Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Верамейкаўцы пераглянуліся.

Тады Драніца дадаў яшчэ:

— Снедаў жа сянні ён бытта ў яе! — І ўсміхнуўся, плюскаючы вачамі.

Тыя, хто прысутнічаў учора ў калгаснай канторы, успомнілі раптам, як гаварыў Мікіта, што Раман збіраўся павесці Рахіма да Ганны Карпілавай. Падзерын цяпер ажно змерыў вокам паліцэйскага.

— Але такі карантыш да каб дагадзіў Ганне? — зарагатаў Падзерын. — Нешта не верыцца, каб ён саўсім дачакаўся сняданку! Не такія ў яе хаце не вытрымлівалі, а еты! — І зноў кіўнуў на паліцая: — Не, Рахіму са сваім заткалам дак хоць...

Жанчыны ад гэтай Іванавай гамонкі пачалі адварочваць галовы, а Раман Сёмачкін кінуўся напярэймы Падзерыну, каб абараніць паліцэйскага.

Тады павысіў голас Зазыба:

— Ну, от што, хопіць-ка нам блынды правіць! — Ён убачыў у натоўпе Розу Самусёву, спытаў цераз галовы: — А Ганна? Дзе гэта Ганна сянні?

— Дак не ведаю, — паціснула плячамі салдатка.

— Во, а яшчэ амаль побач жывяце! — з дакорам сказала ёй Рыпіна Ціткова.

Тады людзі вакол, нібыта злоўленыя на чым, пачалі азірацца, няйначай, каб ведаць, каго яшчэ, акрамя кладаўшчыцы, няма сярод іх тут.

— Ты от што, — падумаўшы, сказаў Розе Зазыба, — пакуль мы да цябе дойдзем па спіску, дак схадзі ў вёску. Паглядзі, можа, тама... — Але не стаў дагаворваць, адно глядзеў пахмурна на паліцэйскага.

Сонца ўжо не толькі высока паднялося над зямлёй, але трохі збочыла на ўсходзе, каб паплысці па небе паўз вёску і ўвечары, перагарэўшы на гарачае вуголле, схавацца за возерам паміж зубцоў недалёкага лесу.

На траве блішчала, якая была з начы, вільгаць, а бульбоўнік, што пачынаўся па той бок гуцянскай дарогі, меў акурат падсвечаны выгляд і зелянеў так, што ажно рвала па-веснавому вочы.

Уласна, і жытнёвы палетак, і бульбяное поле ляжалі тут на самым хрыбце нейкага мясцовага ўзвышша, які ці быў нават пазначан дзе на тапаграфічнай карце агульнага карыстання. І калі Верамейкі са сваімі землямі размяшчаліся яшчэ амаль на аднолькавым узроўні з хрыбтом, то па правы бок узвышша мела круты схіл, які сыходзіў на роўны, нібыта ўкатаны, сухадол. Правей было зноў поле, але ўжо не верамейкаўскае. Тое належала адразу тром невялікім вёскам — Мяльку, Гарадку і Дзяржынню. Перад гэтымі вёскамі тануў у ранішняй смузе лес, што асланяў сухадол, удаючыся мысам, быццам карабель, у самую сярэдзіну яго.

Мікіта Драніца ведаў, што гаварыў, — і тады, у калгаснай канторы, і цяпер, у Паддубішчы: Раман Сёмачкін сапраўды вадзіў уначы Рахіма да Ганны Карпілавай.

Рахім прывалокся ў Верамейкі яшчэ задоўга да таго, як вярнуліся з Бабінавіч на возе Брава-Жыватоўскі і Зазыба. І калі перад заходам сонца Брава-Жыватоўскі нарэшце ўзышоў на свой двор, то Рахім, Раман Сёмачкін і Мікіта Драніца ўжо чакалі яго на загавальні. Яшчэ не кончыўся спас, і верамейкаўскія мужыкі былі апрануты па-святочнаму: у Мікіты Драніцы з-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка, а Раман распалавініў вайсковую форму, у якой уцёк з дзеючай арміі, і замест гімнасцёркі надзеў бліскучую сацінавую кашулю са стаячым каўняром, падперазаўшы яе амаль на клубах кручаным поясам. Перад тым Мікіта Драніца збегаў — як на адной назе — у Дзяржынне да Хвядоса Стражэвіча, прынёс адтуль разбаўленага спірту. Хвядос быў даўні Мікітаў пастаўшчык. Але раней ён забяспечваў Драніцу больш самагонам, які яму неяк удавалася гнаць, хаваючыся ў кустах ад участковага міліцыянера. Тым часам у Бялынкавічах заўсёды працаваў спіртзавод. На ім выраблялі хоць і не зусім ачышчаны, але прыгодны для ўжывання спірт: даволі было разбавіць крынічнай вадой, як ён траціў ці не на семдзесят працэнтаў непрыемны пах і рабіўся падобны на гарэлку, ажно не кожны мог адрозніць ад «Маскоўскай». Вядома, у мірны час такім, як Мікіта Драніца, доступу на бялынкавіцкі спіртзавод не было, і калі здаралася, што ў верамейкаўскай краме па нейкай прычыне не хапала гарэлкі, то даводзілася здавольвацца Хвядосавай кустоўскай. Але перад адступленнем на тым тыдні чырвонаармейскіх часцей бялынкавіцкі спіртзавод таксама быў разбураны, а спірт, які яшчэ заставаўся ў склепе, было вырашана ўпотай выліць з цыстэрны, каб усмактала зямля. Ды не. Бухгалтар спіртзаводскі выдаў гэтую «патаемнасць» у Бялынкавічах свайму сваяку, а той шапнуў пра яго сяму-таму з добрых суседзяў. І вось яшчэ да таго, як павернуты быў на цыстэрне з рамонкавым узорам венціль, на тэрыторыю завода сышлося багата народу з біклагамі, вёдрамі, збанамі, гарлачамі, слоікамі — хто які посуд здолеў вызваліць у гаспадарцы дзеля гэтакай справы. Назапасіў колькі вёдраў спірту сабе і Хвядосаў браценік; яго чэрпалі проста з лужыны, якая набягала на заводскі двор са склепа. Неўзабаве добрая палова спірту ад Хвядосавага браценіка была перанесена ў Дзяржынне. А далей ужо свая хаманея — раз нешта апынулася ў Дзяржынні ў Хвядоса Стражэвіча, значыць, будзе яно і ў Верамейках, у Мікіты Драніцы, бо яны, апрача ўсяго, па якойсці далёкай лініі лічыліся сваякамі таксама.

Пакуль мужчыны чакалі дамоў Брава-Жыватоўскага, Мікіта Драніца паспеў пахваліцца Раману, як яны выпілі яшчэ ў Дзяржынні па поўным карцы з Хвядосам і як ён, нягледзячы на ўсё, данёс адтуль бутлю ў Верамейкі і нават не разліў. І наогул, Мікіта ўжо ледзь не вышэйшасць сваю адчуваў над усімі, што здолеў сёння расстарацца гэтулькі спіртнога: у бутлі змяшчалася літры чатыры, а Хвядос не пашкадаваў напоўніць яе па самае шырокае рыльца.

Брава-Жыватоўскі яшчэ ад варот адчуў Мікітаву ўзварушлівасць і, па тым як не месціўся Драніца ў скуры сваёй, зразумеў, што мужыкі на яго загавальні не так сабе, значыць, і сёння прыйшлі з выпіўкай. Але Брава-Жыватоўскі не спяшаўся ні з гаворкай да іх, ні з рукою. Спярша паставіў да плота — як гэта робіць пасля работы руплівы гаспадар з сельскагаспадарчай альбо цяслярскай прыладай — сваю вінтоўку, тады прагна, нібыта дражнячы гасцей, напіўся чарпаком з вядра, якое стаяла на лаўцы ля ганка, а ўжо затым здагадлівымі вачамі паглядзеў на Драніцу.

— Ну, што? Не адмовіў табе Хвядос?

— Дак, як тэй таго... — паказаў Драніца на бутлю, што ўвесь час стаяла на зямлі і была заціснута ў яго паміж ног.

Брава-Жыватоўскі здаволена пацёр адна аб адну свае вялікія рукі.

— Як тэй таго, дзеля спасу!

Ці то сумысна, ці ў яго выходзіла так, аднак перамаўляўся Брава-Жыватоўскі пакуль з адным Драніцай, і гэта выклікала ў зайздрослівай душы Рамана Сёмачкіна непрыемнае, нават нейкае помслівае пачуццё, нібыта гаспадар ганьбіў яго перад Рахімам. Але рахунак Раман усё ж браў, здаецца, не столькі да Брава-Жыватоўскага, колькі да Мікіты Драніцы. Брава-Жыватоўскі тым часам гукнуў з гарода сваю гаспадыню.

Весела сказаў:

— Бачыш, хлопцы да нас прыйшлі, трэба спас неяк правесці. Ты б сабрала чаго на стол.

Брава-Жыватоўскі гаварыў гэта голасам, які не дазваляў пярэчання, але Параска і сама кінулася выконваць мужаў загад з тою паспешлівай ахвотаю, якая бывае, калі людзі жывуць у добрай згодзе ці доўга не бачаць перад тым адзін аднаго: толькі на хвіліначку прыпынілася каля цэбра з зялёнай сечанкай ды развязала на спіне матузы фартуха, каб вытрасці з яго лебяду, якую нарвала на бульбянішчы. Брава-Жыватоўскаму таксама быццам не стаялася на месцы. Ён засігаў пад павець, да распрэжанага воза з сенам. Касіла сена Параска за Халахонавым хацішчам яшчэ, мусіць, тыдні са два, калі нават не спадзявалася на Брава-Жыватоўскага, які быў на фронце... Брава-Жыватоўскі цяпер падышоў да воза, сеў на дыбачкі, глянуўшы паміж колаў пад калёсы — ці хопіць месца, тады падскочыў і лёгка, быццам дзеля адной забавы, каб паказаць сваю дужасць, таркануў воз правым плячом. Воз ад яго штуршка здрыгануўся, і сена, зляжалымі пластамі, акурат шапка за шапкай, пачало паволі валіцца зверху на трэскі, вызваляючы калёсы па самыя гнушкі.

— Ты, як тэй таго, не падумаў, — гукнуў гаспадару пад павець Мікіта Драніца. — Трэба было б вынесці траву на сонца, можа ж, як тэй таго, сырая яшчэ?

— Дзе ўжо тое сонца? — смыкнуў шчакой Раман Сёмачкін, але не з таго, каб дагадзіць Брава-Жыватоўскаму: проста ўжо карцела хоць чым ды пярэчыць Драніцу.

64
{"b":"849478","o":1}