— Ня буду бiць.
— Дык глядзi.
Часта пасьля вяртаўся Янук да пастаўленага Захаруком пытаньня: «чым-жа ты за яе лепшы?» Падрастаючы ў асяродзьдзi, дзе быў войстры сацыяльны падзел, Янук пераймаў-малпаваў думкi iншых, разважаў прынятымi нормамi й катэгорыямi. Адно было лепшае, а другое горшае, гэта было чорнае, а тое — белае. Макатунiшка была горшая за iншых таму, бо выводзiлася зь бяднейшых, найбольш сацыяльна пакрыўджаных у вёсцы.
Захарукова пытаньне спрычынiлася да завайстрэньня Януковай назiральнасьцi. Пiльней пачаў цяпер прыглядацца Макатунiшцы, дый ужо ня з тэй пазыцыi, што раней, калi дзяўчына загадзя прыдзелена была да групы найгоршых.
Перадумаўшы, Янук ужо гатовы нават быў згадзiцца, што Макатунiшка не абавязкова горшая за яго таму, што яна зь бяднейшых, што прынамсi гэта яшчэ канчаткова не ўстаноўлена; у сваёй ацэне даваў пэўную скiдку на дзяўчынiн характар. Дуня-ж далей трымалася ад яго здалёк. Школу наведвала рэгулярна. Янук заўважыў, што выяўляла немалыя здольнасьцi, матар'ял заўсёды мела добра апанаваны. Адно недахоп сьцiпласьцi замiнаў Януку прызнацца, што з навукай ня горш, чым ён, спраўлялася. Калi-б хлапец прыгадаў яшчэ, у якiх умовах Дуня жыла й што дома амаль ня мела магчымасьцi рыхтаваць школьных працаў, запраўды мо зьдзiвiўся-б, як яна раду дае. Але так далёка думаць цi ацэньваць Бахмач яшчэ ня ўмеў.
Адзiн выпадак зьблiжыў яго назаўсёды з Макатунiшкай.
Гацкую школу наведвалi найбольш местачковыя дзецi польскiх ураднiкаў, чыгуначнiкаў, асаднiкаў ды iншых. Гэта была тая катэгорыя людзей, якiх Янукоў бацька залiчыў да «не твайго носа-палоса». Iхныя кругленькiя пунсовенькiя тварыкi ня звыклi моршчыцца ад нявыгады, а кiшкi ў чэравах — бурчэць ад голаду. Добры мелi абутак, а на вопратцы рэдка калi дзе латку ўбачыш. Куды там да iх пастуху Януку раўняцца было! Зiмой у iх i канькi, i лыжы, летам i мячы, i рыбалоўнае знарадзьдзе, а часу для гульняў i адпачынку хоць адбаўляй. Яны заўсёды ўлёгцы час праводзiлi. Дзе гэта калi Янук бачыў каторага зь iх пры якой працы.
Прыгадвалася Януку адно цi другое яйка, што мацi зь вялiкай руплiвасьцю адкладала ад тых трох цi чатырох нясушак, каб-жа хаця якi дзясятак назьбiраць; прыгадвалася дбайна й скваплiва зьбiраная ў вялiкiм стаўбуне сьмятана, зь якой пасьля ў маслабойцы-самаробцы масла бiлi, а перагонам i сыраваткай свае дзеткi сытыя мусiлi быць; тварог iшоў на сыр, якi мацi выцiскала ў кружэльнай чыстай торбачцы й пасьля падсушвала. Усё гэта, старанна ашчаджанае, ад сваiх дзетак адабранае, пасьля ў мястэчка мацi на рынак нясе, каб паном прадаць. За тыя-ж скупыя грошы трэба й солi, i газы, i запалкаў, i цукру — усё найнеабходнейшае ў гаспадарцы, без чаго не абыйдзесься. Самi-ж неяк ногi валачылi: то на сыраватцы, полiўцы, то на перагоне, а то часта й у прыгаладзь.
Дык вось гэта й былi тыя самыя дзеткi панкоў, што на цяжка сабраных маткай ласунках гадавалiся й круглелi. Як-жа не ласавацца й не абжырацца iм, калi ў iхных бацькоў усе грошы былi! Яны не даглядалi й не гадавалi, адно спажывалi. Януковы-ж ад цямна да цямна на неўрадлiвай сваёй цi ўрадлiвай панскай нiве кешкалiся, а калi гэта дзеткi Бахмачовы якiя ласункi бачылi? Хiба адно на Каляды цi Вялiкдзень, дый то скупа. Дзiва няма, што Янукова чэрава на лiхой поснай страве бурчэла-жалiлася.
Разважаньнi гэткiя радзiлi ў Янука нялюбасьць да сыценькiх польскiх дзетак. Адылi як на дзiва, хоць часта галодны, Янук на навуку моцна налягаў i хутка адным зь першых вучняў у клясе стаўся. Местачковыя-ж вучнi пачалi глядзець на гэтага худога, сьцiпла апранутага юнака iзь зьдзiўленьнем i зайздрасьцю.
Янук увыдатняўся й iншым. Хаця ў школе забаранiлi гаварыць пабеларуску, асаблiва падчас лекцыяў, ён нiколi не цураўся роднага слова. Як толькi што трэба было да якога беларускага хлопца цi дзяўчыны сказаць, дык як наўмысьля ад нiкога ня крыўся. Мо таму, што адным зь перадавых у клясе быў, настаўнiкi гэта мiма вушэй пушчалi. Не палюбiлi-ж яго некаторыя, «хамам» i «кацапам» пачалi клiкаць ды шукалi нагоды, каб «падцерцi хаму носа». Янук не адказваў на iхныя выклiкi й зачэпкi.
Было двух, што настырлiва Януку на пяткi налазiлi, безь зьняважлiвае зачэпкi рэдка калi мiналi. Сьцiснуўшы зубы, доўга цярпеў хлапец. Ажно аднойчы пастанавiў, што перабiраюць мерку, што далей, то праходу нiдзе не даюць. Калi якой рады ня ўзяць, дык i на галаву ўзьлезуць.
Пры першай нагодзе пасьля такой пастановы насалiў ён тым дакучлiвым, колькi ўлезла. На вынiкi доўга ня трэба было чакаць. Панкi ведалi, што й свiньня, бывае, дзеля свае патрэбы ад карыта адыходзiцца, дык у школе Янука не чапалi. Аднаго дня пасьля школы аж на краю мястэчка Бахмача прыпiльнавалi. Янук ня першы раз удужкi браўся, i пакуль яго ўтаймавалi, дасталося й самiм. Але-ж двух аднаму цяжка асiлiць. Ну й спаганялi-ж ахвоту. Калi зьнядужэлы хлапец ня мог баранiцца, яшчэ паваленага чаравiкамi даканчвалi.
— Ах, вы, што гэта робiце?! — крыкнула, падбегшы, Макатунiшка. Забылася ўраз аб крыўдзе, якую Янук ёй некалi зрабiў, сьпяшалася на помач.
— Заўтра дырэктару скажу, пабачыце вы, бандыты! — крыкнула яна, уплёўшыся за палячкоў i адцягваючы iх ад Янука.
Адзiн сыкнуў на дзяўчыну, але другi спынiў яго. Янук ляжаў на траве ля дарогi й стагнаў. Пазьбягалiся, каб пабачыць, што сталася, абступiлi Янука й Дуню суседнiя дзеткi й старэйшыя. Палячкi змылiся. Як тая клапатлiвая кураводка затупала ля хлапца Макатунiшка, мяркуючы, як-бы яму памагчы. Кiнулася ў суседнi двор, намачыла ля калодзезя ў цэбрыку хустку й пачала абмываць акрываўлены твар. Стогнучы, хлапец уставаў.
— Але-ж i зьбiлi, чэрцi! — кляла дзяўчына. Яна нясьмела глядзела Януку ў вочы, быццам баялася, каб не прагнаў. Янук абмацваў твар, бакi. Смылела скура, набухалi пухлiны, паказвалiся сiнцы. Ён iз сарамяжлiвай удзячнасьцю зiрнуў на Дуню й рад быў-бы ейную руку пацалаваць. Нiколi яшчэ ня чуўся перад ёй такiм маленькiм. Ня мог наважыцца зiрнуць у васiлькова-сiнiя заклапочаныя вочы, прыгадваючы, як некалi яе скрыўдзiў.
З таго дня пасябравалi. Разам хадзiлi ў школу, дзялiлiся вучнёўскiмi клопатамi й iнтарэсамi, уражаньнямi й спасьцярогамi аб iншых вучнях, настаўнiках, кнiжках, што чыталi цi жадалi-б прачытаць. Чым больш пазнаваў Янук Дуню, тым больш яе шанаваў.
Было гэта аднойчы перад Калядамi. Дуня, выклiканая да дошкi з арытмэтыкi, часта запiналася, голас ейны дрыжэў. Янук быў больш зьдзiўлены, чым разчараваны. Бачыў, як некаторыя дачушкi панкоў хiхiкалi, задаволена моргаючы адна другой вачыма. Януку шкада стала Дунi. Калi-б мог, пасьпяшыў-бы ёй на дапамогу. Дзяўчынка, атрымаўшая дрэнную ацэнку, пунсовая ад сораму, вярталася на сваё задняе мейсца.
Дамоў iшла сумная. Як нi прабаваў разьвясялiць яе Янук, нiчога не памагала.
— Скажы мне, чаму ты сягоньнiка лекцыi нi знала. Ты-ж кажды раз…
— Учорака нi далi мне навучыцца, от чаму, — злосна адказала дзяўчына.
— Хто гэта?
— Знаiш хто…
Дрыжэла ейная нiжняя вусьнiна. Заносiлася на плач. Старалася не глядзець Януку ў вочы.
— Не, нi знаю, — сказаў Янук.
— Бахуры, от хто! — сказала й злосна зiрнулi на сябру. Васiльковыя вочы загарэлiся благiм агнём.
— Дык, а чаму ты ад iх нi схаваесься?
— Куды-ж? Да сьвiньнi ў катух пайду, цi што? У нас цесна, разлажыцца недзiка.
Доўга йшлi моўчкi. Янук цяпер пачынаў разумець, як цяжка Дунi даецца навука. Iншая даўно рукой махнула-б, плюнула-б на яе. Але не яна. От-жа-ж i вытрывалая. Хоць iз плачам, але цягне, не паддаецца. Ды, прызнацца, Янук i ня бачыў яе яшчэ нiколi ў плачы.
— Слухай, Дуня, — пачаў ён. — А можа-б разам са мной магла ты лекцыi адрабляць, га? Калi хочаш, я папытаю тату.
Дзяўчына доўга й уважна паглядзела на яго, нiчога не адказаўшы. Здалося Януку, што тварык ейны праясьнiўся, як у хмарны дзень нясьмела вызiрне з-за кружалю хмар i хлыне сьвятлом, каб вомiг зноў схавацца, сонейка.
— Ну, дык што ты на гэта? — насядаў Янук.
— Нi знаю, Янучок. Пагавару з мамай, што яна скажа. А ты папытайся свайго таты, калi захачу прыйсьцi, то цi пусьцiць.