Литмир - Электронная Библиотека

Асаблiва гарнулiся да яго дзеткi. Казкамi дзедавымi заслухаўшыся, яны аб сьвеце божым забывалiся, у Якубавым казачным жылi. Дый сам дзед, быццам тая жывая, усiм наяве хадзячая казка, быў. Абступяць яго, слухаюць, раты паразяўляўшы, яшчэ й яшчэ просяць. Меў Якубаў язык дар апавяданьня.

— За гэты мой язык-даўгун, каб яго макарэц, дык i ў маскалёх мне лiшкi пiрападалi. Яфрэйтара нi даслужыўся. А такоя-ж багацьцейка маладых гадоў чорту нямытаму аддаў, - усьмiхаючыся, жартаваў Якуб.

Першая й можа найважнейшая калiзiя мiж дзедам i польскай уладай адбылася падчас грамадаўскага руху. Быў ён тады надта рухавы й актыўны, ня з тых, што на цёплай печы бакi адлежвалi й плечы грэлi. Ня толькi што сам адзiн зь першых у Грамаду запiсаўся, але панамаўляў-пацягваў туды бальшыню мужчынаў зь вёскi. Iз жанчынамi куды цяжэй было.

«Вы, мужчыны, ужо там палiтыку рабiце, а наша дзела ля катлоў, гаршкоў ды сьвiней», — казалi жанкi. Давялося на iх рукой махануць.

Быў вялiкi народны ўздым, былi цiмалыя пляны. Ня толькi родную школу арганiзавалi й талакой будаваць ля бальшака блiзу чыгункi ўзялiся, але й iншым беларускае школьнiцтва на ногi ставiць памагалi. Плянаваўся гурток мастацкае самадзейнасьцi, раiлiся, як пачаць каапэратыўную краму.

Не пасьпелi як сьлед працу разгарнуць, як тутака iм камунiзм улады прышпiлiлi, ды коршыкамi на iх кiнулiся. За Якуба, як ваўкi за авечку, цi ня самага першага ўчапiлiся. Ня даў дзед спуску й добра-ткi тых чорных груганоў-палiцыянтаў, што завецца, да нiтачкi прабраў. Разам зь iншымi дзеда дзьве пары на «пастарунку палiцыi панствовай» трымалi — зьмянiць погляды языкамi й фiзычнай сiлай пераконвалi.

— Дзетачкi мае, — крактаў, вярнуўшыся, Якуб, — гэта-ж паганцы, каб iх макарэц спапялiў, пячонкi мне чаго нi адбiлi!

Разагналi паны Грамаду, зачынiлi лiтоўскую беларускую школу ў прыватнай хаце, пачаты сялянамi зруб пры дарозе «владза гмiнная» ўзялася дакончваць, дый у тых сьценах школьнага будынку цяпер сялянскiх дзеткаў «пальшчызнай» пачалi калечыць. Асеў дзед Якуб. Але ненадоўга. Пачалося тое, што лiтоўскiя назвалi «Якубавай самасеячнай вайной».

З гэнага шырокага сьвету, дзе Якуб ладны кусок сваёй маладосьцi стравiў, прынёс ён дзьве асноўныя здабычы: цёмнарудую люльку з доўгiм крывым цыбуком i навык дымiць зь яе ледзь не бесьперапынна. На тытунь, вядома-ж, не ставала ў дзеда грошаў. Узяўся ён гадаваць тытунь-самасейку. Тутака ўпоперак дарогi стануў дзяржаўны закон аб забароне прыватнае гадоўлi тытуню. Уся тытунёвая справа знаходзiлася ў руках «панствовай» манаполькi. Калi Якубу прыгадалi аб гэтым добразычлiвыя людзi, дзед станоўка матнуў галавою й адгукнуўся гэтак:

— Ды пашла яна к чорту, каб яе макарэц, тая засмарканая Польшч! Загадаiць яна мне што можна, а чаго не. Як я гэттака малым басанож бегаў, дык яе яшчэ й смуроду нi было.

Лiтоўскiх курцоў па пальцах рук аднаго чалавека можна было палiчыць. Мясцовая ўлада, гэта значыць пан солтыс Паўлоўскi ведаў, хто самасейку мог гадаваць i борзда шапнуў аб тым на чуткае вуха «адпаведных чыньнiкаў жандовых». Неўзабаве да дзеда Якуба завiтаў манапольны акцызьнiк i зусiм не пасяброўску пацiкавiўся, адкуль бярэ ён тытунь iз такiм самародным водарам.

— Самасейка, паночак, — прызнаўся зусiм сур'ёзна, ня мiргнуўшы павекам, Якуб.

— Сам гадуеш?

— Ды якоя там, паночку, гадуеш, — разьвёў рукамi дзед. — Таму-ж iна, каб яе макарэц, завецца самасейка, бо само сеiцца; я от два калiва знайшоў, дык адно канчаю курыць, а другоя вуньдзiка яшчэ расьцець. От паглядзi, паночак, сам, калi нi лянiсься.

Выцягнуў дзед зь кiшэнi свой тытунёвы капшук, разьвязаў раменны матузок, ды паднёс пад самы панскi нос.

— Фэ! — зморшчыўся нос, — якi смруд!

— Ну от-жа, паночак — сам, мусiць, ня курыш гэткага сьмярдзючага зельля, закончыў зусiм нахабна Якуб.

— А мне гэта другое калiва пакажаш? — пытаўся акцызьнiк.

— Чаму-ж не. Яй-Богу пакажу. Хадзi.

Завёў Якуб пана ў самы кут агароду, дзе мiж рэдкiх сланечнiкаў росла вышэй за пас пышнае калiва тытуню. Акцызьнiк агледзеў яго, пацiкавiўся, цi няма дзе тытуню навокал, напiсаў пратакол. Сказаў Якубу, што за тое, што сам прызнаўся, гэтым разам яму даруюць правiну. Папярэдзiў, што калi дзе знойдзе тытунь, якi «сам пасеiўся», дык мае яе вырваць i выкiнуць, або яму, акцызьнiку, перадаць. Выцягнуў з каранём тое калiва й забраў iз сабой, як «рэчавы довад».

Задаволены вяртаўся ў мястэчка ўраднiк, а ўсьлед яму рагатаў дзед Якуб. Ён асьцярожна расьхiнуў густыя калапнi й пралез у сярэдзiну, дзе любаваўся сваёй тытунёвай плянтацыяй. Смактаў дзед крывую люльку й пакеплiваў з Паляка.

— Каб мяне, каб яго макарэц, ды каторы такi паўшабэлак абхiтрыў, дык ня мне тады люлькай гэты божы сьвет капцiць.

Акцызьнiк заглядаў i наступнымi гадамi. Пранюхаў дзедавы хiтрыкi, вядома-ж, не без дапамогi солтыса Паўлоўскага, — накладаў на Якуба грашовыя кары, якiх той нiколi не плацiў. Прабавалi сьцягнуць.

— Прападзi ты, нячыстая! Дзе ў мяне тыя вашы злоты, каб на вас бiзгалоўя! Населiся, як тыя вошы на беднага мужыка, каб вас макарэц спалiў! — лаяўся дзед.

Крывая дзедава люлька рэдка калi спыняла дымiцца. Тытунь рос у яго ў шматлiкiх, рэдка ходжаных, мейсцах: у гародзе й на полi, на сваiм i на суседнiм, нават i ў лесе. Смуродзiў Якуб самасейкай i сьмяяўся:

— Нашлася мне тутака засмарканая Польшч нейкая! Ды я нi такiх вуньдзiка на чыстую вадзiцу выводзiў!

Калi-ж часам акцызьнiк занадта насядаў, калi палiцыя нацiскала, каб тыя штрафныя злоты спагнаць, тады дзед гарэзьлiвым прыдуркам прыкiдваўся. Назалялi доўга-ткi, ды нарэшце супакой далi. Пан солтыс Паўлоўскi — дарма, што раней «урадавым чыньнiкам» пра самасейку наказваў — цяперака, калi пабачыў, што «родакi» зь дзедам самасеячную вайну прагуляюць, ставiўся да Якуба з большаю пашанай i талерантнасьцю. А Якуб, набраўшы гарту й адвагi ў тэй самасеячнай вайне, цяпер i «бiнзiнку»-запальнiчку прыдбаў. Надакучыла-ж iз крэсiвам ужо поркацца, а запалкаў дзе набярэсься, калi за адны пачак трэба цэлае яйка аддаць. Дорага каштаваў на запальнiчку ад уладаў дазвол, таму Якуб iз запальнiчкай крыўся, пры людзях заўсёды агня прасiў. Чаго добрага, тыя ўлады «засмарканае Польшчы» — каб iх макарэц перакацiў — возьмуць ды адбяруць.

II

Было душна. На небе каб табе дзе хмарынка. Сонца хiлiлася ўжо з поўдня. Янук, сам ня вымяркаваўшы, чаго й навошта, некуды йшоў. Быў у стане поўнага атупеньня. Выкiнуты з будзённай рутыны-раўнавагi, жыў цяпер больш вобмацкам, чымся сьведама. Забойства маткi лясьнiком перакулiла Янукоў сьвет дагары нагамi. Вялiкая й балючая рана як сьлед не пачынала яшчэ гаiцца. Бацька, што сам, як адурманены, ледзь ногi валачыў, дазволiў хлопцу пабыць дома якi тыдзень цi болей. Тыя Лазоўскага хвасты нiдзе ня дзенуцца.

Янук мiнуў загуменьне й мецiў на Гараватку. Зрок ягоны затрымаўся на вялiкай пышнай шапцы волата Архiпа адно бегам i папоўз далей на суседнюю сасну, ледзь пахiлены вялiкi крыж. Нейдзе голасна крычэлi гусi; аж заходзячыся, заядла брахаў сабака.

Абыякавы да ўсяго, паглыблены ў свой, хаатычны цяпер, нутраны сьвет. Янук iшоў. Раптам схамянуўся, стануў, як укапаны, i ад зьдзiўленьня вылупiў вочы: абапёршыся плячмi аб дуб-волат, супакойна дымячы iз сваёй крывой люлькi, сядзеў дзед Якуб. Ужо каго як каго, а гэтага старога калекi малы Бахмач анiяк тут не спадзяваўся.

Дзедаў баразнаваты, але яшчэ румяны круглы твар, iз малым шнарам наўскасяк пад левым вокам, зьнiзу закончаны кароткай сiвенькай бародкай, выглядаў тут у Архiпавым цяньку крумяненькiм i куды маладзейшым, чымся ў хатнiм змроку. Дзедава працёртая шэрая сьвiтка была расшпiленая зьверху аж да паловы грудзей, а лысую галаву накрывала шырокая кепка з абгрызанай цэшкай. Мо якраз кепка найбольш спрычынiлася да таго, што дзед нагадваў стары сiвенькi чашчавiк. Якiм мiзэрным i малым быў ён у параўнаньнi з таўстым камлём дуба Архiпа. Правая нага была босая, а зь левага галоша выглядаў рудаваты, iз тупым зялезным канцом, кастыль.

32
{"b":"103052","o":1}