Галя нацягнула шаўковую сукенку, абула басаножкi на абцасах. Затым выйшла ў калiдор i, прыслухоўваючыся, цi не iдзе Вера, пераабулася ў старыя, парваныя, але без абцаса i такiя лёгкiя басаножкi. Выбегла з iнтэрната паштамта i нос да носа сустрэлася з Зоськай, дзяўчынай з iхняй вёскi.
— Ой, Галечка! — абняла тая яе. — Якая сустрэча! Ты модная, прыгожая… перавяла позiрк унiз, на яе ногi, i скрывiлася, затым усмiхнулася i запытала: — А дзе ты працуеш? Хлопца ўжо знайшла цi з Анатолем памiрылася?
— На паштамце працую, у бiблiятэцы. — Галя скiравала да газона i стала ў траву, каб схаваць парваны абутак. — Кавалераў шмат, — схлусiла яна, — але ўсе абы-што, не тое! А Анатоля я даўно кiнула, навошта мне лавелас? А ў цябе як справы? Вярнуўся твой бацька ад цёткi Светы, жыве цяпер з мацi?
— Не, — сумна адказала тая, — з цёткай Светай жыве… А наш брацiк малодшанькi такi слаўны! — ажывiлася дзяўчына. — Хутка два месячыкi яму. Я нашыла ўсякiх распашонак, шапачак, дык Алесь смяяўся, кажа, добра на «ляльку» шыць, а вось на дарослага не ўмею! Дык я яму кепi пашыла, каб сонца ў галаву не пякло — ён жа дах у нас рамантуе — такi спрытны ды вясёлы Алесiк! Не ведаю, чаму Гайва яго кiнула?..
— Не яна — ды ён яе кiнуў! — растлумачыла Галя. — У Гайвы хлопцаў шмат. I з Мiколам гуляла, i Антось яе праводзiў… Дарэчы, памятаеш Антося, такi надта сур'ёзны хлопец, турыст? Ну, дык ён зараз у Жыровiцкай семiнарыi вучыцца на бацюшку! Ой, Зоська, мне час на працу, бывай!
Галя цмокнула яе ў шчаку i пабегла да аўтобуснага прыпынку.
…На працы Галя пераабулася ў тапкi, засунула ногi пад пiсьмовы стол i пачала правяраць фармуляры, каб выявiць запазычанасцi чытачоў. Да яе стала падышоў высокi светлавалосы юнак, з закручаным угору чубам, вялiкiмi, таўстымi вуснамi. Блакiтныя вочы глядзелi з сумам.
— У вас ёсць што-небудзь па псiхалогii? — цiха запытаў ён. — У мяне праблема: здрада каханай… Што-небудзь, каб забыць яе…
Галя задумалася.
— Я сябраваў з ёю, яна зацяжарала, але пайшла за другога. Я ведаю, яна нарадзiла дачку… Гэта мая дачка…
Галiна сэрца забiлася ад шкадавання гэтага хлопца, ягоны боль адазваўся ў яе сэрцы.
— Як вас завуць? — запыталася яна, прыветна гледзячы яму ў вочы.
— Лёнiк…
— Лёня, я ведаю адзiн метад, але… — Галя схамянулася. — Гэта трэба пасля працы…
— Цудоўна, я пачакаю вас! — абазваўся ён, i вочы яго ўспыхнулi надзеяй.
…У царкве было шмат народу. Усе таўклiся, узбуджана адсоўвалiся, калi Галя i Лёнiк прабiралiся да iканастаса.
— Чырвоную свечку купiў? — перапытала Галя. — Запальвай! А цяпер вазьмi дзвюма рукамi i апусцi так, каб полымя было на ўзроўнi кален. Павольна падымай свечку ўверх, у тых месцах, дзе свечка будзе трашчаць, патрымай больш часу. Уявi сваю каханую i кажы: "Я пазбаўляюся ад звязкi з табою, я хачу быць вольным ад цябе. Даруй i адпусцi!" Калi полымя свечкi акажацца на ўзроўнi лба, патушы свечку.
Лёнiк зрабiў усё, што сказала Галя. Калi яны выйшлi з царквы, дзяўчына папярэдзiла:
— Абавязкова спалi яе фотаздымак!
Лёнiк кiўнуў i папрасiў дазволу правесцi яе да iнтэрната. Галя згадзiлася. Размаўляць з Лёнiкам было цiкава. Ён працаваў будаўнiком, шмат дзе бываў i аказаўся цiкавым хлопцам. Галя так пранiклася да яго душою, што запрасiла на кубачак кавы.
— Галечка, ты такая цудоўная дзяўчына! — усмiхнуўся Лёнiк. — Давай сустракацца! Толькi спачатку навучы, што яшчэ трэба рабiць, каб забыць яе!
— Па-першае, нiколi не размаўляй на тэмы кахання, пра сваю каханую больш не расказвай нiкому, сам не ўспамiнай i не чытай любоўных раманаў, не глядзi серыялаў пра каханне, — павучальна сказала Галя. — Пазбягай з ёю сустрэч, усё спалi: пiсьмы, паштоўкi… Кожны ранак апускай пальцы ў пасудзiну з халоднай вадой, правай рукi пальцы, i рабi «водаварот», тады кажы: "Чыстая вадзiца, змый з мяне гнеў i прывязанасцi, дапамажы мне занава нарадзiцца!" Зрабi шэсць кругоў i вылi ваду на макушку, засмейся i ўявi, што нарадзiўся занава.
— Дзякую, Галечка! — засмяяўся Лёнiк. — Нiколi цябе не забуду! Ну, бывай!
Ён яшчэ раз падзякаваў за каву i пайшоў з яе пакойчыка.
…Цела кранулiся вiльготныя сцяблы чароту. Затым цёплы рачны пясок, колкi да кожнай часцiнкi, да кожнай пясчынкi адчувальны, пасыпаўся на жывот. Багiня заварушылася, пацягнулася, прачынаючыся, але пацалункi пяшчотна-мяккiх вуснаў лагодна, не настойлiва вярнулi яе назад, у сон. Багiня адчувала, як адзiн яе бок агортвае маленькая, утвораная ад лёгкага ветрыку хваля, затым белае марыва ахутала яе ўсю, праглынула. Яна паднялася над зямлёю, стала прыгожым матыльком, заблыталася ў валасах каханага, ператварылася ў кропельку i застыла на яго цёмных вейках. Яна бачыла ягоныя вочы: аксамiтна-цёмныя, лагодныя i шчырыя, яны таiлi ў сабе цеплыню сонца i безлiч таемных, нязведаных чараў… Ягоныя вусны… Пiць бы з iх, бы крынiчную ваду, i памiраць ад смагi…
— Вайдаш… — прашаптала багiня.
— Вайдаш… — зашапацелi сцяблы чароту.
Багiня забыла свае iмя. Яна не хацела ўспамiнаць яго, баялася вярнуцца ў рэчаiснасць. Ёй так было добра з iм. Яна не хацела расплюшчваць вочы, а святло настойлiва бiла ў твар, прымушала агледзецца навокал. Багiня закрыла вочы рукою, але ён адхiлiў гэтую руку i пачаў цалаваць яе: танюткiя пальчыкi, далонь… загарэлае плячо, вусны, i багiня расплюшчыла вочы i ўбачыла над сабою высокае зеленавата-празрыстае неба. I тады яна заплакала, бо ўспомнiла сваё iмя… Яна ўжо не магла сказаць яму: "Вайдаш…"
…Калi ад'язджала з Вiшанькi, прыбег Анатоль, ён амаль ускочыў у хату, збiў з ног бабку Сашу, прымусiў яе выйсцi i са злосцю вымавiў Марусi:
— Ты што, думаеш, ён у цябе закахаўся? Ды ён проста палюбоўнiцу шукае, каб чыстую, без СНIДа! Смяюцца… I вёска ўся смяецца!
Тады ёй стала так балюча i горка, што яна ледзь стрымалася, каб не заплакаць. I з насмешкай адказала яму:
— Лепш быць палюбоўнiцай князя, чым жонкай хама!
…Бяздоннае неба зберагала спакой i маўчанне.
— Што з табою? — прашаптаў Вайдаш.
"Усё пройдзе, — падумала Маруся, — застанецца толькi ўспамiн…"
— Не хачу развiтвацца з Нiцай, — адказала яна.
— Мы яшчэ вернемся сюды, — усмiхнуўся Вайдаш.
"Я ўсяго толькi эпiзод у тваiм жыццi", — падумала Маруся.
У глыбiнi вачэй яе застыла горыч. Яна нiколi не забудзе, як ён называў яе багiней, як гаварыў камплiменты, як цалаваў яе цела, як багатварыў… Яна паверыла яму i адчувала сябе багiняй. Але памятала, што гэта толькi гульня, чароўная казка… Няхай яна доўжыцца больш, казка, якую ён сам прыдумаў… Багiня i яе Тварэц…
— Няхай доўжыцца казка, — прашаптала Маруся i абняла яго.
…Яны ступалi босымi нагамi па гарачым пяску. Маруся апранута ў доўгую спаднiцу з разрэзамi па баках i белую майку, Вайдаш — у шортах i майцы з малюнкам фiялетава-зялёнага мора. Ля дарогi, на палях з сабраным ураджаем, засталiся даспяваць жоўтыя бабы, збоку адзiнокiх кустоў сiнела ажына. Бясконцае мноства рабiнавых дрэваў гарэла развiтальным агнём спякотнага i шчаслiвага лета. Вайдаша i Марусю абганялi рэдкiя прахожыя з поўнымi кошыкамi грыбоў. I яна ўспомнiла, як учора ездзiлi ў лес з Вайдашам, на машыне. Марусi ўсё нiяк не траплялiся грыбы-баравiкi. I тады яна задумала жаданне: калi знойдзе баравiк — вернецца сюды яшчэ. Накрапваў дождж, i Вайдаш паклiкаў Марусю да машыны, каб ехаць дадому. Яна заставалася ў глыбокiм цянi ялiнаў. I раптам пад апушчанай яловай лапкай заўважыла вялiкi карычневы баравiк. Маруся ўскрыкнула ад радасцi, падбегла да яго, пагладзiла, акуратна падрэзала i паклала ў кошык. У машыне Вайдаш абняў яе, яна прытулiлася да ягонага пляча, толькi вочы выглядвалi i бачылi, як па шкле машыны стукаюць срэбныя кроплi дажджу…
А потым яны ездзiлi на хутар да Аi з Мартыньшам. Ая зусiм маладзенькая, а ўжо ў iх трое дзяцей. Танклявая, светлавалосая, гаваркая i сур'ёзны прысадзiсты МартыньIш, яе муж. Меншая iх дзяўчынка, гадкоў двух, зняла калготкi i лезла ў начоўкi з вадою купацца. Маруся пачала сварыцца на яе. Хаця тая разумела толькi па-латышску, але ж у голасе Марусi пачула строгiя ноткi i вылезла з начовак. Свякруха Аi капала бульбу. Вайдаш падышоў да яе, спытаў нешта па-латышску. Маруся таксама вывучыла некалькi фраз, павiталася, спытала, як здароўе. Здавалася, яна ў iншым свеце i сама iншая, i ўсё, што з ёй адбываецца, гэта наогул не з ёй, проста яна "глядзiць кiно" пра жыццё незнаёмай ёй дзяўчыны…