Да Iрэны падсела Тамарка.
— Глядзi! — паказала ёй чорную кнiгу, на якой вялiкiмi лiтарамi было напiсана Бiблiя. — Гэта ж наш бацюшка мне падарыў!
— Зноў па святарах бегаеш! — увайшла ў пакой мацi. — Гультаi яны ўсе! Бач, колькi зямлi маюць!
— У нашага бацюшкi сямёра дзяцей, яму ж трэба iх кармiць, вучыць, у людзi выводзiць! — заступiлася Тамарка. — А ў ксяндза няма сям'i, яму прасцей…
— Дзе грошы брала на кнiгу? — закрычала мацi.
— Ён мне так падарыў. Я сказала, што ты не пускаеш мяне ў нядзельную школу, дык ён падарыў!
— Калi ты ўжо бегала туды? Можа, як я на базар ездзiла? Га? Ты да нашай Сонькi схадзiла, дапамагла ёй кароў падаiць цi ўжо забылася на сястру, як тая замуж выйшла? — пачала сварыцца мацi. — Самую нiхто не бярэ, дык ты сястры зайздросцiш?
— А за каго тут iсцi, за Кольку Цяцеркiна? — засмяялася Тамарка. — Ён мяне праводзiў i замуж прапанаваў, але ён п'е! Навошта мне п'янiца? Я з Iрэнай паеду да цёцi Алены ў манастыр, у Полацак, можа, там i застануся! Чым з п'янiцамi жыць, як мае браты цi iншыя хлопцы, дык лепей Богу служыць!
— Калi мужык вып'е, тады яму весялей працаваць, — павучальна сказала мацi. - Iдзi за Кольку, у яго пяцёра кароў…
— Навошта вы трымаеце па столькi кароў? — здзiвiлася Iрэна. — З голаду, цi што, памiраеце? Малако здаяце, а грошай вашых не вiдаць, то сахар, то муку мяшкамi купляеце, а тады гарэлку гонiце!
— Вось Кольку i трэба паiць, каб гэтую хваравiтую ўзяў! — кiўнула ў бок Тамаркi свякруха. — Няхай яна табе скажа, што ў яе за хвароба! Ёй жа падымаць нiчога нельга, бо кроў з яе льецца…
— З-за вашай гаспадаркi я i надарвалася! — заплакала Тамарка. — Усё вам мала, мяхi з бульбай цягаць вам трэба, быццам хлопцаў няма!
— Што гэта за баба, што мех бульбы не падыме! — раззлавалася мацi. Здыхля! Радуйся, што хоць Колька бярэ!
I выйшла, грымнуўшы дзвярыма.
Тамарка шапнула Iрэне на вуха:
— Глядзi, што яшчэ мне бацюшка падарыў! - i паказала дзiцячае пiянiна. Пайграй мне, Iрэначка! Тое месца ў Чайкоўскага, дзе танец маленькiх лебядзяў!
Iрэна паспрабавала. На гукi пiянiна ўскочыла свякруха.
— Хату падмяцi лепш! — буркнула Iрэне. — Наша Сонька такая працавiтая. У яе столькi крышталя ў хаце, а цюляў колькi!
— На iх каты катаюцца! — засмяялася Тамарка. — I мужык п'яны сальныя рукi выцiрае! А ў сале чэрвi завялiся, бо жадзiна яна! I свiней малаком кормiць! А ўсё плача, што галодная!
— Ды Сонька дзiця ў баразне нарадзiла, такая працавiтая! Пуза пад нос, а яна сена з мужыком таптала, вiшнi на драбiне абiрала! А ты будзеш цяжарная, дык хадзiць будзеш баяцца, каб не выскачыла, здыхля! Сонька i на канi скакала цяжарная!
— Яна i сама, як той конь, на жанчыну не падобная! — засмяялася Тамарка.
— Не падобная? — скрывiлася мацi. - Iрэна, вось пойдзем на адведкi, дык пабачыш, якая наша Сонька! Там яшчэ i Гельтруда будзе, яна настаўнiцай працуе, за Сцяпана вельмi хацела! Працавiтая дзеўка, рукi, як качолачкi, плечы, як булава, круглыя, крутыя, любога мужыка за пояс заткне ў працы. Маўклiвая, слова ад яе не пачуеш…
— Шапялявая, вось i маўчыць! — засмяялася Тамарка. — I нiякая яна не настаўнiца, з вучылiшча педагагiчнага адлiчылi, бо тупая, вось пiянерважатай працуе ў школе, па блату!
— Яна не тупая, а працавiтая! — закрычала мацi. — Гельтруда паехала бульбу цётцы капаць, месяц не была на вучобе, вось i адлiчылi!
Тамарка засмяялася:
— Тупых работа любiць!
— Гультайкi вы дзве з Iрэнай! — раззлавалася мацi. — Анягож! На пiянiна трынькаюць ды Бiблiю чытаюць! Нi Богу свечка, нi чорту качарга!
I пайшла спраўляць працу.
Зоська з цiкаўнасцю пазiрала на хату Рыгора. Вось ужо месяц, як гаспадар знiк некуды. А што, калi гэта чары Соф'i, чары з таго свету? Сама Зоська ўжо не баялася анiякiх чараў, нават сама хацела нешта падрабiць цётцы Свеце i свайму бацьку. У Рыгора, казалi, была нейкая кнiга Белай магii, вось каб знайсцi яе! Тады можна i на Алеся паваражыць: што яе чакае з iм. Хлопец не збiраецца, аказваецца, працаваць у iх школе, паступiў у аспiрантуру, хоча быць акеанолагам. Цiкавае жыццё! А кiм будзе яна, Зоська, няўжо так i застанецца ў вёсцы бiблiятэкаркай? Яна ўсё Гайву раўнавала да Алеся, а яна цяпер i не прыязджае сюды. Кажуць, у яе шмат кавалераў, мяняе, як пальчаткi. Вядома, прыгожая…
Зоська пракралася да сенцаў Рыгора, знайшла пад каменем ключ i адмыкнула хату. У пакоях было ўтульна i таемна. Нiдзе не вiднелася люстэркаў — дзiўна, звычайна тыя, хто займаецца магiяй, маюць шмат люстэркаў. Яна прайшла да кнiжнай палiцы i пачала глядзець кнiгi.
— Гэта не дапаможа табе, — пачула голас.
Азiрнулася. На парозе стаяў дзядзька Рыгор: высокi, прыгожы, з кучаравым чубам, нават не скажаш, што яму сорак год. Такое ўражанне, што ён, наадварот, не старэе, а маладзее.
— Дзе вы так доўга былi? — пацiкавiлася Зоська.
— Па справах, — адказаў Рыгор. — У кожнага на гэтай зямлi свае справы. I трэба прытрымлiвацца таго, што табе паказана на руцэ. Свой лёс i на канi не аб'едзеш!
Ён падышоў i ўзяў руку Зоськi. Уважлiва паглядзеў на яе i прамовiў:
— Лiнiя розуму на правай руцэ, як даў табе Бог, а на левай, як ёсць цяпер. Лiнiя розуму на левай руцэ iдзе ўнiз да стыку з Месяцам. Ты з-за любоўных iнтрыг можаш страцiць кар'еру. Такая ж рука i ў Галi Аўдоццiнай, яна ўсё каханне шукае, а ў яе ж лiнiя сэрца выходзiць з рукi, памiж пальцаў: указальным i сярэднiм. I ў цябе выходзiць. Тут ужо як нi круцiся, а ў каханнi вам не пашанцуе, хоць дзесяць разоў замуж выходзь. Галю я перасцярагаў, не паслухалася. А ты не будзь дурнiцаю, не шукай кахання, не думай пра замужжа, а рабi кар'еру. Зараз у цябе сяброўства з Алесем. Сяброўства вышэй кахання. Даражы гэтым. Паступай разам з iм туды, куды i ён, цi блiзка ля таго, каб быць разам у моры. У цябе будзе цiкавае жыццё!
Ён крыху памаўчаў, усмiхнуўся i дадаў:
— Ведаю, ты да Гайвы раўнуеш. Вось яна пустая i бесталковая, але яе чакае цудоўны шлюб: багаты i шчаслiвы. Не бойся, не з Алесем…
— А чаму так Бог не роўна дзелiць? — раззлавалася Зоська. — Гайве дык шлюб, а мне — без шлюба i кахання, толькi кар'ера! Што, Гайва чымсьцi выслужылася перад Богам?
— Нельга так гаварыць, — закiваў галавою Рыгор. — Усе вы прыйшлi на зямлю з мiнулага жыцця, i на вашых далонях напiсаны ваш лёс у гэтым жыццi. Пэўна, саграшылi ў нечым, вось i другi раз нарадзiлiся, каб выправiцца… Табе не дзiўна, чаму Соф'я так ненавiдзела дачку сваю, Аленку?
— З-за кахання да цябе, гэта ўсе ведаюць!
— I не толькi! Каханне — гэта пакаранне ад Бога ёй. У мiнулым жыццi Соф'я i Аленка былi ворагамi, вось Бог i даў адной ад другой нарадзiцца, каб памiрылiся. Соф'я не захацела мiрыцца. Тады Бог дапусцiў, каб д'ябал усялiўся ў яе… Чакаў, што пакаецца, але — не, яна працягвала ненавiдзець усiх… Тады яе душа пакiнула цела, лiнiя сэрца з яе далонi знiкла. Будзь асцярожна, калi ў каго на далонi няма лiнii сэрца — гэта дэманаiд. Мая задача — знiшчаць дэманаiдаў. Усе маньякi, забойцы — гэта ўжо не людзi, iх цела пакiнула душа, гэта дэманаiды. I мне смешна з вашых законаў — вы судзiце iх! Як можна судзiць д'ябла? Яго трэба знiшчаць, знiшчаць целы, у якiх ён знаходзiцца…
— Дзядзька Рыгор, — ашаломленая, Зоська глядзела на яго шырока раскрытымi вачыма, — чаму вы ўвесь час кажаце: "вашы законы", "вас пасылаюць на зямлю", вы хiба не адносiцеся да нас, хiба вы не чалавек?
Рыгор раскрыў ёй сваю далонь, i Зоська ўбачыла, што ў яго на руцэ адсутнiчае лiнiя жыцця. Толькi роўная лiнiя розуму на ўсю руку, якая злiлася з лiнiяй сэрца.
— Хто вы? — запытала яна. — У дзядзькi Рыгора была лiнiя жыцця…
— Я — бiяробат. Бiяробат-паляўнiчы, мая задача — знiшчаць д'ябла!
— А дзе ж тады дзядзька Рыгор?
— Яго душа ўжо з Богам.
— Значыць, у нашы целы могуць усяляцца д'яблы i бiяробаты? Цi бываюць бiяробаты злымi?
— Бываюць рознымi. У залежнасцi ад iх задачы.
— Хто iх пасылае?
— Ты ўсё роўна забудзеш нашу размову. Памятай толькi адно: твая лiнiя сэрца выходзiць з рукi. Вер лёсу, не шукай, наперакор яму, кахання i шчасця ў сям'i. Рабi кар'еру! Сяброўства даражэй кахання! Каханне прыносiць пакуты i здрады, сяброўства — нiколi. Закаханы — дабыча для д'ябла: раздваенне асобы, вар'яцтва. Адам i Ева ў Эдэмскiм садзе былi сябрамi, пакуль iх не спакусiў д'ябал… Рабi кар'еру!