Литмир - Электронная Библиотека

— Ты кажаш, што хвалюць гэтых камунiстаў, што тутака ў нас. Каго-ж гэта яны так вялiчаюць? Можа, гэта нашага Косьцiка Сабакевiча, Шпунтовага Лявона, цi Параску Макатунiшку? Гэта-ж усё гультаi, галадранцы, каб iх макарэц!

Пры апошнiх словах дзедаў голас задрыжэў, i ён iзноў сакавiта плюнуў на падлогу.

— Калi яны каму што добрага зрабiлi? — працягваў дзед. — Кажуць людзi, што пакажы ты сябе на дзеля, а нi на языку — от як! А гэтыя што? Каб iм бокам тоя вылiзла, што яны другiм робяць! А цi нi пра iх-жа гэта кажуць, што яны за бедны народ, процi паноў?

Вiдаць, дзед бы паднечаны. Ён гаварыў цяпер барзьдзей i больш заядла смактаў самасейку.

— Кажу табе, сынок, што нi знаю, як там у iх. Толька я от сваёй старой галавой як памяркую, дык вiджу, што тут нешта нi так выходзiць, як па радзiвя брэшуць. Нi забудзься, сынок, адно: нашаму брату-сiрмяжнiку нiхто нiколi нi спагадаў, нiхто нiколi нiчога нi даваў i нi памагаў, а кажды толька зь яго нажыцца стараўся, от як. А тыя людзi, што самi Бога адраклiся, цяперака нам у вушы ўводзяць, што народу сама найбольшая дабро робюць, якога яшчэ нiхто нiколi нi рабiў. Калi гэта ўзяць за добрую манэту, дык трэба тады паверыць, што чорт ангiлам зрабiўся, от што…

Дзед памаўчаў.

— Пасьля вайны, — працягваў Якуб, — як устанавiлася гранiца, ды нiкаторыя ўвiдзiлi, што тут жыцьця ня будзiць, дык многа нашых людзей тады ўцякло. З нашых Лiтоўцаў вун Пiтухоў старэйшы брат Сьцёпка ды Панасаў сын Аляксей, як Грамаду разганялi, туды пайшлi, дый з другiх вёскаў маса. Пайшлi, бо лепшага жыцьця шукалi. I от, значыцца, пайшлi, i як у ваду канулi, нi слуху нi духу, памiнай як звалi… А чаму-ж гэта так? Ты думаiш, яны пра сваiх забылiся, цi што? Ну нiхай-бы адзiн такi, што мог-бы нi адгукнуцца, дык-жа не. Людзi кажуць, што iз другiх вёсак тоя самая — нiякай чуткi. От разьбярыся сам. Людзi пiшуць з Амэрыкi, з Аргiньцiны, адусюль, толькi нi з Расеi. А гэта саўсiм пад бокам. Не, сынок, нешта тут ня тоя. Каб гэта добра было, дык адгукнулiся-б, быць ня можыць. Каб было добра там, як па тым радзiвя брэшуць, дык i пасылкi прыслалi-б, як каторыя з Амэрыкi. Мусiць, тамака дабрата такая… Нашым людзям, сынок, — кажу табе, — нiхто нi паможыць. Гэтыя во паны й асаднiкi ў жабракоў торбы адбiраюць, а тыя, мусiць, таксама анi на ногаць ня лепшыя. Цi гэта мы так перад Богам за што саграшылi, цi хто ведаiць…

XIII

Асноваю жыцьця й быту лiтоўскiх i навакольных сялянаў была зямля. Яна кармiла й апранала, урадлiвымi гадамi была ласкавай i шчодрай маткай, неўрадлiвымi — скупой i нямiласэрнай мачыхай. Прывязанасьць да зямлi не матывалася адно тым, што акупант перагарадзiў усе шляхi ў места цi далейшы пазавясковы сьвет. Зь няпамятных часоў людзi ня ведалi жыцьця iншага, апроч таго, што неразлучна было зьвязана зь зямлёй. У народным фальклёры зямлi адводзiлася самае пачэснае мейсца.

Калi акупанты наважылi падрэзаць беларускiя народныя карэньнi, дык хапiла iм адно зьменшыць плошчу зямельнае сялянскае ўласнасьцi. Гэтак рабiлi Палякi, панасылаўшы сюды сваiх асаднiкаў, якiя — згодна словаў дзеда Якуба, — адбiралi ў жабракоў торбы. Сьцiснутыя на малых i малаўрадлiвых дзялках, сяляне, быццам сьпелыя грушы, падалi ў панскiя капялюшы, рабiлiся бяспраўнымi парабкамi. Акупант адным стрэлам забiваў двох зайцоў: быццам чарвяк — спачатку аслабiўшы яго — тачыў здаровы народны сялянскi арганiзм, а кантролю над гэтым зьнядужэлым гаспадарча целам перадаваў у рукi паноў, асаднiкаў i пануючых бюракратаў.

Беларускiя сяляне — хоць гэткай думкi некаторыя гладка й выказаць не маглi-б — добра разумелi, што зямля была асноўным апiрышчам процi чужацкае асымiляцыйнае навалы. Калi нават вясковы чалавек iз свае волi йшоў у места цi далейшы сьвет, так i глядзi, што прапасьцi мог. У кожным выпадку надвое трэба было варажыць. Як ссохнуць цi зьнядужыць магло кволае дзiцё, адлучанае ад матчыных грудзей, гэтак сялянскi сын мог прапасьцi безь зямлi-маткi.

Дзiва няма, што слова «зямля» было найбольш зацяганым на языкох лiтоўскiх дый наагул усiх беларускiх сялянаў. Аб зямлi заўсёды гаманiлi, пра яе марылi, за яе змагалiся, сварылiся, судзiлiся. На вузкапалосiцах адзiн другому пераворваў, перакошваў i iншае. Зямля мела вялiкую вагу ў сялянскiх жанiцьбах. Так i глядзiш, як каторая дзеўка пайшла замуж не за чалавека, а за зямлю; iншы дзяцюк за зямлю падаўся ў прымы, а яшчэ iншы браў дзеўку толькi таму, што зямля ў пасагу была.

Прыслухайцеся да звычайнае вясковае гаворкi: усюды, як бiнзiна на паверхню вады, выплывае тэма зямлi цi безьзямельля. А нават калi й ня выплыве, дык адчуваць будзеце, што яна тут недалёка дзесь, зусiм побач, у думках i ў мяркаваньнях неадступна прысутная. Вясеньняя сяўба цi касавiца, жнiво цi малацьба, ворыва цi мяцьцё лёну — праз усе цыклi прац, зьвязаных iз гадавымi порамi, чырвонай нiткай праходзiла тэма зямлi й безьзямельля. I не ўяўлялi людзi безь зямлi жыцьця, дарма, што сьцiснутыя, чужнiкамi ў лапцi абутыя, гаспадарча зьнядужэлыя, самi, як карчы, у зямлi гэтай трухлелi, ды побач новыя парасткi, чужнiком таптаныя, пускалi ад старога карэньня.

Пасьля зямлi ды сямейных справаў другой найбольш аблюбаванай тэмай у гамонках лiтоўскiх сялян была палiтыка. Палiтыканствам займалiся пераважна старэйшыя. Цiкаўнасьць да палiтычных падзеяў у сьвеце далёка за межамi родных Лiтоўцаў i польскае дзяржавы сягала сваiмi карэньнямi ў далёкую мiнуўшчыну. Ведалi людзi, што калi дзе вецер разьдзьмухае якую большую буру, дык ня мiнуць ёй iхнае краiны й Лiтоўцаў. Гэтак было раней, так магло быць i ў будучынi. Гэта-ж i да гэтага часу яшчэ Напалеонавых «Пранцузаў» памiналi, дый усяго васямнаццаць гадоў назад прайшла апошняя й найжахлiвейшая вайна. Ня гэтак важна, што разважаньнi мяйсцовых палiтыканаў часта былi недарэчныя й наiўныя (пераважна таму, што да сяньняшнiх часоў i гаспадарстваў падтасоўвалiся ўчорашнiя меркi); важны сам факт, што палiтычныя падзеi ў сьвеце паланiлi ўвагу працавiтых лiтоўскiх людзей.

Пагроза новае вайны вось ужо якi год вiсела над Эўропай. Дрэнныя весткi даходзiлi й да лiтоўскiх палiтыканаў. Мала хто спадзяваўся, што зьмена аднаго чужога ладу iншым, калi такая будзе, прынясе яму лепшую будучыню. Адылi не пасьпеў 1939 год як сьлед у пух абрасьцi, вымяркавалi людзi, што быў ён больш трывожным i пагрозьлiвым, чымся ўсе ранейшыя.

На лаўцы пад Пятуховай клецяй, на вясковых прызбах i пад саламянымi стрэхамi з вуснаў у вусны перадавалася цяжарнае жахам слова: вайна. Спачатку рэдка, яно зь бегам часу ўсё сьмялей i часьцей выплывала ў гутарках i наапошку пачало выцiскаць на апошнi плян тэму й турботы пра зямлю. Людзi цяпер або зусiм у гаворцы запiналiся, або гаварылi з паднечаньнем, у якiм адчувалася няпэўнасьць i боязь. Хмарылiся барознамi веку аздобленыя сялянскiя твары. Старэйшым ня трэба было фантазii: добра запамяталi жахi мiнулае вайны. Дзецi-ж распытвалi старэйшых, у Гараватцы й на ўзьлесьсi ля гасьцiнцу знаходзiлi старую йржавую амунiцыю. Для малечы была яна прадметам забаваў. Выцягвалi з набояў кулi, сушылi порах, нанава «закаркоўвалi», дый стралялi, цi то паклаўшы ў вогнiшча, цi наладзiўшы якое прымiтыўнае прыладзьдзе наводля стрэльбы. Будзе вайна — думаў каторы нямыцька — дык будзе больш набояў, можна будзе пазабаўляцца. Запраўднага характару вайны дзецi не маглi ведаць.

Весткi з шырокага сьвету, што прыляталi ў лiтоўскiя начоўкi, часта былi ўжо iншымi сфальшаваныя, надзьмутыя або паменшаныя. Дзяржаўны прапагандовы апарат прапускаў iх праз сваё бюракратычнае сiта. Людзi шмат чаго даведвалiся ад Жыдоў, якiя, вядома-ж, заўсёды й усё ведалi, многа чаго гаварылi сваiм найбольшым дабрадзеям, дый то пад вялiкiм сакрэтам. У тых вестках найбольш фiгураваў «немiц». Гэта лiтоўскiм людзям таксама здавалася нармалёвым. Чаму-ж не? I раней, калi дзе што важнае пачыналася, дык «немiц» там быў першы.

Многа было гамонкi пра нейкi «калiдор», а з другога пра «плашч iз гузiкамi». Палякi гарачылiся й крычэлi, што моцна й непарушна стаяць будуць у гэным калiдоры, ды нiякаму Немцу не аддадуць анiводнага гузiка з таго «плашча». Лiтоўскiм сялянам да таго «калiдору» й «плашча» столькi справы было, колькi курцу да соскi. Аднаго баялiся, што Немцы схопяць Палякаў загрудкi, дык гэтыя астатнiя iх, Богу духа вiнаватых, могуць на помач паклiкаць. А навошта iм свае парэпаныя цi падэшвай ад працы аброслыя пальцы ў гэнай катавасii мачаць?

48
{"b":"103052","o":1}