Нейкі час Чубар бег, нават не адчуваючы свайго цела. У вушах, можа, яшчэ ад стрэлу калыхаўся балючы звон. Здавалася, зусім дзеравянелі ногі. Але паступова замест гарачай тлумнасці, што засціла вочы, і гэтага звону, які ажно распіраў вушы, усярэдзіне, зусім як жывая, пачала варушыцца млосная прытарнасць, і Чубар, нібыта наперакор сабе запавольваючы бег, раптам паляцеў употырч у высахлую копанку, дно якой было зацягнута ліпучай цінай. Здарылася гэта ўжо амаль на краі лугу, калі да бярозавага астраўка заставалася не болей сотні метраў... Выбраўся Чубар з копанкі спалатнелы і абыякавы да ўсяго ад унутранай спустошанасці, акурат звер пасля хваробы ці залечвання ран. Хістка стаўляючы ногі і валочучы за рэмень вінтоўку па траве, ён патупаў далей па лузе, беручы перад сабой за арыенцір белую кару маладых бяроз. Калі ён нарэшце апынуўся там, то адразу лёг грудзьмі на дол, паклаўшы правай шчакой халодную галаву на мяккі сівец. Праз колькі хвілін у галаве прасвятлела, быццам разднела дзе, і чырвоныя мятлушкі, што пырхалі дагэтуль перад вачамі, паляцелі прэч. Але па-ранейшаму грукала, быццам драўляным пранікам па зямлі, патрывожанае сэрца.
Сонца яшчэ стаяла высока, і кусты, што раслі навокал бярэзніку, не заміналі яму высвечваць крамяныя шапкі бардовых падасінавікаў, якія багата дзе выпіналіся з папараці, закіданай, быццам ад маразоў, леташнім хлабыззём.
Пра ваенурача, што паваліўся ад яго стрэлу на схоне, яшчэ амаль не думалася, можа, з тае прычыны, што гэтак выпетрала нечаканае нервовае ўзрушэнне. Чубар адно глядзеў перад сабой — паўзверх злямцаванага мурагу, бо нават заплюшчыць вочы не адважваўся, і ўсё, што трапляла ў поле зроку, успрымаў як нешта нерэальнае. Але вось на бярозавы выварацень, што быў крокі за два ад яго, выпаўзла шэрая яшчарка, і тады Чубару, нарэшце, свядома кінулася ў вочы, што тая не мае хваста — няйначай, адкінула, трапіўшы нейкім чынам у небяспеку, затое цяпер стала падобна на жабу-рапуху: гэтак жа хаўкала ротам, трасучы адвіслым падбародкам, і бяздумна талопіла вочы. Чубару зрабілася гідліва глядзець на яе. Ён паварушыўся. Ды яшчарка не спалохалася, не саскочыла з вываратня. Тады Чубар адвярнуў ад яе галаву і ўжо не стрымаўся, павёў вачамі далей. Тут, на гэтым бярозавым астраўку, аказваецца, быў свой свет, сваё жыццё, і з’яўленне чалавека зусім не парушыла яго. І зноў, ужо другі раз за бясконца доўгі для яго сённяшні дзень, Чубар пачаў з цікавасцю назіраць за так званымі ніжэйшымі істотамі, жыццё якіх, можа, не менш было загадкавае і поўнае нягод ад людскога. Але цяпер гэтае міжвольнае параўнанне ў ягонай галаве набыло амаль закончаную асэнсаванасць, асабліва пасля таго, калі ўбачыў, як па камлі бярозы поўз угару рагасты вусень, які нават не здагадваўся, што з макаўкі за ім сачыў лесавы жаваранак...
Чубар ляжаў у здранцвелай нячутнасці свайго цела — дзіўна, але ўсё магутнае тулава яго нібы паралізавана было чым, і доўга не спрабаваў стаць на ногі. А як нарэшце падняўся, то адразу прыхінуўся плячом да дрэва. Ды дарэмна асцерагаўся — ногі ўжо моцна трымалі яго на зямлі.
Ад ракі, якая цякла ў гэтым месцы метраў за трыста, цераз кусты, тхнула ёдам.
Бярозавы астравок, на якім знайшоў Чубар часовы прытулак, ляжаў паміж лугам і яравым клінам; адразу за крайнімі дрэвамі пачынаўся здзірванелы ўзмежак, парослы быльнікам. Бадай, па ім і трэба было падавацца адсюль, бо, як Чубар разумеў сябе цяпер, да Верамеек заставалася кіламетраў трыццаць. Прынамсі, можна было не хвалявацца — Верамеек у кожным выпадку не прамінеш нават з завязанымі вачамі, абы ішоў паўз раку. Да таго ж пільнай патрэбы адразу ісці ў Верамейкі не было, даволі спярша зайсці ў Мамонаўку да Аграфены Азаравай, а гэта ўжо скарачала ўвесь шлях кіламетраў на сем, бо да пасёлка вяла дарога проста з Малога Хоцімска.
Чубар, як і кожны так званы ўдзядзелы халасцяк, вядома, таксама не абыходзіўся без жанчын. Але хутчэй з тае прычыны, што даволі часта пераязджаў па рабоце з аднаго месца на другое, сувязь з жанчынамі была ў яго выпадковая, нават не пакідала глыбокага следу ў душы, не кажучы ўжо пра высокія пачуцці. Праўда, Чубар таксама перажыў сапраўднае каханне — не без таго, яму напаткаўся ў жыцці чалавек, які паланіў усяго. Было гэта першы год, калі вучыўся на саўпарткурсах. Там ён сустрэў прыгожую дзяўчыну, якую звалі Фаінай і якая перад тым працавала начальнікам палітаддзела машынна-трактарнай станцыі ў Аршанскім раёне. Ды каханне было нядоўгае: дзяўчына паехала аднаго разу да бацькоў і трапіла на чыгуначным пераездзе пад таварны цягнік. Жалобу па ёй Чубар насіў ажно колькі гадоў... Але выйшла пасля так, што стаў неразборлівы ў адносінах з жанчынамі — з якою лёгкасцю знаходзіў іх, з такою і разлучаўся. У Верамейках ён таксама перабраў нямала і сапраўдных, і саламяных удоў. Апошняй была мамонаўская Аграфена. Моцнага пачуцця да яе Чубар тады не меў, але наведваўся на пасёлак часта: умела сустракаць жанчына! Але цяпер, за час гэтай сваёй непрыкаянасці, адчуў раптам штосьці зусім новае да Аграфены. І не адзін раз па дарозе ўжо ўяўляў сабе, як прыйдзе, нарэшце, у Мамонаўку і ўзрадаваная Аграфена ўзбегаецца за гародамі, каб напаліць у лазні, пасля павядзе туды яго і стане голая ў самай гарачыні махаць над ім распараным венікам...
Схон, на якім зусім нядаўна разыгралася трагедыя, узвышаўся па правы бок, хапала адно павярнуць галаву, каб убачыць знаёмыя сосны на ім, але ў Чубара як не ставала рашучасці...
Пасля стрэлу ў вінтоўцы яшчэ заставалася гільза ў патронніку, і Чубар зусім самохаць кляцнуў затворам. Бліснуўшы, гільза скокнула ўгору, адляцела крокі за два ўбок. Парахавы дымок, які не паспеў вытхнуцца ўвесь, заблытаўся цяпер маленькім жоўтым воблачкам між зялёнай травы.
Час быў ісці далей. Чубар ступіў на ўзмежак і, не азіраючыся, зашастаў нагамі па быльніку, які ўжо стаў руды. Неўзабаве ўзмежак пашырэў і неяк амаль неўпрыкмет перайшоў у звычайны лог з пасохлай белай канюшынай. Лог быў аслонены — з аднаго боку, якраз ад Бесядзі, — ракітавымі кустамі, і чалавека нельга было ўбачыць з тых дзвюх вёсак. Але ж па гэты бок ракі маглі трапіцца другія вёскі...
Бадзянне па чужых ваколіцах шмат чаму навучыла Чубара. І хто-хто, а ён-то ўжо мог расказаць каму, як трэба прыходзіць у незнаёмыя вёскі, каб пазбегнуць небяспекі. Сам Чубар рабіў гэта цяпер звычайна надвечар, калі ў вёсцы наставала нарэшце стомленая сцішанасць. Але перад тым ён доўга цікаваў за вуліцай паміж сялянскіх двароў з якой-небудзь схованкі. Здавалася б, зусім няхітрая навука, аднак да яе Чубар даходзіў праз вялікую, амаль інстынктыўную насцярожлівасць. Праўда, тут маглі мець значэнне таксама асабістыя Чубаравы якасці. Але ўжо напэўна, што насуперак ранейшым уяўленням, ён асцерагаўся прасіць сабе прытулку альбо кавалак хлеба ў так званых бедных ці багатых хатах. Самым надзейным было выбіраць у вёсцы тыя сялянскія двары, якія не кідаліся табе вонкавым выглядам. Гаспадары ў такіх хатах звычайна прымалі без асаблівай перасцярогі — не скардзіліся на нястачу, шкадуючы накарміць, і не паглядалі скоса, загадваючы наперад. І, бадай, самае павучальнае адкрыццё зрабіў Чубар тады, калі пераканаўся, што ў тых вёсках, дзе паспелі пабываць немцы і стварыць так званую адміністрацыю, акружэнцаў і розных «бадзяг» пасылалі калі не проста да бургамістра ці старасты, то ўжо да былой старшыніхі з кучай дзяцей, няйначай. Што да старасты ці бургамістра — тут зразумела, брала сваё даўняя звычка вясковых людзей выбіраць на розныя кіраўнічыя пасады памяркоўных мужыкоў, каб не мець пасля лішніх згрызот (дарэчы, фашысты таксама спярша падтрымлівалі сярод сялян свабодную выбарнасць), а вось чаму накіроўвалі да «старшыніх», Чубар доўга не мог даўмецца.
Былі ў Чубара і іншыя назіранні над жыццём ва ўмовах акупацыі, хоць тая пакуль не лягла ўсім сваім цяжарам. Праўда, багата якія з гэтых назіранняў патрабавалі яшчэ праверкі. Аднак Чубара ўжо багата што пачынала бянтэжыць. Напрыклад, вельмі незразумелай была яму недаверлівая маўклівасць людзей. Чым далей ён адыходзіў ад лініі фронту на тэрыторыю, занятую ворагам, тым мацней адчуваў яе.