Литмир - Электронная Библиотека

Дуня была Януковай аднагодкай. Сьветлавалосая, сiнявокая, круглатварая, ледзь кiрпаценькая, сярэдняга росту, апранутая была сяньня ў танную паркалёвую сукенку, босая. Даўгiя валасы — мусiць, таму, каб не рассыпалiся на бакi перавязаныя былi блакiтнаю стужкаю. На правым плячы Макатунiшка тарабанiла пузаты, туга напханы зрэбны мех. Янук ведаў, што было ў iм нейкае зельле.

Ад раньняе вясны, як толькi канчалася школа, завiхалася Дуня каля лекавага зельля. Мацi ейная прадавала назьбiранае ў мястэчку купцом, што ў сваю чаргу збывалi зёлкi фiрмам, якiя рабiлi зь iх лекi. Пачынаючы ад браткаў, празь лiпавы цьвет, васiлькi, чабор, валяр'янку i аж да панчошак, як руплiвая пчолка ўвiхалася Дуня цалюсенькае лета. Пад восень перакiдалася на грыбы й ягады. Гэтак ужо вось цi ня трэцi год. Спачатку хадзiла з маткай, пасьля — найчасьцей iзь сяброўкай Юшкевiчавай Клавай. Тую часта лянота брала, дык Дуня вандравала па палёх i лясох сама. Старалася абмiнаць вясковыя землi, бо чаго добрага, возьме каторы дзядзька — сабакам нацкуе. На скарбовым i панскiм раздольле было, хоць там лясьнiка трэба было высьцерагацца. На ягады-ж, каб зьбiраць, талён трэба было купляць. Адылi Дуня ня толькi ведала бочныя сьцежкi й дарожкi, пазнала, дзе, што й калi расьце, але, быццам тая пранырлiвая лiса, здалёк абмiнала небясьпеку.

Iншыя жанкi й дзяўчаты да суседнiх паноў на полiва, жнiво цi iншыя польныя работы хадзiлi. Макатунiшка ўпадабала зёлкi. Тут над табой нiхто з паганякай не стаяў. Добра руку набiўшы, завiхнуўшыся, можна было больш, чым у пана, цэлы дзень крукам стоячы, зарабiць. Заробкi йшлi на вопратку й хлеб. Зiмой-жа ў школу трэба было хадзiць, а ў хаце бяда з кожнага кута выглядала.

Ня меў Янук лепшае сяброўкi за гэту ўвiшную, працавiтую й прыгожую дзяўчыну. Сяброўства было, як звычайна мiж падлеткамi — дзiцячае, шчырае, безь нiякiх заднiх думкаў. Сам сабе ня верыў Янук, калi прыгадваў, як да гэтага дайшло.

На краю Лiтоўцаў, пры балоце, на вузкiм лапiкле малаўрадлiвае зямлi стаяла невялiкая хата. Здалёк выглядала недакончанай. Так фактычна й было. Гадоў пяць таму перанесьлi Макатунiшкi яе зь вёскi. Нанятыя цi ўпрошаныя людзi паклалi зруб, накрылi страху, услалi столь, уставiлi вокны ды й так без гаспадарскага заканчэньня пакiнулi. Iз страхi тарчэлi, быццам замарожаныя скасьцянелыя пальцы, непаадразаныя кроквы, вецер мейсцамi ўжо здолеў пазакасваць i павыскубваць салому. Хата ня мела нават сенцаў. Знадворныя дзьверы адчынялiся адразу ў пакой, што быў i кухняй, i спальняй, i ўсiм чысьценька. Воддаль ад хаты, за дзьвюма паветкамi, як тая квактуха на яйках, прысела меншая будынiна, што служыла разам пуняй i хлевам. Часта чуваць было адтуль скуголеньне сьвiньнi, рыканьне каровы й кудахтаньне курэй.

Нiколi ня быў Янук у гэнай хаце, хоць жыла там сяброўка Дуня з маткай, iзь дзьвюма сёстрамi й iхнымi дзяцьмi. Гэта была сям'я без мужчыны. Стары Макатун — апавядалi тыя, што ведалi, — даўно-даўненька зьбег сабакам сена касiць. Пакуль на той сенакос выбраўся, мала зь яго клёку для сям'i было: усяго, мусiць, што трое дачок прыдбаў. Удосыць нагаравалася Макатунiха, пакуль першыя дзьве падрасьлi. Спадзявалася на лепшае.

Падрастуць, думае, дык падзарабiць якi грош дапамогуць: «Разам якi аруд жыта насыпем, сьвiран склецiўшы, лёну напрадзём-натчом, кусок скаромiны лацьвей завядзецца».

Набегла зусiм што iншае: глядзiць мацi на найстарэйшую й вачам веры не дае — гэтак неяк ненармальна круглець пачала. Тут-як-тут, бач, i новы крыклiвы маленькi чалавечак на сьвет. Гэткага мацi не спадзявалася, бо быў гэта ня той прыбытак, аб якiм гавораць, што ад яго галава не балiць. Тут галава забалела-закружылася. Ды гэта адно пачатак быў. Малодшая, цi то на сястру заглядзеўшыся, цi што, навыперадкi давай: ажно двое адразу. Адкуль? Iзь кiм набегалi? — ламала мацi галаву.

Вясковыя жанкi, што на ўсiм пiльнае вока трымалi, найчасьцей Шпунтова Лявона ў павялiчэньнi Макатунiшынай сям'i вiнавацiлi. Дачкi-ж, як вады ў рот панабiраўшы, каб словам заiкнулiся…

Каб вось ня дзеткi гэтыя, можа-б, i зажылi палюдзку, у чужых пазарабiўшы й сваё куртатае лапiкла зямлi дагледзеўшы. А так… Колькi нi таўчыся, усiх дзiркаў не залатаеш. Ратоў да яды, плячэй да апрананьня, ног да абуваньня хоць аднiмай, а на заробкi адхiнуцца некаму. Хоць ты гвалт крычы!

Мо й саромелася найменшая Макатунiшка Янука ў хату свае маткi калi завесьцi. Можа, ён, з гэтай спрэчнай i незвычайнай сямейкай пазнаўшыся, будзе аб ёй благiя думкi мець. Шмат разумела дзяўчына, усё тое непахвальнае, што аб iх людзi гаворылi, слухаючы. Не лахва была зацёпканую глiняную падлогу, поўзаючых па ёй мурзатых галапупых дзетак Януку паказваць. Або гэныя шырокiя, на ўсю даўжыню сьцяны, палаткi ля пячы, дзе ўсе супольна, як снапы на памосьце, спалi… Навошта каму чужому непаклiканаму носа туды тыцкаць?

Звычайна пасьля Калядаў пачыналiся вандроўкi Макатунiшынай сям'i па людзях, што летам наймiтаў патрабавалi. У гэтага пазычалi мех бульбы, у гэнага — жыта, крупаў цi яшчэ чаго. Варыва ставала свайго, але найгорш iз скаромнiнай было. Так i перабiвалiся з прогаладзi ў посьнiцу.

У добрых людзей адна, а ў Макатунiхi, бывае, ажно тры гаспадынi аднэй чапялой, качаргой, памялом цi вiламi ля печы арудуюць. I калi скупога ў катлах цi мiсках не падзеляць, дрыжыць-трысецца тады ад сваркаў квола збудаваная Макатуновых хата: «Ты ўзяла маё, табе перапала замнога, ты не зарабiла, а сваiх дзяцей маiм кормiш», i гэтак бясконца. За зiмовыя-ж пазыкi адраблялi Макатунiшкi па людзях цэлае наступнае лета й восень. Замiж таго, каб перш зарабiць, а пасьля спажываць, тут наадварот: паўгады цi больш наперад за пазычанае жылi. У вёсцы й ваколiцы Макатуновых нядоля прыказачнай сталася. Здарыцца, што пытае адзiн дзядзька другога: «Ну, як жывеш?» — «Добра, адказвае запытаны, — як Макатуны, нi раўнуючы…»

Адразу ясна. Ледзь ногi валачэ, а аб зьвязваньнi тых прыказачных «куртатых канцоў» i язык мазолiць шкада.

Мо й не была-б сям'я Макатуноў аб'ектам такiх кпiнаў, калi-б ня гэны прырост.

— Гэта-ж нада во, — казала цi раз адна кабета, — каб вас пранцы, сколька папанаводзiць. Самi здыхлы за бульбiнай прападаюць, а тут яшчэ чаго. Саўсiм Бог розум адабраў, суседачка…

Кабеты ня толькi што ня скупiлiся на каляровыя эпiтэты, але аж празь меру перабольшвалi. Як у вадзiн голас, падмацоўваючы ведамай прыказкай аб сучцы й сабаку, Макатунiшыных дачок ганiлi. Такую-ж давалi волю языкам, што, паслухаўшы, падумаў-бы добры чалавек, што ўсе жанкi лiтоўскiя — прос-напраст сьвятыя: дзеткi ў iх цi ня шляхам духа сьвятога нарадзiлiся.

Аб найстарэйшай Макатунiшцы Парасцы, што з выгляду нiякаватая была, казалi, што быццам «ня ўсе дома» ў галаве ейнай. Дык, калi й аб сынку ейным прыгадвалi, то на тое «ня ўсе дома» ськiдку давалi. Калi-ж Параска, як пасьля выявiлася, узялася Сабакевiчаву трухлядзь-прапаганду разносiць, гэткi ейны занятак iзноў-жа на тое самае конта запiсалi.

Куды больш зьвягалi на сярэднюю й нiштаватую з выгляду Алену, што аж двое — хлопчыка й дзяўчынку мела. Жанкi пастанавiлi, што абодва ў Шпунтовага Лявона «цюцелька ў цюцельку ўдалiся й крошачкi пабралi». Парознаму тлумачылi Аленiну лёккадумнасьць, цi што iншае, дый, вядома, да ладу дайсьцi не маглi. Часта й бацьку вiнавацiлi. Яблык, маўляў, далёка ад дрэва не адкоцiцца.

Мяркавалi, што й наймалодшая Дуня ўтаптанай сьцежкай сваiх сёстраў пойдзе. Пастанавiлi, што якраз так, а ня йнакш будзе, дый кропку над тым паставiлi. Папрабавалi-б вы, чаго добрага, свае сумлевы адносна гэтых кабечых меркаваньняў выказаць, вас-бы найбольш руплiвыя жанкi, што з найдаўжэйшымi языкамi, у белы дзень гэт! аж за лiтоўскае балота прагналi-б. Цi льга тады дзiвiцца, што такую агульнапрынятую думку пра Дуню й Януку ў галаву ўвялi.

Надта-ж мiзэрнай з выгляду, сухой як лучына, была Дуня Макатунiшка, калi яшчэ ў пачатковую школу хадзiла. Вучнi-ж — дзецi як дзецi; ад бацькоў удома шмат дрэннага пра Макатуноў наслухалiся, — думалi, што Дуня за iх горшая. Дзяўчынку часта й без прычынаў квялiлi. Так напракудзяць, насоляць ёй, бывала, што адыйдзе на бок, вочкi кулачкамi трэ, каб сьлёзы ўтаймаваць. А заступiцца за яе не было каму. Дзяўчаткi ад сябе гоняць, гуляць зь ёй ня хочуць. Жаль i крыўда непамерная грудзi й горла душаць. Удома-ж ня лепш: вечныя звадкi, галiта. I ня гледзячы на ўсё, што даводзiлася цярпець дома й у школе, Дуня была аднэй зь перадавых вучанiцаў. Як нехта сказаў, «затуканая й загуканая», яна расла наперакор перашкодам, маўклiвая й спакойная.

13
{"b":"103052","o":1}