха ўсё зразумела.

— Піліп, — сказала яна, — зноў наліжашся! А я тут стой да ночы.

66
{"b":"205400","o":1}