— Няўжо ў немцаў чаго папрасіў? — як не злякаўся Іван Падзерын.
— Так бы яны яму і далі! — ажно з зайздрасцю сказаў на гэта Кузьма Прыбыткоў.
Але Драніца запярэчыў:
— А можа б, і не пашкадавалі, як тэй таго! Падыходзілі ж местачковыя падшывальцы, дак немцы ім давалі.
— Не, мусіць, усё ж пашкадавалі б, — пакруціў галавой Іван Падзерын, — бо... у золаце...
— Дак у іх жа, як тэй таго, усё загорнута ў золата, — ужо падскокваючы на лаўцы, пачаў даводзіць Мікіта.
Тады не ўтрымаўся Парфён Вяршкоў.
— Ета саўсім і не золата, — падаў ён свой усяведны голас. — Ета, мусіць, папера такая ў іх. Дак у яе яны і загортваюць... тама сыр, масла рознае... І не з золата яна, а як пасярэбраная.
— Ну, як на абразах, — падказаў Кузьма Прыбыткоў.
— Дак чорт жа яе ведае! — пачухаў патыліцу Драніца.
— Адным словам, пакаштаваць табе нямецкіх прысмакаў не давялося? — глянуў на Драніцу Іван Падзверын.
— Дак...
— А Брава-Жыватоўскаму? Яго ж хоць немцы накармілі?
— Не ведаю, як тэй таго. Але бытта не. Адно вінтоўку далі з патронамі бяльгійскімі, такія во шырокія на срачках, як тэй таго, да паліцаем залічылі ў Верамейкі. Кажа, скора хворму палуча.
— Да ўжо ж, як тэй таго, — уздыхнуў Кузьма Прыбыткоў, і ўсе раптам засмяяліся з гэтага пераймання.
На вуліцы зноў пачуліся крокі. Але гэты раз парог ужо сапраўды пераступіў Сідар Раўнягін.
— Цябе як чакаць, — сказаў з папрокам Зазыба, — дак хутчэй жабу ў Кулігаеўку пугаю гнаць.
— От, — махнуў рукой Сідар, — тута часам і не думаеш, а клопат цябе сам знойдзе. Так і ў мяне сянні. Карова была правалілася ў багну, што ля Святога возера, дак пакуль выцягнулі з гразі, усе вяроўкі парвалі ў карчах.
Выходзіць, і дакараць чалавека няма за што.
Сідар падышоў да стала, сеў там спіной на кантору, засланіўшы ўсё святло.
— Чаго клікаў? — уставіўся ён на Зазыбу.
— Дак... — Зазыба таксама глядзеў на Раўнягіна.
— З калгасам трэба нешта рашаць во, — нібыта памагаючы Зазыбу, растлумачыў Кузьма Прыбыткоў.
Але Сідар нават не глянуў на старога, сказаў яшчэ да Зазыбы:
— Дак чаму б тады не склікаць агульны сход, раз ужо дайшла справа, каб распускаць калгас?
— Ніхто не збіраецца яго распускаць, — спахмурнеў Зазыба. — Пытанне аб роспуску мы не павінны ставіць. У іншых вёсках няхай робяць як знаюць. А мы свайго не будзем распускаць. Падзелім адно па спісках калгасную маёмасць. Проста будзе лічыцца, што раздалі яе на захаванне да прыходу Чырвонай Арміі.
Усе, у тым ліку і Парфён Вяршкоў, здзіўлена паглядзелі на намесніка старшыні калгаса.
— Гм, — усміхнуўся як збянтэжаны Кузьма Прыбыткоў.
Сапраўды, мудрэйшага нельга было прыдумаць: Зазыбава прапанова, па сутнасці, ратавала ўсё — як кажуць, і ваўкі маглі быць сытыя, і авечкі заставаліся цэлыя.
— А як прыйдуць нашы, — працягваў тлумачыць Зазыба, каб не пакінуць наперад чаго няпэўнага, — дак людзі і вернуць усё.
— Так яны табе і панясуць! — заёрзаў на лаўцы Мікіта Драніца. — Я верамейкаўцаў, як тэй таго, знаю! Будзеш пасля па дварах бегаць, як тэй таго, да па аброці збіраць!
Зазыба глянуў на яго спадылба, сказаў:
— Я таксама іх ведаю. Калі ў калгас ішлі, дак, здаецца, нічога не ўтойвалі.
— Тады от што, — паклаў руку далонню на стол Сідар Раўнягін, — вы нам аддасце тое, з чым мы прыйшлі да вас, калі далучаліся да калгаса. І зямлю, і маёмасць. А мы тама самі памяркуем, што да чаго.
Сідаравы словы выклікалі ў верамейкаўцаў рогат.
— Во куркуль! — пакруціў галавой Іван Падзерын.
— Як Жыватоўшчык кажа, як тэй таго, воўчы дух да лесу цягне, — пакпіў Мікіта Драніца.
— Вы са сваім Жыватоўшчыкам ужо абас... — злосна кінуў у адказ Сідар.
Тады раптам узбурыўся Парфён Вяршкоў:
— Пабачым яшчэ, як вы тама, на сваіх пасёлках, абас... А прапанова твая нам не гадзіцца!
— Дак...
Зазыба пакутліва наморшчыў твар:
— Ладна, перастаньце, мужыкі, бо яшчэ ж, можа, і чэрці сянні на кулаках не біліся, а вы... Парфён праўду кажа, — паглядзеў ён на Сідара, — прапанова твая нам не падыходзіць. Разам аралі, разам сеялі, разам і жыць павінны, а тама... Словам, заўтра перамераем жыта да пачнём. — Пасля гэтага перавёў позірк на Івана Падзерына. — Сядай во, Хоміч, бліжэй да лямпы да пісаць будзеш. Спярша пратакол, а тады спіскі трэба складаць.
Рахункавод дастаў з расчыненай шафы стос чыстай паперы:
— Як пісаць?
— А так от і пішы, — паказаў пальцам Зазыба зверху на аркушы паперы,— маўляў, праўленне калгаса на сваім пасяджэнні ад такога-та чысла адна тысяча дзевяцьсот сорак першага года пастанавіла раздаць сялянам калгасную маёмасць, у дужках — на захаванне, да прыходу Чырвонай Арміі.
— А от етага і не трэба пісаць, — спыніў Зазыбу Парфён Вяршкоў.
— Чаму? — хацеў не паслухацца Іван Падзерын. — Чаму гэта не пісаць?
— Дак не хачу, каб Зазыба павіс на той сасне, што за Кандрусевічавай хатай!
Кузьма Прыбыткоў таксама заварушыўся.
— Парфён праўду кажа, — падтрымаў ён Вяршкова. — Трэба памеркаваць.
— Ага, парахавацца трэба, — паклаў ручку пяром на чарніліцу-двухдонку Іван Падзерын.
— А што тута рахавацца! — з пагардаю ў вачах паглядзеў на верамейкаўцаў Сідар Раўнягін. — Ета Дзяніс не падумаў, што прымушае пісаць. Пратакол такая рэч — у яго нікому не забароніш глянуць, дужкамі не закрыешся, дак от і скажа хто, можа, той камендант — значыць, Чырвоную Армію чакаеце, хлеб для яе запасаеце? А ну-тка пакажыцеся тады, якія вы смелыя!
Але Зазыба крутануў галавой і настойліва патыцкаў пальцам у паперу:
— Пішы, Хаміч, пішы, як я табе кажу! Тута ўжо не схаваешся! Да й навошта?
— Дак вайна ж цяпера, — паціснуў у неўразуменні плячамі Кузьма Прыбыткоў. — Нездарма кажуць, у голад людзі намруцца, а ў вайну налгуцца.
Усё гэта адбывалася ўчора, дакладней, сёння ўначы, а ўранку Зазыба таксама меў клопат падавацца за вёску ды мераць на палосы ў Паддубішчы калгаснае жыта.
Снедаў ён похапам, адно выпіў з акрайцам пазычанага ў Прыбытковых хлеба карэц халоднага, з сенцаў малака. Марфа і яшчэ наважылася наліць яму — нават стаяла з гарлачом напагатове, але гаспадар як спаражніў карэц, то накрыў яго рукой.
Ранняя гамана на вясковай вуліцы хоць і надта нагадвала колішняе жыццё — у Верамейках гэтак бывала заўсёды, як пачыналася жніво, аднак сёння ўсё здавалася калі зусім непатрэбным, то ўжо лішнім: чалавечыя галасы, беганіна ажно раздражнялі Зазыбу; у душы стаяла такое нядобрае пачуццё, быццам намеснік старшыні калгаса ў нечым падмануўся, быццам нешта не спраўдзілася, на што ён дужа разлічваў. Зазыба разумеў — людзі збіраліся і сёння рабіць тое, на чым трымаўся іхні жыццёвы ўклад, гэта значыць, ісці ў поле ды прыбіраць хлеб, а вось жа варушылася ўсярэдзіне нейкая крыўда на іх, нібыта не з яго дазволу ўчора складаліся маёмасныя спісы. Дзіва, але Зазыбу ажно як хацелася, каб раптам здарылася, што ніводны чалавек з усіх Верамеек, таксама з абодвух пасёлкаў, не паказаўся на полі: тае бяды, што пераспелая збажына зачакалася людзей на нівах. І нядобрае пачуццё, і недаверлівасць, і крыўда на аднавяскоўцаў былі, можа, таму, што вельмі багата ўклаў Зазыба за гэтыя гады і душы свае, і сіл у калгас, і сёння людзі меліся пабурыць не толькі тое, што створана было калектыўнай працай і адзіным жаданнем, але і ягоную мару...
Калі Зазыба выйшаў у завулак, за глінішчам, над асмужанай зямлёй, стаялі ажно тры сонцы: адно — вялікае — пасяродку, два меншыя, акурат гумовыя мячыкі — па баках. Вялікае сонца мела вакол сябе бліскучы, але як пашматаны круг, на якім і трымаліся два меншыя сонцы, — яно было звычайнае, такое, якім выглядае штодня, а тыя, што збоку, былі прафарбаваны ў чырвоны і блакітны колеры: чырвоны па баках, павернутых да вялікага сонца, блакітны — на адваротных. Зазыба нямала пажыў на свеце, амаль кожную раніцу глядзеў на ўсход, дзе цяпер віселі тры няроўныя сонцы, аднак раней нічога падобнага бачыць не даводзілася яму. Спярша Зазыба падумаў, што гэта здаецца толькі, няйначай, прывід, і ён пачаў плюскаць вачамі, матаць галавой, каб пазбавіцца яго, але дарэмна — сонцы быццам бы і ссунуліся трохі адно адносна другога, круг нават расплюшчыўся, аднак дзіўны малюнак не знік з неба. Тады Зазыба падумаў пра другое: значыць, нейкая прыкмета, кажуць, здараецца гэтак у часы бедстваў народных... Але якая — добрая ці благая? Сам ён не верыў у забабоны, аднак адразу прыгадаў — Марфа сёння перад самым Зазыбавым сняданкам стала расказваць у скрусе, што пасля дасвецця нібыта чула, як спявала на двары пеўневым голасам курыца. Гаворачы мужу пра гэта, яна ажно не ўтрымалася і заплакала, але хутка перастала, бо Зазыба паказаў тварам сваю нездаволенасць і пачаў паспешліва збірацца ў поле.