Литмир - Электронная Библиотека

— Ну добра, — буркнуў Янук.

Быў крыху разчараваны, што не згадзiлася адразу. Падсьведама, вiдаць, жадаў, каб дзяўчына была ў яго ў нечым, хоць самым маленькiм, залежная. Ужо нават хлопцы вясковыя спынiлi дражнiць яго Макатунiшкай, калi ад некаторага часу iх маўчаньнем збываў. Адылi сам адно кагадзе пазнаў, як моцна быў да гэтай беднай Макатунiшкi прывязаны, якую неацэненую меў у ёй сяброўку. I найгорш упiкала яго гэтая ганарлiвая, як яму здавалася, незалежнасьць ейная. Але чаму сяньня назвала яго «Янучок»? Гэта-ж сталася ўпяршыню. Адно мацi гэтак яго клiкала. Здрабнелае ймя мела таму для яго асаблiвую цяплыню й ласку. Ня можа быць, каб з Дунiных вуснаў выскачыла яно прыпадкова. Мусiць, была яму ўдзячная за прапанаваную паслугу ды йнакш ня ўмела выказаць.

Назаўтра Дуня сказала, што мацi дазволiла ёй заходзiцца да Бахмачоў рыхтаваць лекцыi. Януковы-ж бацькi ня толькi ня мелi нiчога супраць таго, наадварот — былi задаволеныя. Навылёт ведалi, у якiх умовах жывуць Макатуны, i рады былi памагчы.

Ад таго часу, з прычыны такога зблiжэньня мiж Януком i Дуняй, сяброўства iхнае яшчэ больш утрывалiлася. Большую частку дня праводзiлi супольна. Па дарозе ў школу й назад шмат было часу для гаворак. Дзялiлiся мiжсобку, бяз утойваньняў, усiмi пытаньнямi, што iх супольна цiкавiлi. Янук ня бязь зьдзiўленьня спасьцярог, што Дуня шмат аб чым гаварыла з мудрасьцю й дасьведчаньнем старэйшых людзей. Хлапца iнтрыгавалi прычыны гэтых дасьведчаньняў, аж пакуль аднойчы не знайшоў iх кораня.

— Кiм ты, Янучок, думаеш быць як вырасьцеш? — спытала Дуня.

Iшлi дамоў чыгункай. Шарэла. Дзесь воддаль сьцiхаў грукат цягнiка, што нядаўна абмiнуў iх i паймчаўся ўва ўсходнiм кiрунку. Януку так ласкатаў сэрца гэны «Янучок» у Дунiных вуснах, што пару разоў мецiў ужо адудзячыцца тым самым — назваць яе Дунячкай, але не асьмелiўся. Так i цяпер, адчуўшы цяплыню з боку сяброўкi, марудзiў з адказам.

— Нi знаю. Можа, вучыцелем… Але цi ўдасца гэта. У пшэкаў сваiх вунь хоць ты памялом вымятай.

Памаўчалi. Скарынкi зьледзянелага сьнегу па ўзбочынах чыгункi хрупалi пад нагамi. Разглядалi апрануты ў шэрань, казачны ў сваёй зiмовай дрымоце, лес i першыя бледныя зоркi на небе.

— А ты, Дуня? — спытаў Янук.

— Нi знаю, — адказала раптоўна й коратка.

— Ну табе што: выйдзiш за багатага замуж i панаваць будзiш, — пажартаваў Янук.

— Ты папаў, як пальцам у неба. Iкраз багатыя такiх шукаюць!

У ейным голасе быў выразны сарказм.

— Ну дык што тады? Можа, служанкай у тоўстапузага якога пана збадзяiсься? Хiба-ж ня будзiш так рабiць, як твае сёстры…

— Янук, баранi цябе Бог! Як можаш ты аба мне так падумаць!

У словах ейных чуўся такi пярэпалах, зьмешаны з горачай, а ў вачох зазьзяла такая зласьлiвая маланка, што Янук жахнуўся. Нярад быў, што на такую гутарку павярнуў. Цiкавiла яго, што Дуня думала пра сваiх сёстраў. Нiколi-ж дагэтуль не пытаў яе пра гэта. I ўжо iншым разам, калi дзяўчына была, як здалося хлапцу, у гаворцы шчырая, наважыў спытацца.

— Ня гневайся, Дуня, што цябе гэта пытаюся. Што ты думаеш аб сваiх сёстрах?

Пагодны твар Макатунiшкi вомiг захмарыўся.

— Чаму пытаiсься?

— Бо хачу знаць.

Добрых дзьве цi болей хвiлiны йшлi моўчкi. Пасьля стрыманым голасам яна пачала распавядаць.

— Сёстры мае, сам знаiш, што пра iх людзi гавораць. Нiма чым хвалiцца. Дзяцей настаралiся, цяперака самi нi рады Мне сэрца балiць, як я на iх i на гэтых бедных байструкоў гляджу. А цi ты думаiш, што гэта толькi яны вiнаваты? Га? А гэныя-ж валацугi-бабнiкi, што за iмi бегалi, пакуль нi пазводзiлi, то што, можа нi вiнаваты? Яны яшчэ болi вiнаваты. Чаму гэта ўсе ў нашых дзiўчат каменьнямi цаляюць, а чаму гэных сабак нiхто пальцам нi ткне, га? Скажы ты мне, Янучок, гэта.

Нiколi ня мог Янук уявiць, што Дунiн ружовенькi тварык мог так крывiцца пры такой сiле злосьцi й пагарды да «гэных сабак». Здавалася, што, каб магла, спапялiла-б iх.

— Янук, я табе праўду скажу: мне чатырнаццаты гадок iдзець i я толька падлётак. Але цi знаiш ты столька, сколька я пра жыцьцё знаю? Яны-ж i сваруцца, i Бог знаiць што расказваюць. Вушэй-жа нi пазатыкаю, дык i чую хоцькi-няхоцькi. Ты ў гэтым усiм яшчэ зялёненькi надта, а я вунь якiя дзiвы чула. Ты, мусiць, думаiш, што ёсьцiка нейкая любоў цi што. А я як наслухаюся й прыгледжуся, як мае родныя гаруюць, дык мне, Янучок, здаецца, што нiма нiякага шчасьця на сьвеце й нiчога пекнага. Ёсьцiка толька нешта бруднае, от мусiць так, як сучка iз сабакам, ды пасьля лiшнiя, нiкому нiпатрэбныя шчаняты на сьвет…

Апошнiя словы Дуня вымавiла з агiдай. Янук не асьмелiўся павярнуць у ейны бок галавы, баючыся стаць аб'ектам дакору ў ейных прывабна-разумных васiльковых вачох. Ён-жа хоць i ня зьведаў яшчэ таямнiцаў каханьня, ды наконт iх наагул мала ведаў, ужо ў гэтым, нянавiсьцю насычаным дзяўчынiным голасе, чуў дакор i пад сваiм адрасам. Як-нi-як зь яго таксама-ж некалi вырасьце мужчына — значыцца, можа ў будучынi належаць да «гэтых сабак».

«Дык от сколька яна знаiць», — думаў ён пра дзяўчыну, што побач роўнымi крокамi мерыла дарогу. Тварык ейны быў пунсовы ад шчыплiвага марозу, а вочы, што ганьбавалi ўвесь мужчынскi род, якi спрычынiў шмат крыўдаў ейнай сям'i, у сваёй суровасьцi выдалiся Януку яшчэ больш прывабнымi. Крадком, пазiраў на дзяўчыну, i ў галаве мiгам нарадзiлася думка, што варта было-б узяць гэтую прыгожую Дунечку й пацалаваць, папрасiць, каб не кiпела гневам, каб стала цiхай i спакойнай, дабразычлiвай ягонай сяброўкай, як заўсёды. Ня ўсе-ж i мужчыны такiя, як ёй здаецца. Вось узяць-бы хоць яго самаго: як вырасьце, дык ужо што як што, ну нiколi ня пойдзе такой дарогай, каб прыдзялiлi яго да «гэных сабак», каб прыносiць нявiнным дзяўчаткам крыўду, спрычыняцца, каб няпрошаныя й нiкiм нялюбыя дзеткi на сьвет радзiлiся. О не! Ён нiколi ня будзе гэткiм! Але-ж як гэта ўсё Дунi пераказаць?

У гэны момант малы Бахмач адчуў, што дасьведчаньнем дзяўчына была за яго на колькi гадоў старэйшая. Ты паглядзi, аб чым яна гаварыла й зь якой эмацыянальнай сiлай ганьбавала нейчыя ўчынкi! Значыцца, усё гэта было ў ейным асяродзьдзi дзесьцi ў коранi, мусiла перажыць, перацярпець, перадумаць, адно бачачы, як родныя гаруюць. А што-ж ведаў ён, Янук? Процi яе, дык ён горкае дзiця. Куды яму да Дунi!

Макатунiшка абмiнала гаворкi аб каханьнi iншых людзей. Калi-ж даводзiлася, прыкладна ў сувязi з тым, хто ў школе на каго заглядаецца, цi да каго «падстрэлiваiць», то гаварыла неахвоча, збывала тэму паўсловамi.

Так i павялося, што тэму каханьня Янук i Дуня абмiналi, як змовiўшыся. Янук адчуваў, што патрэбна гэта для добрага сяброўства з Макатунiшкай. Вось i цяпер, седзячы пад бярозай, стругаючы, ён зь вялiкай радасьцю сустрэў дзяўчыну. З выгляду мела яна ўжо поўнае права называцца дзеўкай. Ладна ўвыдатнялiся ў яе прывабныя рысы росквiту раньняга дзявоцтва. Сказаў-бы хто, што яна была ўжо набухнутая й поўная абрысамi свайго хараства пупушка ружы, што вось-вось мела зацьвiцець. I ў гэты дзень на захад сонца, калi вакол пасьмялелi пасьля дзённае гарачынi птушкi, калi ўсё ажывала iз сваёй млявасьцi й пачынала буйнець сокамi сакавiтага летняга росквiту, дзяўчына гэтая здавалася яшчэ больш прынаднай, чым калi ў iншы час.

— Глядзi, Янучок, асаднiкавых каровак, а ня дудкi стругай, — усьмiхнулася дзяўчына, адкiнуўшы завязаны мех i мосьцячыся, каб прысесьцi побач пастуха.

— Каровак гэтых цяперака й дзiця дагледзiць. Вiдзiш вунь, як панажыралiся.

— Добры зь цябе, мусiць, пастух.

— Лацьвей пасьцiць, як ёсьцека на чым. От папасi ты ў нас удома, калi тэй карове хоць ты скапычаную голую зямлю грызi. То табе нi хаханькi. А што гэта ты ў мяшку тарабанiш?

— Адгадай.

Янук падцягнуў да сябе зрэбны парудзелы мех i браўся разьвязаць. Дуня лагодна стукнула яго па руках.

— Нi разьвязывай. А нос нашто?

Янук нахiлiўся над мехам, колькi разоў чмыхнуў носам, цягнучы водар духмянага зельля. Дуня схапiла яго за галаву й пачала таўчы носам у мех.

— Ну, адгадывай скарэй! — падахвочвала, хiхiкаючы.

17
{"b":"103052","o":1}