Бабка Сашуля змахнула слязiнкi з вачэй. Вайдаш i Маруся выйшлi з хаты. Бабка паглядзела ў акно i прашаптала:
— Сустракалiся мы i ў тым жыццi, у мiнулым… У тым жыццi вы былi сябрамi, вось i цяпер знайшла душа душу… I ў тым жыццi вы былi аднаго полу. Нiшто наша цела ў параўнаннi з душою…
Iрэна са Сцяпанам перабiралi бульбу. Моўчкi, павольна.
— А ведаеш, Сцяпан, у Мексiцы ёсць раслiна, якая мяняе свой колер на працягу дня. На золку яна белая, у поўдзень — ружовая, затым цёмна-чырвоная, к вечару становiцца фiялетавая, а ноччу — зноў белая. Пахне толькi тады, калi белы колер мае!..
— Ай, якая мне справа да гэтага! — буркнуў Сцяпан. — Працуй моўчкi! Гэта ў вас у горадзе прынята балаболiць, а ў нас усе моўчкi працуюць!
— А чым жа тады галава забiта, як рукi працуюць?
— А нi чым! Пустая, i ўсё… — абазваўся ён, са злосцю кiдаючы ў вядро бульбiну. — Гэта ў цябе галаве сумна, а мы думаем: як на зiму чаго нарыхтаваць, як дзе што купiць, як дзе пахмялiцца…
— Прымiтыў. На ўзроўнi неандэртальца, — скрывiла вусны Iрэна. — У якiя ты гульнi любiў у дзяцiнстве гуляць?
— Па дрэвам лазiлi i гарэлку спрабавалi самi гнаць, каб матка не бачыла. На рыбу хадзiлi… Баба нас глядзела, а матка i бацька ўсё на ферме…
— Якая, па-твойму, павiнна быць iдэальная жанчына?
— Як Сонька наша! — Сцяпан падхапiўся. — О! Мы ж сёння да яе ў адведкi iдзём! Кiдай бульбу, пайшлi апранацца, а то матка хiтрая, самi ўжо збiраюцца, а нас не клiчуць!
— Раскрычаўся! — увайшла ў сенцы свякруха. — Iрэна, збiрайся! I джынсавае ўсё апранi, у нас гэта модна!
— У горадзе джынс — рабочае адзенне, — запярэчыла тая.
— А ў нас свая мода! — адказала тая. — I каб не доўгая спаднiца была! А то апранецца, як пападдзя!
Iрэна плюнула ад злосцi i пайшла апранацца. Свёкар надзяваў белую кашулю. Тамарка красавалася перад люстэркам у ружовай сукенцы.
…Iрэна аж аслупянела з перапуду: на iх накiнуўся цэлы кагал п'яных мужчын i жанчын. Яны цалавалiся са свёкрам i свякрухай, вiслi на Сцяпане, ягоных братах з жонкамi, вiслi на Iрэне, дыхалi перагарам i запрашалi за стол. Калi селi, нейкi п'яны мужык крыкнуў праз стол Iрэне:
— Свацця, вып'ем! Свацця, буську!
I стукнуўся сваёй замасленай чаркаю з яе кiлiшкам, вылiўшы палову на стол. Усе чаўкалi, плявалiся, елi без сподачкаў, тыкаючы сваiм вiдэльцам у розныя стравы, ад чаго салата з зялёным гарошкам стала чырвонай, бо запэцкалася ад салаты бурачковай, у якую раз-пораз совала вiдэльцам мажная жанчына з рыбiнымi вачыма, а затым вылоўлiвала з другога гарошак… Iрэна адчула, што яе зараз званiтуе, таму выпiла чарку смярдзючай гарэлкi i заспяшалася на ганак, каб глытнуць свежага паветра. На двары, ля плота, мачыўся на дошкi п'яны мужык. Ён зашпiлiў шырынку, гыкнуў, гледзячы на Iрэну, заспяваў песню i, хiстаючыся, пайшоў у хату. На хаду паспеў ушчыпнуць Iрэну за бачок.
— Цьфу! — плюнула Iрэна. — Прытон! Садом i Гамора!
— Ой, сваццейка! — абняла яе за шыю нейкая дзяўчына. Iрэна спачатку падумала, што гэта мужчына, бо надта ж моцнай была яе хватка. — Сваццейка! крычала дзяўчына. — Гэта не пiтон, гэта вяроўкi для бялiзны вiсяць. А сад там, а камора — тут! Пайшлi, там Сонька буталь схавала, вып'ем, сваццейка!
— Ой, пачакай! — спрабавала вырвацца з абдымкаў Iрэна. — Давай пазнаёмiмся! Я — Iрэна.
— А я — Гельтруда! — бухнула па плячы яе дзяўчына. — Завi мяне па-нашаму Гелька, а я цябе — Iрка! Ты ж ужо наша, вясковая, прывыкай. А я пiянерважатай працую! Зараз у водпуску. У нас усе настаўнiкi бяруць водпуск летам, каб грады палоць. Гэта толькi гарадскiя ездзяць у адпачынак, а ў нас смяюцца, калi хто едзе, значыць, гультай!
Гельтруда хмыкнула.
— А вы ўжо бульбу выкапалi? — запытала ў Iрэны. — Ой, а твая свякруха казала, што ты плоў рабiла, дык каша нейкая атрымалася, i мяса з падлiваю, дык каша таксама! Iрка, у нас так не робяць, улетку бульба i сала смажанае, аладкi. Агароднiна ў вераснi. А навошта ты ў горадзе тое мяса купляла? Гэта ж мяса на Каляды бывае, як кабана колюць, i ўсё, а так у нас нiхто не купляе, смяюцца тады!
— Я ў горадзе лепш харчавалася, — адказала Iрэна, — пойдзеш у краму, купiш 200 грамаў мяса ў пакецiку, катлет наробiш…
— Во якая дурная! Сонька наша нiколi катлет не рабiла, гэта ж перавод мяса! Толькi засалiць i ў боршч пракiнуць ды ў булён пракiнуць…
— Ну й толку з вашай вёскi! — агрызнулася Iрэна. — Калi мне ўдасца выбрацца адсюль, я ў сябе на грудзях выкалю: "Вёска! Не забуду тваiх здзекаў!" Мяне тут растапталi, зганьбiлi, згвалцiлi маю душу!
— Во, ты сапраўды не такая, як мы! — засмяялася Гельтруда. — Трусы мяняеш кожны вечар, катлеты робiш, размовы нейкiя вядзеш не тыя!
— Чаму ж? Я ўжо па-вашаму матамi крыю! — засмяялася Iрэна i стукнула Гельтруду па плячы. — Пайшлi, сваццейка, такую тваю маць, дзябнем па чарцы!
— О! Гэта тое, што трэба! — абняла яе Гельтруда.
Але за стол яны не пайшлi. Выйшлi ў сад.
— А наша кароўка нiяк не пабегае, — расказвала Гельтруда. — Свiнка за кабанамi пабегала, мы яе да вашага кнура вадзiлi. А кароўка — не! Тыя тры каровы пабегалi, а гэта — не!
— Ты кнiжкi чытаеш, Гельтруда? — запытала Iрэна.
— Смяешся? Якiя тут кнiжкi, няма калi з-за працы! Нашы чацвёра кабаноў жруць, як буржуi, а меншая свiнка — не, — прадоўжыла Гельтруда. — А гуркi ў гэтым годзе пасохлi, г…о гуркi! А памiдоры зялёныя яшчэ… Што за год такi?
— Пляваць я хацела на вашу вёску, — засмяялася Iрэна. — У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны — капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..
— А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!
— Дык ён жа п'е! — не пагадзiлася Iрэна.
— Во якая дурная! — здзiвiлася Гельтруда. — Гэта ж добра! Налiла яму — усю работу табе зробiць!
Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.
…На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала:
— Божа! Ты пакараў мяне за грахi мае ў горадзе… Пакараў, скiнуўшы ў гэтае пекла. Ты праверыць хацеў, цi вытрымаю я, цi не зламлюся я, прыгажуня, якая так ганарылася сваiм целам, так пеставала яго, так марыла пра задавальненнi, каханне, прыгоды… Я зразумела ўсё. Ты адняў у мяне ўсё тое, што я мела ў горадзе, i я зразумела, што засталася без свайго цела з такою недасканалаю душою. Мне цяжка духоўна… Дапамажы мне выбрацца адсюль! Я хачу яшчэ раз вярнуцца ў горад, каб зразумець, наколькi цвёрдае маё рашэнне пайсцi тваiм шляхам, Госпадзi! Я не разумела Аленку, называла яе дзiвачкаю. Смяялася: "Як жа ты без мужчыны?" Цяпер трэба смяяцца з мяне… Дапамажы мне, Госпадзi, выстаяць, не зламацца тут, у гэтым пекле!..
Анатоль Хвашчэўскi пасля выхаду з бальнiцы незадаволены вярнуўся ў сваю кватэру. Куча вопраткi пасля чарговага паходу ажно засмярдзелася. Ён кiнуў яе ў ванну, а сам пачаў шнарыць у пошуках ежы. На стале ляжала заплесневелая скарынка хлеба. Адключаны халадзiльнiк быў пусты.
— Зараз! — раззлаваўся Анатоль. — Галя хоць бы баршчу якога зварыла! Дарэмна кiнуў яе, трэба жанiцца! Цяпер вось не жонка, а хвароба ў паход не пускае! Дэфармiруючы артроз, во зараза! Якi я цяпер хадок з такiмi нагамi?
Ён дастаў мазь i пачаў нацiраць суставы. Потым апрануў новы касцюм i падаўся да Галi ў iнтэрнат. Дзяўчына сустрэла яго сцiпла i ветлiва.
— Вось што! — уздыхнуўшы, прамовiў Анатоль. — Што было, тое сплыло! Пайшлi ў загс, Галя!
Дзяўчына замялася.
— Я толькi што развялася, — прамовiла яна. — З-за гэтага казла, Альберта, кар'еру страцiла. Цяпер другая замест мяне ў Польшчы працуе.
— Нiчога, — спачувальна сказаў Анатоль. — Са мною ўсё будзе добра. Будзем жыць у маёй кватэры. Будзеш чакаць мяне з паходаў. Мыць бялiзну, ежу рыхтаваць, усё цiха i спакойна будзе…