Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Хлопцы i дзяўчаты моўчкi скiравалi за Анатолем, толькi Мiкола нехаця плёўся ззаду…

— А я кажу: калi ў мяне жонка патлусцее — будзе кожную ранiцу вакол хаты бегаць! — сур'ёзна паўтарыў Анатоль, памешваючы мярзотны кiпень у катле.

— Як ты называеш гэтую страву? — наiўна папыталася Галя, лiслiва заглядваючы ў твар хлопцу.

Анатоль раздражнёна ўздыхнуў i нiчога не адказаў. Аленка пацягнула Галю за штармоўку i пасадзiла з сабою побач на бярвенца.

— Думай, калi пра што пытацца! — па-даросламу шыкнула на яе. — Бачыш — ён заняты! Гэта ж ягоны фiрменны напiтак: глiнтвейн…

— Глiнтвейн? — перапытала Галя. — А з чаго ён?

— Гарачае вiно з перцам, карыцаю i гваздзiкай, — шапнула Аленка.

Анатоль строга глянуў у iх бок i сказаў:

— А вось што зробiць кожная з вас, калi заўважыць, што спаднiчка стала цесная?

Iрэна павярнулася да Аленкi i ўзбуджана зашаптала:

— Гэтае вiно, гэтае вiно… падобнае на вусны Янкi! Такiя гарачыя, палкiя… Мяккiя, як мармелад… Я хацела б растаптаць ягоныя вусны сваiмi абцасамi!

Вочы дзяўчыны гарэлi д'ябальскiм агнём.

— Не зацыклiвайся! — строга вымавiла Аленка. — Твае думкi пра яго блакiруюць аўру, i нi адна разумная iдэя не прыйдзе да цябе. Адкiдвай гэтыя думкi, iнакш звар'яцееш!

Аленка ўсмiхнулася Анатолю i сказала:

— Ну, калi мая спаднiчка стане цеснай, то я буду ранiцай бегаць па два кругi вакол возера, больш нават за нашага майстра бегу — Мiколу!

Мiкола задаволена кiўнуў Аленцы, правёў пальцамi па струнах гiтары:

— Цудоўная жонка камусьцi будзе! А вы, Iрэна з Галяй, што зробiце?

— Знайду багатага мужа, каб купiў другую спаднiцу! — скрывiла вусны Iрэна.

— А я… — марудзiла Галя, не ведаючы, што адказаць, каб спадабацца Анатолю.

Нарэшце, паказваючы сваю эканомнасць i гаспадарлiвасць, вымавiла:

— А я зраблю такiя клiны, каб пашырыць… Лампасiкi…

Гучны выбух смеху разарваў вячэрнюю цiшыню ля вогнiшча. Не смяяўся толькi адзiн Анатоль.

— Трэба некаму схадзiць на хутар, — пасля доўгага маўчання вымавiў ён, яек купiць альбо курыцу… Заўтра будзе працяглы маршрут. Пешшу да Вiшанькi. Нiякiх болей аўтобусаў. Лiшнюю вагу скiнем i мазгi праветрым…

— Нам трэба Уздзенскi раён наведаць, — напомнiў Антось, сур'ёзна задумлiвым позiркам гледзячы на Анатоля. — У вёсцы Нiзок стаiць паўразбураны маёнтак Наркевiча-Ёдкi. У "Зборнiку помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi" за 1987 год, па Менскай вобласцi, пра нашага славутага земляка нi слова…

— Нiзок ёсць у маршруце, — згодна кiўнуў галавою Анатоль i дадаў: — Дык, можа, ты збегаеш на хутар? Вазьмi каго-небудзь з дзяўчат!

— Ну, дык вы ж самi казалi ранiцою, што прадасце курыцу, — разгублена стаяла перад маленькаю, з падслепаватымi вачыма старою Галя.

— А на чым вы з таго боку пераехалi, га? На лодцы? — перапытала тая. — А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя…

— Колькi скажаце, столькi i дадзiм! — выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.

— Ай, — сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. — Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!

— Ды ну вас к чорту! — раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!

— Цьфу! — плюнула старая. — Галеча там — не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя…

— I задам да людзей! — выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.

Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.

— Ды не нервуйся ты! — ласкава сказаў ён. — Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?

Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.

— Не крыўдуй, прабач мне! — папрасiў Антось. — Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!

Галя недаверлiва глянула на хлопца.

— Не бойся, я цябе падтрымаю, — запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, — ты толькi памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты — мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?

Галя засмяялася i сказала даверлiва:

— Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная…

— Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.

— Навошта? — не зразумела Галя.

— Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе — сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.

Ён памаўчаў i дадаў:

— А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.

Галя глянула на яго, як на вар'ята.

— Я хачу, каб у мяне была сям'я! — усклiкнула яна. — Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.

— Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады…

— Адкуль ты такога набраўся? — раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.

Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.

— Мо малака прадасце, бабуля? — ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.

— Не, — цвёрда адказала тая. — Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!

— У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?

— Анягож! — затрэсла галавою старая. — Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй — няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.

— Дык мы ж не нячысцiкi, мы — турысты, — усмiхнуўся Антось.

— К чорту вас, к чорту! — ускочыла старая i выпхнула iх з хаты.

— Пайшлi з гэтага гiблага месца, — махнула рукою Галя i ўздыхнула: Хутчэй бы да Менскай вобласцi выбрацца! Я згодная i ноччу iсцi!

19
{"b":"110845","o":1}