Месяц, што намагаўся пралезьці празь сетку на вокнах купальні, паказваў згорбленыя цяжкія абрысы кантрольнага пульта, наводзіў такі халодны бляск на храмаваныя дэталі і шкло на вымяральніках, што я амаль чуў, як сьвятло б’ецца аб іх.
Я глыбока ўдыхнуў, нахіліўся і ўзяўся за вагары. Ногі напяліся, і я адчуў, як пад цяжарам рыпяць ступакі. Я зноў напружыўся і пачуў, як правады адрываюцца ад падлогі. Нахіліў пульт на калені і здолеў абхапіць яго рукой, а другую далонь падсунуць пад яго. Хром халадзіў мне шыю, шчаку і скронь. Я прыхіліўся сьпінай да сеткі, потым крутнуўся і дазволіў пульту па інэрцыі пратараніць сетку і шыбу з магутным трэскам. Шкло рассыпалася ў сьвятле месяца, як бліскучая халодная вада, якой ахрысьцілі сонную зямлю. Цяжка дыхаючы, я на момант падумаў вярнуцца, каб забраць Скэнлана і некаторых іншых, але потым пачуў піск ад кедаў чорных, якія беглі па калідоры, упёрся рукой у падваконьне і скокнуў сьледам за пультам у сьвятло месяца.
Я пабег па двары ў тым кірунку, куды, прыгадаў, бег той сабака, да шашы. Памятаю, што я бег велічэзнымі скокамі, і выглядала, што я пранёсься і праплыў вельмі далёка, перш чым яшчэ нечая нага кранулася зямлі. Мне здавалася, што я ляцеў. Свабодны. Нікому ня хочацца шукаць уцекача, ведаў я, а Скэнлан можа разабрацца з усімі пытаньнямі наконт мёртвага — няма патрэбы гэтак бегчы. Але я не спыняўся. Прабег некалькі кілямэтраў, перш чым спыніўся і падняўся па насыпу да шашы.
Мяне падвёз нейкі хлопец, мэксыканец, які ехаў на поўнач у грузавіку, поўным авечак. Я наплёў яму такую захапляльную гісторыю — маўляў, я прафэсійны дужаньнік-індзеец, якога мафія хацела засадзіць у дурдом, — што ён вельмі хутка спыніўся, даў мне скураную куртку прыкрыць зялёную ўніформу і пазычыў дзесяць баксаў на ежу, пакуль я буду дабірацца да Канады. Перш чым ён зьехаў, я прымусіў яго напісаць мне свой адрас і паабяцаў даслаць яму грошы, як толькі крыху разбагацею.
Можа, урэшце я і дабяруся да Канады, але думаю, што па дарозе спынюся на Каламбіі. Хачу праверыць, што там цяпер ля Портлэнду, Гуд-Рывэру і Дэлзу, пагляджу, ці не застаўся там нехта знаёмы з нашай вёскі, хто яшчэ ня сьпіўся ў цюцьку. Хачу даведацца, чым яны займаліся з таго часу, што ўлады паспрабавалі купіць іхнае права быць індзейцамі. Я нават чуў, што некаторыя з нашага племені пачалі адбудоўваць свае старыя хісткія драўляныя масткі вакол велічэзнай даражэзнай ГЭС і б’юць восьцямі ласося на вадазьліве. Я б дорага даў, каб гэта пабачыць. А найбольш мне хацелася б паглядзець на знаёмыя мясьціны ля цясьніны ў гарах, проста каб аднавіць іх у галаве.
Даўно там ня быў.
Пра аўтара
Кен Элтан Кізі (Ken Elton Kesey) — амэрыканскі пісьменьнік, адзін з галоўных прадстаўнікоў контракультуры ў ЗША 1960-х гадоў, якога лічаць злучальным зьвяном паміж біт-пакаленьнем і рухам гіпі.
Нарадзіўся 17 верасьня 1935 году ў мястэчку Ла-Ханта, штат Каларада, у сям’і ўладальніка маслабойні. У 1946 годзе пераехаў у Спрынгфілд, штат Арэгон. Маленства Кізі прайшло на бацькавай фэрме ў даліне Ўілэмэт, дзе ён рос і выхоўваўся ў пабожнай амэрыканскай сям’і. У дзяцінстве і юнацтве Кізі захапляўся спортам і нават стаў чэмпіёнам штату па дужаньні. Пасьля школы ён уцёк з дому з аднаклясьніцай Фэй Гэксбі, якая потым стала ягонай вернай спадарожніцай і нарадзіла ад яго чатырох дзяцей. У 1957 годзе Кізі скончыў факультэт журналістыкі ўнівэрсытэту штату Арэгон.
У 1959 годзе, падчас навучаньня на курсах у Стэнфардзкім унівэрсытэце, каб зарабіць грошай, Кізі пайшоў працаваць начным санітарам у псыхіятрычнае аддзяленьне вэтэранскага шпіталю ў Мэнлаў-Парку, а таксама добраахвотна ўдзельнічаў у экспэрымэнтах дзеля вывучэньня ўплыву на арганізм ЛСД, мэскаліну і іншых псыхадэлікаў, што паўтаемна праводзіліся зь ведама ЦРУ.
У 1964 годзе разам зь сябрамі-аднадумцамі ён арганізаваў камуну пад назвай «Вясёлыя гарэзы» (Merry Pranksters). Камуна ладзіла канцэрты-гэпэнінгі, гэтак званыя «кіслотныя тэсты» (Acid Tests) з раздаваньнем ЛСД усім ахвотным. Гэтыя «тэсты» часта суправаджаліся сьветлавымі эфэктамі і музыкай, якую жыўцом выконваў малады гурт Grateful Dead. Такія вечарыны наведваў паэт Элен Гінзбэрг і многія іншыя.
Першыя творы Кізі не былі апублікаваныя, аднак, працуючы санітарам у псыхіятрычным шпіталі, ён пачаў працу над будучым культавым раманам «Палёт над гняздом зязюлі» (One Flew Over the Cuckoo’s Nest). Кізі бавіў час у размовах з пацыентамі, ён ня верыў, што пацыенты былі ненармальнымі — хутчэй грамадзтва іх адрынула, бо яны не ўпісваліся ў агульнапрынятае ўяўленьне пра тое, як павінен паводзіцца чалавек. Раман быў апублікаваны ў 1962 годзе і тут жа выклікаў шырокі розгалас. У 1975 годзе Мілаш Форман зьняў аднайменны фільм, які атрымаў 5 прэміяў «Оскар», а таксама 28 іншых узнагародаў.
Нягледзячы на вялікую папулярнасьць «Палёту над гняздом зязюлі», многія крытыкі лічаць галоўным творам Кізі ягоны другі раман — «Часам дужа хочацца» (Sometimes a Great Notion).
У 1964 годзе «Гарэзы» разам з Кізі зьдзейсьнілі легендарнае гіпоўскае падарожжа па ЗША на расфарбаваным старым школьным аўтобусе. Канцавым пунктам стала Міжнародная выстава.
ЛСД быў абвешчаны ў ЗША па-за законам, таму «Вясёлыя гарэзы» пераехалі ў Мэксыку. Але па вяртаньні ў ЗША Кізі арыштавалі за захоўваньне марыхуаны і асудзілі на 5 месяцаў турмы. Пасьля вызваленьня ён вярнуўся на сямейную фэрму ў даліне Ўілэмэт, дзе правёў рэшту жыцьця. Тут ён напісаў мноства артыкулаў і апавяданьняў, вёў гаспадарку, у 1990-я зноў пачаў зьяўляцца на публіцы.
Апошнія гады жыцьця Кізі цяжка хварэў і 10 лістапада 2001 году, праз два тыдні пасьля адной з апэрацыяў, памёр у лякарні ў веку 66 гадоў.
Водгукі на беларускі пераклад раману
"Палёт над гняздом зязюлі",
а таксама думкі, заўвагі і пажаданні для "Амерыканкі",
калі ласка, пакідайце на нашых старонках
у сацыяльных стеках:
https://www.facebook.com/amierykanka
https://vk.com/amerykanka
Літаратурная серыя “Амерыканка” аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі перастварылі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове.
У 2017–2018 годзе ў серыі запланаваныя наступныя кнігі:
Кен Кізі. Палёт над гняздом зязюлі. Пераклад з англійскай Аляксея Знаткевіча.
Чак Паланюк. Байцоўскі клуб. Пераклад з англійскай Сяржа Мядзведзева.
Чарлз Букоўскі. Чытво. Пераклад з англійскай Ігара Кулікова.
Маргарэт Этвуд. Пенелапіяда. Пераклад з англійскай Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч.
Курт Вонэгут. Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзетак. Пераклад з англійскай Паўла Касцюкевіча.
Серыя была распачатая ў чэрвені 2017 года з дапамогай краўдфандынг-кампаніі “Лета з “Амерыканкай”.
Дзякуем партнёрам кампаніі і сябрам серыі, без якіх гэты праект быў бы немагчымы: