Литмир - Электронная Библиотека

— Адкуль вы? — спытаў Бжончэк ужо болей сурова.

— Зь Лiтоўцаў, - адказаў Бахмач.

— Як прозьвiшча?

— Бахмач Пракоп…

Пракоп не на жартачкi затрывожыўся. Зiрнуў на бакi, быццам спадзяваўся ад некага дапамогi. Навокал не было жывой душы.

— Вы ня ведалi, што без талонаў нельга з панствовага лесу зьбiраць ягадаў?

Голас Бжончка павысiўся, пагражаў. Быццам адгадваючы думкi свайго пана, сабака пайшоў наперад, паказелiў рудыя вочы на Бахмачоў.

— Ведалi, але…, - пачаў Пракоп.

— Няма «але». Адстаўляйце кошыкi з малiнамi i йдзiце адкуль прыйшлi, а штраф заплацiце пасьля!

Не было сумлеву. Гэта быў загад.

— Паночку, даруйце, мы-ж…, - пачала плаксiвым голасам Алена.

— Маўчаць! Нiякае там «паночку»! Кажу — давайце малiны! — крыкнуў Бжончэк. Сабака пачаў бурчэць, гатовы скочыць на злоўленых.

Кошыкi з малiнамi вiселi спакойна на руках.

— Зараз, жлобе едэн! Колькi разоў казаць маю! А то застрэлю!

Лясьнiк узяў напагатоў стрэльбу, ляснуў замком i мерыўся на Бахмача. У гэты час Бахмачыха, вiдаць бяз роздуму, з маланкавай хуткасьцю крутанулася наперад, каб засланiць мужа. Правай рукой, каб адхiнуць яе набок, хапiла за рулю стрэльбы. Грымнуў стрэл. Алена ўхапiлася за правы бок вышэй пахвiны й цяжка застагнала. Кошык зь ягадамi, што вiсеў на руцэ, паляцеў вобземлю. Пракоп, кiнуўшы свае малiны, абняў жонку. Алена дрыгала й вяла ў Пракопавых руках.

Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Пракоп, — быццам яму хто добрую аплявуху заехаў — як у ймгле быў, ня ведаў, што рабiць. Алена, цяжка дыхаючы, асела на зямлю.

— Алена, мiленькая, даражэнькая!.. — вырваўся балючы голас з Пракопавых грудзей. Прысеў побач, узяў яе правай рукой пад галаву, левай мацаў рану. Аленiна кужэльная кофта была абсмаленая й закрываўленая з правага боку на якую пядзю вышэй пахвiны. Пракоп iз жахам адцягнуў лiпкую ў крывi руку.

— Пракопка, галуб…, галубок мой, — стагнала Алена. — Божачкi, канцы мне, мусiць… ох…

Голас ейны слабеў. У шырака разчыненых вачах адлюстраваўся вялiкi боль i жах.

— Пракопка, глядзi дзетак… ох, Божа… нi спус….

Галава ейная раптоўна ахiнулася назад, i абамлела цела. Пракопаў твар атупеў у зьдзiўленьнi й сполаху. Ня верылася, нiчога ня верылася, што бачыў на свае вочы, што трымаў у руках. Не, гэта не магло быць! Што гэта: сон цi ява? Цяжкое, непарушнае, зь бiцьцём у сэрцы, маўчаньне трывала ня больш сякундаў пятнаццацi.

— Але-э-э-э-на! Але-э-э-э-на! — раўнуў немым голасам Пракоп, скалатнуўшы бязладнае цела. Крык гэты, перанасычаны роспачай, падхапiла й паслала далей дуброва.

— Забi-i-iў! — раўнуў колькi моцы Бахмач. — Людцы добрыя, забiў!

Не памятаючы, што рабiць, паклаў нябожчыцу на траву й, стоячы перад ёй на каленях, падняў галаву. Левай рукой, як звык гэта рабiць у заклапочаньнi, правёў па сваiм твары й вымазаў яго лiпкай крывёю. Вочы блукалi па дуброве, шукаючы лясьнiка. Каржакаваты панок i сабака як пад зямлю канулi.

— Забiў, людцы мае, Алену маю забiў! — лямантаваў голасна Бахмач.

Людзям, што пасьпяшылi на гул стрэлу, крыкi й лямант Бахмача, паказаўся страшны вобраз: на траве, зачырвоненай крывёй i малiнамi, зь перакуленымi побач кошыкамi, ляжала на сьпiне, выцягнуўшыся, мёртвая жанчына. Шырока адчыненыя ейныя вочы, поўныя тупога жаху, застылi поглядам уверх. Ля яе кленчыў, наўзрыд галосячы й захлiпваючыся, утрапёны Бахмач. Плачу не было супыну. Аброслы шчацiнай твар быў вымазаны крывёю. У чырванi сьлёзы рабiлi малыя ручайкi-барозны. А чалавек сядзеў нерухома, зрокам улiпшы ў мёртвы твар жонкi, i ўздрыгваў ад плачу.

Людзi падыходзiлi, паволi абступалi iх. Былi гэта пераважна жанкi й дзеткi. Нема ўпiвалiся вачамi ў гэты вобраз, быццам баючыся турбаваць цiшыню. Дзесь зусiм блiзка загрукатаў у камель дрэва дзяцел. Дыхнуў вецер, i аднастайна, ленна скрыпнула надламанае дрэва.

Пасьля першага ўструсу прыйшла гамонка.

— Гэта хто? Цi нi лясьнiк забiў?

— Застрэлiў, сукiн сын…

— Гэта-ж Алена. Цяжарная. Божачкi мае!

Некаторыя хрысьцiлiся.

— Двух чалавек, лiчы, са сьвету зьвёў…

— Чаму-ж гэта?

— Мусiць, ягады адбiраў, талонаў ня мелi…

— Дык цi-ж то за ягады страляць?

— От погань, ну й нiма-ж на яго кары боскай! За ягады цяжарную бабу забiў!

— А дзе-ж ён дзеўся?

— Уцёк, мусiць, сабака. Пабаяўся, каб самаго ня прыхлопалi.

— Сабака!

— Панскi цiвун!

Гамонка была цiхая, стрыманая. У кароткiх словах было выказана шмат. Стаялi навокал, прыглядаючыся людзкой трагедыi, ня ведаючы, што далей пачаць. Тыя, што ня зь Лiтоўцаў былi, распытвалiся: а што, а як, а хто?

Чалавек наблiзiўся да Бахмача, паклаў яму руку на плячо.

— Нi чапай яго, нiхай паплачыць, гора вылiiць. Адыйдзiся.

Чалавек адыйшоўся. Доўга цягнулася напружанае маўчаньне. Падыходзiлi новыя людзi, цiснулiся наперад, каб зблiзу кiнуць вокам на Бахмача й забiтую Алену. Жанкi, што ведалi Бахмачоў, далi волю сьлёзам.

Прайшло гэтак мо хвiлiн дзесяць цi болей, а Пракоп усё сядзеў, утаропiўшыся ў мёртвы, ужо бляднеючы жаночы твар, цэлы калацiўся ўздрыгамi. Сьлёзы калацiлiся па замазаным крывёю твары.

Нарэшце падняў галаву, схамянуўся. Глядзеў вакол сябе, быццам стараючыся прыгадаць, дзе ён ёсьць i чаму народ абкружыў яго шчыльнай сьцяной. У натоўпе пачаў некага шукаць вачамi.

— Давайце-ж памагчы чалавеку, — сказаў нехта. — Ня будзiць-жа ён тут у лесе…

— Арсенька, — гукнуў нiзкiм, ледзь чутным голасам Пракоп Пiлiпавага хлапца.

— Што, дзядзя? — адгукнуўся й падаўся наперад басаногi, гадоў дзесяцi, хлапчук.

— Будзь добры, дзетка, падбяжы… тутака нiпадалёк мой Янучок Лазоўскага кароў пасьцiць. Скажы яму, каб папрасiў Лазоўскага сюды каня з каляскай прыслаць.

— Ужо бягу!

Як-бы яго вецер падхапiў, рад услужыць у нядолi, хлапец кiнуўся выконваць Пракопаву прозьбу.

У густой сьцяне людзей iзноў аджыла, спачатку цiхая, пасля галасьнейшая, гамонка. Жаночая рука паволi, пяшчотна, закрыла Аленiны павекi. Нехта перасьцярагаў, каб не тапталi парассыпаных ягадаў. Перасьцярога была позная.

Уверсе ў лёккiм ветрыку гаманiлi кароны дубоў. Цi такое й цi раз яны бачылi. Нямыя сьведкi мiнуўшчыны — калi-б Бог iх голасам узнагародзiў — цiмала чаго цiкавага й жахлiвага расказалi-б аб зьдзеках над гэтым бедным працоўным паняволеным народам.

Унiзе гаманiлi людзi. Абрабаваныя зь зямельных багацьцяў, з плёнаў працы сваiх мазольных рук, заўсёды панiжаныя й уцiсканыя, перад сабой аглядалi жывы й сьвежы вобраз панаваньня «панства польскага». Ён, гэты вобраз, якi на розныя лады й кажны пасвойму камэнтаваў, застанецца ў памяцi кожнага праз цэлае гаротнае жыцьцё.

X

Янук iз Тапсiкам пiльна вартаваў, каб каторая карова не скубанула аўса, да мяжы якога падпусьцiў статак. Раз цi два кiнуў вокам у бок загуменьня, дзе паказаўся Лазоўскi зь нейкiм другiм панам — пэўна, таксама асаднiкам. Гэны, гладкi з выгляду, пан прыехаў у Лазоўскага двор яшчэ пасьля полудня, калi вярнулiся асаднiкi з касьцёла. Доўга абедалi. Цяперака, пэўна, Лазоўскага жонка, ейная дачка-гiмназiстка, ды тая другая панi iз сваёй дачкой недзе сядзяць i гамоняць у цяньку ў садзе, а мужчыны выйшлi на поле, каб палюбавацца збожжам. Янук мяркаваў, што Лазоўскi пакажа таму чалавеку сваё жыта, лён, грэчку й iншае. Якую гадзiну цi дзьве будуць валачыцца па полi, Лазоўскi будзе выхваляцца, колькi й куды даў гною, што, калi й дзе сеiў, што там расло летась, ды цi ўрадзiла. Той другi пан прыкiне слова; гэтак, ходзячы й гамонячы, сплывацьме час. Чуў Янук цi адзiн ужо раз i прыглядаўся, як вось так у нядзелю каторы гаспадар зь кiм другiм ходзiць па полi, аглядае сваё дабро, хвалiцца, ганiць цi наракае.

Сочачы кароваў i Лазоўскага, Янук не спасьцярог, як Пiлiпаў Арсень выбег зь лесу. Той ужо быў блiзка, колькi сiлы ў нагах прастуючы на пастуха. Тапсiк спасьцярог хлапца раней, узьняўся на пярэднiя лапы ды мяркаваў, мусiць, цi скочыць на яго з брэхам цi пачакаць-паглядзець, што ягоны гаспадар Янук зробiць.

22
{"b":"103052","o":1}