Литмир - Электронная Библиотека

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, — як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, — то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.

Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, — мяркаваў Янук, — варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць — адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны сябра-памочнiк Тапсiк, цану якому добра ведаў Янук. Ды ўсяроўна, пуга сама сабой. Лясьнi ёй раз-другi, i глядзi, як стрыжэ вушамi статак, ведаючы, што малы гаспадар на воку яго трымае. Таму сьвiст-ляскат i быў для Янука прыемнай i карыснай мэлёдыяй.

Было ўсяго ў статку, старых i маладых, хвастоў зь пятнаццаць. Панаядаўшыся, быццам нехаця, ацярэблiвалiся яны ў ценях вялiкiх вольхаў над канавай. Сонца падкрадалася ўжо за чуб суседняга бору. I не агледзiсься, як вечар на носе.

Янук сачыў, цi пакажацца ў падворку ля хаты шыракаплечая постаць гаспадара ягонага — асаднiка Лазоўскага, цi ня рыпне каля калодзезя журавель. Чуткае вуха ягонае скваплiва лавiла гукi перадвячорнага руху ў падворку, каб угадаць, калi можна рухацца iз статкам пад дом.

Лёганькi ветрык прынёс з-пад балота абрыўкi вясёлае полькi й галасы прыпеўкаў. Янук ведаў, што так рыпела трохрадка ў руках вясковага музыкi Тадэўкi, што сам безьперапынна сыпаў прыпеўкамi й падахвочваў iншых, адно ходырам хадзiла поле. Там дзесь грамадою польнымi межамi з Тадэўкавага хутару йшлi ў вёску ладзiць iгрышча. Як магнiт, ствараючы навокал весялосьць i падганяючы адсталых, прыцягвала трохрадка да сябе моладзь. Вялiкай грамадой увалiцца яна ў раней дамоўленую хату ды кiнецца ў скокi. Тымчасам iшлi, гарлапанiлi, склiкалi iншых, задыхаўся-рыпеў гармонiк. Перакiнуўшы цераз плячо цымбалы, клыпаў ля Тадэўкi невялiкага росту цымбалiсты Язэпаў Пецька.

Жвавей захадзiлi босыя закарэлыя Януковы ногi, i карцiла яму ўжо бегчы туды, дзе, як ведаў добра, у хвасьце старэйшых цягнулiся ўвiшныя падшыванцы-жэўжыкi, што пасьля цэлы вечар будуць шнырыць каля йгрышча, займаючыся сваiмi зусiм непразаiчнымi справамi.

Запавядалася шумнае й люднае купальскае йгрышча. Сяньня было Яна. Людзей зь кiрмашу налезе процьма, папрыходзяць iз суседнiх вёскаў i засьценкаў. Цi пусьцiць яго гаспадар? — мяркаваў Янук.

Калi прыгадаў, што сталася, вялiкi жаль ахапiў iзноў Янука ды п'яўкай смактаў у грудзi. Дзень сьвятога Яна — той самы дзень, калi быў вялiкi рэлiгiйны фэст пры царкве ў Гацях, — гэта-ж па праву было ягонае сьвята, ягоныя ймянiны. Цярплiва чакаў яго хлопчык ад пачатку вясны — значыцца, ад часу, калi пачаў ганяць на поле статак. Абяцаў яму сёлета Лазоўскi вольны дзень ды шчэ й пяцьдзясят грошаў, каб забавiўся на фэсьце — з тэй умовай, што добра пiльнавацьме статак i сёе-тое ля гаспадаркi паможа. Гэнае «сёе-тое» складалi дробныя працы й паслугi, што не належалi да ягоных штодзённых абавязкаў.

Падахвочаны абяцанкаю, хлопчык пасабляў асаднiку, як роднаму бацьку. Летась-жа на фэст пусьцiў, хоць адно пяць грошаў даў. Кагадзе прыабяцаная пяцьдзясятка здалася Януку прост-напраст невядома якiм вялiзным капiталам. Нiколi ў жыцьцi ня меў так многа ў сваёй часта дзiравай кiшэнi, хоць i даводзiлася бачыць у чужых руках. Колькi-ж гэта марозiва, шакаляду, ляманяды й цукеркаў спажываў ужо ў сваiм уяўленьнi Янук. Мроiлася часамi, што палову тавараў у Жыдоў-крамнiкаў за тыя грошы адкупiць. Вось дзе паласуецца! цешыўся пастушок. Ды й ласавацца-ж будзе не абы як, але абавязкова на воку ў сваiх сяброў — канечне, каб бачылi, зайздросьцiлi й аблiзвалiся, асаблiва-ж доктаравы Ўладзiк i Стась. Цi раз iм ужо iм пра тое хвалiўся.

Ажно чорту нямытаму нешта ў галаве перакулiлася. Насупiўшыся, швэндаўся ўчора, не дазволiў нават на купальскую ноч у сяло да бацькоў зьбегаць, ды потым iз моладзьдзю ля вогнiшчаў i вады пазабаўляцца, папарацi кветкi пашукаць. Варажыла на нядобрае. Сяньня на досьвiтку, быццам i гаворкi пра тое сьвята й абяцанкаў нiякiх не было, устрэў яго асаднiк i загадаў статак выганяць. Аб падмене й грашох — нi слуху, нi духу. Ледзь асьмелiўся хлопец адчынiць рот, як пан накiнуўся на яго з лаянкай i пагрозамi. Нават тое марнае сьнеданьне камяком у горле засела. Колькi-ж паплакаў хлопчык на полi. Жалем разьпiралi ягоныя грудзi царкоўныя званы, што клiкалi да сябе. Заплыўшымi слязьмi вачыма сачыў ён моладзь i старэйшых, што праз Гараватку й празь лес iшлi ў Гацi. Спачатку нават наважыўся быў кiнуць статак, плюнуць на асаднiка й увесь яго нялюбы род ды пабегчы дадому. Адно як прыгадаў хатнюю галечу ды й тую магчымасьць, што бацька можа вылупцаваць i назад за руку прывесьцi (было ўжо раз i гэтак), тады й думкi з галавы вытурыў.

Трэцi ўжо год пасьвiў Янук Бахмач Лазоўскага статак. Мог-бы ўжо й кiнуць, калi-б ня тая прага да навукi. Кончыўшы пачатковую вясковую школу, мог-бы, як некаторыя iншыя вясковыя падлёткi, бацьку пры гаспадарцы памагаць. Працы хапала. Дык дзе-ж там. Вучыцца яму далей карцiла.

Летась пад вясну тое было. Спытаў бацьку, цi пусьцiць яго наступнай восеньню ў пятую клясу гацкай сямiгодкi. Бацька ня супраць-бы далей сына вучыць, калi-б ня тая вечная нiшчымнiца ў хаце. Хадзiць штодзень за чатыры кiлямэтры ў школу — гэта ня жартачкi, вунь колькi абутку трэба. Дый зь ежай праблема. Дома з аднэй мiскi капусты пасёрбае, а ў школу дык скварку якую трэба. А дзе яе браць?

— Iздзi, сынок, калi цябе да навукi цягнiць, — казаў Пракоп Бахмач Януку. — Толькi помнi, што з абуткам у мяне коратка. От, калi ў лапцёх будзiш хадзiць, дык лыка хвацiць. Сам памяркуй…

Бацька казаў праўду. Той малаўраджайны клiнок зямлi з трох гактараў — ня выкармiць, не апране й не абуе, нават калi летам i ў лiпавiцкага пана крыху пазаробiш. Асаблiва цяжка было з вопраткай i абуткам — хоць ты гвалт крычы. Меў Янук аднаго, на тры гады старэйшага, брата Мiколу. Кульгавы на левую нагу быў. Не памятаў Янук, калi брат калекам стаў. Разказвалi, што, будучы яшчэ малым, гадоў цi не каля сямi маючы, пасьлiзнуўся й упаў хлапец на мокрадзi ля памыйнага цэбра. Скардзiўся на боль у левым суставе. Бязь лекарскае помачы костка пачала загнiвацца, i мусiлi паслаць Мiколу ў шпiталь. Таму, што на большае не ставала грошы, дык адно спынiлi загной. Ад таго часу запаволiўся рост Мiколавай нагi. Была яна цяпер карацейшая за правую на цэлай поўпядзi. Бацька мяркаваў калеку на шаўца вывучыць. Сам Мiкола нянадта на кнiгi налягаў, а калi-б i стараўся вучыцца, дык навошта? Не было нiкуды дарогi вясковаму, асаблiва яшчэ праваслаўнаму, чалавеку. Як мухi-лiпучкi, абсаджвалi паны ўсё й усюды сваймi ўраднiкамi. Заставалася Мiколу брацца за малаток i капыл, цi йголку з ножвiцамi, каб свой кавалак хлеба мець. Так пастанавiў Пракоп Бахмач, перш iз жонкай Аленай гэтую справу добра ператросшы.

Янука цягнула да навукi, як п'янiцу да гарэлкi, хоць, каб хто спытаў, навошта яму школа, дык мо й не адказаў-бы. Проста няўрымсьлiвая прагнасьць ведаў не давала супакою. А як ты ў лапцёх у местачковую школу пакажасься? Засьмяюць, праходу не дадуць. Як сьвет сьветам, ня чуў нiхто, каб хто ў гацкую школу ў лапцёх хадзiў.

2
{"b":"103052","o":1}