Литмир - Электронная Библиотека
A
A

"Жанчыны чамусьцi заўсёды даруюць мне!" — успомнiла яна словы Янкi. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажанiцца. Усё падрыхтавалi да вяселля, а ён збег. "Толькi дурнi жэняцца перад службай у войску! — заключыў Янка. — Жана пакрыўдзiлася. Нават не прыйшла праводзiць мяне на службу. Але калi я вярнуўся, усё даравала. Пачалi сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?"

"Я таксама даравала б табе, Янка, — падумала Iрэна, — толькi вярнiся. Ты мой бог, у тваiх абдымках мне так добра… Мне нi з кiм не было так добра, як з табою…"

— Iрэна, на практыку спознiшся! — крыкнула бабуля i заглянула ў яе пакойчык. — Фу, надымiла, распуста! Iдзi снедаць! Мацi павяла Паўлiка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, — паскардзiлася старая. — Мы з дзедам даўно не спiм, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлiк вялiкi стане, чуеш? Нельга яму будзе з мацi i таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўлiка ў тваю спальню…

— Ды не пайду я замуж! — адказала Iрэна i забычкавала цыгарэту. — Я нiколi не пайду замуж! Мне не шанцуе!

I пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цiкавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма…

— Хто ведае, адкуль з'явiлася жалейка? — Iрэна падняла ўгару i паказала дзецям музычны iнструмент. — Памятаеце паданне?

Дзяўчынка з ружовым банцiкам у валасах паднялася з месца.

— Жыла сiрацiнка Насця, — пачала яна. — Пакахала хлопца, але ён быў такi ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну i вырашыў iсцi па свеце шукаць яе. Знайшоў — а тая толькi пасмяялася з яго. I вырашыў хлопец вярнуцца да Насцi, але тая ўжо выйшла замуж…

— Добра, — усмiхнулася Iрэна. — А дзе ж нашы русалачкi, што яны павiнны цяпер рабiць?

Iрэна зайграла, i дзецi сталi ў карагод.

— Янка! Янка! — закрычалi яны. — Хадзi да нас, мы будзем тваiмi нявестамi! Рабi з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцеблiка зялёнага жалейку! Весялiць нас будзеш!

— А чаму Янка? — здзiвiлася Iрэна. — Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалi…

— Казалi, казалi! — загаманiлi дзецi.

"Божа ж мой, — спалохалася Iрэна, — у паданнi не было iмя хлопца! Янка, што ты зрабiў са мною? Нават iмя тваё не дае мне спакою…"

Iрэна перастала iграць.

— Можна, я буду Янкам? — папрасiўся хлапчук у паласатай кашульцы.

— Будзь, — з сумам адказала Iрэна i ўспомнiла, як Янка падарыў ёй матроскую цяльняшку. Яна апранула яе за горадам — бегала ў жыце, бы русалка: валасы распушчаныя, шорты кароценькiя, паласатая цяльняшка. А потым на лясной палянцы яны цалавалiся, а побач паслiся каровы.

Хлопчык у паласатай кашульцы зайграў на жалейцы.

— А цяпер, Янка, заплюшчы вочы, i мы табе дадзiм нявесту! — закрычалi дзецi i паднеслi яму пук кудзелi.

— Гэта не мая нявеста! — адкiнуў кудзелю хлопчык.

— Вось табе нявеста! — падала яму ляльку Iрэна.

Хлопчык усмiхнуўся, абняў ляльку i зноў заплюшчыў вочы. У гэты момант дзецi забралi ў яго з рук ляльку i падлажылi бярвенца.

— Ой, гэта ж трухлявае палена! — расплюшчыў вочы хлопчык.

— Янка! — сказалi хорам дзецi. — Хто доўга выбiрае — заўсёды з трухлёй застаецца!

— А за жалейку… — дадала Iрэна.

— Дзякуй! — закрычалi дзецi.

— Добра вы засвоiлi паданне, — пахвалiла ўсiх Iрэна. — А цяпер будзем развiтвацца.

Яна вярнулася ў музычны кабiнет. Думкi пра Янку не адступалi. "Трэба схадзiць да яго ў iнтэрнат, — вырашыла Iрэна. — Можа, я супакоюся нарэшце, калi ён растлумачыць, за што мяне пакiнуў?" Яна прыгладзiла валасы, але раптам рука запынiлася, замерла на месцы — з-пад далонi выглядваў сiвы валасок! Iрэна спужалася, рукi задрыжэлi.

"Гэта стрэс, — падумала яна. — Пасiвела! У дваццаць два гады пасiвела. А можа, мне сустрэць Янку на маршруце, падысцi да шаснаццатага аўтобуса… Чакаць… А калi не яго змена? Не, лепей пайду ў iнтэрнат!"

Янкi дома не аказалася. Сусед яго, стараваты ўжо мужчына, нахабна ўсмiхнуўся:

— Ты да Бiневiча? А ён ужо звольнiўся! У палюбоўнiцы жыве!

Iрэна выйшла з iнтэрната, знайшла тэлефон-аўтамат i набрала нумар Рэнi.

— Прывiтанне, — сказала стрымана. — Як жыццё маладое? Можа, замуж выйшла? Дарэчы, Янка ў цябе?

— Навошта мне твой Янка! — раззлавалася Рэня. — Скажы мне дзякуй, што я адбiла яго ў цябе, а то б век ад бруду не адмылася! Альфонс твой Янка, усякла? Пажор у мяне ўсё, пярсцёнак стырыў i знiк! Цяпер, дзеўкi казалi, на танцах "Каму за трыццаць" абiваецца. Бараду адпусцiў. Мацярок-адзiночак кадрыць. Гаварыў жа: "Паваляюся, бы сыр у масле, пару тыдняў, галоўнае, пра вяселле штодня казаць!" Ён жа зараз беспрацоўны i бомж, Бiневiч твой, казёл!

I Рэня паклала слухаўку.

Маруся Вайтовiч стаяла ў чарзе да споведзi. Малады святар не звяртаў на яе ўвагi.

— А каб лiха на вас, анцiхрысты! — старая грабла накапаны на падлогу воск. — Каб рукi адсохлi таму, хто свечкi бокам ставiць!

— Жанчына, супакойцеся! — пачала ўшчуваць яе маладая дзяўчына ў зялёным палiто. — Вы ж людзей ад царквы адбiваеце, яны iдуць да споведзi, а вы iх праклiнаеце!

— Маўчы, зараза! — крыкнула ў адказ старая. — Сама абортаў, вiдаць, кучу нарабiла, а мне ўказваеш?

Людзi запытальна паглядалi на святара, чакалi, што ён вось-вось супынiць яе. Але той з каменным тварам спавядаў вернiкаў. Падышла чарга дзяўчыны ў зялёным палiто. Яна нешта прашаптала святару, i той, абурыўшыся, гучна мовiў:

— Тое, што вы прыслалi нам пасылку, добра. Але ж маглi i прынесцi — у адным горадзе жывём. А наш стараста з хворай нагою iшоў па вашу пасылку два кiламетры на пошту.

— Прабачце, — схiлiла галаву дзяўчына, — дабром пайшло, а злом выйшла… Каюся…

— I тое, што вы прыслалi… — ушчуваючы, прадоўжыў святар, — у нас такога, мiленькая, навалам. Iншы раз мы прадаём гэта вернiкам, грошы iдуць на рамонт царквы.

Маруся, як аслупянелая, здзiўленым позiркам глядзела на святара i не разумела, дзе яна знаходзiцца. Успомнiла аповяд старых, быццам бы нехта хацеў у гэтай царкве дзiця хрысцiць, дык яму прыснiўся сон. Святая Сафiя Слуцкая, чые мошчы знаходзiлiся тут, з'явiлася ў сне таму чалавеку i сказала: "Не хадзi туды…"

— Стаiць як пень! Iдзi! — крыкнуў нехта на Марусю, падштурхнуўшы яе да святара.

— Iмя? — запытаў той.

— А як iмя вашай служкi, якая ўвесь час абражае вернiкаў? — у тон яму адказала Маруся. — Дзе ваша павага да людзей? Гэта царква цi дом вар'ятаў?

— Не маеце права асуджаць другiх! — пачырванеў ад злосцi святар. — Самi без граху?

Маруся завярнулася i пайшла прэч. На прыступках, ля дзвярэй царквы, стаяла тая самая дзяўчына ў зялёным палiто. Прамы бялявы чубчык, вiдаць, адбелены гiдраперытам, добрыя цёмныя вочы, яскравая ўсмешка.

— Здорава ты яго! — сказала дзяўчына Марусi. — Тут заўсёды так, болей маёй нагi тут не будзе. Лепш хадзi ў царкву Марыi Магдалены, што ля Камсамольскага возера, там так спакойна, такi добры айцец Уладзiмiр! I служачыя добрыя.

— Дзякую, — шчыра адказала Маруся.

— А ты праз iх Бога не кiдай! — параiла дзяўчына. — Я раней злавалася, што мне не шанцуе, нават крыжык i iконку праз акно выкiнула, а потым зразумела, што ўсе мае беды праз грахi мае. Шчырая вера ў Бога прыйшла да мяне пасля наведвання Жыровiцкага манастыра. Там ёсць цудатворная iкона i крынiца. Я стаяла ля iконы, а да мяне быццам цяпло iшло, i такая асалода ў грудзях! Пагаварыла з Мацi Божай, папрасiла ў яе дапамогi, i сапраўды ўсё збылося. А калi нашы мары не збываюцца, значыць, так хоча Бог — яму ж лепш ведаць, што нам трэба для нашага выратавання.

— А дзе знаходзiцца Жыровiцкi манастыр? — зацiкавiлася Маруся.

— Ля Слонiма. Адтуль аўтобус, тройка, у Жыровiчы ходзiць. Праз паўгадзiны. Калi мы вызначалi маршрут нашага паходу, якi будзе летам, я папрасiла ўключыць Слонiм, каб зноў пабыць у манастыры!

— Вы турыстка? — узрадавалася Маруся. — А я так хачу заняцца турызмам! Сапраўды, спартовым!

— Ай, навошта вам спартовы турызм? У нас кiраўнiк паходу, Толiк Хвашчэўскi, займаецца прафесiйным турызмам. Ну й што з таго? Захворванне суставаў атрымаў, радыкулiт, хранiчны бранхiт. Кожны раз пасля паходу ў бальнiцу кладзецца. А ўсё роўна! Аж пакрыўдзiўся на нас, калi мы прапанавалi ў паход уключыць элементы экскурсii на аўтобусе.

6
{"b":"110845","o":1}