— Пакiдаю я цябе, яблынька! — прашаптала Галя. — Бедны мой сад, закiнуты, нiкому не патрэбны…
Яна падышла да хаты, прысела на прызбу.
— Хатка мая, хатка, застанешся ты без мяне, — Галя кiнула на мяккую зямлю прыгаршню насення. — Кветачкi мае, хацела я вас пасадзiць, каб было тут прыгожа… Кветачкi-наготкi, аранжавыя сонейкi, самi вы пасеецеся, самi народзiцеся… Няхай застанецца памяць пра мяне гэтаму асiрацеламу кавалачку зямлi…
Яна нетаропка ўвайшла ў хату, узяла з шафы белыя фiранкi, павесiла на вокны. Стала на парозе, паглядзела на маленькую iконку над сталом.
— Хатка мая! — на вочы навярнулiся слёзы. — Нiхто цябе не пашкадуе, мая ты маленькая, утульная, мая ты сiрацiнка…
Не апрытомлены яшчэ Лявон заварочаўся ў ложку, падняў галаву i невiдушчымi вачыма, стомленымi, пачырванелымi, глянуў на Галю. Нешта прамармытаў i ўпаў на падушку.
— Хатка мая, у маiм сэрцы ты застанешся, як дзiцятка пакiнутае! заплакала Галя. — Нiхто цябе так не палюбiць, як я…
Галя склала ў сумку свае рэчы i, не глянуўшы на Лявона, выйшла з хаты. Цiха адсунула перакошаныя трухлявыя веснiчкi, выйшла на вулiцу. Азiрнулася на хату.
— Прабач мяне i бывай!
Цiха пакрочыла да аўтобуснага прыпынку. Вецер моцна бiў па твары. Аголеныя дрэвы падымалi да неба чорнае галлё, быццам рукi, плакалi, хiсталiся ад шквальнага ветру. I м было тужлiва i няўтульна, як на душы ў Галi…
…Яна сядзела ў Менску на аўтастанцыi i чакала свайго прыгараднага аўтобуса. Сэрца сцiскалася ад думкi, што Менск ужо назаўсёды для яе страчаны. Нiхто ёй не верне работу, кар'еру, пакойчык у iнтэрнаце, гарадскую прапiску… Яна ехала да мацi.
…Аўдоцця сустрэла дачку ласкава i пачала супакойваць тым, што ёй проста не шанцуе на мужоў. Параiла не падаць духам, а ўладкоўвацца ў вясковую бiблiятэку, слава Богу, Зоська паехала вучыцца, месца ў бiблiятэцы засталося…
Вечарам Галя пайшла да рэчкi, на тое месца, дзе летась стаялi палаткi. Сядзела на бярвенцы i ўспамiнала паход. Нечакана ўбачыла цётку Свету, тую, што адбiла ў сваёй сяброўкi мужа, Зосьчынага бацьку. Цяпер, кажуць, дзядзька Андрэй звар'яцеў, Светкi баiцца, як агню, з жонкай жыве, а на вулiцу не паказваецца… Хворы чалавек.
— Галечка! — усмiхнулася цётка Света, падсела да яе. — Як справы, дарагая?
Галя здрыганулася — ёй падалося, што яна ўжо дзесьцi бачыла гэтую ўсмешку — хiтраватую i лiслiвую, i ўспамiн гэты быў непрыемны.
— Не знайшла ты свайго сапраўднага кахання, — журботна вымавiла цётка Света, — не тымi шляхамi хадзiла, Галечка! Тваё каханне — побач, тое, аб якiм ты марыла… У вас будзе сапраўдная спартовая сям'я, бо ён багаты, i вы будзеце падарожнiчаць…
Яна абняла Галю. Холадам i пустэчаю напоўнiлася наваколле ад гэтага дотыку. Галi здалося, што ёй не хапае дыхання. Яна пачала задыхацца! Цётка Света ўсё мацней i мацней абдымала яе, угаворвала пайсцi да таго, каго яна шукала ўсё жыццё… Галя паспрабавала адтулiць яе, заглянула цётцы Свеце ў твар i… закрычала: побач з ёю сядзела Соф'я ў ружовым халаце, з магiльна сiнiм тварам i лiслiва ўсмiхалася!..
Галя вырвалася ад яе i пабегла. Затым азiрнулася. На бярвенцы па-ранейшаму сядзела… цётка Света. Яна паднялася i гаротна сказала:
— Галечка, у цябе зусiм з нервамi дрэнна! Хай бы ты да доктара схадзiла.
I падышла да яе. Пакрочылi разам у накiрунку маёнтка Дуброўскага.
— Добры чалавек Дуброўскi гэты, — пахвалiла цётка Света. — Вось i санаторый запрацаваў у нас…
— I царква, — падтакнула Галя.
— Цьфу ты, падкудства! — плюнула цётка Света. — У мяне другое заданне!
— Што-што? — не зразумела Галя. — Якое заданне?
— Каханне — мая справа! — адказала цётка Света. — Мне трэба, каб ты закахалася ў Дуброўскага.
— Я i так яго кахаю, з дзяцiнства…
— Цудоўна! Значыць — ты наша! — цётка Света працягнула сваю руку, каб пацiснуць далонь Галi, i тут дзяўчына заўважыла дзiўную акалiчнасць — на далонi цёткi Светы адсутнiчалi ўсе лiнii, акрамя папярэчнай паласы на ўсю далонь, лiнii розуму…
— Ты хто? — спужалася Галя.
— Бiяробат, пасланнiк Чорнай зданi. Маё заданне — спакуса. У свой час я пагубiла Дарыну, нарачоную князя Вiтаўта. А твая сяброўка Аленка нядаўна вымалiла яе душу ў Бога. Цяпер Чорнай зданi патрэбны новыя ахвяры, новыя слугi д'ябла… Ты нам вельмi падыходзiш, бо табе не шанцуе ў каханнi, ты ўвесь час шукаеш каханне i не знаходзiш. А як можна знайсцi тое, чаго няма! Ды яшчэ вечнае! Вечнае каханне! Каб я была чалавекам, то ўжо даўно б звар'яцела ад гэтага задання — знайсцi тое, чаго няма… Каханне — гэта толькi вашы фантазii, людзi! А каб фантазii сталi рэальнасцю, трэба звар'яцець, тады ўсё, што ты хочаш, табе будзе здавацца. Згодна звар'яцець? Рашайся!
Галя вагалася, не ведала, што адказаць. Нечакана яна ўбачыла… Вайдаша. Ён iшоў насустрач ёй i ўсмiхаўся. Яна падбегла да яго.
— Каханая! — прашаптаў Вайдаш i наблiзiў да яе свае вусны.
Галя застыла на месцы ад радасцi i хвалявання. Але ён знiк! Галя чуць не заплакала.
— Навошта ты гэта зрабiла? — крыкнула цётцы Свеце, цi хто там быў перад ёю, няхай хоць сам д'ябал, але Галi хацелася прадоўжыць казку… — Вярнi мне яго, вярнi! Вярнi маё каханне!
— Здымi крыж! — пачула ўладарны голас.
Зняла. I зноў убачыла Вайдаша. Ён пачаў цалаваць яе горача i палка. Павёў да свайго замка. Яна стаяла з iм ля высокай мураванай сцяны i бясконца цалавалася.
— Каханая, каханая! — шаптаў Вайдаш. — У нас будзе сапраўдная спартовая сям'я. Будзем хадзiць у паходы… Я не буду пiць! Каханая, каханая, паедзем са мною ў Гданьск, будзем жыць за гранiцай…
Галя млела ад шчасця, смяялася, уцякала ад яго, але ён даганяў i цалаваў яе, гаварыў словы кахання…
…Мацi знайшла Галю ля замка, сярод дрэваў, ля якiх дзяўчына бегала, спынялася, гладзiла iх, абдымала i прыцiскалася вуснамi.
— Я знайшла свайго каханага! — усмiхалася яна абступiўшым яе людзям. — Я цяпер князёўна!
Галя бегала, шчаслiвая i радасная, ля сцен замка, пастуквала па iх кулачком, забаўлялася i шаптала:
— Каханы, каханы! Пацалуй мяне!
— Галя! — узяў яе за руку святар, якога прывялi сюды. — Перахрысцiся, Галя, i д'ябал выйдзе з цябе!
— Не! — адмаўлялася Галя, адпiхвала ад сябе крыж. — Я хачу застацца са сваiм каханым! Мне добра, вельмi добра! Пакiньце мяне ўсе ў спакоi!
Мацi спрабавала завесцi дачку дадому, але тая ўсчала такi крык, што святар параiў не чапаць дзяўчыну. Ёй прынеслi коўдру i паклалi спаць у каморы, на гаспадарчым двары маёнтка. Яна радасна ўсмiхалася ў сне.
— Не чапаць яе, — папрасiў Галiну мацi святар. — Iнакш д'ябал у ёй узбунтуецца i яна чаго-небудзь дрэннага наробiць. Будзем малiцца за яе душу, каб Бог вызвалiў яе з палону д'ябла. Не чапайце яе! Гэта ўжо не Галя, гэта толькi яе цела… Душа ў палоне д'ябла…
Мiкола ўвайшоў у свой пакойчык i хацеў ужо ўключыць тэлевiзар, як пачуў шум вады. У душавой нехта мыўся. Ён вярнуўся ў калiдор, адкрыў дзверы i ўбачыў пад душам голую жанчыну. Мiкола аслупянеў.
— Соф'я! — усклiкнуў ён. — Ты ж мёртвая!
— Слугi д'ябла не памiраюць, — пагардлiва скрывiла яна вусны, адпiхнула Мiколу i прайшла ў ягоны пакой.
Села на ложак.
— Што табе патрэбна? — сурова вымавiў Мiкола.
— А што, нельга ўжо i проста так наведаць свайго калегу? — усмiхнулася Соф'я.
— Якi я табе калега?
— Па забойствам, — растлумачыла тая. — Не будзь такiм сцiплым, восем немаўлятак — гэта тое, што нам трэба, каб залiчыць цябе да слуг д'ябла. Нам i аднаго забойства, без пакаяння, хапае, а ты — проста скарб, супермэн! Восем забойстваў i нi аднаго пакаяння!
— Я вiнаваты, што дзяўчаты самi вешалiся на мяне, а потым рабiлi аборты? закрычаў Мiкола. — Пайшла прэч адсюль, мярцвячына! Пайшла да д'ябла!
— З задавальненнем, мiлы! — усмiхнулася Соф'я. — Але толькi разам з табою!
Яна прайшла на балкон, села на поручнi.
— Чао, мiлы! — памахала ручкай. — Чакаю цябе ўнiзе!
I знiкла.
Мiкола не знаходзiў сабе месца ад злосцi. Выйшаў у калiдор i нос да носа сутыкнуўся з бялявым хлопчыкам. Той запытальна пазiраў на Мiколу.