Литмир - Электронная Библиотека

Прыйшла й мiнула вясна, надбегла лета. Адно другую паганялi гаспадарскiя працы. Рана ўставалi на ногi сяляне, сачылi ўзыходзячае з-за балота чырвонае сонца, штодзённа вiталiся з Архiпам на Гараватцы, позiркам дбайлiвых сем'янiнаў кiдалi на Захарукову бусьлянку, што на лiпе, варажылi цi бусьлiха яйкi ўжо пачала грэць ды калi бусьляняты, зь яйкаў вылупiўшыся, шыi й ногi свае выпрастаюць. Пазiралi на каралевы-сосны на могiлках, пацелi на палёх i на сенажацях, горбiлiся й натужвалi сiлы ў суседнiх паноў i асаднiкоў. Зямля аддавала цяпер людзям шчодрыя й скупыя плёны. Трэба было iх сабраць, i не ставала часу на тое, каб думаць, дзе й у каго хто якi калiдор думае адбiраць. Вечаровая дзiцячая гамана пяшчотна казытала вушы бацькоў i матак, што спрацаванымi варочалiся дахаты пасьля даўгога летняга дня. Усё, здавалася, было пастараму. Але як доўга? Што нясе заўтрашнi, пасьлязаўтрашнi дзень?

Калi ў пачатку верасьня пад саламяныя стрэхi прыляцела вестка, што Немцы пачалi ўжо панскую Польшчу дзяўбцi, усьлед-жа за ёй зьявiлася й новае, рэдка чутае й мала каму зразумелае слова: мабiлiзацыя. Зухавата-фанабэрысты солтыс Паўлоўскi мусiў у вадзiн дзень большую частку вёскi з мабiлiзацыйнымi наказамi абегаць. Нiколi шчэ раней так не муляла яму пад пахай гэная абшмуляная скураная торба. Солтыс усiм проста й ясна пра мабiлiзацыю растлумачыў. Людзi зразумелi й жахнулiся: заўтра асноўны цьвет лiтоўскае моладзi мусiў адпраўляцца Бог ведае ў якi далёкi сьвет, каб баранiць той «калiдор i плашч iз гузiкамi».

У той вечар позна па лiтоўскiх хатах не сьцiхала гамонка. Хныкала цi адна дзяўчына, тулячыся да свайго кавалера, якому аддала сэрца. Хто ведае, куды вядзе заўтрашняя дарога й як скора любы вернецца пад родную страху. Прагавiта пазiрала матка на сына, жонка на мужа, каб у запас наглядзецца, а сэрца грызла чорная трывога. Жаночыя рукi рэзалi боханы разовага жытняга хлеба, сушылi на дарогу сухары, пакавалi ў торбы сьцiплую скаромiну, а падол спаднiцы цi ручнiк выцiраў матчыны сьлёзы, якiм не было, здавалася, супынку. Тыя, у чыiх хатах не было мабiлiзаваных, заходзiлi да паклiканых у войска, каб, як казалi, душу адвесьцi. Нават малыя дзеткi, хоць дакладна не ўяўлялi поўнай сур'ёзнасьцi таго, што здарылася, спанатрылi вялiкую й раптоўную перамену. Балянс нармалёвага жыцьцёвага ладу быў зрушаны. Цi адзiн раз рука брала й ледзь стрымоўвалася, каб злосна не скамшыць позву, вочы ўглядалiся ўжо каторы раз у зусiм няхiтрыя й ляканiчныя словы. Усяму вiнаватыя былi гэтыя чартоўскiя паперкi.

Калi ў мiрны час зь вёскi мелi адпраўляць каторага навабранца на службу, дык напярэдаднi моладзь ладзiла яму вечар. Тады маладыя галовы туманiла родная сiвуха. Пад гукi гармонiка, гуртам i ў разрэз сьпявалi «пасьледнi нонешнi дзянёчак». Даўно ў нябыт адыйшла беларуская вайсковая традыцыя, пагасьлi ў гiстарычным лiхалецьцi родныя вайсковыя песьнi. I гэты «нонешнi дзянёчак» быў некалi адным чужынцам у Лiтоўцы прынесены. Цяпер-жа iншы чужынец за Бог ведае што чужое й нялюбае пастаяць клiкаў. У гэны вечар ня поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi зацяжнымi маладымi галасамi, бо гэтым разам у вагонь i на сьмерць трэба было йсьцi. Колькi зь iх знойдзе дадому шлях здаровымi, колькi нiкому непатрэбнымi калекамi, а колькi ў чужой далёкай краiне застанецца на вечны супачын? Гора было занадта вялiкае й агульнае.

XIV

Нахмарыўся разьвiтальны дзень. Па самым дне начоўкаў ранiцою паўзьлi дымы зь лiтоўскiх комiнаў. Праймаючыя холадам хмары зьнiжалiся й iмклiва плылi над лiтоўскай лагчынай. Яны, здавалася, не маглi наважыцца, цi iм адно з пагрозай шыбануць над Лiтоўцамi, цi памарасiць вёску густым дожджыкам.

Рана зьявiўся да солтыса Паўлоўскага ўраднiк з гацкага мабiлiзацыйнага бюра. Пагаманiўшы iз шляхцюком, абодва накiравалiся пад Пятухову клець, дзе быў зборны пункт для паклiканых. Хутка зь блiзкiх i далейшых хутароў, iз гасподаў, што засталiся на старым паселiшчы, пачалi плысьцi сюды людзi. Хоць цi аднаму з мабiлiзаваных зазiрнула ў галаву думка, каб ня йсьцi, а дзесь схавацца й перачакаць, «пакуль гэта бiда сплывець», адно Шпунтоў Лявон учора поцемкам выбраўся ў сваю, яму адному вядомую, дарогу. Мабiлiзаваныя прыходзiлi ў суправодзе раднi, што мела спадарожнiчаць iм аж у Гацi. Здавалася, што ля Пятуховай клецi сабралася ўся вёска. Ураднiк, паставiўшы ровар ля плоту, сядзеў на лаўцы й паўголасам гаманiў iз солтысам, касурыўся на надвор'е й паглядаў на гадзiньнiк. Солтыс раiў яшчэ пачакаць, бо бачыў, што ня ўсе сабралiся. Прыехалi й тры хурманкi, замоўленыя Паўлоўскiм учора, каб на iх адвезьцi падарожныя клункi. Людзi гаманiлi, гулi як пчолы ў вульлi пасьля працавiтага дня, але адчувалася, што гамонка тая была стрыманая, не чуваць было гулкога й безклапотнага сьмеху. Шматлiкiя вочы сачылi ўраднiка й солтыса, што яны скажуць i зробяць.

На звароце вулiцы з бальшака, што прабягаў упоперак вёскi ад балота, паказаўся нетарапкi ў кроку й рухах Сымон Пятух, старэйшы брат гэтага самага Пятуха, ля чыёй клецi сабраўся народ. Сымон быў старым дзяцюком, векам гадоў пад пяцьдзясят мусiць. Ягоны вузкi й даўна голены гарбаносы твар iз глыбокiмi западзiнамi там, адкуль выглядалi малыя рудзенькiя вочкi, зьверху аброс густымi мяцёлкамi броваў. Дзяцюк пакiнуў дома свае адзiныя, яшчэ не зусiм дабiтыя, з доўгiмi рудымi халявамi боты й босымi нагамi мясiў яшчэ сухi мяккi дарожны пясок. Зашмальцаваная камiзэлька, кужэльная кашуля-касаваротка, засалены пiнжак i паўсуконныя порткi з калошамi ў трубы, ды шэрая, папрацiраная па бакох кепка, што зьехала на правы бок i напаказ выставiла густы венiк рудых валасоў зь левага — вось гэта была нязьменная вопратка ў буднi й у сьвяткi. У старэйшага Пятуха, як заўсёды, часу было хоць ты адбаўляй. Быў ён найбольш ведамым карцёжнiкам, гультаём, i заядлым курцом у вёсцы. Любiў i выпiць, калi была нагода. У карты гуляў, як казаў, каб час забiць i звычайна напуста. Калi не было чаго палiць, стараўся ад старой маткi сьцiбнуць пару яйкаў ды прамяняць iх у Жыда на тытунь. Жыў у самым паўднёва-ўсходнiм кутку Лiтоўцаў на ўзгарку. У некаторых людзей лазьнi былi вялiчынёй зь ягоную хату, але для яго й маткi было даволi мейсца. I пра тыя два гактары зямлi Сымон нянадта рупiўся. Лебяда, пырнiк i быльлё заглушалi там пасеяную на заўсёды дрэнна апрацаванай зямлi збажыну. Для аднаго канякi й каровы ледзь мог Пятух сена за лета назапасiць. Вяскоўцы так апавядалi аб Пятуховай гаспадарлiвасьцi: Ляжаў ён аднойчы на печы й кармiў клапоў. Ногi, быццам тыя качэргi, ажно зьвiсалi над пяколкам. Цi-ж Пятух вiнаваты, што муляр кароткую печ пабудаваў? Мацi кешкалася ля печы, а Пятух цешыўся, што яму добра ў плечы грэе. Пайшоў дождж, i прагнiлая страха была таму вiной, што вада неўзабаве пацякла iз столi на адзiны ў хаце ложак.

— Сымон, — казала яму мацi, — дождж iдзець, страха цячэць, вада вуньдзiка на пасьцелi. Чаму страху нi залатаiш?

— Нi знаiш што рабiць? — пачуўся зь печы лянiвы голас. — Адсунь ложак, дык нi нацячэць.

Першы спасьцярог Сымона Антось, той самы, каторага празвалi Дзеркачом i якi быў у лiку паклiканых.

— От ужо й Сымон ёсьцека, цяпер можам iсьцi, — загаварыў голасна Антось, каб зьвярнуць агульную ўвагу. — Ну што, Сымон, пойдзiш з намi ў салдаты?

— Адчапiся ты! — буркнуў голасна Пятух. Ён ёмка выплюнуў з роту дагарэўшы акурак, выцягнуў зь левай адтадуранай кiшэнi капшук з тытунем, адраваў кавалак газэты й супакойна, маленькiмi вачыма бегаючы па грамадзе людзей, узяўся вярцець новую папяросу.

— Ну, Сымон, калi-ж будзiш жанiцца? — пакеплiваў далей Антось. — Параска Макатунiшка ўжо як лучына па табе ссохла.

— Тады, як бык будзiць цялiцца! — адказаў, не паварушыўшы мяцёлкамi, стары дзяцюк.

Тыя, што чулi гэтую гаворку, зарагаталi.

— Ён, мусiць, жджэць пакуль Параска пяцёра будзiць мець, каб адразу на гатовыя, — кпiў з натоўпу другi мужчынскi голас.

Дзякуючы Пятуху, заўсёднаму аб'екту жартаў, якi зусiм нiчым не прыгадваў працавiтага й дбайнага гаспадарлiвага малодшага брата, павесялелi некаторыя ў грамадзе.

49
{"b":"103052","o":1}