Але яна не выбухае, прынамсі не адразу, не выбухае яшчэ гадзіну. Ейная ўсьмешка за шклом перакручаная і дзіўная, такой мы яшчэ ня бачылі. Яна проста сядзіць; плечы падымаюцца і ападаюць у такт дыханьню.
Макмэрфі глядзіць на гадзіньнік і кажа, што ўжо час гульні. Ён стаіць на каленях каля пітнога фантанчыка, разам зь некалькімі іншымі вострымі шаруе ліштву. Я падмятаю ў каморцы дзясяты раз за дзень. Скэнлан і Гардынг цягаюць па калідоры адмысловую электрашчотку, выпісваюць на падлозе глянцавыя восемкі сьвежым воскам. Макмэрфі зноў кажа, што пэўна ўжо час гульні, падымаецца і пакідае анучку на падлозе. Больш ніхто не спыняе працы. Макмэрфі праходзіць ля вакна, празь якое яна злосна ў яго ўзіраецца, і пасьміхаецца ёй, нібы ведае, што цяпер ужо яе перамог. Калі ён адкідвае назад галаву і падміргвае ёй, ейная галава крыху торгаецца ўбок.
Усё працягваюць працаваць, але глядзяць краем вока, калі ён падцягвае сваё крэсла да тэлевізара, потым уключае яго і сядае. На экране віруе карцінка папугая на бэйсбольным полі, які сьпявае нейкую рэклямную песьню. Макмэрфі падымаецца і павялічвае гук, каб заглушыць музыку з дынаміка на столі, а потым падцягвае яшчэ адно крэсла, сядае, кладзе на яго ногі, адкідваецца і запальвае цыгарэту. Ён чухае жывот і пазяхае.
— Го-панькііі! Зараз бы яшчэ піўца бляшаначку і бутэрбродзік з сасіскай.
Мы бачым, што мэдсястра глядзіць на яго, ейны твар чырванее, а вусны рухаюцца. Яна азіраецца навокал і заўважае, што ўсе чакаюць, што ж яна будзе рабіць — нават чорныя і мэдсястрычкі ўпотай кідаюць на яе позіркі, а практыканты ўжо пачынаюць патроху зьбірацца на сход пэрсаналу, яны таксама глядзяць. Сястра рэзка закрывае рот. Зноў глядзіць на Макмэрфі, чакае, пакуль рэкляма скончыцца, а потым падымаецца, ідзе да сталёвых дзьвярэй з рэгулятарамі, шчоўкае выключальнікам, і карцінка на экране зноў расплываецца ў шэрань. На экране не засталося нічога, акрамя вочка сьвятла, што кідае праменьчык на Макмэрфі.
Але яго гэтае вочка не турбуе ані каліва. Па праўдзе, ён нават не паказвае, што карцінка зьнікла. Ён трымае між зубоў цыгарэту і нацягвае кепку на лоб па рудых кудзерах, так што трэба адхіляцца назад, каб пабачыць экран.
Ён так сядзіць, паклаўшы рукі за галаву, пацягваючы цыгарэту, што вытыркаецца з-пад кепкі... і глядзіць на тэлеэкран.
Мэдсястра трывае колькі можа, потым выходзіць з кабінэту і крычыць яму, каб ён лепей дапамог іншым прыбіраць. Ён не зьвяртае на яе ўвагі.
— Я сказала, містэр Макмэрфі, што ў гэты час вы павінны працаваць. — У ейным голасе чуецца напружанае ныцьцё, быццам бэнзапіла ўгрызаецца ў хвою. — Містэр Макмэрфі, я вас папярэджваю!
Усе спынілі свае справы. Яна азіраецца навокал, потым робіць крок да Макмэрфі.
— Вас сюды перавялі загадам, разумееце? Вы тут... пад маёй юрысдыкцыяй... Пад юрысдыкцыяй пэрсаналу. — Яна сьціскае кулак, і густа-аранжавыя пазногці апякаюць ёй далонь: — Пад юрысдыкцыяй і кантролем...
Гардынг выключае электрашчотку, пакідае яе ў калідоры, ідзе, ставіць сабе крэсла поруч з Макмэрфі, сядае і таксама запальвае цыгарэту.
— Містэр Гардынг! Вярніцеся да сваіх абавязкаў паводле раскладу!
Мне прыходзіць у галаву, што цяпер ейны голас гучыць, нібы піла напаролася на цьвік, і мне гэта падаецца такім файным жартам, што я ледзь не сьмяюся.
— Містэр Гар-дынг!
Тут ужо Чэзўік ідзе і бярэ сабе крэсла, потым Білі Бібіт, потым Скэнлан, потым Фрэдрыксан і Сэфэлт, а потым мы ўсе кладзем швабры, мяцёлкі і анучы і выцягваем сабе па крэсьле.
— Вы, вы... спыніцеся. Спыніцеся!
І вось мы ўжо ўсе сядзім перад пагаслым тэлевізарам, узіраючыся ў шэры экран, нібыта бачым там бэйсбольную гульню, як свае пяць пальцаў, а яна раве і вішчыць у нас за сьпінамі. Калі б нехта зайшоў і пабачыў, як дарослыя мужыкі глядзяць выключаны тэлевізар, а пяцідзесяцігадовая цётка ные і верашчыць ім у патыліцы пра дысцыпліну, парадак і пакараньні, ён бы падумаў, што ўся гэтая кампанія ўшчэнт звар’яцела.
ЧАСТКА IІ
Краёчкам вока мне відаць белы эмалевы твар у Сястроўні, як ён калышацца над сталом, карабаціцца і плыве, спрабуючы вярнуцца ў ранейшую форму. Астатнія нашыя таксама глядзяць, хоць і робяць выгляд, што не. Робяць выгляд, што іхныя вочы па-ранейшаму скіраваныя толькі на пусты тэлеэкран перад намі, але кожнаму відаць, што ўсе, як і я, употай кідаюць позіркі на Вялікую Сястру за шклом. Упершыню яна апынулася з таго боку шыбы і можа адчуць, што гэта такое, калі за табой назіраюць, а табе больш за ўсё хацелася б апусьціць зялёную заслону паміж сваім тварам і вачыма, ад якіх не схавацца.
Практыканты, чорныя і ўсе мэдсёстры таксама назіраюць за ёй, чакаюць, калі яна выйдзе на калідор, бо ўжо час ісьці на сход, які яна сама склікала. Хочуць паглядзець, як яна будзе паводзіцца цяпер, калі ўжо вядома, што яе можна вывесьці з раўнавагі. Яна ведае, што на яе глядзяць, але ня рухаецца. Нават калі ўсе, апроч яе, патроху кіруюцца ў пакой для пэрсаналу. Я заўважаю, што ўсё абсталяваньне ў сьценах маўчыць, нібы чакае, калі яна зробіць рух.
Больш нідзе няма туману.
Раптам я прыгадваю, што мне трэба прыбраць пакой для пэрсаналу. Я заўсёды туды хаджу і прыбіраю, калі ў іх гэтыя сходы, ужо шмат гадоў так раблю. Але цяпер я надта баюся, каб падняцца з крэсла. Яны заўсёды дазвалялі мне там прыбіраць, бо думалі, што я глухі, але цяпер, калі пабачылі, як я падняў руку на загад Макмэрфі, хіба ж яны не зразумелі, што я чую? Хіба яны ня ўцямяць, што ўсе гэтыя гады я чуў сакрэты, прызначаныя толькі для іхных вушэй? Што яны са мной зробяць у гэтым пакоі, калі ўжо ведаюць?
Але ж яны чакаюць, што я буду там. Калі не прыйду, яны ўжо ж пэўна даведаюцца, што я чую, будуць мець нада мной перавагу, разважаць: «Вось бачыце? Ён не прыйшоў прыбіраць, хіба гэта ня доказ? Ясна, што трэба рабіць...»
Я толькі цяпер пачынаю ўсьведамляць усю тую небясьпеку, у якую мы трапляем, дазволіўшы Макмэрфі выманіць нас з туману.
Ля дзьвярэй да сьцяны прыхінуўся чорны, назірае, як мы сядзім перад тэлевізарам; ягоныя рукі скрыжаваныя, ружовы кончык языка шмыгае паміж вуснаў. Вочы, як і язык, шмыгаюць сюды-туды, спыняюцца на мне, і я бачу, як ягоныя дублёныя павекі крыху падымаюцца. Ён доўга на мяне глядзіць, і я ведаю, што ён разважае, як я сябе паводзіў на сходзе. Потым ён, пахіснуўшыся, адыходзіць ад сьцяны, кіруецца ў каморку, прыносіць адтуль вядро мыльнай вады і губку, падымае мне рукі і вешае на іх вядро, нібы рондаль на жэрдку над вогнішчам.
— Хадзем, Правадыр, — кажа ён. — Пад’ём, час папрацаваценькі.
Я ня рухаюся зь месца. Вядро гойдаецца ў мяне на руках. Раблю выгляд, што ня чую. Ён хоча мяне надурыць. Зноў кажа мне пад’ём, а калі я ня рухаюся, закочвае ўгару вочы, уздыхае, бярэ мяне за каўнер, зьлёгку цягне, і я падымаюся. Запіхвае губку мне ў кішэню, паказвае пальцам праз калідор у кірунку пакою для пэрсаналу, і я іду.
Калі крочу па калідоры зь вядром — жых — міма праходзіць Вялікая Сястра, поўная ранейшай упэўненай жвавасьці ды сілы, і заварочвае ў пакой. Гэта прымушае мяне задумацца.
Я адзін у калідоры, заўважаю, як усё ясна відаць — туману няма нідзе. Там, дзе толькі што прайшла мэдсястра, цяпер халаднавата, і белыя лямпы ў столі выпраменьваюць замарожанае сьвятло, як пруты з блішчастага лёду, як абледзянелыя сьпіралі лядоўні, наладаваныя, каб сьвяціцца белым. Гэтыя пруты цягнуцца да самых дзьвярэй у пакой на канцы калідору, куды толькі што завярнула мэдсястра — цяжкіх сталёвых дзьвярэй, як тыя, на ўваходзе ў Шок-Блок у будынку нумар адзін. Але на гэтых дзьвярах ёсьць лічбы і маленькае вочка на вышыні чалавечага росту, у якое пэрсанал можа глядзець, хто грукаецца ў пакой. Калі падыходжу бліжэй, дык бачу, што з вочка сочыцца зеленаватае сьвятло, гаркавае, як жоўць. Там ужо мае пачацца сход пэрсаналу, вось таму гэтае зялёнае й сочыцца; яно заляпае ўсе сьцены і вокны ўжо на палове сходу, і мне трэба будзе выціраць яго губкай і выціскаць у вядро, а потым яшчэ вымываць ад яго вадасьцёкі ў сарціры.