Литмир - Электронная Библиотека

— Я хачу, каб хто ведае, дзе ёсьць Косьцiк Бурак, сказалi мне! — загадна прамовiў Вадзiмскi.

Сьмешным нават выглядаў такi зварот. Цi-ж гэты панок думаў, што калi-б людзi й ведалi пра Сабакевiча, дык яму публiчна сказалi-б? I тады Янук блiзу на самым покуце пабачыў Шпунтовага Лявона. Прысуседзiўся ён да Хвядосавай Манькi, дзяўчыны прыгожай i кемлiвай, ды ўжо нешта шаптаў ёй на вуха, быццам тая палiцыянтава гаворка не яго датычылася. «Добры зь яго чмут» — прабегла ў пастуховай галаве. Лявон, быццам выклiканы, зiрнуў на Янука.

— Я маю час, — спакойна сказаў Вадзiмскi. — Пачакаю. Можа, хто з вас i прыпомнiць.

Некаторыя пачалi мiжсобку шышыкаць, i бачна было, што такое захаваньне прадстаўнiка ўлады дражнiла шмат каго. У левым куце ад дзьвярэй, дзе стаяла надта-ж войстрая на язык Пiлiпава Аксеня, чуваць была паўгалосная спрэчка.

— А от i скажу, — гаварыла Аксеня суседцы Вульляне. — Як яму ня сорам!

Палiцыянт выняў з кiшэнi срэбную папяросьнiцу, выцягнуў адтуль адну «Аванты», паволi прыпалiў кругленькай пазалочанай, наводля знараду, запальнiчкай, зацягнуўся духмяным дымам i паглядаў навокал.

— Ну дык што? Нiхто ня ведае?

— Паночак, я ведаю, — пiснула Пiлiпава Аксеня.

Усе разявiлi ад зьдзiўленьня раты й так прыцiхлi, што, здавалася, можна было пачуць гудзеньне пралятаючага камара.

— Гавары, старая! — сказаў з усьмешкай задавальненьня Вадзiмскi.

— Ён у мяне, паночак, пад спаднiцай схаваўся. Калi хочаш, дык зараз пакажу!

Аксенiн тон быў сур'ёзны й задзiрысты. Палiцыянт зьбялеў, а публiка ўся стрымала дых. Трывала так сэкундаў пяць, ня болей. Пасьля нехта грымнуў залiвiстым рогатам, а за iм усе гуртам. Зарагаталi так, што, здавалася, Кмiтава хата ад сiлы сьмеху развалiцца. А ў гэным рогаце ледзь чуваць быў палiцыянтаў крык:

— Ты, стара псякрэў! Мiльчэць, хамы! Вы фшысцы комунiсьцi, вас як псуў постшэляць, кацапы!

Палiцыянт Вадзiмскi, як варам аблiты, выбег на двор i там iз сваiм таварышам далi волю языком у лаянцы, найбольш зьдзекваючыся зь лiтары «р». Не марудзячы, селi на ровары ды, праводжаныя ля вясковых двароў сабачым брэхам i басаногiмi дзецьмi, якiх цiкавiлi зiхатлiвыя гузiкi, «ажэлкi» й вялiкiя лiхтарыкi на грудзёх, пакiнулi Лiтоўцы.

Пiлiпаву Аксеню нахвалiць удосталь не маглi. Не за тое, што, быццам, яна за Косьцiка заступiлася, ледзь ня гераiняй стала. Мала хто Косьцiку й ягонай пазавугольнай працы прыяў. Задаволеныя лiтоўскiя сяляне былi тым, што, калi няма Сабакевiча, дык хоць сабакi мелi супакой. Аксеню ледзь на руках не падкiнулi за ейныя хлёскiя, салёныя, у час сказаныя словы, якiмi так зручна й умела за адным махам палiцыянтаву наiўнасьць i дурноту ўсiм як на далонi паказала.

Пасьля даўгаватага й вясёлага перапынку яшчэ ямчэй кiнулася ў скокi моладзь. Прыйшла ў чатыры пары «Лявонiха», i тут паказалi сваё ўмельства найбольш спрактыкаваныя.

Шмат чаго бачыў за гэны дзень Янук. Паўсталi пытаньнi, якiх сам ня мог здужаць-абмяркаваць. Чуў раней, што за Сабакевiчавым Косьцiкам ганялася палiцыя, што быў дзесь у вязьнiцы (мусiць яна страшная й там моцна мучаюць людзей), ведаў, што не любiлi яго лiтоўскiя, што кляў бацька. Шмат ужо наслухаўся Янук. Косьцiка памятаў слаба, бо гэны ладную жменю гадоў паза вёскаю бадзяўся. Цяпер-жа Янук на свае вочы бачыў, як палiцыя шнырыла, шукаючы гэтага «камунiсты». Калi сама палiцыя за iм ганялася (а чамусьцi ён думаў, што палiцыя вечна занятая й на гэткае часу ня мае), значыцца, Косьцiк мусiў быць важным чалавекам. А чаму-ж ён такi? Што гэта «камунiсты»? Чаму Шпунтоў Лявон насядаў на яго, каб нiкому анi-гу-гу аб тым, што бачыў яго ў Гараватцы? Што там былi за афiшкi на фэсьце? Чаму гаварылi аб iх зь нейкiм нясмакам, быццам гэта было нешта гаркое, паводля зерня перцу, што якнайбаржджэй стараесься з роту выплюнуць?

Не забаўляўся Янук доўга на йгрышчы. Пасьля ад'езду палiцыi, паслухаўшы, што людзi гавораць, пабег хутка дамоў, каб распавесьцi бацьком. Ягоны кульгавы брат Мiкола, дзесь чарку гарэлкi зь некiм кульнуўшы, пабуянiць за дзесяць чарак хацеў. Януковага спануканьня, каб iшоў дамоў, як-бы й ня чуў.

Бацькi клалiся спаць, але Янукова апавяданьне аб тым, што сталася на йгрышчы, выслухалi зь цiкавасьцяй. Калi-ж Янук прабаваў ад бацькi даведацца пра Косьцiка й камунiзм, той збываў яго абы чым, мала зразумелым. Пра камунiзм адно сказаў, што ёсьць такi нейдзе ў Расеi, а якi ён — добры цi што, — хто яго ведае. Адны хваляць, другiя ганяць, усяк языкамi трэпяць. Па бацькавым няўмелым тлумачэньнi Янук тропу не дайшоў, адно спанатрыў, што гэны нейкi «камунiзм» усе зьвязваюць iз Сабакевiчам, зь «цюрмамi» й iншымi малавядомымi Януку рэчамi. Адылi адно цiкавае даведаўся Янук, а гэта тое, што «па радзiву» ў доктара мужчыны слухаюць Менск, i што там «многа аб тым камунiзьме брэшуць».

Пастанавiў хлапец пры нагодзе паслухаць «радзiва». Хiба ўдасца ажно ўвосень, як удома будзе. Iз гэткiмi думкамi заснуў.

VII

Янук сядзеў на ўзьмежжы скарбовага лесу, плячмi абапёршыся аб таўстую бярозу, i стругаў. Ня вымяркаваў нават, што з таго струганьня будзе: цi то дзяржальна да ляскi наводля нейкае галавы, цi што iншае. Ня важна. Рукам трэба занятак. Тапсiк трымаў на воку кароваў, што пасьвiлiся мiж кустаўя на лузе. Крыху, здавалася, змалела гарачыня. Сонца хiлiлася на захад, i хлапец ведаў, што за гадзiну дзесь пачнецца перадвячорная сымфонiя: пасьмялеюць птушкi на полi й у лесе, загудзiць бяроставая дуда лiпавiцкага пастыра Хвядоса, што быў стары й усiмi навакольнымi пастухамi паважаны ня толькi за ўмелае граньне, а й за тое, што аж двох падпаскаў меў; у бары пачнуць свае трэлi салаўi й розная птушыная дробязь, вялiкую чуб-карону Архiпа абсядуць галкi цi груганы, каб разгледзецца, што адбываецца навокал. Гэта ўсё, — ведаў Янук, — станецца пасьля, як пахаладнее. Тымчасам птушкi яшчэ трымаюцца ў ценю, а пастыр Хвядос сядзiць дзесь пад дрэвам i пляце кош цi што iншае.

Любiў Янук чытаць кнiжкi, асаблiва-ж прыгоды падарожнiкаў, што па цэлым шырокiм сьвеце валачылiся, новыя невядомыя землi адкрывалi, дзiкiх людзей знаходзiлi. Дый тут пан Лазоўскi ўпоперак дарогi стануў: кагадзе зусiм выразна забаранiў чытаць на варце. Найгорш, што кнiжкi зьвялiся. Раней у вясковай настаўнiцы пазычаў, а калi перачытаў усе iзь сьцiплай школьнай бiблiятэкi — не было адкуль узяць.

Карцiла папрасiць Лазоўскага служанку Адэлю, каб яна патаёмна з прыватнай бiблiятэкi пана асаднiка пазычыла. Неаднойчы бачыў кнiжкi ў вялiкай шафе iз шклянымi дзьвярмi, што ў найбольшым i найпрыгажэйшым пакоi стаяла. Самому лезьцi туды было рызыкоўна, але-ж Адэля магла-б пасобiць, ёй усе куткi дасяжныя былi. Яшчэ адно прыгадаў хлапец: у доктара быў беларускi каляндар. Сам Стась некалi зь вялiкай урачыстасьцю Януку малюнкi ў iм паказваў. Ужо тады нахаду прабаваў Янук чытаць з гэнага календара. Некаторыя лiтары зьверху мелi птушкi дый былi без хвастоў — ня так, як польскiя. Янук мяркаваў, што чытаць можна налажыцца нават i вобмацкам, здагадваючыся, калi няма каму паказаць.

Найгорш, што Стась нават таго каляндара — даволi таўстой кнiгi — не паказаў яму як сьлед; адно, перагледзеўшы малюнкi, паклаў у доктараву шуфляду, дзе сам Зянькевiч трымаў яго, каб весьцi ўлiк часу й рабiць аднаму яму зразумелыя зацемкi. Прасiў тады Янук Стася, каб перагледзеў пры нагодзе бацькавы сховiшчы, а мо знойдзе якiя старыя кнiгi. Той паабяцаў. Цяпер Янук прыгадаў гэта, складанчыкам стругаючы кавалак бярозавага кiя.

Тапсiк, што ляжаў побач, зiрнуў у бок бору, узьняўся на лапы й пачаў бурчэць. Калi Янук павярнуў галаву ў той бок, куды пазiраў сабака, твар ягоны распрамянiўся шырокай ласкавай усьмешкай. Сьцiшыў сабаку. На ўзьлесьсi, мецячы проста на яго, iшла ягоная школьная сяброўка Дуня Макатунiшка.

Дзяўчына нагадвала ружу, што вось-вось мае распукнуцца прыгожым цьветам. Якраз дасягнула таго росту, калi дзяцюкi й мужчыны, зiрнуўшы на яе раз, доўга праводзяць вачамi ды з чулай неспадзеўкай у голасе кажуць:

— Глянь во на яе, як пахарашэла! Учора яшчэ лучынка была, а сягоньня якая пекная. А што-ж зь яе будзiць заўтра?!

12
{"b":"103052","o":1}