— Рагоў пад каскамі не відаць было, а там хто іх разбярэ, — паціснуў плячамі чалавек. — Пакаталіся на матацыклах па вёсцы, пахапалі на вуліцы гусей, а благога не нарабілі.
— А гусі — гэта не благое?
— Дык...
— Можа, спяшаліся куды?
— Можа, і спяшаліся.
— А ты кажаш!..
Чубару патрэбна было мець хоць якое ўяўленне пра мясцовасць, таму ён пачаў распытваць чалавека пра навакольныя вёскі.
— Значыць, Шыраеўка ваша недалёка ўжо?
— За лесам адразу.
— Як туды ехаць?
— Проста — па дарозе, па дарозе...
— А за вашай вёскай — якая наступная будзе?
— Дык гэта, як куды, — разважліва сказаў чалавек. — Калі туды, — ён паказаў на поўнач, — то на Аўчынкіна выедзеш, а калі сюды, — і ён зноў паказаў рукой, але ўжо трохі лявей, — то на Папаратню пападзеш.
— Журынічы адсюль далёка? — спытаў Чубар.
— Журынічы... Журынічы... — Чалавек ссунуў калматыя бровы. — Журынічы...
— Там блізка яшчэ другая вёска, Пёкліна, — падказаў Чубар.
Тады чалавек раптам усміхнуўся:
— Гы, пра гэту я чуў. Пра гэту ў мяне пыталіся ўжо. Пёкліна цяпер недзе там, за фронтам.
— Дык там вось і Журынічы, — важка сказаў Чубар.
— Тады не ў той бок едзеш, — пачаў тлумачыць чалавек. — Трэба павярнуць назад і падавацца на Петраполле, пасля на Мядзведзі, на Жанвіль, а за імі і Пёкліна недзе. Гэта ўжо не нашага раёна.
— А Шыраеўка ваша якога? — спытаў Чубар.
— Гардзееўскага, — з нейкай асаблівай годнасцю адказаў чалавек, быццам Гардзееўку ведалі ва ўсім свеце.
— А на Гардзееўку як трэба ехаць?
— Гэта ўжо на Папаратню...
— Ну вось і пагаварылі, — зрабіў Чубар выгляд, што наважыўся ехаць.
Але чалавек паціснуў плячамі.
— Нешта я не разбяруся — тутэйшы ты ці нетутэйшы, ваенны ці неваенны...
— А сам чаму не ў арміі? — спытаў тады Чубар.
— Бялет маю.
— Белы?
— Вядома, не чырвоны!
— Што ў цябе?
— А мяне як неслі хрысціць у царкву, дык у халоднай вадзе пакупалі, — бліскаючы вачамі, адказаў чалавек. — Кум з рук выпусціў малога.
— Ну і што? Кума ж ты пасля, як вырас, хоць пабіў?
— Завошта? З белым бялетам таксама можна пражыць.
— Асабліва як цяпер? — пакпіў Чубар.
— Я — па закону, — як незалюбіў чалавек. — А ты вось таксама... мусіць, нечага не ваюеш?
Чубар натужна памаўчаў. Тады нібы спахапіўся:
— А хто ў цябе яшчэ пытаўся пра Пёкліна?
— Ці ж вас цяпер разбярэш? — сказаў з усмешкай чалавек. — Хто сустрэне на дарозе, той і пытае.
— Ну, а ўсё-такі?
— Выйшлі нейкія два ў ваенным на дарогу і гаварылі.
«Мусіць, акружэнцы?» — падумаў Чубар.
— Дзе гэта было? — спытаў ён.
— Там, — махнуў чалавек рукой на дарогу за сабой.
— А даўно?
— І ўсё табе хочацца ведаць! — раптам нібыта заўпарціўся чалавек.— А можа, я таксама слова даў!
— Добра, — сказаў як нездаволены Чубар, — тады трымай сваю клятву. Але пра немцаў ты праўду сказаў?
— Якую ты праўду хацеў?
— Ну, што ў вёсцы няма іх?
— Дык я казаў, што не было.
— Ладна, праверым, — з наўмыснай пагрозай наперад сказаў Чубар.
— Дык ім жа на машынах нічога не каштуе цяпер, — нібыта апраўдваючыся, сказаў чалавек.
Чубар крануў каня. І ўжо ад’ехаўшы, крыкнуў наўздагон:
— А можа, купіў бы за што каня ў мяне?
Але крыкнуў проста так, дзеля аднаго свавольства.
Чалавек павярнуўся і на хаду таксама крыкнуў:
— Едзь ужо, едзь! Пакуль не папаўся з гэтым канём! У нас адзін так прадаваў ужо! А назаўтра высветлілася, што конь быў з суседняга калгаса! Украдзены!
— Мой не крадзены! — дзеля большай пераканаўчасці засмяяўся Чубар.
Над дарогай з абодвух бакоў навісалі яловыя лапы. Яны ледзь не сашчэпліваліся на сярэдзіне, таму неба праглядвалася толькі праз вузкую палоску, якая выгіналася ўгары разам з дарогай.
Конь тупаў паціху, плёхкаючы капытамі па калдобінах, у якіх стаяла вада.
Чубар не здагадваўся, але наперадзе па дарозе быў чырвонаармейскі пост, яго сапраўды паставілі акружэнцы, калі адчулі, што настае вечар. У вёсцы чырвонаармейцы заначаваць не адважыліся, адно папрасілі ў сялян печанага хлеба: мяса — каніну — яны неслі з сабой, а бульбы можна было накапаць на калгасным полі. Цяпер гэтак рабілі ўсе, хто рухаўся да фронту.
Чубара аклікнулі адразу як ён наехаў на пост.
Непадалёку, крокаў за пяць ад дарогі, паміж дзвюх бяроз, якія вылучаліся сваёй бяростай сярод хвойных дрэў, стаялі чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Адзін, з насупленым тварам, у акулярах, ступіў на дарогу, перастрэў конніка:
— Хто такі?
— Ды...
Дзіва, але Чубар не ведаў, што адказаць. Сапраўды, хто ён? Тады, каля Белай Гліны, Чубар не бянтэжыўся, бо ведаў, што гаворыць пра сябе чырвонаармейцам. Там ён быў амаль дома. Урэшце, для Шпакевіча і Халадзілава было ўсё роўна, што Белая Гліна, а што Верамейкі. Галоўнае, Чубар — старшыня мясцовага калгаса. А цяпер, у гэтай незнаёмай мясцовасці, ён быў ні больш ні менш як звычайны бадзяга. І тыя, каму ён меўся гаварыць аб сабе, маглі паставіцца да ягоных слоў па-рознаму, прымаючы іх напавер альбо не. Але і хлусіць яму таксама не было сэнсу: ён сам не меў нічога супраць неспадзяванай сустрэчы. Чырвонаармеец між тым чакаў адказу. Збольшага, каб не зацягваць размовы і не злоўжываць цярплівасцю, Чубар пачаў расказваць чырвонаармейцу пра сваё вандраванне ад Бесядзі да абараняльнага рубяжа, што недзе паміж вёскамі Пёкліна і Журынічы, пасля — сюды... Чырвонаармеец спачатку слухаў сапраўды цярпліва, але як толькі высветліў для сябе, што чалавек на кані зусім не тутэйшы, а таксама закінуты ў гэты лес вайной, занёс яго ў разрад падазроных і рашыў затрымаць.
— Хопіць, — перапыніў ён Чубара, — пра далейшае раскажаце дзе трэба.
Міма другога чырвонаармейца, які па-ранейшаму заставаўся паміж бярозамі, яны рушылі ў лес: Чубар на кані, а канвойны яго — трохі побач і пеша.
— Толькі не ўздумайце выкінуць якую-небудзь штуку, — папярэдзіў Чубара канвойны чырвонаармеец. — Уцячы ўсё роўна не ўдасца. Пасты кругом.
— Я не ўзброены, — каб супакоіць чырвонаармейца, сказаў Чубар.
Але сам тым часам глядзеў вакол неспакойнымі вачамі — хоць і была пэўнасць, што гэта напаткаліся свае і што няма чаго вельмі асцерагацца, аднак ледзь не звярынае адчуванне перасцярогі прымушала ўнутрана напружвацца і быць, як кажуць, напагатове.
Конь раптам спыніўся, расставіў ногі і, выгінаючыся, пачаў мачыцца. Гэтая акалічнасць нечага раззлавала канвойнага чырвонаармейца. Той пачаў прыспешваць:
— Хутчэй, а то надумаліся тут!..
Тады Чубар з усмешкай сказаў:
— Няхай ужо аблегчыцца.
Ён скарыстаў момант і саскочыў на мох.
— Куды вы мяне? — нарэшце пацікавіўся Чубар, размінаючы ногі.
Чырвонаармеец не адказаў.
Тым часам да лагера, які размясціла ў незнаёмым лесе група байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, што выходзілі з акружэння, заставалася ўжо крокаў з паўсотні.
Людзей у лагеры небагата. Гарэла вогнішча. Вакол яго сядзела некалькі чырвонаармейцаў. Трохі воддаль стаялі тры буданы, скіданыя з яловых лапак. Пры ўваходзе ў бліжэйшы да вогнішча будан, але меншы па памеры, ляжала разасланая коўдра. На шынялі, прыхінуўшыся спіной да невысокага пня, сядзеў з забінтаванай да калена нагой грузны камандзір з чырвонай зоркай на рукаве. На пятліцах яго былі па чатыры шпалы. То быў палкавы камісар. У левай руцэ ён трымаў салдацкі кацялок і еў з яго алюмініевай лыжкай. З будана, на ўсіх чатырох, вылез другі камандзір. Гэты адразу ўбачыў каня, а пры ім незнаёмага чалавека ў суправаджэнні чырвонаармейца. Падаўся насустрач. Чубараў канвойны далажыў дакладна па форме:
— Таварыш капітан, на дарозе затрыманы... — і гэтак далей.
Капітан — высокі, з упалымі шчокамі — даслухаў чырвонаармейца, змераў Чубара зачэпістым позіркам.
— Мне трэба пагаварыць з вамі, — першы сказаў, хвалюючыся, Чубар.
Капітан кіўнуў галавой і моўчкі адышоўся да будана. Там ён перагаварыў аб нечым з палкавым камісарам і махнуў Чубару рукой. Палкавы камісар перастаў есці, але кацялок не паставіў.