Литмир - Электронная Библиотека

I ня бачылi сосны з могiльнiку за свой век анiразу таго, што аглядалi перад полуднем у гэны панядзелак. З усiх хатаў у лiтоўскай далiне, а найбольш з тэй, што блiзка з краю вёскi сюды пад гацкi гасьцiнец стаяла, пачаў плысьцi народ. Як вясной сьцякае ў далiны сьнегавая вада, гэтак цяпер людзi, групамi й паадзiночку, рухалiся на могiльнiк. Сабраны ля Бахмачовай хаты гурт паволi сунуўся вулiцай, павярнуў на хутарную дарогу Якубава Васiля й паволi наблiжаўся да могiльнiку. Перад аднаконнай каляскай чалавек iшоў iзь вялiкiм драўляным крыжам, а на возе стаяла даўгая сасновая дамавiна.

Яшчэ зраньня ў верхнiм куце могiльнiку чатыры пары працавiтых рук на зьмену рыдлёўкамi выкапалi глыбокi дол. Сонца, прабiўшыся праз густое гольле дрэваў, пасьпела ўжо высушыць i зрабiць сыпкiмi дзьве горбы жоўтага пяску на яе ўзбочынах. Сонечныя праменьнi намагалiся нават ускосна зазiрнуць у дол. Птушкi, што гойдалiся на галiнах i займалiся сваймi шчабятлiвымi справамi ў шапках дрэваў, пабачыўшы цяперака, як расьце ўдоле надзiва малагаманлiвая людзкая грамада, шмыгнулi ў суседнiя лясы, або на стрэхi й клёны ў вёску. Пабудзённаму апранутая, босая, зь непакрытымi галовамi, хрысьцячыся на крыжы, асьцярожна ступаючы мiж густых, дзе-нi-дзе пазарастаўшых i зраўнаных зь зямлёю насыпаў могiлак, людзкая рака гусьцела й шчыльнай сьцяной тоўпiлiся ля сьвежае ямы.

Падцягнулася да варотаў могiлак ужо тая асноўная працэсiя. Затрымалi каня. Дамавiна лёкка й павольна гушкалася на мужчынскiх плячох, зблiжалася да новае ямы. Чалавек iз крыжам паволi ступаў наперадзе. Сьцяна людзей адчынiлася, каб даць мейсца, дамавiна гладкiм дном зраўнала гарбок пяску побач ямы, каб апошнi раз затрымацца на сонечнай паверхнi зямлi. Ёй да канца падарожжа засталося ня больш за тры метры адлегласьцi.

Зьнялi века труны, паклалi побач. Сонечныя праменьнi песьцяць цяплом чорнае адзеньне, пажаўцелыя рукi й твар нябожчыцы. Над тварам нахiляюцца родныя — дзеткi й старыя — блiзкiя й далейшыя, са стомленых грудзей вырываецца, перш прыдушаны, пасьля неўтаймаваны голасны плач i прамаўленьне. А супыненая рака народу, то пераступаючы з нагi на нагу, то выцягваючы шыi, каб лепш бачыць, найбольш вымоўная сваёй маўклiнёй. Апошнi раз малаток скончыў забiваць века дамавiны. На зручна падкладзеных вяроўках паволi апусьцiлася яна ўнiз, i на века паляцелi першыя жменi сыпкага жоўтага пяску.

Калi малы, лысы, старасьцю паморшчаны чалавек урачыстым i ўзьнёслым тонам голасна зацягнуў: «Упакой, Госпадзi, на векi вечныя душу рабы тваей Алены», тады iз сотняў грудзей паплыло роўнай мэлёдыяй i ўзбуйнела:

Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,
Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,
Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць!

I не было мiж гэтага натоўпу анi прадстаўнiка цывiльнае ўлады, каб на вечны супачын правесьцi ахвяру свайго грэшнага бяспраўя, анi царкоўнае, што кагадзе прамяняць манiлася свае духоўныя абавязкi на два пуды жыта. I людзi гэтыя, голавалосыя, басаногiя, у палатканых саматканых сукенках i сьвiтках, у сваёй сьцiплай прастаце былi ў гэны час, як рэдка калi, блiзка Бога. Няшчасным у няшчасьцi спагадлiвыя, адклалi яны на сяньня прылады працы, пасьпяшылi сюды, каб выявiць усяму сьвету, што яны — адна душа, адзiн маральна й духова здаровы арганiзм, аб якi вось ужо стагодзьдзямi плешчуцца й разьбiваюцца, каб разкласьцi й зьнявечыць, чужыя варожыя хвалi.

Доўга жыць будзе тое сонечнае панядзелкавае раньне ў памяцi Лiтоўцаў. Можа, у сваёй глуха-нямой дрымоце прыгадаюць калi аб гэтым дзьве пышныя сосны-каралевы, мо, жмурачыся з Гараватчынай адлегласьцi, памяне калi гэнае людзкое мора сiвастагоднi асiлак Архiп. А старэйшыя лiтоўскiя жыхары, пазiраючы на тыя сосны на могiльнiку, будуць казаць сваiм дзеткам:

— Вiдзiця вунь гэныя вялiкiя сосны на могiльнiку?

— Ага. Ну дык што?

— Дзiва, што яны такiя пекныя вырасьлi. У iхных-жа драўляных жылах i наша бярэменная гаротнiца Алена недзiка ўвасобiлася.

— Якая гэта Алена?

— Ды тая, што яе чужы азьвярэлы лясьнiк за ягады маладую й цяжарную зараньня на другi сьветы адправiў… Памiлуй яе, Госпадзi…

ЧАСТКА ДРУГАЯ

I

Так, як Гараватка была-б некамплектнаю бяз волата Архiпа, гэтак вёска Лiтоўцы была-б няпоўнаю без Васiлёвага бацькi, дзеда Якуба. Вядома-ж, ня мог Якуб раўнацца з дубам-волатам гадамi. Але дзед быў для Лiтоўцаў такiм самым завяршэньнем i прыкметай, як Архiп для Гараваткi.

Надта-ж каляровы й цяглавiты гэта быў чалавек. Колькi ён меў гадоў, нiхто напэўна ня ведаў. Хвалiўся, што прыгон добра памятаў, а падчас паўстаньня Калiноўскага паўстанцам памагаў. Пасьля-ж, калi зусiм у пер'е аброс, доўгiя гады ў «маскалёх» каратаў. «Вялiкi самадзержац» гэнымi часамi сваю ўжо растаўсьцелую матухну-iмпэрыю пашыраў i многiя якiя непакорныя народы ў тым працэсе пашырэньня праглынуць намагаўся. Косткай у горле яны «самадзержцы» заселi, дык, каб далей у iмпэратарскi страўнiк гэную костку папхнуць, i Якуба ў збройную талаку паклiкаў. Якуб, вядома-ж, ня вельмi-та наперад у гэным папiханьнi пяўся, але нейдзе ў гвалтоўнай мiтусьнi неасьцярожна сваю левую нагу куды ня трэба выткнуў, дык i адкусiлi яе аж па калена. Вярнуўся ў родную вёску ўжо старым i падношаным калекам. Пазнавата было жыцьцё будаваць, дык прылiп да аднэй зусiм яшчэ не ў гадох удавы, дый сына Васiля нажыў. Жонку гадоў дзесяць таму пахаваў.

— Сколька табе, дзядуля, гадоў будзiць? — пыталiся цi раз дзеткi.

Якуб дзеткамi ўсiх у вёсцы клiкаў, а з малечай надзвычайна гаманiць i забаўляцца любiў. Гаварылi некаторыя, што сам другое дзяцiнства перажываў.

На такое пытаньне дзед Якуб, бывала, памарудзiць з адказам, скубане сваю кароткую сiвенькую бародку, па-бацькоўску пагладзiць па галоўцы аднаго цi другога нямыцьку, зазiрне ў зацiкаўленыя вочы, дый кажа:

— А мне, дзетачкi мае, мусiць, ужо капы са дзьве, калi ня болей мiнула.

Калi хто старэйшы, вуха наставiўшы, збоку стаiць, Якуб падмiргне яму з хiтрай усьмешкай, быццам тлумачыць: «Ты-ж, братка, знай, што для дзетак хто старэйшы, таго болi шануюць».

Дзецi пачнуць лiчыць, тады колькi гэта будзе дзьве капы. Нярэдка Якуба на помач паклiчуць, самi такой праблемы не асiлiўшы, дык пачынаецца тады доўгая й пацешная гутарка.

Яшчэ ня так даўно — усяго цi пару год таму — як на тое лiха, раматус за дзедаву правую руку ўчапiўся. Мяркавалi, цi гэтым разам дзеду капцы будуць. Дзе там! Доўга-ткi крактаў i кешкаўся стары, нават нейкую поскудзь, што шаптуны яму нараiлi, ужываў, руку ёй аблеплiваў. Па нейкiм часе глядзяць людзi й веры сваiм вачам не даюць: раматус Якубаў як рукою зьняло. I ня дзiва, што казалi лiтоўскiя:

— Надта-ж жывучы наш кульгавы дзед Якуб, iкраз як той дуб Архiп. Нiякая трасца яго нi бярэць.

У тоне гаворкi вычувалася дзiцячае зьдзiўленьне й зусiм несхаваная пашана.

Хоць гэны раматус дзед Якуб здужаў, апошнiмi гадамi менш рухлiвым i актыўным стаўся. Радзей ад свайго падворку й малога кавалку зямлi, што яму па жонцы прыйшоўся, адлучаўся. Калi-нi-калi нямогласьць замiнала яму ўпарацца з такiмi простымi гаспадарскiмi работамi, як адрэзаць цi пашчапаць калоду дрэва, цi вядро вады ў хату з калодзезя прынесьцi. Шванкаваў i зрок. Як нi кажы, гады сваё робяць. Цяперака гэта ня тое, што раней бывала, калi руплiвага й павярткога аднаногага дзеда можна было й блiзка й далёка сустрэць: ён i на поле прыклыпае, i да суседа, i на гэты канец вёскi й на другi.

— Немач нейкая на мяне, дзеткi, каб яе макарэц спапялiў, напала, — крактаў цi раз дзед.

А надта-ж хацелася яму мiж людзёў быць. Любiлi яго ўсе, за залаты язык хвалiлi. Адно, спачувальна галовамi кiваючы, незнарок прыгадвалi, што часта дзед дзiваком прыкiдываўся. Калi пачне ён аб чым разказваць — паслухаць мiла. А колькi-ж за свой век зьведаў, пабачыў, перанёс! Колькi зь сiвой, для iншых недасяжнай, глыбiнi часу мудрасьцi чэрпаў. Меў аб чым апавядаць.

31
{"b":"103052","o":1}