Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Чаму ён плача? — цiха спытала Зоська.

— Таму, што мы з табою загарадзiлi яму дарогу.

— Хiба ён не можа абысцi?

— Вось у гэтым яго i бяда, што не можа, — самотна мовiў хлопец. — Такi ўжо ён дзiвак. Калi выйдзе з рэчкi пагрызцi кару асiны, то абавязкова павiнен вярнуцца назад па той самай сцяжынцы, па якой прыйшоў. А калi яна занята, то будзе сядзець i плакаць… З-за гэтага яны i гiнуць.

— Кажуць, хто заб'е бабра, таму не будзе дабра, — успомнiла прыказку Зоська.

Бабёр старанна выцiраў вочкi, прысядаў, зноў станавiўся на заднiя лапкi, умольна пазiраў чорнымi вочкамi, пакуль Алесь з дзяўчынай не адышлi ўбок. Тады звярок падскочыў ад радасцi i заспяшаўся да рэчкi, плюхнуўся ў ваду i знiк.

Нечакана Алесь абняў Зоську i пацалаваў. Дзяўчына вырвалася ад яго i пабегла дахаты праз зелянеючыя агароды.

— Мне трэба жонка не толькi прыгожая, але i разумная! — буркнуў Анатоль, скручваючы палатку.

Галя пераступiла з нагi на нагу, кiнула позiрк у бок Антося, той сядзеў на ўжо сабраным заплечнiку i перабiраў струны гiтары.

— Толечка! Ва ўсiх людзей здараюцца памылкi! — умольна заглянула яму ў твар Галя.

— А хто пусцiў плёткi пра мяне i Марусю? — са злосцю вымавiў той. — А хто кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму расказваў пра мяне i Вайдаша? З усiмi, як дурная, раiлася: iсцi мне за Анатоля цi чакаць Вайдаша?

— Навошта мне твой Вайдаш! — узмалiлася Галя. — Ён жа з Марусяй спутаўся начальнiк са сваёй падначаленай! Яна палюбоўнiца ягоная!

— Што? — вытарашчыў вочы на яе Анатоль, адкiнуў убок палатку. — Ану! Антось, пайшлi хутчэй да Мiколы, час ехаць ужо! Па дарозе я зайду да Марусi… — буркнуў сабе пад нос.

Яны пакрочылi ў бок вёскi. Галя пакорлiва плялася ззаду Анатоля.

— Калi ты ўжо навучышся апранацца! — кiнуў ёй Анатоль. — Сорамна, калi каго знаёмага сустрэну! Ты так i ў горадзе хадзiць будзеш? Босая, сукенка брудная…

— Гэта ж вёска… — прамармытала яна.

— Вёска, вёска! — агрызнуўся той. — Паглядзi, як Гайва апранаецца!

— Яна ж сястра князя…

— А Маруся?

Галя аж ускiпела:

— А што ёй? Курве гэтай! Твая была палюбоўнiца — хамава, цяпер — князева! Сяброўка такая — хлопца ў мяне адбiла, абодвух! Вунь у Зосьчынай мацi ёсць сяброўка — Святлана, дык сёння Зосьчыну мацi ў раддом забралi, а цётка Света ўсё дапамагае: кароў доiць, свiней кормiць! Цётчынаму мужыку есцi варыць! Вось гэта сяброўка, дык сяброўка!

Галя пiхнула нагою хортку i ўвайшла ў свой двор. Азiрнулася, крыкнула на развiтанне Анатолю:

— Шчаслiвай дарогi!

I, плачучы, заспяшалася ў хату.

Хлопцы скiравалi да Мiколавага двара. Той ужо чакаў iх — сядзеў на лавачцы пад яблыняй. Побач — спартовая сумка.

— Што, на працу ўжо сабраўся? — усмiхнуўся Анатоль.

— Дык Наташка ж, трамвайшчыца, — глянуў у бок Антося, — памятаеш, такая прыдуркаватая, усё жратву мне насiла, да сябе на працу ўладкавала! Цяпер буду вучыцца на вадзiцеля, у горадзе застануся. Хоць адна дзяўчына добрую справу зрабiла!

— А што з Аленкай? — пацiкавiўся Антось. — Усё мiлавалiся ў паходзе…

— Навошта яна мне з такою дурною маткаю! Праўда, ужо пакойнiца матка, але ўсё роўна непрыемна ведаць, што Аленка яе дачка… Мне б дзяўчыну з добрага роду, вось як Гайва… — задумлiва ўзняў вочы Мiкола. — Але яна не хоча быць са мною — Алеся кахае… Што ж, будзе дзяўчынаю маёй мары… Прыгожая! Праўда, хлопцамi кiдаецца, кошту сабе не ведае, задавака ганарыстая!

— Даганарыцца! — заключыў Антось. — З доўгага выбору — лапцi ды аборы…

— Яе ж брат дадому адправiў! — выйшаў з хаты бацька Мiколы.

Хлопцы прывiталiся з iм. Дзядзька сеў з iмi побач на лаву, запалiў.

— Што, скончыўся паход? — закiваў галавою. — Цяпер — хто куды… А ты, Антось, дзе працаваць збiраешся, можа, таксама, як мой Мiкола, ад вёскi адмовiўся…

— Я ў семiнарыю пайду вучыцца, — адказаў той.

Хлопцы са здзiўленнем паглядзелi на яго.

У гэты момант у двор уляцела заплаканая Зоська.

— Дзядзька Адась! — заплакала яна. — Вы, як бацька хросны, парайце, што мне рабiць! Мацi яшчэ ў раддоме, а цётка Света бацьку нашага забрала да сябе жыць! Я адна па гаспадарцы! А што ж я мацi скажу, калi з раддома явiцца? Дзе татка, скажу? — галасiла яна. — Да цёткi Светы перайшоў! Вось якая яна сяброўка была маёй мацi — мужыка адбiла!

— Мусiць, яны даўно ўжо знюхалiся, — агоркла мовiў дзядзька Адась, прытулiўшы да сябе Зоську.

— Бабам нельга верыць! — са злосцю абазваўся Мiкола. — Сяброўка — гэта першы вораг! За што я жанчын не люблю! Вось мужчынскае сяброўства — гэта жалезна!

— Свет — бардак, а людзi — б… — буркнуў Анатоль, пацiраючы бараду.

— Я ж казаў вам — каханне ад д'ябла, — заключыў Антось, уздыхнуўшы. Каханне прыносiць пакуты, здраду, яно забiвае. А любоў боская — самая правiльная любоў на свеце. Яна — у манастырах…

— Чаму вы не прыйшлi ўчора вечарам? — запытаў Марусю Дуброўскi, заходзячы ў двор бабы Сашы.

Маруся кармiла пшаном куранят. Азiрнулася, глянула на яго.

— Адзiн раз я ўжо зайшла, да дзеда Ўладыморыка, па справе, — уздыхнула Маруся, — а колькi стала плётак! Сказалi, што я — ваша палюбоўнiца.

— Вось як? — засмяяўся Дуброўскi. — А я чуў другое…

— Мяне зусiм не цiкавiць, што вы чулi, — адказала Маруся i паднялася на ганак. — Сёння я еду дадому. Работа мазаiчнiцы больш не патрэбна ў маёнтку.

Дуброўскi сарваў маленькую блакiтную кветачку ў траве. Яна мела тры пялёсткi, а пасярэдзiне дзве стрэлачкi.

— Ведаеце, як называецца гэта кветачка? — лагодна запытаў Дуброўскi.

Маруся ўсмiхнулася, твар яе пасвятлеў.

— Гадзiннiчак, — адказала яна. — Я так назвала яго ў дзяцiнстве… А другую, ружовую, у якой пялёсткi падобныя на сонечныя промнiкi, — сонейкам… Я любiла сваю вёску Хвойнае, там былi такiя добрыя людзi! Яна выселена з-за радыяцыi, але людзi вяртаюцца, а ў iншыя хаты засялiлiся чужыя — прыезджыя людзi з розных месцаў…

— Вы пакажаце мне сваю вёску? — папрасiў Дуброўскi. — Раскажаце, дзе хто жыў…

— Гэта ж далёка…

— Мы паедзем на маёй машыне.

— Не, дзякую, — адмовiлася Маруся, — ужо i так куча плётак. Сустрэла неяк у лесе Анатоля, выдумалi, што абдымалiся. Цяпер пра вас i мяне…

— З людзьмi нiзкаiнтэлектуальнымi трэба паводзiць сябе асцярожна, — сказаў Дуброўскi. — Раней я таксама гэтага не ведаў i, як вы, таксама iшоў да iх з адкрытаю душою, гутарыў з усiмi, панiбрацтваваў… А яны не паважаюць тады, калi знiжаешся да iх. Яны паважаюць таго, хто зверху над iмi, таго, каго трэба баяцца, хто не звяртае на iх увагi, не размаўляе з iмi. Вось былi два дырэктары ў адным саўгасе. Першы — просты чалавек, гутарыў з iмi, калi чарку-другую прапусцiць, а то i прынясуць яму дадому, як дасць каму машыну цi так што — даведку якую выпiша. Дык яго не баялiся — свой чалавек! I пляткарылi… А прыйшоў другi, дык да яго звяртаецца чалавек, а ён сядзiць i маўчыць. Той чалавек другi раз перапытае: "А можна мне гэта?" Дырэктар зноў маўчыць. Тады калгаснiк аж у ногi кланяецца: "Даражэнькi, а цi можна мне гэта, га?" Вось толькi тады дырэктар, ад сэрца адрываючы, кiне яму: "Добра, iдзi!" А на вулiцы да яго падысцi баялiся, такi ганарысты быў, бо як хто падыдзе i спрабуе казаць што яму, дырэктар iдзе, а чалавек бяжыць ззаду i гаворыць: "А можна мне, га?" Дырэктар сабе пад нос: "Добра, iдзi!" А ў сям'i ён быў ласкавы i разгаворчывы. Так што вучыцеся i вы не размаўляць, вытрымлiваць паўзу, калi да вас звяртаецца хам, быць ганарыстай…

— Вы людзей называеце хамамi? — з прыкрасцю спытала Маруся. — Значыць, вы князь, а яны — хамы?

— А як можна назваць людзей, якiя ўсё жыццё, як свiннi лыча, галавы нiколi не падымалi да сонца. Не бачаць нiякай прыгажосцi навокал, жывуць сярод прыроды i псуюць яе. Гараджане так да прыроды не ставяцца. Пасля паходу ўсё пасля сябе прыбяруць. А вы былi на ўскрайку лесу? У мiнулым годзе там дровы калгаснiкi для пiларамы загатаўлiвалi, дык засмецiлi ўвесь лес — галлё, пнi выкарчаваныя, усё гнiе, не прайсцi, спаганiлi лес. А можна ж было ўсё сабраць у кучу ды людзям аддаць на растопку печаў цi так куды… Металалом з механiчнага двара ў полi валяецца абы-дзе, расцягнуты па ўсiм поплаве. А раней тут якiя травы былi, кветкi. Мазуту ў рэчку злiваюць. Што датычыць мяне, то многiя мне зайздросцяць, багаты, маўляў, маёнтак аднаўляю не так для санаторыя, як для сваёй славы. Яны мне зайздросцяць. Як насякомыя, якiя ляцяць на гнiлое, так i зайздросны чалавек, прамiнуўшы добрыя намеры блiжняга, вышуквае ў iм заганы, каб упiцца языком-джалам сваiм…

32
{"b":"110845","o":1}