Литмир - Электронная Библиотека

Кара старога дуба была добра падгладжаная рукамi падлеткаў i моладзi, якiя тое толькi й рабiл, што старалiся ўзабрацца на старэчыя Архiпавы плечы. Рэдка каму ўдавалася. Камель быў зьнiзу надзвычайна таўсты й роўны. Мэтраў, можа, сем ад зямлi тырчэла, як кукса, Бог ведае калi й кiм адпiлаваная таўстая галiна.

Блакiтныя, прыплюшчаныя дзедавы вочы глядзелi дзесьцi ўдаль. Хлапец стаяў, мецячы, што рабiць.

— А я даўна ждаў цябе, сынку, — марудным роўным голасам сказаў дзед.

— Га? Ждаў? — як быццам спрасоньня сказаў Янук.

— Так, сынку, так, знаў, што прыдзiш.

— Як гэта знаў?

Янук i сам ня ведаў, што яго прывяло сюды. Як гэта дзед мог на яго тут чакаць? Цi-ж лёкка было ўзабрацца яму сюдзы з кастылём? Нешта было тут таямнiчага.

— Сядзь во каля мяне, пагаворым.

Янук сеў побач на камянi i ўтаропiўся ў сiнюю смуглавасьць дзедавых вачэй, якiя той жмурыў, калi праз густое лiсьце Архiпа трапляў на iх яскравы прамень сонца. Вочы здалiся Януку такiмi ласкавымi й спакойнымi, голас такiм лагодным, што ён адчуваў ад дзеда бацькаўскую цяплыню. Ведаў Бахмач дзеда ў розных станах: у маркоце й весялосьцi, асаблiва калi той апавядаў дзеткам усялякiя нябылiцы; ведаў яго ў гарэзьлiвасьцi й журбе, у злосьцi i ў ласцы.

— Ага, сынку, вiдзiў я сягоньнiка ўвосьнi нешта такоя, што пазвала мяне да Архiпа, — працягваў супакойна дзед. — I ведаў, што трэба зь некiм пагаварыць. А зь кiм-жа? Ажно гляжу — ты йдзеш. Дык я й здаўмеўся, што гэта нiхто другi й ня мог быць, толькi ты…

— Чаму-ж я?

— Не тарапiся. Усё сваiм часам.

Янук з ранейшага ведаў, што калi дзед не хацеў гутарыць, дык i спануканьнем яму нiхто языка не разьвяжа. Так i цяпер. Дзед адказаў не адразу. Ён паёрзаў левай рукой па вытаптанай вакол сябе зямлi, знайшоў галiнку, адламаў кароткi кавалачак, папоркаў у люльцы самасейку й зацягнуўся. Пусьцiўшы блакiтны дымок, прымружыў вочы й адкiнуў назад сiвабародую галаву.

— Як гэта слаўна прытулiцца да старога Архiпа й так во пасядзець. Ён-жа мне — цi ты гэта знаiш? — як брат родны. Мы зь iм так даўна — божачкi, як даўна! — знаiмся. Гэттака-ж я малы, як ты во цяперака, некалi бегаў i таксама, як вы, падшыванцы, пялiўся, — вочы на лоб — каб на самы чубок узабрацца. А ён, гэты Архiп, i тады паказваўся такi сама стары, як цяпер. Бог ведае сколька яму гадоў. Кажуць-жа людзi, што той вялiкi князь, што на Гараватцы тут некалi замак пабудаваў, дык ён яго сваёй рукой пасадзiў. Даўна гэта мусiла быць, ой даўна. А вiдзiш, якi пекны дуб вырас. Нi дарам-жа кажуць, што гэта на чужых прахах ён жывець… От як слаўна, што тады лiпавiцкаму пану нi далi яго зрэзаць, каб яго макарэц…

— А цi знаiш ты, дзетка, што дрэвы сваю гаворку маюць? Вазьмi Архiпа. Услухайся, як ён ветру адгукаецца, як лiсточкi ягоныя дрыжаць, як камель ягоны гамонiць. Эгэ, сынок, маiць ён сваю гаворку, маiць… Гэта-ж ён таксама, як i мы з табой. От што нямы толька. Каб гэта яму Бог голас даў, дык цi ты знаiш што ён мог-бы нам расказаць, га?

Янук паступова забываўся аб яўным i ўваходзiў у дзедаў таямнiчы сьвет. Першы раз ад часу трагэдыi ў сям'i думкi ягоныя накiравалiся на iншы шлях. Гэты скаржанелы, векам парэпаны чалавек, як упэўнены правадыр, паволi, загадкавымi шляхамi, вёў яго некуды ў невядомае.

— Даўно-даўненька, сынок, на гэтай зямельцы сам наш народ гаспадарыў. Нi было тут дарог тады такiх, як цяпер, чыгункi гэнай вунь нi было, адны вялiкiя лясы былi. У лясох зьвера ўсякага вялiкае багацьце было: i мядзьведзi, i рысi, ласёў вялiкiя сем'i, па рэках баброў стады, рыбаў плоймы, а ў дрэвах птушак поўна, ды нi такiх як цяпер, што драбяза самая. От быў у нашага народу свой адзiн гаспадар, i ўсе чысьценька людзi яго слухалi. Князем ён быў. Меў замак пекны й крэпкi, моцную дружыну азброеных людзей. А зваўся той князь Гаравiк. У гэтага Гаравiка ды былi тры сыны: вялiкiя, здаровыя, пекныя. Любiў князя народ за тое, што ён надта-ж добры быў. Ён зь людзей скуры нi лупiў, падаткаў вялiкiх нi браў, а толька вымагаў, каб кажны прылажыўся як трэба ў дружыну йсьцi цi дружыне запас усяго зрабiць. Бо, хоць князь i ня квапiўся на чужое, алi знаў, што з боку суседы ёсьцека, што на яго напасьцi могуць, каб зямлю й людзей забраць, народ у ярмо запрэгчы. Дык от князь Гаравiк найболi сваю дружыну мацаваў i ня меў мiласьцi да таго, хто нi хацеў памагчы цi, як трэба, дык зброю ў рукi ўзяць. А так сабе Гаравiк пазваляў людзям вольна жыць, на зьвера паляваць, рыбу лавiць, дабро ўсякае на зямлi сеiць. Адным словам, каждаму воля была.

Да сваiх-жа сыноў Гаравiк быў надта строгi. Ён каждага ваеннага рамясла навучаў, на паляваньнi з сабой браў ды на ваенныя гульнi. Думаў-жа, што, калi сам памрэць, дык яны будуць над народам гаспадарыць; трэба, значыцца, каб умелi разумна са сваiмi й чужымi жыць, а калi трэба, дык каб i за сваё ў баi адважна пастаялi.

Паплыла пра гаспадарства князя слава далёка й шырока, бо пры ўмелай гаспадарцы i народ багацеў i князю самому ўдастатак было. Поўна ў засеках было, ды золата i ўсякага багацьця ў скарбнiцы князёвай. Адным словам, чулi пра яго блiзка й далёка. Свае лiрнiкi й дудары пiялi пра яго й славiлi яго, чужыя-ж на край i людзей зь вялiкай прагавiтасьцяй глядзелi й мячы вайстрылi.

Надумалiся тады гэныя прагавiтыя чужнiкi на Гаравiкова гаспадарства напасьцi, багацьцi ўсе пазабiраць i людзей заняволiць. Сабралi такую вялiкую сiлу, што сьвет яшчэ такой ня вiдзiў, i на наш край паходам пашлi. А Гаравiковы ганцы, што па краёх стаялi, князю данесьлi, што вялiкая сiла чужых людзей на яго iдзець. Па ўсiм вялiкiм Гаравiковым гаспадарсьцьве зайгралi тады паходныя дуды й пачаў сплывацца да князя народ. А ён узяў усiх сваiх трох сыноў, вялiкiх i малых ваенных начальнiкаў, цэлую сваю дружыну ды пашоў тым на спатканьня.

Доўга яны йшлi, а калi iз ворагам спаткалiся, дык той ужо — каб яго макарэц спалiў! — глыбака ў нашу зямлю залез, народ забiваў, дабро палiў i рабаваў. Вялiкi, дзетка, сярдзiты й даўгi быў бой. Удужкi як схапiлiся, дык болi як тры пары старалiся адзiн аднаго пiрасiлiць. Галовы людзей як тыя снапы на таку пад цэпам клалiся, рэкi ад крывi пачырванелi. Сам князь Гаравiк i два ягоныя сыны — найстарэйшы й наймаладзейшы — надта-ж адважна бiлiся, а пры iх i народ цэлы. Яны от як гэты дуб Архiп саўсiм зь места нi сайшлi i ў крывi варожай былi чырвоныя. Толька сярэднi сын, калi прыйшла цяжкая варожая навала, дык ён струсiў i ходу з поля бою даў. Гэта нашым многа пашкодзiла, бо трэба было дзiрку залатаць, за гэнага князёвага сына, што ўцёк, грудзьмi пастаяць. Алi ўсяроўна ворага адбiлi, хоць вялiкая-ж надта сiла свайго народу лягла.

Як вярнуўся князь дамоў iз двумя сынамi ды дружынай i цэлым войскам, дык перш за ўсё Богу дзякаваў за тоя, што сiлу iм даў. А тады князь зрабiў вялiкая гуляньня. Усiх харобрых да сябе паклiкаў, нагароды каждаму даваў i цалаваўся з каждым, як з родным братам. Княжы замак ад таго народнага гуляньня, мусiць, сем дней i начэй гудзеў. Толька ўжо як узнагародзiў князь усiх харобрых i двух сыноў сваiх пiрад усiм народам, тады пазваў таго сярэдняга сына, што струсiў на полi бою, ды дамоў уцёк.

I от, сынок ты мой, прывялi зьвязанага гэтага труса Гаравiкова сына пiрад чало самога гаспадара. А ён сядзiць пры стале, ды ўся сьвiта ягоная, усе ў баi загартаваныя пасьля сьвежай пiрамогi. I кажа тады Гаравiк сыну:

— Выпрастайся, трус! Калi нi асьмелiўся ты, як вой, на полi бою ворагу ў вочы глянуць, дык чаго-ж тады баiсься глядзець у вочы сваiм людзям? Нiхто-ж цябе за гэта ня зьесьць.

Падняў той дзяцюк галаву, алi цяжка было яму глядзець у вочы бацьку ды воям харобрым, бо ўсiм вялiкую ганьбу ён прынёс, крыўду зрабiў, калi плячо ў плячо iзь iмi на полi бою нi пастаяў.

А князь тады яму кажыць:

— За тоя, што ты з поля бою ўцёк i другiх на нiбясьпеку выставiў, на вялiкую кару заслужыў. Ты сам гэта знаiш.

Сын апусьцiў галаву й дрыжэў ад страху.

— Гэтыя мне сыны, — сказаў князь i паказаў на двух, што сядзелi ля яго з правага й левага боку. — А ты ня сын! За цябе многа народу нашага лягло, бо сам ты, як крот, у дзiрку схаваўся дый цяпер ад страху дрыжыш. А цi-ж ня ведаў ты, што на гэтым сьвеця ня ўсё дабратой робiцца? Нiкаторыя дабраты ня цэняць i толька сiлу знаюць. Дык i мы так: каб жыць вольна, каб над намi чужак верху нi ўзяў, мусiм сiльнымi быць, а як трэба, дык i баранiцца.

33
{"b":"103052","o":1}