— Зьдзекуесься? Я нават галавы не змагу прасунуць у гэнае вакно, ня тое што цалкам пралезьці.
— Мой дружа, я думаю, ты не зусім усьведамляеш...
— Гардынг, халера на цябе і на твае складаныя словы; усё, што я цяпер усьведамляю, гэта тое, што я яшчэ напалову п’яны. І хворы. Па праўдзе, я думаю, што і ты яшчэ п’яны. Правадыр, як наконт цябе, ты яшчэ п’яны?
Я адказаў, што дагэтуль зусім не адчуваю свайго носа і шчок, калі гэта пра нешта сьведчыць.
Макмэрфі кіўнуў і зноў заплюшчыў вочы; ён сплёў рукі перад сабой і споўз па канапе, упёршыся падбародкам у плячо. Цмокнуў вуснамі і ўсьміхнуўся, нібыта ў сьне.
— Ну і ну, — прамармытаў ён, — усе яшчэ п’яныя.
Гардынг па-ранейшаму хваляваўся. Ён усё паўтараў, што найлепшы варыянт для Макмэрфі — хуценька апрануцца, пакуль наш анёл міласэрнасьці тэлефануе доктару, каб паінфармаваць пра тыя зьверствы, якія яна тут выявіла, але Макмэрфі настойваў, што няма чаго пераймацца; ён ня ў горшым становішчы, чым раней, праўда ж?
— Усё, што яны маглі зрабіць, я ўжо вытрымаў, — сказаў ён. Гардынг тэатральна падняў рукі і надалей прадказваў катастрофу.
Адзін з чорных пабачыў, што сетка на вакне адамкнутая. Ён замкнуў яе і пайшоў у Сястроўню па вялікі гладкі рэгістрацыйны журнал. Выйшаў, поўзаючы пальцам па сьпісе і мармычучы прозьвішчы, якія потым чытаў услых, калі бачыў адпаведнага чалавека. Сьпіс ішоў паводле альфабэту задам наперад, каб заблытаць людзей, таму ён дайшоў да «Б» амаль у самым канцы. Ён агледзеў дзённы пакой, не здымаючы пальца зь імені ў журнале.
— Бібіт. Дзе Білі Бібіт? — вочы ў яго пашырыліся. Ён падумаў, што Білі высьлізнуў з аддзяленьня проста ў яго пад носам, і ці атрымаецца яго ўвогуле злавіць. — Хто бачыў, як уцёк Білі Бібіт, вы, чортавы бандзюганы?
Тут людзі прыгадалі, дзе менавіта цяпер Білі; зноў пачаліся шэпты і сьмех.
Чорны пайшоў назад у кабінэт, і мы пабачылі, як ён гаворыць з мэдсястрой. Тая ляснула слухаўку аб рычажкі і выбегла за дзьверы, а за ёй пасьпяшаўся чорны; пасма валасоў вылезла ў яе з-пад белага каптурка і ўпала на твар, як мокры попел. Паміж броваў і пад носам выступілі кроплі поту. Яна запатрабавала, каб мы сказалі, куды падзеўся ўцякач. Адказам ёй быў хор сьмеху, і ейныя вочы забегалі па прысутных.
— Дык што? Ён ня ўцёк, так? Гардынг, ён усё яшчэ тут... у аддзяленьні, так? Кажыце зараз жа. Сэфэлт, скажыце мне!
Яна страляла дроцікамі вачэй з кожным словам, цэлячыся людзям у твары, але на іх ужо ня дзейнічала ейная атрута. Іхныя вочы суcтракалі ейны позірк; іхныя ўхмылкі перадражнівалі ейную былую ўпэўненую ўсьмешку, якую яна згубіла.
— Ўошынгтан! Ўорэн! Хадземце са мной на праверку памяшканьняў.
Мы падняліся і пайшлі за імі, пабачылі, як яны адчыняюць лябараторыю, купальню, кабінэт доктара... Скэнлан прыкрыў усьмешку вузлаватай рукой і прашаптаў:
— Гэй, ну і весялуха будзе для нашага Білі, — мы ўсе заківалі. — І не аднаму Білі будзе весялуха, калі падумаць; памятаеце, хто яшчэ там?
Яна дайшла да дзьвярэй у ізалятар на канцы калідору. Мы праціснуліся бліжэй паглядзець, штурхаліся і выцягвалі шыі над Вялікай Сястрой і двума чорнымі, калі яны адмыкалі і адчынялі дзьверы. У пакоі бяз вокнаў было цёмна. Зь цемры пачуўся піск і штурханіна; мэдсястра выцягнула руку і шчоўкнула сьвятлом на Білі і дзяўчыну, якія міргалі з матрацу на падлозе, як дзьве савы ў гнязьдзе. Сястра праігнаравала рогат за сьпінай.
— Ўільям Бібіт! — яна з усяе моцы спрабавала гучаць спакойна і сурова. — Ўільям... Бібіт!
— Добры дзень, міс Брыдар, — павітаўся Білі, нават ня робячы спробаў падняцца і зашпіліць піжаму. Ён узяў дзяўчыну за руку і ўсьміхнуўся. — Гэта Кэндзі.
Язык Вялікай Сястры заквактаў у худым горле:
— Ох, Білі, Білі, Білі, мне так сорамна за вас.
Білі яшчэ ня цалкам прачнуўся, каб адрэагаваць на ейнае засаромліваньне, а дзяўчына крыху мітусілася, шукала пад матрацам панчохі, але рухалася павольна і выпраменьвала цеплыню пасьля сну. Час ад часу яна спыняла свае сонныя няўклюдныя рухі, падымала вочы і ўсьміхалася, гледзячы на ледзяную фігуру мэдсястры, што стаяла там са скрыжаванымі рукамі; потым дзяўчына мацала кофту, каб праверыць, ці зашпіленыя гузікі, і зноў выцягвала панчохі, заціснутыя паміж матрацам і падлогай. Яны зь Білі абое рухаліся як тлустыя каты, поўныя цёплага малака, лянівыя на сонейку; я падумаў, што яны яшчэ таксама даволі п’яныя.
— Ох, Білі, — прамовіла Сястра, быццам яна была настолькі расчараваная, што зараз магла ажно расплакацца. — З такой жанчынай. Таннай! Вульгарнай! Расфарбаванай...
— Куртызанкай? — прапанаваў Гардынг. — Блудніцай Езавэль? — мэдсястра павярнулася і паспрабавала працяць яго вачыма, але ён проста працягваў. — Не Езавэль? Не? — ён задумліва пачухаў галаву. — Як наконт Саламэі? Яна вядомая зладзейка. А можа быць, «распусьніца» якраз тое слова, што вы шукаеце? Ну, я проста спрабую дапамагчы.
Яна зноў крутнулася да Білі. Той намагаўся падняцца на ногі. Ён кульнуўся і стаў на калені, задраўшы азадак угару, як падымаецца карова, потым адціснуўся на руках, стаў на адну нагу, на другую і выпрастаўся. Ён выглядаў задаволеным сваім посьпехам, нібыта зусім не заўважаў, што мы тоўпімся ля дзьвярэй, цьвелімся і падбадзёрваем яго выкрыкамі.
Гучныя размовы і сьмех віравалі вакол мэдсястры. Яна перавяла позірк зь Білі і дзяўчыны на нас усіх у яе за сьпінай. Аблічча з эмалі і плястыку пачало западаць. Яна заплюшчыла вочы і напялася, каб супакоіць дрыготку, сабралася. Ведала, што прыйшоў вырашальны момант, што яна загнаная ў кут. Калі яна зноў расплюшчыла вочы, тыя былі вельмі маленькія і нерухомыя.
— Мяне хвалюе тое, Білі, — сказала яна, і я пачуў зьмену ў ейным голасе, — як успрыме гэта ваша бедная маці.
Яна дамаглася чаканай рэакцыі. Білі здрыгануўся і схапіўся рукой за шчаку, быццам яго кіслатой апякло.
— Місіс Бібіт заўсёды так ганарылася вашымі паводзінамі. Я дакладна ведаю. Гэта для яе будзе жахлівы ўдар. Вы ж ведаеце, што зь ёй робіцца, калі яна хвалюецца, Білі; вы ведаеце, як можа захварэць гэтая бедная жанчына. Яна вельмі чульлівы чалавек, асабліва калі нешта датычыць ейнага сына. Яна заўсёды з такім гонарам казала пра вас. Яна за...
— Не-а! Не-а! — ягоны рот торгаўся. Ён затрос галавой, упрошваючы яе: — Вам н-ня т-т-трэба!
— Білі, Білі, Білі, — сказала яна. — Мы ж з вашай маці старыя сяброўкі.
— Не! — зароў ён. Ягоны голас дзёр белыя, голыя сьцены ізалятару. Ён задраў галаву, нібыта выў на поўню сьвятла ў столі. — Н-н-не!
Мы спынілі сьмех. Глядзелі, як Білі складаецца ў падлогу, галавой назад, калені вылазяць наперад. Ён цёр далоньню зялёную штаніну ўверх-уніз, і трос галавой у паніцы, быццам маленькі хлопчык, якога паабяцалі адлупцаваць, як толькі зрэжуць дубца. Мэдсястра дакранулася да ягонага пляча, каб супакоіць яго. Ад гэтага дотыку ён здрыгануўся, нібы ад удару.
— Білі, мне ня хочацца, каб яна падумала пра вас нешта такое... але што я мушу думаць?
— Н-н-не-не-не к-кажыце ёй, міс Брыдар. Н-н-не...
— Білі, мне давядзецца сказаць. Мне ня хочацца верыць, што вы сябе так можаце паводзіць, але што я яшчэ магу падумаць? Я знаходжу вас аднаго, на матрацы, з жанчынай такога вось гатунку.
— Не! Г-г-гэта ня я. М-мяне... — яго далонь зноў вярнулася на шчаку і там прыліпла. — Гэта яна.
— Білі, гэтая дзяўчына не магла вас сюды гвалтам зацягнуць. — Сястра пакруціла галавой. — Зразумейце, мне хацелася б верыць, што я памыляюся, бо мне так шкада вашу бедную маці.
Далонь папаўзла долу па шчацэ, пакідаючы доўгія чырвоныя пісягі.
— Г-гэта яна. — Ён агледзеўся навокал: — І М-м-макмэрфі! Гэта ён. І Г-гардынг! І астатнія! Яны цьвялілі м-м-мяне, абзываліся!
Цяпер ягоны твар быў прымацаваны да ейнага аблічча. Ён не глядзеў па баках, а толькі на ейны твар, быццам там замест рысаў былі сьпіралі сьвятла, гіпнатычнае віраваньне крэмава-белага, блакітнага і аранжавага. Ён пракаўтнуў сьліну і чакаў, каб яна нешта сказала, але яна маўчала; ейнае ўмельства, ейная неверагодная мэханічная магута зноў уліваліся ў яе, аналізавалі сытуацыю і паведамлялі ёй, што трэба проста захоўваць маўчаньне.