Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Чэх той пажыў у Верамейках, здаецца, з тыдзень, пакуль стаяў увесь атрад, але Масею хапіла гэтага — неўзабаве ён пачаў браць з бажніцы ды камечыць бабіны свечкі, а як надышло лета — насіць на двор гліну. Улетку звычайна ўсё на Зазыбавым двары — і загавальня пад вокнамі, і ганак — было застаўлена Масеевымі вырабамі. Дзед Яўмен хадзіў давольны:

— От і майстар, глядзі! Можа, ганчаром стане! — Тады лічылася, што нават дрэнны ганчар не горай за добрага гаспадара.

Старэйшага Зазыбу надта цешыла, што ўнук неспадзявана праз «чэхаву забаву» памеў ахвоту да гэтакай самавітай справы.

— Адно цяпера, — гаварыў ён Дзянісу, — трэба пачакаць, пакуль хлапец трохі падрасце, а тады купім ганчарны круг, бо гліна вон за хатаю, толькі і растраты пасля, што на свінец, каб гарлачы да махоткі былі паліваныя.

Але цешыўся дзед да таго часу, пакуль усё, што ляпіў з гліны Масей, было падобна на гаршкі, а як толькі на загавальні пад вокнамі ўбачыў чалавечую галаву — акурат чэхаву, то расчаравана махнуў рукой: і гэтага абротніка сатана адурыў!

І ўсё ж Масей зрабіў скульптурны партрэт дзеда Яўмена. Па памяці. Цяпер партрэт той ужо каторы год стаяў у хаце, накрыты, як ад мух, Марфінай хусткай.

Марфа зайшла пад павець, сказала:

— Вон Аксюта Драніцава кажа, што немцы распускаць будуць астрогі, дык тады і Масей...

Зазыба павярнуўся да жонкі.

— Адкуль гэта яна ведае?

— Дак жа людзі нешта ведаюць! — раптам з незразумелаю злосцю сказала Марфа.

Тады Зазыба ўзбурыўся:

— І ты таксама... такая, як і Драніцава Аксюта! Вярзеш абы-што!

Марфа не вытрымала мужавага крыку, заплакала.

Зазыба колькі часу зацята глядзеў на яе, тады адпусціўся: штосьці ёкнула пры выглядзе жончыных слёз у ягонай сярэдзіне, ён збянтэжана азірнуўся вакол сябе і, замахнуўшыся ад пляча, моцна ўбіў сякеру вастрыём у сцяну.

У вёсцы на бабіны ходзяць з ахвотаю — жанчыны пякуць уранні прысмакі, загортваюць у палатняную ці калянкоравую намётку, каб потым ісці з гэтым да парадзіхі.

У Марфы печ была ўжо выпалена сёння, і нічога асаблівага, што можна палічыць за вясковыя прысмакі, яна не гатавала. Таму прынесла з чуланчыка сырыя яйкі, паклала, палічыўшы ротам, у бяроставы кошык, падобны на польскую канфедэратку. Але гэтага было мала. Тады яна адчыніла ў сенцах кубел — запахла старым салам: на дне, пласт на пласт, ляжалі пажоўклыя кавалкі яшчэ ад мінулых каляд. Парсюка яны калолі сабе ладнага, хоць елі ўсяго ўдваіх, але на жніво засталося не вельмі багата — у чуланчыку вісеў у анучы кумпяк ды гэтыя вось кавалкі ў кубле: Зазыбавы, як бывае звычайна ў вёсцы, пазычалі Касперучысе, тым жа Прыбытковым, але на хуткую аддачу цяпер не разлічвалі. Марфа, ледзь не шкадуючы, дастала з кубла кавалак, фунты на чатыры, атрэсла соль. Падумала была шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы. Бяроставы кошык адразу пацяжэў, і Марфа накрыла яго вышыванай накрыўкай.

— Вы тута паясцё ўжо без мяне, — сказала яна Зазыбу, які лёг, прыйшоўшы са двара, на тапчан: хоць і кароткая, але дужа нечаканая сварка пад павеццю з жонкаю вывела яго з раўнавагі, здавалася, больш, чым нават нядаўняя сутычка на стайні з Раманам Сёмачкіным. Тым часам душой Зазыба разумеў, што злаваць, а болей, павышаць гэтак голас на Марфу сёння не толькі не варта было, але і дарэмна: яна гэтыя дні нечага як нанава перажывала за сына, таму лёгка да сэрца прымала ўсё, нават неразумнае і злое, што ёй гаварылі, абы неяк дачуцца хоць што пра Масея ці памець, няхай з чужых слоў, хоць якую надзею на яго вяртанне. І яму цяпер было сорамна і прыкра, бо, накрычаўшы на Марфу, ён тым самым, лічы, накрычаў і на сябе — вось ужо багата гадоў, як жонка стала нібыта ценем яго маўклівым, здавалася, жанчына гэтая ніколі і ў галаве сваёй не мела, што можна жыць і паводзіць сябе іначай, што можна мець нейкую адметнасць ад мужа. Да таго ж Зазыба лічыў, што Марфе і наогул не надта пашанцавала ў іхнім доме: дужа рана ёй, яшчэ ледзьве не ля самага алтара, давялося брацца за ўсю цяжкую жаночую справу ў свёкравай гаспадарцы, бо свякруха, Дзянісава маці, тады жыла ўжо ці не апошні год на гэтым свеце, а Дзянісава сястра, Вусціня, збіралася ехаць сваёй сям’ёй у Сібір — у Зазыбаў, каб аддзяліцца ім, не хапала вольнай зямлі, тым часам недзе ў далёкай Сібіры людзі ажно раскашавалі з ёю, і Вусцінчын муж, як і багата хто іншы ў забесяддзі, наслухаўшыся рознага пра сібірскае «эльдарада», не ўстрымаўся ад спакусы, таксама захацеў падацца туды ды нарэшце зажыць самастойна. Праўда, верамейкаўцам прыйшлося рабіць ажно колькі спроб, каб выехаць у Сібір — усё перастравалі вазы іхнія на бялынкавіцкім шляху, які вёў адсюль ужо на Рослаў, стражнікі, якім неўзабаве, калі ад’езд на новыя землі сярод тутэйшых людзей стаў масавы, ці, як пісалі ў сваіх паперах тагачасныя чыноўнікі, «няпланавы і павальны», быў дадзены загад лавіць перасяленцаў і заварочваць назад у вёскі; здаецца, толькі на трэці раз верамейкаўскім мужыкам удалося шчасліва абмінуць стражнікаў, якія рып колаў, нібыта жураўліны крык, чулі здалёку, але гэты раз верамейкаўцы ўжо ехалі хоць і кружна, аднак па другой дарозе — спярша праз лес на Дзяржынне, а тады на Машавую, дзе стаяў маёнтак Шкарняка, і далей адтуль на Клінцы. Пасля ад’езду залоўкі Марфа стала адна гаспадыняй у Зазыбавым доме, але, як кажуць, ад таго дня, бадай, і свету белага ўжо не бачыла з-за турботаў і працы.

— Ладна, — азваўся з неахвотаю Зазыба.

На галасы выйшла Марыля.

— Куды гэта вы, Марфа Давыдаўна?

— А да парадзіхі, — адказала Марфа дзяўчыне з добрай усмешкай, быццам дужа ганарылася: — Радзіла ў нас адна. Дак пайду от. Але не ведаю, мальца ці дзеўку.

Меляшонкава хата стаяла каля самага лесу, у так званых верамейкаўскіх Падліпках. Па той бок, здаецца, сяліліся пазней за ўсё, калі пачало ўжо не хапаць у вёсцы ні зямлі для новых гаспадарак, ні месца для наступных падворышчаў: верамейкаўскія мужыкі, як прадзеды іхнія, карчавалі там на валах дзялянкі, палілі груды, матычылі і аралі — багата на гэта часу патрэбна было, поту таксама, але пушча паступова аддавала працавітым і настырным людзям свае абсягі. Меляшонкавы падаваліся ў Падліпкі апошнія, таму хата іхняя там была крайняя — казалі ў Верамейках, што ў вокны да Меляшонкавых па піліпаўках зазіраюць нават ваўкі.

Цяпер у Падліпках жыло некалькі сем’яў, адной невялікаю вуліцай, і вакол кожнага двара там былі сады — яшчэ моцныя дужасцю свайго незачаўранага дрэва, буйныя, ап’яняючыя квеценем увесну і гулкія начным яблыкападам увосень.

У Падліпкі ад Зазыбавай хаты можна было ісці па галоўнай вуліцы, адно павярнуць пасля направа. Аднак то была даўжэйшая дарога. І Марфа, як зачыніла за сабой фортку ў завулак, пашыбавала напрасткі — за ніжнімі гародамі вяла ў Падліпкі сцежка, адно трэба было ўтрымацца нагамі на той вузенькай гатцы, што злучала сухія грывы, якія называлі ў Верамейках курганамі. Пасля доўгага і амаль неперашчуканага дажджу гатка, мусіць, і сама распоўзлая стала, таму Марфа падабрала каля сцежкі скарыстаную ўжо некім алешыну і з ёй нясмела ступіла на парудзелае, зляжалае пад балотнай гразёй яловае голле. Усё абышлося без прыгод. Гатка не падвяла Марфу, і жанчына са сваім бяроставым кошыкам неўзабаве апынулася на травяністым узлобку, адкуль відаць былі хаты ў Падліпках і возера за імі. Над вёскай яшчэ вісела як дажджавая сетка, але на страсе Меляшонкавай хаты ўжо блішчала штосьці ад сённяшняга святла. Марфа пабачыла з гары вёску і нечакана ўзрадавалася: яна ж апошні час нідзе далёка не была, адно бедавала ды месціла ў сабе той халодны страх, прадчуваннем якога цяпер жылі па ўсім забесяддзі. Там, каля сваёй хаты, яна ўвесь гэты час адчувала на сабе нязвыклы цяжар невядомасці, які прыводзіў чалавека ва ўтрапенне, а тут, на гэтым травяністым узлобку, што быў усяго за кіламетр ад дому, нічога падобнага яна не перажывала больш: дастаткова было пабачыць ёй, што ўсё ў вёсцы заставалася на ранейшых месцах і што нічога паганага пакуль ні з кім не здарылася, больш таго, Сахвея Меляшонкава нават нарадзіла дзіця.

28
{"b":"849478","o":1}